П


Палескі Вячаслаў (сапр. Станкевіч Вячаслаў), нарадзіўся 03.11.1912 г. у вёсцы Астрагляды Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў дзевяцігодку з педагагічным ухілам (1929). Настаўнічаў у вёсцы Лазараўка Рэчыцкага раёна. У 1930-1932 гг. працаваў у гомельскай абласной газеце «Палеская праўда». З 1932 г. у Менску - у газетах «Савецкая Беларусь», «Калгаснік Беларусі», «Советская Белоруссия», на Беларускім радыё. У 1941-1944 гг. - на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» (Масква). З 1944 г. адказны сакратар, намеснік рэдактара газеты «Звязда». З 1961 г. - намеснік старшыні, у 1965-1971 гг. старшыня Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па радыёвяшчанню і тэлебачанню. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1971). Сябра СП СССР з 1949 г.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1967).

Памёр 18.06.1971 г.

Дэбютаваў у 1928 г. вершам. У 1930 г. выйшла кніжка вершаў «Разгон» (з Р.Казаком, С.Ракітам, Гомель). Аўтар п'ес «Песня нашых сэрцаў» («Што пасееш, тое і пажнеш», надрукавана і пастаўлена ў 1949), «Калі зацвітаюць сады» (надрукавана і пастаўлена ў 1950), «Гарачыя пірагі» (1958, ставілася Бугурусланскім тэатрам). У 1976 г. выйшла кніга «П'есы».

Пераклаў на беларускую мову п'есы «Палата» С.Алёшына, «Ноч памылак» О.Голдсміта.

Палітыка Апанас, нарадзіўся 05.02.1935 г. у вёсцы Бродак Крычаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў у Кіеве рамесную навучальню. Працаваў на машынабудаўнічым заводзе «Бальшавік» (1951-1954). У 1954 г. паехаў на асваенне цалінных зямель у Акмолінскую вобласць (Казахстан). Рабіў прыцэпшчыкам на ферме Балкашынскага племсаўгаса, трактарыстам зернесаўгаса «Калінінскі» (1954-1955). Служыў у Савецкай Арміі (1955-1957). Быў электраслесарам шахты «2-Паўднёвая» (город Шахты, Растоўская вобласць). З 1959 г. жыў у Крычаве, працаваў слесарам на птушкакамбінаце, цесляром у саўгасе «Вялікі Кастрычнік». У 1960 г. скончыў сярэднюю школу рабочай моладзі, у 1967 г. філалагічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. Працаваў выхавацелем школы-інтэрната ў Крычаве (1967-1969), загадчыкам сельгасаддзела крычаўскай раённай газеты «Ленінскі кліч». З 1975 г. карэспандэнт-арганізатар, загадчык аддзела інфармацыі і радыёвяшчання газеты «Ленінскі кліч». Сябра СП СССР з 1981 г.

Першы верш апублікаваў у 1960 г. (газета «Магілёўская праўда»). Аўтар кніг «Маўчанне навыперадкі» (гумар і сатыра, 1980), «Свой хлопец» (сатырычныя аповесці і апавяданні, 1985), «Праверка» (сатырычныя апавяданні, 1990).

Палітыка Дзмітры, нарадзіўся 15.05.1915 г. у вёсцы Гарывец Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Менскім, Лепельскім педагагічных тэхнікумах (1930-1932). Настаўнічаў у пачатковай школе ў вёсцы Капцэвічы Чашніцкага раёна. У 1935 г. скончыў літаратурны факультэт Магілеўскага педінстытута. Працаваў у літаратурным кабінеце гэтага інстытута, у Полацкай педнавучальні. Служыў у Чырвонай Арміі (1936-1937). Выкладаў расейскую літаратуру ў Магілеўскай педнавучальні (1937-1941), у педінстытуце (1944-1945), быў на педагагічнай рабоце ў Башкірскай АССР (1941-1944). У 1950 г. скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС. З 1950 г. загадваў кафедрай расейскай і беларускай мовы і літаратуры Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1954 г.

Памёр 18.04.1965 г.

Дэбютаваў вершамі ў 1933 г. З 1946 г. пачаў выступаць як крытык. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Выйшлі брашуры «О значении советской литературы в коммунистическом воспитании трудящихся» (1952), «Великий русский писатель-сатирик М.Е.Салтыков-Щедрин» (1955) і «Беларуская пасляваенная проза» (1958), літаратуразнаўчыя кнігі «Янка Купала - перакладчык» (1959, дапоўненае выданне ў 1986), «Роман А.И. Гончарова «Обрыв» (1962) і зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Сляды часу» (1967).

Палтаран Вера (сапр. Ляпеская Вера), нарадзілася 28.03.1919 г. у вёсцы Бабунічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучылася ў Менскім педагагічным інстытуце (1937-1941). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіравалася ў Горкаўскую вобласць і працавала на Барміна-Вянецкім заводзе. У 1945 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала стыльрэдактарам газет «Чырвоная змена», «Літататура і мастацтва». У 1953-1973 гг. - рэдактар аддзела крытыкі часопіса «Маладосць». З 1973 па 1986 г. загадвала рэдакцыяй крытыкі і літаратуразнаўства выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1966 г.

Узнагароджана медалём.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1979).

Памерла 28.03.1989 г.

Выступаць у друку пачала ў 1949 г. Аўтар кніг нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і «Дзівасіл» (1974), зборніка крытыкі і публіцыстыкі «Чалавек на вятрах часу» (1989).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя П.М.Лепяшынскага (1970) за зборнік «Ключы ад Сезама» і нарыс «Дзівасіл».

Пальчэўскі Алесь, нарадзіўся 16.01.1905 г. у вёсцы Прусінава Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў педагагічны факультэт (творчы цыкл) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931). Працаваў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Кааперацыя БССР», у 1931-1936 гг. - у рэдакцыі часопіса «Іскры Ільіча». 26.11.1936 г. рэпрэсіраваны. 01.10.1937 г. прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. У 1937-1946 гг. працаваў лесарубам у Горкаўскай вобласці. У 1946 г. вярнуўся на Беларусь, выкладаў мову і літаратуру ў Пухавіцкай, Рудзенскай сярэдніх школах. У 1948 г. быў зноў асуджаны да высылкі (на пасяленне). Жыў у Краснаярскім краі, працаваў цесляром (1948-1955). Рэабілітаваны 18.12.1954 г. У 1955-1957 гг. працаваў у газеце «Зорька», рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, з 1957 г. - літсупрацоўнікам, У 1961-1971 гг. - адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Сябра СП СССР з 1956 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 26.04.1979 г.

Першыя вершы і апавяданні надрукаваў у 1925 г. Аўтар п'ес «З чырвоным сцягам» (1932), «Зломаная іголка» (1934), «Суседка» (Беласток, 1956), зборнікаў апавяданняў і аповесцей «Родныя берагі» (1958), «Жнівеньская раніца» (1963), «Разбітае люстэрка» (1965), «Былі ў маці сыны» (1968), «Запознены пасаг» (1973), «Ноч на вахце» (1979). Для дзяцей выдаў кніжкі «Беражанкі» (1958), «Ты не адзін» (1960), «Аля і Галя» (1961), «Дым над лесам» (1964), «Данеўцы - нашы знаёмыя» (1965), «Таемная крушня» (1969), «Тайна аднаго звяна» (1971), «Аднавокі сом» (1974), «Сцежкі» (1977). У 1966 г. выйшла кніга выбраных твораў «Мора на камені», у 1975 і ў 1980 г. - Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову раман П.Данжашвілі «На Алазані» (з Т.Цулукідзе, 1959), асобныя творы расейскіх, украінскіх і грузінскіх пісьменнікаў.

Панамароў Валянцін, нарадзіўся 05.07.1923 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і інжынера-эканаміста.

Скончыўшы сярэднюю школу (1941), паступіў у Маскоўскі авіяцыйны інстытут, які неўзабаве быў эвакуіраваны ў Алма-Ату. У 1942 г. прызваны ў армію. Вучыўся ў Ваенна-паветранай Акадэміі імя Жукоўскага (1942-1944), у Маскоўскім інстытуце міжнародных адносін (1944-1945). Быў літсупрацоўнікам газеты «Правда» (1945-1949). З 1949 г. у Менску, - карэспандэнт «Правды» па Беларускай ССР (1949-1951), часопіса «Огонёк» (1951-1959, 1961-1965), газеты «Известия» (1959-1961), «Литературной газеты» (1974-1976). Працаваў памочнікам першага сакратара ЦК КПБ (1965-1971), кіраўніком групы палітычных аглядальнікаў Дзяржтэлерадыё БССР (1971-1974). Удзельнічаў у рабоце сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1966, 1968, 1970). Сябра СП СССР з 1965 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Літаратурнай дзейнасцю займаецца з 1945 г. Піша на расейскай мове. Выйшлі кнігі нарысаў «Партизанские годы Кирилла Орловского» (Масква, 1958), «На волнах жизни» (1961), «Суд спасает убийц» (1963), «Расскажи моим девочкам» (нарысы і апавяданні, Масква, 1969), «Мятежное сердце» (дакументальная аповесць, Масква, 1970), «К.П.Орловский» (1977), «Все так и было» (1984), «Своими глазами» (1989).

