Б


Бабарэка Адам, нарадзіўся 14.10.1899 г. у вёсцы Слабада-Кучынка Капыльскага раёна Менскай вобласці ў сям'і беззямельнага селяніна.

Скончыў Менскую духоўную семінарыю (1918). Настаўнічаў у школах Случчыны. У час белапольскай акупацыі ўдзельнічаў у падпольнай барацьбе, быў пасаджаны ў астрог (1920). Пасля вызвалення Случчыны працаваў настаўнікам, быў сябрам рэўкома Пукаўскай воласці і загадваў валасным аддзелам народнай асветы. Служыў у Чырвонай Арміі (1921-1922). У 1927 г. скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова з вучобай працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», настаўнічаў. Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб'яднання «Маладняк» (1923). Пасля ўтварэння «Узвышша» (1926) - сакратар аб'яднання. У 1926-1929 гг. працаваў у Камуністычным універсітэце Беларусі выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры, а з 1928 г. - асістэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. У 1930 г. рэпрэсіраваны. Год знаходзіўся ў менскай турме. З 1931 г. жыў у ссылцы ў гарадскім пасёлку Слабадское (Вятчына), з канца 1934 г. - у Вятцы (цяпер г. Кіраў), працаваў бухгалтарам. У ліпені 1937 г. зноў быў арыштаваны і засуджаны тройкай НКУС на 10 гадоў выпраўленча-працоўнага лагера. За першую справу рэабілітаваны ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР, за другую - у 1959 г. Кіраўскім абласным судом.

Памёр 10.10.1938 г. у лагернай бальніцы.

З 1920 г. пачалі з'яўляцца на старонках рэспубліканскага друку вершы, апавяданні. У 1925 г. выдаў кнігу «Апавяданні». Распрацоўваў пытанні літаратуразнаўства і эстэтыкі, даследаваў літаратурны працэс (артыкулы змяшчаліся ў часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Чырвоны сейбіт», «Радавая рунь» і інш.). Шэраг прац прысвечаны творчасці Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, М.Чарота, З.Бядулі і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Багданаў Юры, нарадзіўся 08.08.1944 г. у горадзе Горкім (цяпер Ніжні Ноўгарад, Расея) у сям'і служачых.

У 1945 г. разам з бацькамі пераехаў у Баранавічы. Скончыў Менскую музычную навучальню (1964). Працаваў выкладчыкам у Баранавіцкай музычнай школе. Пасля заканчэння Літаратурнага інстытута ў Маскве (1974) працаваў у Дзяржаўным камітэце БССР па кінематаграфіі інспектарам, намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення кінафікацыі і кінапракату. Адначасова на працягу пятнаццаці год быў рэдактарам кінабюлетэня «На экранах Беларусі». У 1988-1990 гг. працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1990 г. - вядучы рэдактар у Міністэрстве культуры БССР. Сябра СП СССР з 1989 г.

Узнагароджаны медалём.

У друку выступае з 1964 г. Піша на расейскай мове. Выйшлі кнігі вершаў «Признак счастья» (1974), «Река времени» (1977), «Взлетное поле» (1981), «Берег вселенной» (1988), а таксама паэма «Красная соль» (альманах «Истоки», Масква, 1983).

Перакладае творы беларускіх паэтаў на расейскую мову.

Багдановіч Ірына, нарадзілася 30.04.1956 г. у горадзе Лідзе Гарадзенскай вобласці ў сям'і служачых.

Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1983). З 1983 г. - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1989 г.

Друкуецца з 1973 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989). Выступае і як крытык, літаратуразнавец. У 1989 г. выйшла манаграфія «Янка Купала і рамантызм».

Багун Міхась (сапр. Блошкін Міхаіл), нарадзіўся 08.11.1908 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

У 1928 г. скончыў курсы пры Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Настаўнічаў у вёсцы Рожна Лепельскага раёна (1929-1930). З 1931 г. працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная Полаччына», а ў 1932-1936 гг. - у Дзяржаўным выдавецтве БССР і ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1936 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна Вярхоўным судом БССР 29.12.1954 г.

Памёр 17.02.1938 г. (па сведчанні відавочцаў - у снежні 1937).

Першы верш апублікаваў у 1925 г. у газеце «Беларуская вёска». Выйшлі кнігі паэзіі «Рэха бур» (1931), «Рэвалюцыі» (1932), «Выбранае» (1961). Асобным выданнем выйшла апавяданне для дзяцей «Жэнька» (1934).

Пераклаў на беларускую мову раманы Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, разам з З.Астапенкам), Ф.Панфёрава «Брускі» (1932, разам з Т.Кляшторным), М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), асобныя творы А.Пушкіна, У.Маякоўскага, Э.Багрыцкага, Я.Гашака, Р.Альберці. На словы М.Багуна напісана шэраг песень.

Багушэвіч Юры, нарадзіўся 05.05.1917 г. у горадзе Воршы ў сям'і чыгуначніка.

У 1941 г. скончыў факультэт мовы і літаратуры Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова працаваў у газеце «Сталинская молодежь». У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі на Калінінскім і Беларускім франтах, з 1943 г. - ваенны карэспандэнт. З 1945 г. - у вайсковай газеце на Далёкім Усходзе (Карэя, Кітай). Пасля дэмабілізацыі (1949) працаваў у рэдакцыях газет «Піянер Беларусі», «Мінская праўда», «Фізкультурнік Беларусі», быў карэспандэнтам газеты «Советский спорт», літкансультантам СП БССР, галоўным рэдактарам Менскай кінастудыі навукова-папулярных і дакументальных фільмаў. Сябра СП СССР з 1954 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі, у тым ліку медалём КНДР.

Памёр 18.05.1983 г.

Першыя творы апублікаваў у 1938 г. Пісаў пераважна на расейскай мове. Выйшлі аповесці «Побратимы» (1955), «Дерево дружбы» (1959), «Повести и рассказы» (1970), «В городке над Неманом» (1973), «Дырэктар «зялёнай школы» (1975), «Юность пришла» (1977, 1987). Прымаў удзел у напісанні гісторыі заводаў станкабудаўнічага і Менскага аўтамабільнага.

Напісаў некалькі сцэнарыяў кароткаметражных кінафільмаў, у сааўтарстве з В.Зубам - п'есу «Сябры» (1960, пастаўлена ў 1958).

Пераклаў на расейскую мову асобныя творы П.Пестрака, А.Рылько, П.Кавалёва, аповесць Р.Няхая «Сарочы лес», зборнік «Піянеры-героі» (з Б.Бур'янам).

Бадак Алесь, нарадзіўся 28.02.1966 г. у вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і рабочых.

У 1983 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1984-1986). Зноў вучыўся ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 г. Сябра СП СССР з 1990 г.

З першымі вершамі выступіў у друку ў 1979 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборніка паэзіі «Будзень» (1989).

Выступае ў перыядычным друку з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

Бажко Алесь, нарадзіўся 22.10.1918 г. у вёсцы Даўгінава Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў музычным інстытуце імя С.Манюшкі ў Наваградку (1936-1938), у Варшаўскай кансерваторыі (1938-1939). Працаваў дырэктарам мірскага РДК (1940). У гэтым жа годзе прызваны ў Савецкую Армію. Пасля ранення пад Ельняй (1942) працаваў на абаронным будаўніцтве. Удзельнічаў у стварэнні першых адзінак Войска Польскага на тэрыторыі СССР у якасці генеральнага інструктара прапаганды Валагодскага акружнога ўпраўлення Саюза польскіх патрыётаў. З чэрвеня 1945 г. - інструктар Баранавіцкага абкома камсамола, першы сакратар Дзятлаўскага райкома камсамола. Са снежня 1945 г. - на журналісцкай рабоце: літсупрацоўнік баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная змена», на абласным радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Савецкі селянін», «Чырвоная змена», у маладэчанскай абласной газеце «Сталінскі шлях». У 1955 г. завочна скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. З 1956 г. - карэспандэнт, загадчык аддзела пісем газеты «Літаратура і мастацтва». З 1959 г. - намеснік рэдактара газеты «Голас Радзімы», з 1962 г. - загадчык рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва «Беларусь», з 1970 г. - намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1973-1977 гг. працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы, у 1977-1978 гг. - галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі і намеснік начальніка Ўпраўлення па справах мастацтваў Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).

У друку выступіў упершыню з нарысамі і нататкамі ў 1945 г. Першыя вершы апублікаваў у 1947 г. Выйшлі аповесці «Перад вераснем» (1959), «Позняе ворыва» (1963), «Лясныя крушні» (1981), «Жывыя прывіды» (1986), зборнік нарысаў і памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973), кніга аповесцей «Перад вераснем. Позняе ворыва» (1979).

Выдаў паэмы: «Карвіга пакідае хутар» (1961), «Татры» (1964), «Паэмы» (1968), зборнікі вершаў «Блакітныя вербы» (1973), «Суладдзе» (1975), «Каласы і скалы: Выбранае» (1978). У 1987 г. выйшлі Выбраныя творы (паэмы і вершы). Выступае як перакладчык з польскай і славацкай моў.

Бандарына Зінаіда, нарадзілася 11.10.1909 г. у горадзе Горадня ў сям'і настаўніка.

Скончыла Менскі беларускі педагагічны тэхнікум (1927), літаратурна-сцэнарны факультэт Інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1933), аспірантуру пры Дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе (1937). Настаўнічала ў беларускай школе для перасяленцаў у сібірскім пасёлку Медзякова (1927-1928), загадвала аддзелам літаратуры ў газеце «Палеская праўда» (1928-1929, Гомель), сцэнарным аддзяленнем у Віцебскім кінатэхнікуме (1933-1934), працавала ў тэатрах і на кінастудыях Масквы, Архангельска, Горкага. У час Вялікай Айчыннай вайны служыла санінструктарам у дывізіі Панфілава. У пасляваенныя гады была супрацоўніцай часопіса «Бярозка» і карэспандэнтам Беларускага радыё (1945-1946), дырэктарам Дома народнай творчасці ў Горадні (1946-1948), загадвала філіялам музея Янкі Купалы ў Вязынцы (1948-1950), працавала ў газетах «Зорька», «Літаратура і мастацтва» (1950-1956). Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджана медалямі.

Памерла 16.04.1959 г.

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Вершы» (разам з Н.Вішнеўскай і Я.Пфляўмбаўм, 1926), «Веснацвет» (1931).

Выступала і ў жанры прозы. На расейскай мове напісала аповесці «Дипломная работа» (альманах «Советская Отчизна», 1953) і «Галина Ильина» (1959), на беларускай - аповесць «Шуміць тайга» (часопіс «Маладняк», 1928), аповесць пра дзіцячыя і юнацкія гады Янкі Купалы «Ой, рана на Івана...» (1956, апошняе выданне ў 1979), зборнік апавяданняў для дзяцей «Лясныя госці» (1960).

Пераклала з расейскай мовы «Апавяданні пра Пакістан» (1954) М.Ціханава.

Баравікова Раіса, нарадзілася 11.05.1947 г. у вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння Бярозаўскай сярэдняй школы (1965) пачала працаваць у быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя» літсупрацоўнікам. Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-1972). У 1972-1977 гг. - карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983-1988 гг. - літкансультант рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». Сябра СП СССР з 1977 г.

У друку выступае з 1960 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990).

Напісала аповесць «Кватарантка» (1980). Выйшла кніжка казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990). Перакладае з расейскай, украінскай і польскай моў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханне».

Барадулін Рыгор, нарадзіўся 24.02.1935 г. на хутары Верасоўка Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1954 г. скончыў Ушацкую сярэднюю школу, у 1959 г. філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях газеты «Советская Белоруссия», часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя», з 1969 г. у выдаведтве «Беларусь», з 1972 г. рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі ў «Мастацкай літаратуры». У 1984 г. у складзе дэлегацыі Беларускай ССР прымаў удзел у рабоце XXXIX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1989 г. - прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябра СП СССР з 1958 г.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

Першыя вершы апублікаваны ў 1953 г. (газета «Чырвоная змена»). Выдаў зборнікі паэзіі «Маладзік над стэпам» (1959), «Рунець, красаваць, налівацца» (1961), «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Адам і Ева» (1968), «Лінія перамены дат» (1969), «Вяртанне ў першы снег» (1972), «Рум» (1974), «Свята пчалы: Выбранае» (1975), «Абсяг» (1978), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), паэму «Балада Брэсцкай крэпасці» (1975). Творы гумару і сатыры - у кніжках «Дойны конь» (1965), «Станцыя кальцавання» (1971), «Журавінка» (1973), «Прынамсі» (1977), «Бервенізацыя» (1988), «Мудрэц са ступаю» (1988). Разам з мастаком М.Лісоўскім выдаў альбом сяброўскіх шаржаў і эпіграм «Няўрокам кажучы» (1971), а разам з К.Куксом - «Абразы` без абра`зы» (1985). Выйшлі кніжкі паэзіі для дзяцей «Мех шэрых, мех белых» (1963), «Красавік» (1965), «Экзамен» (1969), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971), «Суровая вымова» (1976), «Што было б тады, калі б?» (1977), «Ці пазяхае бегемот?» (1981), «Азбука не забаўка» (1985), «Індыкала-кудыкала» (1986), «Кобра ў торбе» (1990). У 1984 г. выйшлі выбраныя творы ў 2 тамах.

Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987).

На беларускую мову пераклаў кнігі - Я.Райніс «Ветрык, вей!» (1965), Ф.Г.Лорка «Блакітны звон Гранады» (1975), С.Ясенін «Выбранае» (з А.Куляшовым, 1976), С.Паптонеў «Беларусь - белая балада» (з В.Нікіфаровічам, 1979, 1985), А.Вазнясенскі «Небам адзіным» (1980), І.Драч «Мелодыя каліны» (1981), Г.Містраль «Ветраліст» (1984), К.Шэрман «Дождж у Каралішчавічах» (1984), «Слова пра паход Ігаравы» (1986), «Беларусь - маё слова і песня (паэты свету пра Беларусь)» (1987), А.Хаям «Рубаі» (1989), М.Шагал «Паэзія» (з Л.Бярынскім, 1989), Б.Пастарнак «Гарэла свечка...» (1990). Паасобныя творы Шэкспіра, Байрана, Кітса, Кіплінга, Рэмбо, Бёрнса і іншых паэтаў свету ўвайшлі ў кнігу перакладчыка «Кахаць - гэта значыць...» (1986). Пераклаў п'есы Лесі Ўкраінкі «Каменны гаспадар» і Мальера «Тарцюф».

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976) за паэму «Балада Брэсцкай крэпасці», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў «Рум» і кнігу перакладаў выбранай лірыкі Ф.Г.Лоркі «Блакітны звон Гранады».

Баранавых Сымон (таксама Баранаў Сымон), нарадзіўся 01.09.1900 г. у вёсцы Рудкова Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Юнаком парабкаваў у багатых гаспадароў. У 1920-1923 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у роднай вёсцы ў сельсавеце, загадваў хатай-чытальняй. У 1925-1928 гг. вучыўся ў Менску на рабфаку. У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у Беларускім радыёцэнтры, затым адказным сакратаром часопіса «Беларусь калгасная», у бібліятэцы Дома пісьменніка. У 1936 г. арыштаваны. Асуджаны на 10 год зняволення. Рэабілітаваны ў 1954 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 10.11.1942 г.

Выступіў у друку спачатку як селькор з карэспандэнцыямі. У 1927 г. апублікаваў першае апавяданне (газета «Чырвоная змена»). Выдадзены зборнік апавяданняў «Злосць» (1930), аповесці «Чужая зямля» (1930), «Межы» (1930), «Новая дарога» (1936), аповесць для дзяцей «Пастка» (1935), раман «Калі ўзыходзіла сонца» (1957), «Дзве аповесці» (1967), «Новая дарога» (апавяданні, аповесці, раман, 1989).

Барашка Ілары, нарадзіўся 25.07.1905 г. у горадзе Менску ў сям'і рабочага.

З 1924 г. - адказны сакратар рэдакцыі часопіса «Полымя». З 1925 г. - рэдактар часопіса «Малады араты», з 1927 г. - намеснік адказнага рэдактара газеты «Чырвоная змена», з 1929 г. - намеснік рэдактара часопіса «Маладняк». Адначасова вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (скончыў у 1930). У 1932-1936 гг. працаваў рэдактарам на студыі Белдзяржкіно ў Ленінградзе. У 1938 г. скончыў Кінаакадэмію і быў прызначаны начальнікам Упраўлення навучальных устаноў Камітэта па справах кінематаграфіі пры СНК СССР. У 1941-1944 гг. - палітработнік у Палітупраўленні Ціхаакіянскага, затым Чарнаморскага ваенна-марскога флоту. Пасля вайны працаваў у Міністэрстве культуры СССР, Міністэрстве культуры РСФСР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 03.06.1968 г.