Аўтар сцэнарыя дакументальнага фільма «У агні жыцця» (зняты ў 1969).

Панізнік Сяргей, нарадзіўся 10.05.1942 г. у вёсцы Бабышкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Магілеўскую медыцынскую навучальню (1962). Працаваў фельчарам Княжыцкай бальніцы каля Магілева. У 1962-1975 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай навучальні СА ВМФ (1967) быў ваенным журналістам. У 1976 г. працаваў фельчарам траўмабрыгады на станцыі «Хуткай дапамогі» ў Менску. У 1977-1978 гг. - стыльрэдактар у газеце «Вячэрні Мінск», з 1980 г. - рэдактар Дзяржтэлерадыё БССР, з 1982 г. - рэдактар, а з 1984 г. - загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва», з 1989 г. - вядучы рэдактар гэтай рэдакцыі. Сябра СП СССР з 1967 г. Узнагароджаны медалём.

Першы верш надрукаваў у 1959 г. (міёрская раённая газета «Зара камунізму» - цяпер «Сцяг камунізму»). Аўтар зборнікаў вершаў «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1985), «Стырно» (1989). Для дзяцей выйшлі кніжкі паэзіі «Адкуль вясёлка п'е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы - грамацеі!» (1989), дакументальныя аповесці «Браніслава» (1985), «Освейская трагедия» (1990). Выдаў кніжку публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980).

Панчанка Іван, нарадзіўся 24.05.1928 г. у вёсцы Тарапаева Прачысценскага раёна Смаленскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

Працоўны шлях пачаў у 14 год машыністам паравой машыны на льнозаводзе ў вёсцы Велісто Прачысценскага раёна (1942-1944), машыністам на дрэваапрацоўчым камбінаце ў вёсцы Жаркі Калінінскай вобласці (1946-1948). Служыў у Савецкай Арміі (1948-1952). Пасля дэмабілізацыі - літсупрацоўнік у рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», у 1957 г. у ліку трыццацітысячнікаў паехаў у вёску, працаваў старшынёй калгасаў імя М.Кутузава Стаўбцоўскага і калгаса «Камсамолец» Юрацішкаўскага (цяпер Іўеўскага) раёнаў. Быў карэктарам, загадчыкам аддзела пісем смалявіцкай раённай газеты «Ленінскі заклік», карэспандэнтам Менскага абласнога радыё, радыёарганізатарам вузла сувязі ў Смалявічах, супрацоўнікам шматтыражнай газеты «Белорусский автозаводец» (г. Жодзіна). Пасля заканчэння завочнага аддзялення факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1965) вярнуўся на пасаду загадчыка аддзела пісем газеты «Ленінскі заклік». Жыве ў Смалявічах Менскай вобласці. Сябра СП СССР з 1981 г.

Першае апавяданне ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1955 г. (газета «Сталинская молодежь»). Піша на расейскай мове. Аўтар кніг нарысаў «Жодинские богатыри» (1971), «Люди высокого долга» (1973), «Жодинская хроника» (1977) і апавяданняў «Порванные струны» (1975), «Уйдут метели зимние» (1980), «Новые знакомые» (1983), «...И вечной будет музыка» (дакументальная аповесць, 1986), «Доброе соседство» (1988).

Панчанка Пімен, нарадзіўся 23.08.1917 г. у горадзе Таліне (Эстонія) у рабочай сям'і.

Бацькі - бедныя сяляне, у пошуках заробку выехалі ў Прыбалтыку. У 1920 г. сям'я вярнулася ў Бягомль. У 1934 г. скончыў педагагічныя курсы ў Бабруйску. У 1934-1935 гг. - загадчык Алянскай пачатковай школы Бабруйскага раёна, у 1935-1936 гг. - настаўнік Казуліцкай няпоўнай сярэдняй школы Кіраўскага раёна, у 1938-1939 гг. выкладаў мову і літаратуру ў Кіраўскай сярэдняй школе Магілеўскай вобласці. Адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Менскага настаўніцкага інстытута (скончыў у 1939). З верасня 1939 г. да студзеня 1946 г. у Савецкай Арми - спецыяльны карэспандэнт, пісьменнік у армейскіх і франтавых газетах. Прымаў удзел у паходзе Савецкай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 г., у баях на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах, у 1944-1945 гг. знаходзіўся з часцямі Савецкай Арміі ў Іране. З 1946 г. працаваў у рэдакцыях часопіса «Вожык», газеты «Літаратура і мастацтва», быў галоўным рэдактарам часопісаў «Советская Отчизна» (цяпер «Неман», 1954-1958), «Маладосць» (1958-1966), сакратаром праўлення СП БССР (1966-1971). Як сябра дэлегацыі БССР у 1958 г. прымаў удзел у рабоце XIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся депутатам Вярхоўнага Савета БССР (1957-1967, 1971-1975), старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1938 г.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума - «Знак Пашаны», Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Народны паэт БССР (1973).

Першыя вершы з'явіліся ў 1934 г. у кіраўскай раённай газеце «Кіравец» і альманаху «Ударнікі». Аўтар зборнікаў паэзіі «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) (зборнік «Трывожныя зарніцы» быў падрыхтаваны да друку і згарэў у час вайны), «Тебе, Беларусь!» (апублікаваны ў Маскве ў перакладзе на расейскую мову, 1942), «Дарога вайны» (Масква, 1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (вершы і паэмы, 1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955), «Выбраныя творы» (1956), «Гарачы лівень» (гумар і сатыра, 1957), «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія маланкі» (1960), «Тысяча небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (вершы і паэмы, 1964), «Пры святле маланак» (1966), «Размова з наследнікамі» (вершы і паэма, 1967), «Снежань» (1972), «Вершы» (1973), «Выбранае» (1975), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Лірыка» (1980), «Млечны Шлях» (1980), «Маўклівая малітва» (1981), «Дзе начуе жаўранак» (1983), «Сіні ранак» (1984), «Лясныя воблакі» (1985), «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Прылучэнне» (вершы і паэма, 1987), «Горкі жолуд» (1988), «Неспакой» (1988). Многія вершы пакладзены на музыку. Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1959), у 3-х (1967-1971), у 4-х тамах (1981-1983).

Выдаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў «На паэтычным небасхіле» (1977).

Пераклаў на беларускую мову паасобныя творы Ф.Шылера («Разбойнікі»), А.Міцкевіча, Я.Райніса, А.Пракоф'ева, А.Суркова, Т.Масэнкі, Б.Чалага, паэму М.Нагнібеды «Матулям з Расой» і інш.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959) за «Патрыятычную песню», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1967) за кнігу вершаў «Пры святле маланак», Дзяржаўнай прэміі СССР (1981) за кнігу вершаў «Где ночует жаворонок» (Масква, 1979).

Папковіч Уладзімір, нарадзіўся 25.03.1935 г. у вёсцы Дварэц Вілейскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1958), выкладаў у гэтым інстытуцё нямецкую мову (1958-1962). Працаваў інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Савеце Міністраў БССР (1962-1963), старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Менскай вышэйшай інжынерна-радыётэхнічнай навучальні (1963-1964), інжынерам-перакладчыкам аддзела тэхнічнай інфармацыі Менскага оптыка-механічнага завода. У 1966-1970 гг. настаўнічаў у школе № 20 у Віцебску, у Віцебскім педінстытуце. Зноў працаваў інжынерам-перакладчыкам. З 1973 г. выкладчык нямецкай і ангельскай моў Віцебскага індустрыяльнага тэхнікума, з 1982 г. - старшы выкладчык Віцебскага педінстытута. Сябра СП СССР з 1981 г.

У друку выступае з 1962 г. з вершамі і апавяданнямі. Аўтар зборнікаў вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі цень» (1988).

На беларускую мову перакладае творы нямецкіх і польскіх паэтаў. У яго перакладзе выйшлі кнігі І.Р.Бехера «Вяртанне да сябе» (1988), Р.Крафта «Востраў без маяка» (1987), «Закаханы вандроўнік: Паэзія нямецкага рамантызму» (1989).

Папова Алена, нарадзілася 12.10.1947 г. у горадзе Легніца (Польшча) у сям'і савецкага ваеннага журналіста.