У Друку выступіў у 1923 г. з апавяданнямі і нарысамі. Выйшлі зборнікі апавяданняў «У прасторы» (1926), «Камунары» (1931), «На розныя тэмы» (1931), аповесць «Рыгор Галота» (1929), казка «Залатыя арэхі» (1930), вершаваны нарыс «Асінстан» (1931), апавяданне для дзяцей «Газета Ганначкі Хаваначкі» (1932) і зборнік апавяданняў «Блізкія далі» (1959).

Выдаў таксама брашуры палітычнага і літаратуразнаўчага зместу: «Шляхам змагання і перамог» (1928), «11 ліпеня - дзень вызвалення ад белапалякаў» (1930), «Буржуазныя плыні ў сучаснай літаратуры» (1930).

Аўтар п'есы «Раманы Зора» (1932) і інш. Разам з Р.Кобецам напісаў сцэнарый мастацкага кінафільма «Дняпро ў агні» (пастаўлены ў 1937), аўтар сцэнарыяў шэрагу дакументальных фільмаў, у тым ліку пра Я.Коласа і Ф.Скарыну.

Пераклаў на расейскую мову паасобныя творы К.Крапівы, К.Чорнага, П.Галавача і на беларускую - «Паэмы» У.Сасюры (1930).

Бароўскі Анатоль, нарадзіўся 12.05.1942 г. у вёсцы Крушнікі Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Пасля заканчэння Асавецкай сярэдняй школы Мазырскага раёна (1960) працаваў у калгасе, потым на заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Турбінка Мазырскага раёна. У 1961-1962 гг. - студэнт Мазырскага педагагічнага інстытута (скончыў завочна ў 1967). У 1962-1964, 1968-1970 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў у мазырскай раённай газеце «Камуніст Палесся» адказным сакратаром гарадскога таварыства «Веды», інструктарам гаркома партыі, намеснікам дырэктара навучальні геалогіі (Мазыр). З 1975 г. - уласны карэспандэнт газеты «Чырвоная змена» па Гомельскай і Берасцейскай абласцях. Сябра СП СССР з 1990 г.

Друкуецца з 1963 г. Аўтар кнігі аповесцей і апавяданняў «Каліна пад акном» (1987), аповесці «Тросніца» (калектыўны зборнік «Знаёмства», 1982). Асобнымі выданнямі выйшлі нарысы «Надзейная змена» (1976), «Мікалай Пушкар» (1985), «Цветут над Припятью сады» (з Ю.Герасіменкам, 1987).

Барскі Алесь (сапр. Баршчэўскі Аляксандар), нарадзіўся 02.11.1930 г. у вёсцы Бандары Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне расейскай філалогіі філалагічнага факультэта Лодзінскага ўніверсітэта (1955). З 1956 г. працуе на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, з 1975 г. - загадчык гэтай кафедры. У 1959-1980 гг. - старшыня праўлення Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа». З 1984 г. - старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Доктар філалагічных навук. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1962 г.

Узнагароджаны ордэнамі Залаты крыж Адраджэння Польшчы, Кавалерскі крыж Адраджэння Польшчы і медалямі.

Выступіў упершыню ў друку ў 1956 г. (газета «Ніва», Беласток). Аўтар зборнікаў вершаў «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Менск, 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Менск, 1987).

Апублікаваў цыкл навукова-папулярных артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклор» (газета «Ніва», 1965-1988). Аўтар універсітэцкіх падручнікаў «Гісторыя беларускай літаратуры - фальклор» (Варшава, 1976), «Гісторыя беларускай літаратуры - пісьменнасць Кіеўскай Русі і Вялікага Літоўскага Княства» (1981), падручніка для 7 класа «Дружба і праца» (з В.Шведам, Варшава, 1967), «Насустрач жыццю» (з В, Шведам, Варшава, 1974), навуковых кніг «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін - палітык і вучоны» (з А.Бергман, Е.Тамашэўскім, Варшава, 1990).

Пераклаў на польскую мову зборнікі казак М.Федароўскага «Д'яблава скрыпка» (1973), казак Меншчыны, Гарадзеншчыны і Магілеўшчыны «Невычэрпны збан» (1976), расейскіх казак «Асілкі-чарадзеі» (Варшава, 1984), украінскіх казак «Зачараваныя колеры стэпу» (Варшава, 1986), зборнікі паэзіі В.Лукшы «Лета круглы год» (1983), «Дрэва дружбы» (1990), В.Віткі «Тосі-тосі ладкі» (1985), А.Пысіна «У сонейку» (1985). Пераклаў паэму Янкі Купалы «Яна і я», шматлікія яго вершы ўвайшлі ў складзеныя ім «Выбраныя творы» Я.Купалы (Варшава, 1984). Складальнік і адзін з перакладчыкаў зборніка «Янка Купала і Якуб Колас: Да 100-годдзя з дня нараджэння» (Варшава, 1982).

Барсток Марына (таксама Барсток Марыя), нарадзілася 15.04.1916 г. у вёсцы Наркавічы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1935 г. скончыла Полацкі педагагічны тэхнікум. Два гады настаўнічала ў мястэчку Ветрына на Віцебшчыне. Вучылася завочна ў Магілеўскім педагагічным інстытуце, з 1937 г. - студэнтка Менскага педагагічнага інстытута. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі была накіравана працаваць загадчыкам аддзела культуры берасцейскай абласной газеты «Заря». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны выехала ў Горкаўскую вобласць. У 1945 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, потым аспірантуру пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1959-1979 гг. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1951 г.

У друку пачала выступаць з 1934 г. Напісала кнігі «Вобраз станоўчага героя ў творчасці Якуба Коласа» (1951), «Пятро Глебка» (1952), «Вывучэнне творчасці Кузьмы Чорнага ў школе» (1959; другое, дапоўненае выданне ў 1973), «Максім Багдановіч» (1961; другое, дапоўненае выданне ў 1974), «Адзінства і разнастайнасць сучаснай беларускай паэзіі» (1973), «Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна» (1984). Выдала брашуры «Пятрусь Броўка» (1955), «Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр» (1958), «Максім Танк» (1962), «Вялікі Кастрычнік і беларуская літаратура» (1977) і інш. Адна з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1966), «Истории многонациональной советской литературы» (Масква, 1970), «Истории белорусской советской литературы» (1977), дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура» (1966). Выступае ў перыядычным друку з вершамі.

Баршчэўскі Лявон, нарадзіўся 04.03.1958 г. у горадзе Полацку ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 10 Полацка (1975) паступіў у Менскі педагагічны інстытут замежных моў на спецыяльнасць нямецкая і ангельская мовы (скончыў у 1980). Працаваў выкладчыкам нямецкай і ангельскай моў у роднай школе. З 1981 г. - выкладчык кафедры замежных моў Наваполацкага політэхнічнага інстытута. У 1987 г. скончыў аспірантуру пры Менскім педінстытуце замежных моў. Кандыдат філалагічных навук. Народны дэпутат БССР з 1990 г. Сябра СП СССР з 1989 г.

У друку выступае з 1973 г. Працуе ў галіне мастацкага перакладу з нямецкай, польскай, чэшскай, нідэрландскай на беларускую мову. Пераклаў кнігу Б.Брэхта «На шалях праўды» (1988), п'есу С.Мрожака «Танга» (пастаўлена ў 1989), паасобныя творы Я.Врхліцкага, Ф.Кафкі, Г.Ахтэрберга, В.Тэўса, А.Шміт-Заса, А.Кухгофа і інш.

Выступае з артыкуламі па праблемах мастацкага перакладу.

Барысенка Васіль, нарадзіўся 25.04.1904 г. у горадзе Барысаве Менскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.

Працоўны шлях пачаў чорнарабочым на чыгунцы. У 1924 г. скончыў Барысаўскі педагагічны тэхнікум. Два гады працаваў настаўнікам у пачатковай школе. У 1929 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыўся ў аспірантуры пры АН БССР (1929-1932). У 1931-1941 гг. і пасля вайны да 1966 г. выкладчык Менскага педагагічнага інстытута. Адначасова з 1934 г. - навуковы супрацоўнік, а з 1937 г. - дырэктар Інстытута мовы і літаратуры АН БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны ў дзеючай арміі ў якасці карэспандэнта армейскай газеты. У 1946-1973 гг. - дырэктар Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1974 г. - старшы навуковы супрацоўнік-кансультант гэтага ж інстытута. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1937 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі.

Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1974).

Памёр 26.07.1984 г.

Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1932 г. Напісаў літаратуразнаўчыя працы «Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя» (1957), «Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст.» (1963, разам з В.Івашыным), артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, В.Дуніна-Марцінкевіча, Т.Шаўчэнкі і інш. Сааўтар (з В.Івашыным) падручніка для 8 класа «Беларуская літаратура» (1959-1978, 19 выданняў), хрэстаматыі для 10 класа «Родная літаратура» (14-е выданне, 1961), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Складальнік зборнікаў «Беларуская дакастрычніцкая проза» (1965), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у двухтомным даследаванні «История белорусской дооктябрьской литературы» і «История белорусской советской литературы».

Барычэўскі Яўген, нарадзіўся 17.12.1883 г. у горадзе Менску ў сям'і служачага.

Скончыўшы Менскую гімназію, у 1903 г. паступіў у Берлінскі ўніверсітэт, праз год перавёўся на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1910) пакінуты пры ўніверсітэце, выкладаў расейскую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы, займаўся навукова-літаратурнай дзейнасцю: у маскоўскіх часопісах і газетах друкаваў артыкулы і даследаванні. З восені 1918 г. прызначаны вучоным сакратаром Музейнага аддзела Наркамасветы. У пачатку 1922 г. быў запрошаны на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у Менскай цэнтральнай партыйнай школе (1924-1927), у Інбелкульце, потым у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР (1927-1933). Быў рэпрэсіраваны. Пасмяротна рэабілітаваны. Прафесар.

Памёр 12.09.1934 г.

Пісаў на беларускай і расейскай мовах. У 1922 г. у Маскве выйшла складзеная Я.Барычэўскім кніжка «Мир искусств в образах». У 1927 г. у Менску выдадзены працы «Тэорыя санету» і «Паэтыка літаратурных жанраў». Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, расейскіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў «Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта», у часопісах «Маладняк», «Узвышша», «Полымя». Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў «Паэтыка. Курс для завочнага педфаку» (1929-1930). Прымаў удзел у падрыхтоўцы Збору твораў М.Багдановіча ў 2 тамах (1927-1928).

Барэйша Міхась, нарадзіўся 04.01.1950 г. у вёсцы Новы Лад Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Наваполацкі нафтавы тэхнікум (1969). Працаваў машыністам, апаратчыкам на Полацкім хімічным камбінаце (цяпер вытворчае аб'яднанне «Палімір»). У 1971-1973 гг. служыў на Балтыйскім флоце. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся на камбінат. Скончыў завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981). З 1980 г. - карэспандэнт полацкай аб'яднанай газеты «Сцяг камунізму», з 1983 г. - намеснік рэдактара. Сябра СП СССР з 1989 г.

Памёр 13.08.1990 г.

У друку пачаў выступаць з 1973 г. Першая кніга прозы ўвайшла ў калектыўны зборнік «Сустрэча» (1985). Другая кніга прозы «Крыніца, чыстая вадзіца» выйшла ў 1988 г.

Басуматрава Святлана, нарадзілася 22.11.1946 г. у горадзе Мазыры Гомельскай вобласці ў сям'і служачых.

Дзяцінства прайшло на Магілеўшчыне. У 1958 г. сям'я выехала на цалінныя землі ў пасёлак Паспеліна Алтайскага краю, у 1962 г. пераехала ў Баранавіцкі раён. Пасля заканчэння школы (1964) працавала старшай піянерважатай Вольнаўскай васьмігадовай школы пад Баранавічамі. У 1966-1969 гг. вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве (скончыла завочна ў 1986). Працавала ўлікоўцам у саўгасе «Савіцкі» Баранавіцкага раёна, выкладала беларускую і нямецкую мовы ў Крывошынскай і Федзюкоўскай сярэдніх школах Ляхавіцкага раёна. З 1972 г. у Бабруйску - швачка-матарыстка швейнай фабрыкі, паштальён, укладчыца камбіната будаўнічых матэрыялаў, карэспандэнт-арганізатар радыёвяшчання, карэспандэнт шматтыражнай газеты «Рабочы», кантралёр вытворчага аб'яднання «Беларусьгуматэхніка». Сябра СП СССР з 1982 г.

Першы верш надрукаваны ў 1960 г. (паспелінская раённая газета «За урожай» Алтайскага краю). Аўтар кніг паэзіі «Белая Бярэзіна» (1981), «Кветкі палявыя» (1985), «Званы чалавечнасці» (1988).

Бачыла Алесь, нарадзіўся 02.03.1918 г. у вёсцы Лешніца Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1934 г. скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум і выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Каралішчавіцкай і Сінілаўскай школах на Меншчыне. Завочна скончыў Менскі настаўніцкі інстытут (1939). Восенню 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію, служыў да 1945 г. Удзельнічаў у паходзе ў Іран, у баях на Крымскім, Паўночна-Каўказскім (Чарнаморская група войск), Варонежскім, 2-м Беларускім і 1-м Прыбалтыйскім франтах. Пасля вайны працаваў у «Настаўніцкай газеце», потым у газеце «Літаратура і мастацтва» - загадчыкам аддзела, адказным сакратаром (1946-1951), намеснікам галоўнага рэдактара (1952-1957). У 1951-1952 гг. - уласны карэспандэнт «Литературной газеты», рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1957-1972 гг. - адказны сакратар часопіса «Полымя», у 1972-1978 гг. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1946 г.

Памёр 03.01.1983 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Дружбы народаў і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1967).

Першы верш надрукаваў у 1934 г. Выйшлі кніжкі паэзіі «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Калючая ружа» (1962), «Асенняя аповесць» (паэма, 1965), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Снежная балада» (выбранае, 1968), «Тры багіні» (1973), «Вершы» (1974), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і зборнік гумарыстычных вершаў «Кавалер Мікіта» (1967), кніжка вершаў для дзяцей «Мне купілі самакат» (1981). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1986-1987 гг. - Збор твораў у З тамах.

Аўтар нарыса пра жыццёвы шлях М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971), кнігі «Крыло неспакою» (пошук, роздум, палеміка, успаміны).

Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (надрукавана і пастаўлена ў 1958), «Вернасць (надрукавана ў 1959), «Калючая ружа» (пастаўлена ў 1960, надрукавана ў 1962), «Калі ападае лісце» (пастаўлена ў 1968), «Зорка Венера» (пастаўлена ў 1970) і лібрэта аперэты «Паўлінка» (па аднайменнай камедыі Янкі Купалы, пастаўлена ў 1973). Песні на яго вершы ўвайшлі ў зборнік «Я сэрцам з табою» (1988).

Пераклаў на беларускую мову «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам, 1954), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (1967), «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога (1952), а таксама асобныя творы расейскіх, украінскіх і латышскіх пісьменнікаў.

Башлакоў Міхась, нарадзіўся 27.04.1951 г. у пасёлку Станцыя Церуха (цяпер вёска Баштан) Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.

У 1967 г. скончыў Грабаўскую сярэднюю школу і паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы (1973) працаваў настаўнікам у Нісімкавіцкай СШ Чачэрскага раёна (1973-1974), Цеменіцкай СШ на Браншчыне (1974-1975), Пракопаўскай васьмігадовай школе Гомельскага раёна (1975-1978). Затым выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Гомеля (1978-1985). З 1985 г. - карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР па Гомельскай вобласці. Сябра СП СССР з 1988 г.

У 1968 г. надрукаваў першы верш. Аўтар кнігі паэзіі «Касавіца» (зборнік «Нашчадкі», 1979) і «Начны паром» (1987).

Беляжэнка Барыс (таксама Беліжэнка Барыс), нарадзіўся 05.06.1937 г. у вёсцы Промыслы Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння школы працаваў старшым піянерважатым Навікоўскай сярэдняй школы Шумілінскага раёна (1955-1957). Служыў на Балтыйскім ваенна-марскім флоце (1957-1958). Пасля настаўнічаў, быў дырэктарам Дома піянераў і школьнікаў, супрацоўнікам бешанковіцкай раённай газеты «Зара», сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса «Герой працы», інструктарам райкома партыі, дырэктарам Пуськаўскай васьмігодкі. У 1965 г. скончыў завочна філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Загадваў Чашніцкім райана (1965-1967), працаваў намеснікам старшыні Чашніцкага райвыканкома (1967-1968). У 1970 г. скончыў Менскую вышэйшую партыйную школу. З 1970 г. - інструктар, з 1972 г. - лектар, а з 1975 г. - загадчык сектара друку, тэлебачання і радыё Віцебскага абкома КПБ. У 1980-1986 гг. - загадчык аддзела абласной газеты «Віцебскі рабочы». Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджаны медалямі.