У 1950 г. прыехала ў Менск. У 1967-1968 гг. працавала карэспандэнтам Сургуцкага радыёвяшчання (Цюменская вобласць, Расея), у 1969-1970 гг. - сакратаром-машыністкай ва ўстановах Менска. Скончыла Літаратурны інстытут у Маскве (1973). Працавала рэдактарам-кінадраматургам, асістэнтам рэжысёра на кінастудыі «Беларусьфільм» (1973-1975, 1976-1977), памочнікам галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага тэатра імя Янкі Купалы (1975). Сябра СП СССР з 1979 г.

У друку дэбютавала ў 1967 г. апавяданнем (газета «Советская Белоруссия»). Піша на расейскай мове. Аўтар п'ес «Дом на берегу моря» (1973), «Скорые поезда» (1979, пастаўлена ў 1978), «Такая пристань» (апублікавана і пастаўлена ў 1979), «Площадь Победы» (1984, пастаўлена ў 1985), «Объявление в вечерней газете» (1985, пастаўлена ў 1982), «Маленькие радости живых» (апублікавана і пастаўлена ў 1990). Выйшаў зборнік п'ес «Объявление в вечерней газете» (1989).

Выдала аповесць для дзяцей «Галочка едет в Африку» (1973).

Папоў Георгі, нарадзіўся 03.05.1918 г. у вёсцы Прыганка Круціхінскага раёна Алтайскага краю (Расея) у сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Анжэра-Суджанскай фельчарскай школы (Кемераўская вобласць, 1938) працаваў загадчыкам Патрушэўскага медпункта. Праз паўтара года заняўся журналістыкай - стаў загадваць аддзелам культуры і быту ў газеце «Борьба за уголь» (Анжэра-Суджанск). Адначасова вучыўся завочна ў Новасібірскім педагагічным інстытуце (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны - ваенны медык на Калінінскім, Заходнім, Цэнтральным, 1-м і 4-м Украінскіх франтах. З 1946 г. - ваенны журналіст, з 1950 г. - у газеце Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины» (Менск). У 1956-1959 гг. - супрацоўнік рэспубліканскай газеты «Калгасная праўда». З 1959 г. - адказны сакратар, у 1966-1978 гг. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1959 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).

Літаратурную працу пачаў у 1938 г. У беларускім друку першае апавяданне апублікаваў у 1952 г. (альманах «Советская Отчизна»). Піша на расейскай мове. Першы зборнік апавяданняў «В родном полку» выйшаў у 1956 г. у Маскве. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Половодье» (1958), «Клок сена» (1965), «Гуси-лебеди» (1968), «За тридевять планет» (1976, перапрацаванае выданне ў 1990), «Поездка в Тростёну» (1977), «Память» (1978), «Низкий поклон» (1981), «Первое лето» (1985), «На том, на волжском берегу» (1986), «На дороге» (1989).

Пераклаў на расейскую мову паасобныя празаічныя творы Я.Коласа, З.Бядулі, Б.Мікуліча, А.Алешкі, Я.Брыля, А.Савіцкага, Л.Гаўрылкіна і інш., вершы М.Багдановіча.

Парахневіч Міхась, нарадзіўся 20.08.1934 г. у вёсцы Мінкавічы Старадарожскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння школы фабрычна-заводскага навучання (1952) працаваў электраманцёрам у Менску. У 1953-1956 гг. служыў у Савецкай Арміі. Потым супрацоўнічаў у старадарожскай, парыцкай раённых газетах, у 1958-1961 гг. - у ерментаўскай раённай газеце Цалінаградскай вобласці. З 1962 г. - супрацоўнік газеты «Мінская праўда», у 1966-1967 гг. - газеты «Літаратура і мастацтва». Скончыў завочна філалагічны факультэт БДУ (1965), Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве (1969). З 1971 г. - інструктар аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, з 1978 г. - намеснік рэдактара газеты «Вячэрні Мінск». Сябра СП СССР з 1973 г.

Узнагароджаны медалём.

Літаратурнай працай займаецца з 1950 г. Выйшлі кнігі для дзяцей «Мы майструем самалёт» (1963), «Толікаў гай» (1965), «Дзядзька Толя - трактарыст» (1968), «Чырвоны аўтобус» (1973). Аўтар кніжак прозы «Грыбны дождж» (1969), «Зара-зараніца» (1975), «Абяцанне» (1976), «Модны гальштук» (гумарэскі, 1977), «Мае і тваё маленства» (1978), «Прыгарадная камандзіроўка» (1979), «Марыніка» (1983), «Чаромхавы ранні цвет» (1984), «Белыя цені бяроз» (1989), зб. вершаў «Жыццё» (1972).

Пархута Яраслаў, нарадзіўся 08.03.1930 г. у вёсцы Мілейкі Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1949-1952). Быў на журналісцкай працы ў Гарадзенскай вобласці (1952-1953). Служыў у Савецкай Арміі (1953-1956). З 1956 г. - літсупрацоўнік, загадчык аддзела поразаўскай раённай газеты «Ленінскі шлях», з 1959 г. - намеснік рэдактара ружанскай раённай газеты «Заветы Леніна», з 1961 г. - рэдактар гарадзішчанскай раённай газеты «Советская Родина», з 1962 г. - намеснік рэдактара, загадчык аддзела міжраённай газеты «Знамя коммунизма» (Баранавічы), з 1965 г. - старшы рэдактар Берасцейскай студыі тэлебачання, у 1965-1969 гг. - загадчык аддзела, намеснік рэдактара маларыцкай раённай газеты «Сельскае жыццё». У 1973 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (Менск). У 1973-1977 гг. - намеснік рэдактара і рэдактар аддзела часопіса «Вожык». У 1978-1982 гг. - рэдактар аддзела часопіса «Родная прырода». Сябра СП СССР з 1982 г.

Узнагароджаны медалём.

У друку выступае з 1946 г. Першы верш апублікаваў у 1949 г. (берасцейская абласная газета «Заря»). Аўтар вершаваных казак «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Перапёлачка» (1979), кніг прозы «Ты пайшла ў сонца» (1973), «Мудрая цялушка» (1976), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (1988), «Пад высокім сонцам» (1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989).

Паслядовіч Макар, нарадзіўся 21.08.1906 г. у вёсцы Караваева Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.

Пасля заканчэння сямігодкі (1924) вучыўся на падрыхтоўчых курсах у ВНУ. У 1926 г. як актыўны селькор газеты «Беларуская вёска» запрошаны на штатную працу ў гэтую газету. Быў адказным сакратаром часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1935-1939). У час Вялікай Айчыннай вайны - кіраўнік мар'інагорскай падпольнай групы і сувязны асобага партызанскага атрада імя Сталіна ў Пухавіцкім раёне. Па падазрэнні ў сувязі з партызанамі ў 1943 г. быў арыштаваны і адпраўлены на катаржныя работы ў Германію. Пасля вызвалення працаваў спецыяльным карэспандэнтам газеты «Звязда» (1945-1948). Сябра СП СССР з 1936.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Памёр 30.12.1984 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1927 г. (часопіс «Паляўнічы Беларусі»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Зруйнаваныя межы» (1930), «Людзі вясны» (1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), «Снайпер» (1937), «Чырвоныя струны» (1988), аповесцей «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933), «Магістральны канал» (1947), «З табою побач» (1960), раманаў «Цёплае дыханне» (1948), «Святло над Ліпскам» (1950, у 1988 г. абодва раманы выйшлі ў адной кнізе). Асобным выданнем выйшлі нарысы «Аляксандра Шаплыка» (1949), «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963) і шэраг апавяданняў. Выдаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964) і дакументальную аповесць «Па воўчых сцежках» (1958), зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Пад дзвюма дойнымі каровамі» (1963), «Двайное дно» (1964), кніжку літаратурных пародый «Наравісты Пегас» (1968), «Аповесці. Апавяданні» (выбранае, 1970). У 1961 г. выйшаў Збор твораў у 2 тамах, у 1986 г. - Выбраныя творы.

Аўтар п'ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938) і «Шалёная рысь» (1939).

Пераклаў на беларускую мову некаторыя творы А.Пушкіна, А.Чэхава, аповесць М.Гогаля «Тарас Бульба» (з А.Бачылам), раман Р.Джаваньёлі «Спартак», аповесць П.Бажова «Зялёны конік», раман М.Астроўскага «Народжаныя бурай», нарыс М.Горкага «У.І.Ленін», расейскія казкі, творы ўкраінскіх, польскіх і інш. пісьменнікаў.

Паўлаў Уладзімір, нарадзіўся 25.10.1935 г. у вёсцы Замошша Любанскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1954 г. скончыў Дарасінскую сярэднюю школу і працаваў літработнікам любанскай раённай газеты «Кліч Радзімы». Служыў у Савецкай Арміі (1954-1957). У 1962 г. скончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў загадчыкам літаратуры і мастацтва, адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1962-1967), адказным сакратаром кінабюлетэня «На экранах Беларусі» (1967-1971), літкансультантам СП БССР (1971-1972, 1986-1988), загадваў рэдакцыямі паэзіі, затым збору твораў і выбраных твораў выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1972-1985). З 1990 г. - намеснік старшыні СП Беларусі. Сябра СП СССР з 1962 г.