Друкуецца з 1958 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Крыгалом» (1973), «Жытнёвае поле» (1977). У 1977 г. у часопісе «Маладосць» апублікаваў паэму «Свята пумы», у 1988 г. у газеце «Віцебскі рабочы» - скарочаны варыянт аповесці-дэтэктыва «Каляровыя фотакарткі».

Бечык Варлен, нарадзіўся 25.06.1939 г. у вёсцы Астрашыцкі Гарадок Менскага раёна Менскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960) выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Пліскай сярэдняй школе Смалявіцкага раёна. У 1962-1966 гг. - аспірант кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1966 па 1971 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Неман». З 1972 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1981 г. - намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1971 г.

Памёр 13.11.1985 г.

Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1959.г. Выйшлі яго кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Свет жывы і блізкі» (1974), «Прад высокаю красою» (1984), кніга пра паэзію А.Куляшова «Шлях да акіяна» (1981), «Выбранае» (1989). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977). У сааўтарстве з М.Ярошам выдаў манаграфію «Беларуская савецкая лірыка» (1979). Напісаў брашуру, прысвечаную памяці беларускіх паэтаў, загінуўшых на Вялікай Айчыннай вайне «Радзіме - радок і жыццё» (1986).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1987, пасмяротна) за кнігу «Прад высокаю красою».

Бірала Захар, нарадзіўся 15.02.1906 г. у вёсцы Раўнаполле Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1928-1931 гг. вучыўся на рабфаку пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут (1934). Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў сярэдняй школе ў Лагойску (1934-1936). У 1936 г. рэпрэсіраваны. Знаходзіўся ў зняволенні ў Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) вобласці. 24 верасня 1940 г. быў вызвалены. Працаваў настаўнікам у Сенніцкай сярэдняй школе Менскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў з бацькамі, працаваў на ўласнай гаспадарцы ў вёсцы Астравы Рудзенскага раёна. Пасля вызвалення Беларусі (1944) прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, быў цяжка паранены. У 1945-1974 гг. выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Мар'інагорскім сельгастэхнікуме. Рэабілітаваны ў 1958 г. Сябра СП СССР з 1980 г.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Друкуецца з 1925 г. Выступае пераважна ў жанры сатыры і гумару. Аўтар кніжак гумарыстычных вершаў «Смех і радасць вёскі» (1929), «Цвітуць кветкі» (1963), «У пажарным парадку» (1968), «На светлым чорнае» (1974), «Прыляцела птушка» (1977), зборніка лірыкі, сатыры і гумару «Розы і крапіва» (1986).

Бітэль Пятро, нарадзіўся 19.06.1912 г. у гарадскім пасёлку Радунь Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і паштовага служачага.

У 1931 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні. Працаваў настаўнікам пачатковых школ у Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах (1931-1939). Служыў у польскай арміі (1933-1934). За перыяд 1935-1939 гг. скончыў завочна Вышэйшыя настаўніцкія курсы ў Вільні (гістарычна-філалагічны аддзел). У 1939 г. удзельнічаў у польска-нямецкай вайне, а пасля аб'яднання Беларусі працаваў у Валожыне настаўнікам і школьным інспектарам. У час нямецкай акупацыі вывезены ў Германію (1944) і там, пасля вызвалення (1945), прызваны ў Савецкую Армію. У 1946-1947 гг. працаваў настаўнікам Забрэжскай сярэдняй школы Валожынскага раёна. Пасля звальнення з настаўніцкай працы (1947) і немагчымасці ўладкавацца на ніякую дзяржаўную працу стаў праваслаўным свяшчэннікам. У 1950 г. арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Адбываў тэрмін у Альжарасе Кемераўскай вобласці, у Омску і Джэзказгане. У 1956 г. звольнены датэрмінова са зняццем судзімасці. Да 1963 г. зноў, не могучы нідзе ўладкавацца, служыў у царкве. У 1963-1974 гг. выкладаў у Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Скончыў завочна беларускае аддзяленне Менскага педагагічнага інстытута (1970) і Дзяржаўныя цэнтральныя курсы завочнага навучання «Ин-яз» у Маскве (1970). Рашэннем Вярхоўнага суда БССР ад 28.11.1978 г. па справе арышту і зняволення поўнасцю рэабілітаваны. Сябра СП СССР з 1985 г.

Памёр 18.10.1991 г.

Друкавацца пачаў у 1939 г. (часопіс «Настаўніцкія справы» на польскай мове, Вільня). У 1968 г. выйшла паэма «Замкі і людзі», у 1984 г. - «Паэмы», у 1990 г. - вершаваныя аповесці «Дзве вайны».

Перакладаў з расейскай, украінскай, польскай, нямецкай моў. Пераклаў усе буйныя творы А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Крымскія санеты», «Дзяды»), польскамоўныя паэмы і п'есы В.Дуніна-Марцінкевіча, раман Ю.І.Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы Б.Брэхта, І.Р.Бехера, І.В.Гётэ, М.Канапніцкай, М.Лермантава, У.Маякоўскага, Э.Межэлайціса, М.Някрасава, Б.Пруса, А.Пушкіна, Ю.Славацкага, Г.Сянкевіча, А.Твардоўскага, К.Тэтмаера, І.Франка, Т.Шаўчэнкі, Ф.Шылера, С.Ясеніна.

Бічэль-Загнетава Данута, нарадзілася 01.01.1938 г. у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1957 г. скончыла Наваградскую педагагічную навучальню, а ў 1962 г. - аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы. З 1962 г. выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Горадні. З 1982 г. працуе загадчыцай Дома-музея Максіма Багдановіча ў Горадні. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджана медалём.

У друку выступае з 1958 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Дзявочае сэрца» (1961), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты - гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990). Напісала паэмы і кніжкі вершаў для дзяцей: «Перапёлка» (1968), «Грыб-парасон» (1969), «Дзічка» (1971), «Рыжая палянка» (1971), «Дагані на кані» (1973), «Лузанцы» (1982), «Габрынька і Габрусь» (1985).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1984) за зборнік вершаў «Дзе ходзяць басанож».

Блакіт Валянцін (сапр. Болтач Валянцін), нарадзіўся 07.10.1938 г. у вёсцы Вострава Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Скідзельскай сярэдняй школы (1956) быў прыняты на работу літсупрацоўнікам у рэдакцыю шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». Служыў у Савецкай Арміі (1957-1960). У 1966 г. скончыў завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у шчучынскай, затым у жалудокскай раённай газеце «За Радзіму» (1962), у міжраённай газеце «Савецкая вёска» (Шчучын), у 1963-1967 гг. - адказным сакратаром воранаўскай раённай газеты «Ленинское знамя», у 1967-1968 гг. - уласным карэспандэнтам абласной газеты «Гродзенская праўда». З 1968 г. загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання, у 1971-1972 і 1974-1978 гг. - намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гарадзенскага абкома КПБ. У 1974 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве. У 1978-1987 гг. працаваў загадчыкам сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. З 1987 г. - галоўны рэдактар часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1981 г.

Узнагароджаны медалямі.

Вершы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне надрукавана ў 1960 г. (часопіс «Вожык»). Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў «Вынаходнік» (1974), аповесцей «Час прылёту журавоў» (1979), «Шануй імя сваё» (1981), «Усмешка Фартуны» (1984), «Вырай» (1986), «Аповесці» (1988).

Блатун Сымон, нарадзіўся 10.05.1937 г. у вёсцы Кавака Брагінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959) працаваў літсупрацоўнікам у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», літкансультантам у «Чырвонай змене».

Памёр 03.04.1970 г.

Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета «Піянер Беларусі»). Аўтар зборнікаў вершаў «Раўнавага» (1968), «Радаслоўнае дрэва» (1970), «Чысціня» (вершы і пераклады, 1979). У 1971 г. выйшаў зборнік гумарэсак, вершаў і мініяцюр «Калючая шаткаванка».

Перакладаў вершы расейскіх, летувіскіх, латышскіх, армянскіх, узбекскіх паэтаў.