Першы верш надрукаваў у 1954 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Узлётная паласа» (1960), «Далягляд» (вершы і паэма, 1964), «Светацені» (1967), «Начная балада» (вершы і паэма, 1971), «Сонца купаецца» (вершы, паэма, 1976), «Каласы радкоў» (1979), «Сляза на вейцы» (1982), «Гадавое кальцо» (1986).

Выйшлі кнігі аповесцей і апавяданняў «Годы нашы - птушкі» (1970), «Ад агню і мяча» (1973), для дзяцей «Пажарніца» («Тайна бункера № 7», аповесць, 1968), «Чуж-чужаніца» (аповесць, 1979), «Радзімкі» (1989). У 1987 г. выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў раманы Я.Фельдэака «Чужая дачка» (1979), У.Багамолава «Момант ісціны» («У жніўні сорак чацвёртага», 1984), асобныя творы пісьменнікаў народаў СССР.

Паўловіч Альберт, нарадзіўся 11.11.1875 г. у горадзе Менску ў сям'і мешчаніна.

Скончыў чатырохкласную гарадскую навучальню ў Менску (1894). Працаваў канторшчыкам, бухгалтарам ва Ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі (Менск). У 1932-1941 гг. жыў у Маскве, ад пачатку вайны да 1945 г. - на Ўрале, у 1945-1951 гг. - у Курску. Працаваў бухгалтарам у розных установах.

Памёр 17.03.1951 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у канцы XIX стагоддзя, у друку ўпершыню выступіў у 1907 г. у «Нашай ніве». Аўтар зборнікаў вершаў «Снапок» (Вільня, 1910), драмы «Васількі» (Вільня, 1919), вершаваных жартаў, вершаў для дзяцей, якія друкаваліся ў розных перыядычных выданнях дарэвалюцыйнага часу («Наша ніва», «Маладая Беларусь», «Беларусь», «Лучынка» і інш.). Рукапіс зборніка гумару «Перавясла» свету не пабачыў і пакуль не знойдзены. У 1975 г. выйшаў зборнік «Выбранае».

На беларускую мову перакладаў творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі і інш.

Паўлюкявічус Банавентура, нарадзіўся ў 1896 г. у вёсцы Будэжэрай Вілкавішскага раёна (Летува) у сям'і цесляра.

З 1924 г. вучыўся ў Ковенскім, у 1926-1929 гг. - у Рыжскім універсітэтах. У 1926 г. - рэдактар легальнага летувіскага камуністычнага часопіса «Водгук» (на другім нумары часопіс закрыты, а рэдактар зняволены ў турму). Працаваў у летувіскай школе ў Рызе, у 1929-1931 гг. жыў у Кёнігсбергу, дзе працаваў у органе Летувіскай камуністычнай партыі газеце «Балсас». У 1931 г. запрошаны ў СССР, з 1932 г. жыў у Менску, працаваў загадчыкам культмасавага сектара летувіскай газеты «Чырвоны араты». У 1933-1936 гг. вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г. У 1938 г. арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 23.04.1957 г.

Расстраляны 29.11.1938 г.

У друку выступаў з 1926 г. Пісаў на летувіскай мове. Аўтар аповесцей «Бядоты батрака», «Беспрацоўе» (незакончана), апавяданняў, нарысаў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў (пісаў пра творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, А.Александровіча, пра летувіскую пралетарскую літаратуру). У 1960 г. у Вільні выйшаў зборнік «Бядоты батрака».

Перакладаў з расейскай і нямецкай моў.

Пашкевіч Нічыпар, нарадзіўся 12.12.1924 г. у вёсцы Фелістава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1939 г. паступіў у Менскую педагагічную навучальню. Вучобу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. У 1942 г. уступіў у партызанскі атрад імя Катоўскага брыгады «Гроза», якая дзейнічала ў Талачынскім раёне. Быў байцом, памочнікам камісара атрада па камсамолу, камісарам атрада. Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам талачынскай раённай газеты «Чырвоны хлебароб», а з 1945 г. - загадчыкам аддзела рэдакцыі абласной газеты «Віцебскі рабочы». У 1946-1948 гг. вучыўся ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Загадваў аддзелам у газеце «Віцебскі рабочы». У 1951 г. скончыў завочна гістарычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Працаваў у газеце «Звязда» загадчыкам аддзела, адказным сакратаром рэдакцыі (1951-1956). У 1960 г. скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (Масква). У 1960-1961 гг. - рэдактар аддзела культуры і быту «Экономической газеты», у 1961-1969 гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1969-1972 гг. рэдактар газеты «Правда» па аддзелу прэсы, крытыкі і бібліяграфіі. З 1972 г. - першы намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Литературное обозрение», з 1974 г. - намеснік дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1976 г. - рэктар Менскага інстытута культуры. У 1979-1987 гг. - галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1975 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1958 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Заслужаны работнік культуры БССР (1974).

З артыкуламі выступае ў друку з 1948 г. Аўтар кніг «На шырокіх шляхах жыцця» (1965), «На эпическом направлении» (Масква, 1969).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1966) за кнігу крытычных артыкулаў «На шырокіх шляхах жыцця».

Пашкоў Генадзь, нарадзіўся 23.03.1948 г. у вёсцы Ліпавічы Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1971 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё. З 1972 г. у часопісе «Полымя» - загадчык рэдакцыі, адказны сакратар, з 1979 г. - намеснік галоўнага рэдактара. З 1989 г. працуе кансультантам гуманітарнага аддзела ў апараце ЦК КПБ. Сябра СП СССР з 1977 г.

У друку выступае з 1967 г. Выдаў зборнікі паэзіі «Кляновік» (1975), «Дыстанцыя небяспекі» (1979), «Гравюры дарог» (1981), «Зямлю слухаю» (1983), «Маналог на кастрышчы» (1986), «Крокі» (1988), «Люблю, спадзяюся, жыву» (1990). Выйшаў зборнік паэзіі для дзяцей «Дзяўчынка з блакітным мячыкам» (1986), кніга нарысаў «Будзень як свята» (1977).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980) за паэтычныя зборнікі «Красный жаворонок» (Масква, 1977), «Дыстанцыя небяспекі».

Перкін Навум, нарадзіўся 15.02.1912 г. у гарадскім пасёлку Тураве Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і саматужніка.

У 1928 г. паступіў у Гомельскі педагагічны тэхнікум, у 1929-1931 гг. настаўнічаў у пачатковых школах на Гомельшчыне. Скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1936) і аспірантуру пры гэтым інстытуце (1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны - з 1941 г. на фронце, з 1942 г. у партызанах на Браншчыне, з 1944 г. зноў на фронце. Быў двойчы паранены. З 1946 г. - навуковы супрацоўнік, у 1963-1976 гг. - загадчык сектара ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 02.10.1976 г.

У друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі, рэцэнзіямі пачаў выступаць з 1946 г. Пісаў на расейскай і беларускай мовах. Выйшлі працы «Аркадзь Куляшоў: Паэтычная творчасць» (1951), «Творчасць Петруся Броўкі» (1952), «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20-30-х гадоў: Праблемы сацыялістычнага рэалізму» (1960), «В семье братских литератур» (1967), «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Человек в советском романе» (1975), брашура «Пятро Глебка» (1955), зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Абсягі думкі» (1979). Апублікаваны аўтабіяграфічныя мастацкія творы «Мальчик из местечка» (1981) і «Я стал партизаном» (1982).

Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Истории советской многонациональной литературы» (1970-1971), сааўтар дакладаў да III Міжнароднага з'езда славістаў «Асноўныя асаблівасці развіцця сучаснай беларускай літаратуры» (з В.Івашыным, 1958) і да V - «Беларускапольскія ўзаемасувязі ў XIX ст.» (з А.Лойкам, 1969), а таксама падручніка «Беларуская савецкая літаратура» для 9-10 класаў (з Ю.Пшырковым, 1959-1973).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».