Блісцінаў Міхась, нарадзіўся 19.10.1909 г. у вёсцы Іванкава Масальскага раёна Калужскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

У 1910 г. з бацькамі пераехаў у Беларусь. Вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. У 1928 г. пачаў працаваць вясковым настаўнікам. У 1930-1932 гг. - студэнт Менскага педагагічнага інстытута. У 1933-1936 гг. - адказны сакратар рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Скончыў сцэнарны факультэт Кінаакадэміі ў Маскве (1938). Працаваў рэдактарам на кінастудыі «Савецкая Беларусь». У час Вялікай Айчыннай вайны быў на штабной і палітрабоце ў 53-й арміі Паўночна-Заходняга і Стэпавага франтоў, з 1943 г. - у дывізійнай газеце 2-га Ўкраінскага і Забайкальскага франтоў. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах кінематаграфіі ў Менску. Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 24.12.1982 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 г. з вершаў. З 1929 г. пісаў апавяданні і нарысы. Аўтар п'ес «Агні Палесся» (1931), «Трактар» (1931), «Мох» (1932), інсцэніровак «Ленінцы» і «Кастрычнік» (1932), «Грунт» (пастаўлена ў 1934), аповесці «Хітрасць» (альманах «Бальшавіцкая моладзь», 1934).

Напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Строгая жанчына» (пастаўлены ў 1959), а таксама васемнаццаць сцэнарыяў дакументальных і навукова-папулярных фільмаў (фільм «Каларадскі жук» у 1965 г. адзначаны на Міжнародным кінафестывалі ў Браціславе дыпломам).

У перыядычным друку выступаў з рэцэнзіямі і артыкуламі па пытаннях кіно. Адзін з аўтараў кнігі «Мінскі аўтамабільны» (1972).

Пераклаў на беларускую мову «Крэнкебіль» А.Франса (1936), «Пятра Першага» А.Талстога (1940, скарочанае выданне для дзяцей), п'есу «Як гартавалася сталь» (паводле рамана М.Астроўскага, 1937), паасобныя п'есы А.Бруштэйн, Б.Тур, В.Любімавай і інш.

Бобрык Янка, нарадзіўся 21.07.1905 г. у мястэчку Глуск Магілеўскай вобласці ў сям'і каваля.

У 1929 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў у Мілаславіцкай сямігодцы Клімавіцкага раёна. У 1931 г. паступіў у аспірантуру Акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе. Пасля заканчэння вучобы (1934) быў навуковым супрацоўнікам акадэміі, працаваў рэдактарам кінастудыі Белдзяржкіно, рэдактарам Упраўлення па справах мастацтваў Ленінградскага гарвыканкома. Удзельнік абароны Ленінграда.

Памёр 25.08.1942 г. у блакадным Ленінградзе.

З вершамі ў друку выступіў у 1924 г.У 1926 г. разам з А.Звонакам і Я.Туміловічам выдаў зборнік вершаў «Пунсовае ранне». У 1930 г. часопіс «Маладняк» надрукаваў яго паэму «Галіна». Асобныя вершы змешчаны ў зборніку «Мы іх не забудзем» (1949).

Выступаў у перыядычным друку з апавяданнямі і нарысамі.

Бондар Таіса, нарадзілася 20.02.1945 г. у гарадскім пасёлку Рудзенск Менскай вобласці ў сям'і рабочых.

У 1967 г. скончыла факультэт ангельскай мовы Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. Настаўнічала ў г. Фалешты (Малдавія). У 1977 г. вярнулася ў Беларусь. у 1978-1981 гг. загадвала аддзелам выяўленчага мастацтва, архітэктуры і вытворчай эстэтыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1981 г. - загадчык аддзела культуры, адказны сакратар, а з 1985 г. намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларусь». Сябра СП СССР з 1978 г.

У друку з вершамі выступіла ў 1970 г. Выдала зборнікі паэзіі «Захапленне» (1974), «Акно ў восень» (1977), «...І голас набыла душа» (вершы і паэмы, 1980), «Святочны снег» (вер-шы, паэма, 1981), «Чырвоны месяц года» (вершы і паэмы, 1985), «Спадчынны боль» (1987), «Адна» (1989).

Аўтар кніг апавяданняў «Сінія яблыкі» (1984), аповесцей «Час, калі нас любілі» (1988), аповесцей і апавяданняў «Паветраны замак на дваіх» (1990), рамана «Спакуса» (1989).

Перакладае з малдаўскай (Г.Віеру «Імя тваё», 1986), румынскай і ангельскай моў.

Бранштэйн Якаў, нарадзіўся 10.11.1897 г. у горадзе Бельску-Падляшскім Гарадзенскай губерні (цяпер Польша) у сям'і рабочага.

У 15 год стаў «хлопчыкам для паслуг», потым быў рахункаводам. У 1919-1921 гг. - добраахвотнік Чырвонай Арміі, удзельнічаў у баях на Заходнім і Туркестанскім франтах. Працаваў у газеце «Орловская правда». У 1925 г. скончыў 1-шы Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт, вучыўся ў Камакадэміі (1926-1930), скончыў аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. З І930 г. - выкладчык Менскага педагагічнага інстытута і адначасова навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1932-1937 гг. - адказны сакратар Арганізацыйнага камітэта, рэарганізаванага ў Саюз пісьменнікаў Беларусі ў 1934 г. 06.04.1937 г. рэпрэсіраваны. 28.10.1937 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР вынесены прыгавор на 10 год зняволення. Рэабілітаваны 27.06.1956 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Член-карэспандэнт АН БССР, прафесар. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Пісаў на ідыш і на беларускай мовах. Літаратурна-крытычную дзейнасць пачаў у 20-я гады з артыкулаў пра творчасць жыдоўскіх і беларускіх пісьменнікаў. Выдаў зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў «Атака» (1930) і навуковыя працы «Праблемы ленінскага этапа ў літаратуразнаўстве» (1932), «Вынікі 15-гадовай барацьбы за марксізм-ленінізм у літаратуразнаўстве» (1932), літаратурна-крытычныя працы «Аб стане яўрэйскай літаратуры ў перыяд рэканструкцыі» (дадатак да часопіса «Штэрн», 1932), «На замацаваных пазіцыях» (1934), «Літаратурная вучоба» (1935).

У перыядычных выданнях 30-х гадоў і калектыўных зборніках змешчаны шэраг артыкулаў пра творчасць А.Пушкіна, Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, М.Лынькова, Я.Маўра, С.Баранавых, І.Харыка, М.Кульбака і іншых пісьменнікаў.

Броўка Пятрусь, нарадзіўся 25.06.1905 г. у вёсцы Пуцілкавічы Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працоўны шлях пачаў у 1918 г. з перапісчыка ў Вяліка-Долецкім валасным камісарыяце. Быў справаводам валвыканкома, рахункаводам у саўгасе, старшынёй сельсавета, загадчыкам аддзела ў Полацкім акруговым камітэце камсамола. У 1927-1928 гг. - адказны сакратар акруговай газеты «Чырвоная Полаччына». У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ў 1940 г. прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Савецкую Армію. Быў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», супрацоўнічаў у партызанскім друку. З 1943 г. - адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1945 г. - зноў галоўны рэдактар часопіса «Полымя». У 1948 г. абраны старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1959 г. як дэлегат ад БССР удзельнічаў у рабоце XIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У 1967-1980 гг. - галоўны рэдактар Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, сакратаром праўлення СП СССР. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Герой Сацыялістычнай Працы (1972). Узнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонай Зоркі, Дружбы народаў, «Знак Пашаны» і многімі медалямі.

Народны паэт БССР (1962), заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1975). Ганаровы грамадзянін г. Менска (1980).

Памёр 24.03.1980 г.

Друкавацца пачаў у 1926 г. у газеце «Чырвоная Полаччына». Аўтар кніжак паэзіі «Гады як шторм» (1930), «Прамова фактамі» (1930), «Цэхавыя будні» (1931), «Паэзія» (1932), «Так пачыналася маладосць» (1934), «Прыход героя» (1935), «Вясна радзімы» (1937), «Кацярына» (1938, паэма), «Вершы і паэмы» (1940), «Шляхамі баравымі» (1940), «Насустрач сонцу» (1943, Масква), «У роднай хаце» (1946), «Вершы і паэмы» (1946), «Сонечнымі днямі» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954), «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «Па сакрэту» (1961, сатыра і гумар), «А дні ідуць...» (1961), «Высокія хвалі» (1962), «Вершы і паэмы» (1966), «Заўсёды з Леніным» (1967, паэма), «Між чырвоных рабін» (1969), «Калі ласка» (1972), «Ты - мая пчолка» (1972), «Лясы наддзвінскія» (1973, паэма), «І ўдзень і ўночы» (1974), «Што сэрца праспявала» (1979), «Маладосць і сталасць» (1980), «Савецкі чалавек» (1982), «Мая Радзіма» (1985).

Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі «Маладым сябрам» (1961), «Наш музей» (1962, паэма), аповесць «Донька-Даніэль» (1982).

Неаднаразова выдаваліся кніжкі Выбраных твораў (1934, 1945, 1947, 1948, 1951), выходзілі Зборы твораў у 2-х (1957, 1969), у 4-х (1965-1966), у 7-мі (1975-1978), у 9 тамах (1987-1992).

Выдаў аповесць «Каландры» (1931, экранізавана ў 1934), нарысы «Ураджай» (з П.Глебкам, 1933), «Месяц у Чэхаславакіі» (1952), раман «Калі зліваюцца рэкі» (1957), зборнік апавяданняў «Разам з камісарам» (1974). Напісаў лібрэта опер «Міхась Падгорны» (1940, пастаўлена ў 1939), «Алеся» («Дзяўчына з Палесся», з Я.Рамановічам, пастаўлена ў 1944, урыўкі апублікаваны ў 1947).

Выступаў і як перакладчык на беларускую мову твораў Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, П.Тычыны, М.Бажана, А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, А.Пракоф'ева, У.Бранеўскага, Дж.Байрана і іншых паэтаў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1947) за цыкл вершаў і паэму «Хлеб», Дзяржаўнай прэміі СССР (1951) за зборнік вершаў «Дорога жизни», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959) за раман «Калі зліваюцца рэкі», Ленінскай прэміі (1962) за кнігу вершаў «А дні ідуць...», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1970) за паэму «Заўсёды з Леніным» і кнігу вершаў «Між чырвоных рабін», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел устварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Брыль Янка, нарадзіўся 04.08.1917 г. у горадзе Адэсе (Украіна) у сям'і чыгуначніка.

У 1922 г. разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму ў Заходнюю Беларусь (вёска Загора Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці). Скончыў польскую сямігодку (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У сакавіку 1939 г. прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. У верасні 1939 г. пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, восенню 1941 г. уцёк на радзіму. З кастрычніка 1942 г. - сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а з сакавіка да ліпеня 1944 г. - партызан-разведчык брыгады «Камсамолец» і рэдактар газеты «Сцяг свабоды» (орган Мірскага падпольнага райкома партыі) і сатырычнага антыфашысцкага лістка «Партызанскае жыгала». З кастрычніка 1944 г. жыве ў Менску. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісах «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1966-1971 гг. - сакратар праўлення СП БССР. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967, 1980-1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР - Канада» (1967-1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1945 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», савецкімі і польскімі медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1981).

У 1938 г. пачаў друкавацца як паэт і публіцыст (віленскі беларускі часопіс «Шлях моладзі»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (апавяданні і нарысы), «Вераснёвая рунь» (1949), «У Забалоцці днее» (1951), «Дзеля сапраўднай радасці» (1952), «На Быстранцы» (1955), «Вачыма друга» (нарысы, 1956), «Сэрца камуніста» (нарыс, 1957), «І смех, і бяда» (сатыра і гумар, 1958), «Надпіс на зрубе» (1958), «Вы-браныя апавяданні» (1959), «Мой родны кут» (1959), «Працяг размовы» (апавяданні, замалёўкі, нарысы, 1962), «Жменя сонечных промняў» (мініяцюры, 1965), «Адзін дзень» (1968), «Акраец хлеба» (1977), «Золак, убачаны здалёк» (1979), «Гуртавое» (1980), зборнікаў апавяданняў і мініяцюр «Ты жывеш» (1978), «Сёння і памяць» (1985), «Ад сяўбы да жніва» (1987), «На сцежцы - дзеці» (1988), раманаў «Граніца» (ч. I, часопіс «Полымя», 1949), «Птушкі і гнёзды» (1964). У сааўтарстве з А.Адамовічам і Ў.Калеснікам напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі...» (1975, па матывах кнігі пастаўлены «Хатынскі цыкл» дакументальных фільмаў). Выдаў кніжкі прозы для дзяцей «Ліпка і клёнік» (1949), «Зялёная школа» (1951), «Светлае ранне» (1954), «Пачатак сталасці» (1957), «Жыў-быў вожык» (1976), «Сняжок і Волечка» (1983). Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1960), 4-х (1967-1968) і 5 тамах (1979-1981).

Я.Брылю належаць таксама кнігі «Роздум і слова» (літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, 1963) і «Трохі пра вечнае» (артыкулы, творчыя партрэты, лірычны роздум, 1978). Напісаў тэксты да альбомаў «Там, дзе сінее Нарач» (1963) і «Між тых палёў...» (1968).

Вядомы і як перакладчык з расейскай, украінскай і польскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, Л.Смілянскага, А.Даўжэнкі, В.Казачэнкі, М.Канапніцкай, Э.Ажэшкі, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, В.Жукроўскага, Т.Ружэвіча, М.Ю.Канановіча, Я.Гушчы і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952) за аповесць «У Забалоцці днее», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963) за кнігу «Працяг размовы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за аповесць «Золак, убачаны здалёк».

Атрымаў у Польшчы прэміі за пераклады польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі - імя Ў.Петшака (1972) і аўтарскага аб'яднання «ЗАІКС» (1975).

Бубнаў Генадзь, нарадзіўся 09.05.1948 г. у вёсцы Цяляткава Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і калгасніка і настаўніцы.

У 1972 г. скончыў факультэт журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў рэдактарам Галоўнай рэдакцыі прапаганды, а з 1974 г. - старшым рэдактарам літаратурнай рэдакцыі Беларускага радыё. У 1975-1977 гг. - літсупрацоўнік, у 1977-1984 гг. - рэдактар аддзела крытыкі і бібліяграфіі, а з 1984 г. - намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1981 г.

Дэбютаваў вершамі ў 1963 г. Піша на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Связующая нить» (1975), «Ржаной полдень» (1978), «Вещий камень» (балады і паэма, 1987), гісторыка-філасофскіх даследаванняў «Левый и правый, или Время умирать и время жить» (часопіс «Нёман», 1989) і «Красный жезл запрета, или Тот покой, который вы ожидаете» (часопіс «Нёман», 1990).

Пераклаў з беларускай мовы на расейскую «Первую книгу» І.Мележа (1981), раманы-эсэ А.Лойкі «Янка Купала» (з І.Бурсавым, Масква, 1982) і «Скорина» (Масква, 1989), аповесць І.Шамякіна «Ветви и корни» (1988), паасобныя творы Р.Барадуліна.

Бугаёў Дзмітры, нарадзіўся 12.01.1929 г. у вёсцы Сычык Крычаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1945-1948 гг. вучыўся ў Магілеўскай педагагічнай навучальні. Працаваў настаўнікам у Крытышынскай сямігадовай школе Іванаўскага раёна і адначасова займаўся на факультэце мовы і літаратуры Магілеўскага педагагічнага інстытута. У 1949 г. перавёўся на стацыянарнае аддзяленне гэтага інстытута і скон-чыў яго ў 1952 г. Пасля вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце (1952-1955), выкладаў беларускую літаратуру ў Мазырскім педагагічным інстытуце (1955-1959), быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1959-1964). З 1964 г. - дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г.

У друку выступае з літаратуразнаўчымі і крытычнымі артыкуламі з 1957 г. Выйшлі кнігі «Шчодрае сэрца пісьменніка» (1963), «Паэзія Максіма Танка» (1964), «Уладзімір Дубоўка» (1965), «Максім Гарэцкі» (1968), «Шматграннасць» (1970), «Зброяй сатыры, зброяй праўды» (1971), «Вернасць прызванню: Творчая індывідуальнасць Івана Мележа» (1977), «Талент і праца» (1979), «Чалавечнасць» (1985), «Васіль Быкаў» (1987), «Арганічнасць таленту» (1989).

Удзельнічаў у стварэнні «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964-1966).

Адзін з аўтараў і рэдактараў вучэбнага дапаможніка для студэнтаў універсітэта «Беларуская савецкая літаратура» (ч. 1 - 1981, ч. 2 - 1982).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984) за кнігу «Талент і праца».

Будзінас Яўген, нарадзіўся 18.02.1944 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і служачых.