Пестрак Піліп, нарадзіўся 27.11.1903 г. у вёсцы Сакоўцы Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў двухкласнай навучальні. У 1914 г. разам з бацькамі эвакуіраваўся ў сяло Максімаўка Бузулукскага павета Самарскай губерні. Працаваў памочнікам справавода крэдытнага таварыства, вучыўся ў гімназіі. У 1919 г. - памочнік бухгалтара ў валасным выканкаме. Пасля вучобы на рабфаку ў 1920 г. паступіў на гістарычны факультэт Самарскага ўніверсітэта. Увосень 1921 г. разам з бацькамі вярнуўся на радзіму. Працаваў рабочым на лесапільні, лесніком. Служыў у польскім войску (1924-1926). У 1926 г. уступіў у сябры КПЗБ і стаў сябрам павятовага камітэта Беларускай сялянска-рабочай грамады ў мястэчку Косава. З 1927 г. - сакратар Косаўскага падпольнага райкама, сябра Слонімскага акругкама КПЗБ, у 1933-1934 гг. - інструктар ЦК КПЗБ. Амаль 11 гадоў сядзеў у турмах буржуазнай Польшчы, вызвалены Савецкай Арміяй у верасні 1939 г. з гарадзенскай турмы. Працаваў сакратаром Гарадзенскага гаркама (1939-1940). Быў абраны дэпутатам Народнага с ходу Заходняй Беларусі ў Беластоку (1939), сябрам паўнамоцнай камісіі на сесіі Вярхоўнага Савета СССР (1939). У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у партызанскім руху. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтваў пры Саўнаркаме БССР (1943-1945), навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР (1945-1947), літкансультантам СП БССР (1948-1951). Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1940-1946), а таксама дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1971-1975). Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Дружбы народаў, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

Памёр 22.08.1978 г.

Творчую працу пачаў з вершаў у гады падпольнай рэвалюцыйнай дзейнасці ў Заходняй Беларусі. У друку выступіў у 1927 г. пад псеўданімам Звястун. Першы зборнік вершаў «На варце» надрукаваў у 1940 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «За сваю Айчыну» (1946), «Падарожнае» (1962), паэма «Слова пра Мінск» (1968).

У пасляваенныя гады выступаў пераважна ў галіне прозы. Выдадзены зборнікі апавяданняў «Першыя ўсходы» (1951), «Неспадзяванак» (1957), «Лясная песня» (апавяданні і нарысы, 1958), апавяданне «Камень» (1960), «Сярод чаротаў» (1964), «Апавяданні» (1970), раманы «Сустрэнемся на барыкадах» (1954), «Серадзібор» (1963). У 1947 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1969-1971 гг. - Збор твораў у 4-х, у 1984-1986 гг. - у 5 тамах.

Перакладаў творы польскіх, украінскіх, латышскіх, летувіскіх пісьменнікаў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964) за раман «Серадзібор».

Петрашкевіч Алесь, нарадзіўся 01.05.1930 г. у вёсцы Пярэвалачня Талачынскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1955 г. скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1954-1961 гг. працаваў у ЦК ЛКСМБ інструктарам, кіраўніком лектарскай групы, намеснікам загадчыка аддзела. З 1961 г. - інструктар, у 1963-1967 гг. - загадчык сектара ў аддзеле культуры ЦК КПБ. У 1967-1975 гг. - адказны сакратар, а затым намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у 1975-1976 гг. - рэктар Менскага інстытута культуры. У 1976-1979 гг. - загадчык аддзела культуры ЦК КПБ, з 1979 г. - намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1974 г.

Заслужаны работнік культуры БССР (1975).

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1955 г. з фельетонаў, нарысаў, памфлетаў. Аўтар аднаактоўкі «Кары егіпецкія» (1966), п'ес «Адкуль грэх?» (1970, пастаўлена ў 1969), «Трывога» (надрукавана і пастаўлена ў 1974), «Злыдзень» (1979, пастаўлена ў 1973), «Укралі кодэкс» (надрукавана і пастаўлена ў 1976), «Напісанае застаецца» (1978, пастаўлена ў 1979, асобнае выданне ў 1982), «Соль» (надрукавана і пастаўлена ў 1981), «Русь Кіеўская» («Гора і слава», 1983, пастаўлена ў 1982), «Змова» (1986, пастаўлена ў 1983), «Злавеснае рэха» (надрукавана і пастаўлена ў 1984), «У спадчыну - жыццё» (1986, пастаўлена ў 1985), «Мой друг, Вялікі Чалавек» (пастаўлена ў 1986), «Куды ноч, туды сон» («Ка-та-стро-фа», 1987, пастаўлена ў 1988), «Мост упоперак ракі» (1986), «Прарок для Айчыны» (1990). Выйшлі зборнікі «П'есы» (1976), «У спадчыну - жыццё» (1986), «П'есы» (1988). Напісаў лібрэта оперы «Новая зямля» паводле аднайменнай паэмы Я.Коласа (пастаўлена ў 1982).

Яму належаць сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Уваскрэсная ноч» (пастаўлены ў 1977) і «Нас выбраў час» (з У.Халіпам, пастаўлены ў 1976-1978), а таксама сцэнарыі навукова-папулярнага фільма «Францыск, сын Скарынін» і дакументальнага фільма «Уздоўж і ўпоперак Дняпра» (пастаўлены ў 1990). Напісаў сцэнарыі да радыёспектакляў «Новая зямля» (пастаўлены ў 1976), «Злавеснае рэха» (пастаўлены ў 1984), «У спадчыну - жыццё» (пастаўлены ў 1986), «Надзвычай цяжкая пасада» (пастаўлены ў 1986).

Аўтар шэрагу апавяданняў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Петручук Васіль, нарадзіўся 23.08.1926 г. у вёсцы Грабавец Бельска-Падляшскага павета Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.

У 1943-1944 гг. рабіў парабкам у вёсцы Елянка. Пасля Перамогі служыў у Корпусе ўнутранай бяспекі, ваяваў, быў паранены. Займаўся на курсах разведчыкаў (Вроцлаў, 1950-1951). Працаваў у Варшаве (1951-1960). Вучыўся ў школе контрразведкі (Легіянова, 1960-1961). Зноў працаваў у Варшаве. Скончыў эканамічны тэхнікум (1961). У 1962 г. пераведзены ў Беласток. У 1969 г. выйшаў у адстаўку. Сябра беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа». Кандыдат у сябры Саюза польскіх літаратараў з 1987 г.

Узнагароджаны польскімі ордэнамі Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залатым Крыжам заслугі, Крыжам партызанскім, Сярэбраным Крыжам заслугі, медалямі, савецкім ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1988). У польскім друку выступае з 1961 г. Першае апавяданне на беларускай мове надрукаваў у 1975 г. (газета «Ніва»). Аўтар аповесці «Пожня» (Беласток, 1987).

Півавараў Зяма (таксама Півавараў Залман), нарадзіўся 05.06.1910 г. у горадзе Касцюковічы Магілеўскай вобласці ў сям'і рабочага.

Вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме. У 1929 г. пераехаў у Ленінград, дзе працаваў качагарам. Быў сябрам БелАПП. Скончыў літаратурны факультэт Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). Працаваў у газеце «Чырвоная змена» (1934-1936). У 1936 г. рэпрэсіраваны і ў 1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 08.03.1958 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Першы верш апублікаваў у 1925 г. На пачатку 30-х гадоў друкаваўся ў ленінградскіх часопісах і беларускіх альманахах. Аўтар зборніка вершаў «Лірыка двух нараджэнняў» (1934). Выступаў у рэспубліканскім друку як тэатральны рэцэнзент.

Пісьмянкоў Алесь, нарадзіўся 25.02.1957 г. у в. Бялынавічы Касцюковіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў рабочай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1974) працаваў у касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму». Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1980). Працаваў у аддзеле крытыкі і бібліяграфіі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», рэдактарам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». У 1990 г. абраны намеснікам старшыні СП Беларусі. Сябра СП СССР з 1984 г.

Першы верш апублікаваў у 1972 г. (касцюковіцкая раённая газета «Сцяг камунізму»).

Аўтар кніг паэзіі «Белы Камень» (1983), «Чытаю зоры» (1988).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1988) за кнігу лірыкі «Чытаю зоры».

Піятуховіч Міхайла, нарадзіўся 23.02.1891 г. у вёсцы Алексінічы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і святара.

Скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут (1917). Затым быў прыкамандзіраваны да Петраградскага ўніверсітэта для падрыхтоўкі да прафесарскага звання па кафедры расейскай мовы і славеснасці. У 1920-1921 гг. жыў у Адэсе. З 1921 г. - выкладчык і сакратар Беларускага педагагічнага тэхнікума, сябра Беларускай навукова-тэрміналагічнай камісіі, з 1922 г. - выкладчык беларускай літаратуры, з 1926 г. - прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Правадзейны сябра Інстытута беларускай культуры. У 1934-1938 гг. працаваў у педагагічных інстытутах Паўночнага Каўказа. У студзені 1937 г. арыштаваны, прывезены ў Менск і рашэннем кадет Вярхоўнага суда СССР ад 19.12.1937 г. прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 27.12.1957 г.

Расстраляны 12.12.1937 г.

У беларускім друку выступіў у 1921 г. Аўтар навуковых прац і артыкулаў пра літаратурную дзейнасць Ф.Скарыны, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ядвігіна Ш., Ц.Гартнага, З.Бядулі, М.Чарота, М.Лынькова, П.Труса, змешчаных у зборніках і перыядычным друку. У 1928 г. выдаў «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX вякоў» (ч. I). Рэдактар-укладальнік першай гісторыка-літаратурнай хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры. Новы і найноўшы кругабегі» (1923).

Платнер Ісак (таксама Платнер Айзік), нарадзіўся 17.11.1895 г. у горадзе Сакалоў-Падляшскі Седлецкай губерні (цяпер Польшча) у сям'і краўца.

З малых год працаваў па найме ў кравецкіх майстэрнях. У 1922 г. выехаў у ЗША - настаўнічаў у школах пры Інтэрнацыянальным рабочым ордэне, супрацоўнічаў у камуністычнай газеце «Морген-фрайхайт» («Вольная раніца»). У 1932 г. прыехаў у СССР. З 1933 г. жыў у Менску - працаваў у Беларускім радыёкамітэце, у рэдакцыі жыдоўскай газеты «Акцябэр» («Кастрычнік»), у часопісе «Штэрн» («Зорка»). У Вялікую Айчынную вайну працаваў на радыё ў Саранску (Мардовія) і Яраслаўлі. У 1944 г. вярнуўся ў Менск. У 1949 г. рэпрэсіраваны. 22.04.1950 г. асуджаны на 25 год зняволення. Рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Менску.

Памёр 20.07.1961 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1918 г. у прагрэсіўным жыдоўскім друку ў Польшчы. Пісаў на мове ідыш. Першы зборнік паэзіі «Пра што расказвае дзень» выдаў у Нью-Ёрку (1930). Выйшлі зборнікі вершаў «З Амерыкі» (1934), «Паэма аб краўцах» (1935), «Сонца на парозе» (1940), паэмы «Песня маці» (1940), «З любоўю і верай» (Масква, 1947), кніга паэзіі «Соль жизни» (Масква, 1961), зборнік навел «Самае дарагое» (1948). Для дзяцей напісаў кніжкі вершаў «Пра дзве краіны» (1933) і апавяданняў «Сярод дзяцей» (1938).

У перакладзе на беларускую мову выйшлі зборнікі паэзіі «Сваёй краіне» (вершы, 1947), «Соль жыцця» (вершы, 1957), «Дар сэрца» (вершы, 1962), «Песні пра хлеб» (вершы і паэмы, 1986), кніжкі вершаў і апавяданняў для дзяцей «Мой агарод» (1958), «Палаючае сэрца» (1960), «Вясёлая іголка» (1961), «Магазін цацак» (1963), «Хто што робіць» (1970).

Перакладаў з ангельскай і нямецкай моў на беларускую. Асобным выданнем у яго перакладзе выйшлі «Казкі братоў Грым» (1939).

Пракаповіч Мікола, нарадзіўся 01.11.1948 г. у вёсцы Пугачова (з 1979 г. у межах Берасця) у сям'і рабочага.

У 1970 г. скончыў беларускае аддзяленне факультэта мовы і літаратуры Берасцейскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў у Асабовіцкай васьмігадовай школе Пінскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1971-1972). З 1972 г. - рэдактар Берасцейскага абласнога радыё, затым загадчык рэдакцыі літаратурна-мастацкіх і музычных перадач Берасцейскай студыі тэлебачання, адначасова (у 1984-1990) сакратар Берасцейскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1981 г.

Першы верш апублікаваў у 1966 г. (берасцейская абласная газета «Заря»). Аўтар кніг паэзіі «Белая вежа» (у калектыўным зборніку «Нашчадкі», 1979), «Неад'емнае» (вершы і паэма, 1982), «На кругі свае» (вершы і паэма, 1986).

Прануза Паўлюк, нарадзіўся 18.03.1918 г. у вёсцы Вылева Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1941 г. скончыў філалагічны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у зенітнай артылерыі, прымаў удзел у баях на Бранскім, Цэнтральным і 1-м Беларускіх франтах. У 1945 г. дэмабілізаваўся, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Нясвіжскай педагагічнай навучальні, у сярэдняй школе № 3 Нясвіжа. З 1982 г. жыве ў Менску. Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі.

Першыя вершы надрукаваў у 1936 г. У час Вялікай Айчыннай вайны вершы друкаваліся ў газетах «Савецкая Беларусь» (Масква), «За свабодную Беларусь» (Калінінскі фронт), у газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну», у франтавых і армейскіх газетах. Аўтар зборнікаў вершаў «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954). «Мае землякі» (1957), «Калі верыш» (1963), «Родныя мясціны» (выбранае, 1968), «Непаўторнасць» (1974), «Трываласць» (выбранае, 1978), «Сустрэчы» (1983), «Мой аўтограф» (1988), «Рукі салдата» (1990). Напісаў зборнікі вершаў для дзяцей «Добры дожджык» (1960), «Я вясну малюю» (1962), «Дзе вясны пачатак» (1965), «Ручаёк» (1969), «Вясновыя тэлеграмы» (1976), «Фарбы восені» (1982), «Звініць ручаёк» (1988).

Склаў зборнік вершаў і ўспамінаў пра М.Сурначова «Акопны спеў» (1986). Перакладае з расейскай, украінскай і польскай моў.

Пранчак Леанід, нарадзіўся 12.11.1958 г. у вёсцы Пранчакі Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981). Пасля заканчэння ўніверсітэта - малодшы рэдактар Магілеўскага абласнога радыё. З 1983 г. - у Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў. Сябра СП СССР з 1989 г.

Першы верш апублікаваў у 1973 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар кніг вершаў «Ясак любові» (калектыўны зборнік «Лагодны прамень раніцы», 1988), «Першапутак» (1988). Перакладае з польскай, расейскай і ўкраінскай моў.

Праскураў Васіль, нарадзіўся 25.08.1926 г. у вёсцы Негаціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны скончыў Сваташыцкую няпоўную сярэднюю школу. У 1945 г. прызваны ў Савецкую Армію. Да 1950 г. служыў карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины» ў Аўстрыі, Вугоршчыне і Германіі. У 1950-1958 гг. - старшыня Ганцавіцкага райспажыўсаюза, экстэрнам скончыў Берасцейскую гандлёва-кааператыўную школу. У 1963 г. завочна скончыў факультет журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1958-1962 гг. - супрацоўнік ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе», у 1962-1966 гг. працаваў у ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», з 1966 г. - рэдактар газеты «Савецкае Палессе». Сябра СП СССР з 1987 г.

Узнагароджаны медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

Памёр 22.05.1987 г.

Першы літаратурна-крытычны артыкул апублікаваў у 1950 г. Аўтар кніг публіцыстыкі «Святая сівізна» (1966), «Трое з-за Лані» (1967), «Людзі-суседзі» (1974), «Пакажы чалавеку дарогу» (1979), «Пакланіся зямлі-карміцельцы» (1982), «Чорны хлеб» (1984).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя П.М.Лепяшынскага (1986) за кнігу «Пакланіся зямлі-карміцельцы».

Прокша Леанід, нарадзіўся 19.04.1912 г. у горадзе Полацку ў сям'і рабочага.

Скончыў Менскі педагагічны тэхнікум (1931). Працаваў загадчыкам Кустаўніцкай пачатковай школы Мазырскага раёна (1931-1934), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сямігодцы і на рабфаку ў Барысаве. Служыў у Чырвонай Арміі (1935-1937). Быў літработнікам у газеце «Віцебскі рабочы» (1937-1940), у польскай газеце «Штандар вольнасці» (Менск, 1940-1941), рэдактарам польскай рэспубліканскай дзіцячай газеты «Піянер» (1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны - ваенны журналіст. Скончыў Ваенна-палітычную акадэмію (1955). У 1956-1958 гг. - загадчык аддзела часопіса «Коммунист Белоруссии», у 1958-1969 гг. - рэдактар газеты «За вяртанне на Радзіму» (з 1960 «Голас Радзімы»), у 1969-1972 гг. - галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і двума - II ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім Залатым крыжам заслугі.

Выступае ў друку з 1937 г. (газета «Віцебскі пралетары»). Піша на беларускай і расейскай мовах. Аўтар зборніка апавяданняў і нарысаў «Источник красоты» (1960), кніжак гумарыстычных апавяданняў, памфлетаў «Каб жылося-вялося» (1961), «Камедыянты» (1961), «Кантроль сумлення» (1963), «Праз туманы» (1964), «След вядзе за мяжу» (1965), «Інтрыгі прэзідэнцкага двара» (1967), «Не ў тым поездзе» (1971), «Самадзейнасць у ліфце» (1972), «Зося смяецца» (1982), «Призраки и президенты» (1988), аповесцей «Ці варта было жаніцца» (1968), «За Добрыцай-рэчкай» (1975), нарыса «Герои Олерона» (з В.Андрэевым і Ў.Сасінскім, 1965), кніг публіцыстыкі «По обе стороны океана» (1968), «Туман развеецца» (1970), «Візітная картка народа» (1972), раманаў «Пакуль жывеш на свеце» (1980), «Туника Несса» (1986). «Урокі любові і нянавісці» (1990). Выйшлі аповесці для дзяцей «Мальчик в больших башмаках» (1963), «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі» (1973), «Стрэлы над ярам» (1974, дапоўненае выданне 1979).

Пруднікаў Алесь, нарадзіўся 14.04.1910 г. у вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1930 г. працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы - Магілеў - Рослаў, потым - на новабудоўлях Менска, з 1931 г. - на рэспубліканскай кніжнай базе, у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, у БелТА. Вучыўся на творчым аддзяленні Менскага педагагічнага інстытута (1932-1933). У сакавіку 1933 г. быў рэпрэсіраваны, але праз восем месяцаў вызвалены з турмы і адразу ж прызваны ў рады Чырвонай Арміі, дзе праслужыў да 1935 г. У 1935-1936 гг. быў супрацоўнікам клімавіцкай раённай газеты «Камуна». Скончыў Ленінградскі настаўніцкі інстытут (1938). Працаваў настаўнікам, інспектарам Пятроўскага (цяпер Кандапожскага) рана Карэльскай АССР, адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Карэльскага ўніверсітэта. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце, разведчык.

Загінуў 05.08.1941 г. каля вёскі Ўтукі Кандапожскага раёна Карэльскай АССР у час выканання баявога задання.

Першыя вершы з'явіліся ў друку ў 1930 г. У 1932 г. асобным выданнем выйшла паэма «Зямныя зоры». Падборка вершаў змешчана ў зборніку «Крывёю сэрца» (1967).

Пруднікаў Павал, нарадзіўся 14.07.1911 г. у вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працоўны шлях пачаў у 1930 г. шахцёрам-металургам у Данбасе. Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы - Магілеў - Крычаў - Рослаў, а таксама на Магілеўскай шаўковай фабрыцы, на рэспубліканскай кніжнай базе ў Менску, грузчыкам на чыгуначнай станцыі Менск-Таварная, супрацоўнікам рэспубліканскага перыядычнага друку, БелТА, Беларускага радыё і клімавіцкай раённай газеты «Камуна». У 1937 г. скончыў Ленінградскі педагагічны інстытут, а 11.08.1937 г. быў рэпрэсіраваны і пасля 4-х месяцаў зняволення ў ленінградскіх «Крыжах» («Крестах») доўгія гады працаваў у якасці зняволенага на будаўніцтве чыгунак у Бурацкай АССР і Іркуцкай вобласці, на будаўніцтве шыннага завода ў Омску і горна-металургічнага камбіната ў Нарыльску, грузчыкам у рачным порце Енісейска (Краснаярскі край). Пасля вызвалення (1945) працаваў токарам вагоннага дэпо Нарыльскай чыгункі, потым загадчыкам бібліятэкі Нарыльскага горна-металургічнага тэхнікума, настаўнічаў у сярэдніх школах Смаленшчыны (г. Рослаў, Рослаўскі і Ершацкі раёны, 1946-1952). Нейкі час выкладаў мову і літаратуру ў Ашмянскай педнавучальні. З 1952 па 1968 гг. - выкладчык мовы, літаратуры і гісторыі Слабодскай сярэдняй школы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. У 1968-1971 гг. - старшы рэдактар часопіса «Служба быту Беларусі». Рэабілітаваны ў 1956 г.

Узнагароджаны медалём.

Першыя вершы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1930 г. (газета «Піянер Беларусі»). У 1932 г. выйшла першая кніжка вершаў «Песні грузчыкаў») пад псеўданімам Паўлюк Буравей (з Я.Субачам). Выдадзены зборнікі паэзіі «Час майго нараджэння» (1968), «Прысады» (1979), «Мая магістраль» (выбранае, 1981), «Заасцёр'е» (вершы, паэма, 1986), «Познія ягады» (вершы, паэма, 1990). У 1987 г. выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Заранка», у 1988 г. - кніга ўспамінаў пра пісьменнікаў «Далёкае, але не забытае».

Аўтар паэмы «Таймыр» (часопіс «Полымя», 1988) і аўтабіяграфічнай аповесці «Яжовыя рукавіцы» (часопіс «Полымя», 1989), а таксама нарысаў, публіцыстычных артыкулаў.

Прыгодзіч Зіновій, нарадзіўся 15.10.1944 г. у вёсцы Лышча Пінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Лышчанскай сярэдняй школы (1960) працаваў у лагішынскай раённай газеце «Калгасная праўда», а затым карэспандэнтам-арганізатарам мясцовага радыёвяшчання. У 1967 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела рэспубліканскай газеты «Звязда». З 1977 г. - інструктар аддзела культуры, у 1978-1981 гг. - памочнік сакратара ЦК КПБ. Скончыў аспірантуру Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1984). З 1984 г. - загадчык кафедры журналістыкі, моў і літаратуры Менскай вышэйшай партыйнай школы, з 1989 г. - намеснік загадчыка ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ, з 1990 г. - галоўны рэдактар газеты «Советская Белоруссия». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1986 г.

Узнагароджаны медалём.

З першым апавяданнем выступіў у 1963 г. (пінская раённая газета «Палеская праўда»). Аўтар кніг «На палях рэспублікі» (публіцыстыка, 1968), «Добры дзень, сад!» (нарыс, 1974), «На сельских просторах» (публіцыстыка, 1976), «Строгая доброта» (дакументальная аповесць, 1976), «Крылы дужэюць у палёце» (дакументальная аповесць, 1977), «Жменя зярнят» (нарысы, 1979), «Журавы на далёкай пойме» (аповесць, 1984), «Ноч перад нядзеляю» (аповесць, лірычныя замалёўкі, 1986).

Прыходзька Пятро, нарадзіўся 25.02.1920 г. у вёсцы Альшоў Хоцімскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1936 г. працаваў кіраўніком спраў Хоцімскага райкама камсамола. Пасля заканчэння Магілеўскай газетнай партыйнай школы (1938) - адказны сакратар хоцімскай раённай газеты «Калгасная звязда». У 1939 г., пасля заканчэння Хоцімскай сярэдняй школы, паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М.Кірава ў Менску. У 1940 г. прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Бранскім фронце, на Курскай дузе, у вызваленні Беларусі, Польшчы, у баях за Берлін, за вызваленне Прагі. У пасляванны час (з 1947) працаваў у акруговай газеце «Во славу Родины» (Менск), іншых ваенных газетах. У 1953 г. дэмабілізаваны. У 1956 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў у часопісе «Беларусь» (1953-1954), газетах «Звязда» (1956-1957), «Літаратура і мастацтва» (1957-1961), на менскай студыі дакументальных фільмаў (1961-1966). У 1967-1971 гг. - рэдактар выдавецтва «Беларусь», у 1972-1979 гг. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Першы верш надрукаваў у 1936 г. (хоцімская раённая газета «Калгасная звязда»), у рэспубліканскім друку выступіў у 1937 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951), «Ранак над Эльбай» (1952), «Пасля развітання» [1958), «Цёплы каравай» (1960), «Вішнёвы агонь» (1963), «Сонца раней узышло» (вершы і паэмы, 1967), «Калінавыя зоры» (вершы і паэма, 1969), «Прызнанне: Выбранае» (1970), «Не здадзеныя вышыні» (вершы і паэма, 1972), «На пераправе» (вершы і паэмы, 1974), «Лірыка» [1975), «Плацдарм» (вершы і паэма, 1978), «Лісты з паходаў» (выбранае, 1980), «Вячэрняя паверка» (вершы, балады, паэмы, 1982), «Парог памяці» (вершы, балады, паэмы, 1983), «Апаленыя вёрсты» (вершы, балада, паэма, 1986), «Водгулле грому» (1989), «Споведзь любові» (выбранае, 1990) і кнігі нарысаў «На новых землях» (з П.Багаценкавым, 1954). Для дзяцей выдаў зборнік вершаў «Сустрэча з маленствам» (1967), «Каляка-маляка» (1981), «Сцяблінка» (1986), паэму «Сын камунара» (1973).

Перакладае творы паэтаў народаў СССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1985) за зборнік «Парог памяці».

Пташнікаў Іван, нарадзіўся 07.10.1932 г. у вёсцы Задроздзе Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Крайскую сямігодку, Плешчаніцкую беларускую сярэднюю школу (1951). Працаваў у рэдакцыі плешчаніцкай раённай газеты «Ленінец», настаўнікам Лонваўскай пачатковай школы. У 1957 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рэдактар мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (1957-1958), рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1958-1962), з 1962 г. - рэдактар аддзела прозы часопіса «Полымя». Сябра СП СССР з 1959 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1984).

Выступіў у друку з вершамі ў 1952 г. Першы празаічны твор - аповесць «Чачык» апублікаваў у 1957 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Зерне падае не на камень» (1959) і «Сцяпан Жыхар са Сцешыц» (1966), аповесцей «Лонва» (1965, 1982), «Тартак» (1968, паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), «Найдорф» (1976), раманаў «Чакай у далёкіх Грынях» (1962), «Мсціжы» (1972), «Алімпіяда» (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1989). У 1980 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1990 г. - 1 і 2 тамы Збору твораў у 4 тамах.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесць «Найдорф».

Пушча Язэп (сапр. Плашчынскі Іосіф), нарадзіўся 20.05.1902 г. у вёсцы Каралішчавічы Менскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1920 г. скончыў Менскую рэальную навучальню, працаваў у Каралішчавіцкай пачатковай школе. Пасля заканчэння (1922) дзевяцімесячных курсаў беларусазнаўства ў Менску быў інспектарам Мазырскага, Менскага ўездных аддзелаў народнай асветы, выкладаў беларускую мову і літаратуру на агульнаадукацыйных курсах, у музычным тэхнікуме ў Менску. Адзін з заснавальнікаў літаратурных аб'яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1925-1927 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, адкуль перавёўся ў Ленінградскі дзяржаўны ўніверсітэт (скончыў чатыры курсы ў 1929). Быў стыльрэдактарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. 25.07.1930 г. арыштаваны, прыгавораны 10.04.1931 г. калегіяй АДПУ да 5 год высылкі. Прысуд адменены Вярхоўным судом БССР 30.01.1956 г. Працаваў бухгалтарам у Шчадрынску на Ўрале (1931-1935), у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы (1935-1936), завучам, дырэктарам Маначоўскай сярэдняй школы Мурамскага раёна. У гады вайны мабілізаваны ў армію. У 1941-1958 гг. - дырэктар Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага раёна Ўладзімірскай вобласці (у 1942 г. быў курсантам 2-ой Маскоўскай ваенна-палітычнай навучальні). З 1958 г. жыў у Менску. Сябра СП СССР з 1958 г.

Памёр 14.09.1964 г.

Першыя вершы з'явіліся ў друку ў 1922 г. Выйшлі зборнікі вершаў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929), паэма «Крывавы плакат» (1930), вершаваная казка «На Бабрыцы» (1960), «Вершы і паэмы» (1960), «Пачатак легенды» (1963), «Вершы і паэма» (1968), «Сады вятроў» (вершы і паэмы, 1982).

На беларускую мову пераклаў аповесць А.Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960).

Пфляўмбаўм Яўгенія, нарадзілася 01.11.1908 г. у горадзе Менску ў сям'і чыгуначніка.

Скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Працавала бібліёграфам Кніжнай палаты пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР (1930-1932), літсупрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда». У 1933 г. выехала ў Сібір (у г. Марыінск) услед за сваім мужам, паэтам Максімам Лужаніным, які быў рэпрэсіраваны. У 1935-1945 гг. працавала рэдактарам Абароннага дзяржаўнага выдавецтва («Оборонгиз») у Маскве. У час Вялікай Айчыннай вайны была байцом супрацьпаветранай абароны Масквы. З 1945 г. жыла ў Менску. Сябра СП СССР з 1989 г.

Пісала вершы і друкавалася з 1924 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Вершы» (з З.Бандарынай і Н.Вішнеўскай, 1926), «Сувой жыцця» (1989).

Пшыркоў Юльян, нарадзіўся 31.10.1912 г. у сяле Кісцяні Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў двухгадовыя педагагічныя курсы ў Рагачове (1930). Настаўнічаў у Клічаўскім і Рагачоўскім раёнах. У 1939 г. скончыў філалагічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам у Магілеўскім педагагічным інстытуце (1939-1940). З 1940 г. - у Савецкай Арміі. Удзельнічаў у баях пад Ленінградам і Кёнігсбергам. Быў тройчы паранены. З 1945 г. навуковы супрацоўнік, з 1954 г. - загадчык сектара беларускай дакастрычніцкай літаратуры і тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Адначасова чытаў курс беларускай літаратуры ў БДУ (1945-1957) і ў Менскім педінстытуце (1966-1968). Доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1950 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1978).

Памёр 23.12.1980 г.

У 1940 г. выступіў у друку з артыкуламі пра «Новую зямлю» Я.Коласа і дарэвалюцыйныя паэмы Я.Купалы. Аўтар даследаванняў «Якуб Колас: Жыццё і творчасць» (1951), «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза (20-я - пачатак 30-х гадоў)» (1960), «А.Е.Богданович» (1966), «Эпас рэвалюцыі: Паэмы Я.Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (1975), «Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Я.Коласа» (1982), брашур «Народны паэт БССР Якуб Колас» (1949), «Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры» (1949). Адзін з аўтараў дапаможнікаў для 8-10 класаў і падручніка (з Н.С.Перкіным) «Беларуская савецкая літаратура» для 9-10 класаў (1959-1973), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1-2, 1968-1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Складальнік альбома «Якуб Колас: Жыццё і творчасць» (1959), зборніка «Тарас Шаўчэнка і беларусы» (з І.Крэнь, 1964).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».

Пысін Аляксей, нарадзіўся 22.03.1920 г. у вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1938 г. паступіў у Камуністычны інстытут журналістыкі імя С.М.Кірава ў Менску. З другога курса быў накіраваны на працу ў рэдакцыю Бельскай раённай газеты на Беласточчыну. У 1941-1945 гг. - у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Быў двойчы паранены. З 1946 г. працаваў у раённым друку, у абласной газеце «Магілёўская праўда». Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве (1958). У 1974-1981 гг. - сакратар Магілеўскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1950 г.

Узнагароджаны медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1980).

Памёр 27.08.1981 г.

Першы верш апублікаваў у 1938 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар кніжак паэзіі «Наш дзень» (1951), «Сіні ранак» (1959), «Сонечная паводка» (1962), «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967), «Пойма» (выбранае, 1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Вершы» (1976), «Ёсць на свеце мой алень» (1978), «Палёт» (1982), «Яшчэ не скончана дарога» (1983). У 1980 і ў 1989 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах. Для дзяцей выдаў зборнікі вершаў «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), паэму «Дзяўчынка Марыям» (1970), кнігі вершаў і паэм «Колькі сонцаў!» (1979), «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984). Напісаў кнігу пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972).

Пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (з С.Гаўрусёвым, 1975), зборнік вершаў М.Ханінава «Жураўлі над стэпам» (1977).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968) за кнігу вершаў «Твае далоні».

Пянкрат Міхась, нарадзіўся 28.08.1918 г. у вёсцы Карпілаўка Чэрвеньскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939-1940 гг., быў цяжка паранены. У 1940-1941 гг. працаваў у рэдакцыі рудзенскай раённай газеты «Бальшавіцкі сцяг». З 1943 г. - памочнік начальніка штаба партызанскай брыгады «Чырвоны сцяг» Менскай вобласці. З 1945 г. працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Савецкі селянін», «Сталинская молодежь», у 1959-1979 гг. - рэдактар аддзела часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1951 г.

Узнагароджаны медалямі.

Першы верш надрукаваў у 1937 г. (газета «Чырвоная змена»). Першая кніга - зборнік вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар зборнікаў сатырычных апавяданняў і гумарэсак «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), апавяданняў і аповесцей «Шчасце маё» (1962), «Ведрыцкія напевы» (1965), «Любоў у квадраце» (1969), «Прынцыповы пасаг» (апавяданні, вершы і гумарэскі, 1978), «Спатканні і ростані» (выбранае, 1978), «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Напісаў кнігі нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Чэрвень» (1977), кніжкі апавяданняў для дзяцей «Два Пецькі» (1973), «Двое ў лодцы» (1983).

Пяткевіч Аляксей, нарадзіўся 30.03.1931 г. у вёсцы Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1954 г. скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1957 г. - аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта. Працаваў у Гарадзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы (у 1968-1974 гг. загадчыкам кафедры, затым дацэнтам), з 1978 г. - дацэнт кафедры беларускай літаратуры, з 1990 г. - дацэнт кафедры беларускай культуры Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1971 г.

Узнагароджаны медалём.

Выступае ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства з 1958 г. Артыкулы, гісторыка-літаратурныя і краязнаўчыя даследаванні, рэцэнзіі друкаваліся ў альманахах, навуковых зборніках, энцыклапедычных выданнях, перыядычным друку. Выдаў кнігу «Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага» (1981). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Гісторыі беларускай літаратуры. XIX - пачатак XX ст.» (1981).

Загрузка...