У 1946 г. сям'я пераехала ў Вільню. Працоўны шлях пачаў у час вучобы ў дзевятым класе школы рабочай моладзі лабарантам Віленскай радыётэхнічнай навучальні (1960-1961). Вучыўся завочна ў радыётэхнічным інстытуце (спачатку ў Разані, пасля ў Менску, скончыў у 1972 г.). Працаваў слесарам у Разані (1961-1962), манцёрам Менскага гарадскога аўтатрэста (1963-1965), цесляром, затым настаўнікам матэматыкі, расейскай мовы і літаратуры вячэрняй школы ў пасёлку Светлы Цюменскай вобласці (1967-1968). З 1968 г. на журналісцкай працы ў Менску: літсупрацоўнік, загадчык аддзела газеты «Знамя юности», уласны карэспандэнт Агенцтва друку «Навіны» па Беларусі (1972-1975), карэспандэнт часопіса «Рабочая смена» (1975-1976). З 1982 г. - спецыяльны карэспандэнт часопіса «Дружба народов» па Беларускай ССР і Прыбалтыцы. Сябра СП СССР з 1986 г.

Першы нарыс апублікаваў у 1966 г. (часопіс «Неман»). Піша на расейскай мове. Аўтар кніг нарысаў, публіцыстыкі «Один практический шаг» (Масква, 1983), «Дом в сельской местности» (Масква, 1985), «Действующие лица» (1986), «Преждевременный конфликт» (Масква, 1988), рамана-даследавання «Промежуточный человек» (1990).

Буйло Канстанцыя (сапр. Калечыц Канстанцыя), нарадзілася 14.01.1893 г. у горадзе Вільні ў сялянскай сям'і.

У 1914 г. скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні. Настаўнічала на Лідчыне. Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (1915-1916). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкоме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бухгалтарам саўгаса «Данілкава». З 1923 г. жыла ў Маскве. Працавала на заводзе «Аграном» (1929-1934), начальнікам аддзела збыту палітэхлабарсаюза (1934-1940), у 1940-1951 гг. - начальнікам аператыўнага аддзела, затым в. а. намесніка дырэктара цэнтральнай канторы ветэрынарнага забеспячэння трэста Саюзветзабпрам. Сябра СП СССР з 1944 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968).

Памерла 04.06.1986 г.

Дэбютавала вершамі ў 1909 г. (газета «Наша ніва»). Першую кнігу «Курганная кветка» (1914, Вільня, факсімільнае выданне ў 1989) адрэдагаваў Я.Купала. Аўтар зборнікаў вершаў «Світанне» (1950), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), «Выбранае» (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984).

Аўтар п'ес «Кветка папараці» (1914) і «Сягонняшнія і даўнейшыя» (1914, пастаўлена ў 1921).

Многія вершы паэтэсы пакладзены на музыку. Асабліва шырокую вядомасць займела песня «Люблю», якая стала народнай.

Букчын Сямён (таксама Букчын Самуіл), нарадзіўся 18.08.1941 г. у сяле Валаконаўка Валаконаўскага раёна Курскай вобласці (Расея) у сям'і ваеннаслужачага і настаўніцы.

З 1949 г. жыве ў Менску. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 11 (1959) два гады працаваў фрэзероўшчыкам на Менскім электратэхнічным заводзе. У 1961 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1964-1967). Вучобу ва ўніверсітэце працягваў завочна (скончыў у 1967). Быў на рэдактарскай працы на Беларускім тэлебачанні, у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у 1969-1985 гг. - адказны сакратар часопіса «Весці АН БССР». З 1985 г. - старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджаны медалём.

Друкуецца з 1959 г. Піша на расейскай мове. Пачынаў як журналіст у газеце «Зорька». З 1966 г. выступае як крытык, літаратуразнавец, празаік. Аўтар кніг «Дорогой Антон Павлович...: Очерки о корреспондентах А.П.Чехова» (1973), «Судьба фельетониста: Жизнь и творчество Власа Дорошевича» (1975), «К мечам рванулись наши руки: Документальные повести» (1978, 2-е выданне, 1985), «Как жить, Лев Николаевич?..: Очерки о белорусских корреспондентах Льва Толстого» (1979), «Последний год Дениса Фонвизина» (1981), «Народ издревле нам родной: Русские писатели и Белоруссия» (1984).

Склаў, падрыхтаваў тэксты і напісаў уступныя артыкулы да выданняў: «Писатели чеховской поры: Избранные произведения писателей 1880-1890-х годов: В 2 томах» (1982), «Сказки и легенды» В.Дарашэвіча (1983); «Друзьям, отечеству, народу: Поэзия декабристов» (1986), «Песнь о Беларуси: Стихи русских советских поэтов» (1988).

Булыка Галіна, нарадзілася 06.12.1960 г. у вёсцы Осава Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

У 1966 г. сям'я пераехала ў Менск. Скончыла хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1983). Працавала стажорам-даследчыкам у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі АН БССР, выхавацелем у рабочым інтэрнаце Менскага матацыклетнага і веласіпеднага завода, інжынерам-наладчыкам Упраўлення пусканаладачных работ трэста «Аўтарэмбудмантаж» Мінаўтапрома СССР. У 1989 г. скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябра СП СССР з 1987 г.

З вершамі ўпершыню выступіла ў друку ў 1975 г. (часопіс «Бярозка»). Аўтар падборкі вершаў «Дзень нараджэння снежня» ў калектыўным зборніку «Сцяжына» (1983), зборніка паэзіі «Сінтэз» (1986).

Бураўкін Генадзь, нарадзіўся 28.08.1936 г. у вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1959 г. скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў стыльрэдактарам часопіса «Коммунист Белоруссии», старшым рэдактарам на Беларускім радыё, загадчыкам аддзела літаратуры, намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1968-1972 гг. - карэспандэнт «Правды» па Беларускай ССР, у 1972-1978 гг. - галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». З 1978 г. - старшыня Дзяржаўнага камітэта Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. З 1990 г. - пастаянны прадстаўнік Беларускай ССР пры ААН. У складзе дэлегацыі БССР у 1976 г. удзельнічаў у рабоце XXXI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1980-1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалямі.

Першыя вершы надрукаваў у 1952 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Выбраныя вершы» (1969), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Вершы пяці кніг» (1976), «Варта вернасці» (1978), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), а таксама кніжак для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), «Сінія арэлі» (1987). У 1986 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Напісаў кнігу прозы «Тры старонкі з легенды» (1971).

Адзін з аўтараў (з У.Халіпам, Ф.Коневым) сцэнарыя двухсерыйнага фільма «Полымя» (1974), аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Апаленая памяць» (1975) і «Падарожжа па Беларусі» (1976).

Перакладае з расейскай, украінскай, малдаўскай, балгарскай і іншых моў. Пераклаў на беларускую мову камедыю А.Хмеліка «Пузыркі» (пастаўлена ў 1966). У яго перакладзе асобным выданнем выйшла кніжка паэзіі Б.Алейніка «Заклінанне агню» (1979).

Многія вершы пакладзены беларускімі кампазітарамі на музыку.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972) за высокі мастацкі ўзровень вершаў і адлюстраванне ў іх моладзевай тэматыкі і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу вершаў «Варта вернасці».

Бурносаў Васіль, нарадзіўся 18.08.1914 г. у вёсцы Зелянькова Круглянскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1933-1934 гг. працаваў брыгадзірам, затым старшынёй калгаса «Новы свет» Бялыніцкага раёна. Быў токарам на аўтарамонтным заводзе ў Магілеве. Скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску (1939). Працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны - на Заходнім фронце, быў цяжка паранены. З 1942 г. - інструктар ЦК ВЛКСМ, з 1943 г. - намеснік рэдактара газеты «Чырвоная змена». Быў карэспандэнтам «Правды» па БССР (1944-1947). Працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, рэдакцыях часопіса «Полымя», «Коммунист Белоруссии», газеты «Літаратура і мастацтва», у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, галоўным рэдактарам выдавецтва БДУ, старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1951 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 19.07.1984 г.

Літаратурна-крытычнай працай займаўся з 1947 г. Апублікаваў шэраг артыкулаў аб партыйнасці і народнасці літаратуры, сацыялістычным рэалізме, аб творчасці Л.Талстога, М.Гогаля, А.Кальцова, М.Горкага, У.Маякоўскага, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Лынькова, А.Куляшова і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Бурсаў Іван, нарадзіўся 19.12.1927 г. у горадзе Клімавічы Магілеўскай вобласці ў сям'і ваеннаслужачага.

Працоўны шлях пачаў у 1945 г. счэпшчыкам вагонаў на Чэлябінскім металургічным заводзе. Працаваў на Менскім трактарным заводзе (1953-1957). У 1962 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса «Неман» (1962-1964). З 1965 г. жыве ў Маскве. Сябра СП СССР з 1964 г.

У друку выступае з 1953 г. Піша на расейскай мове. У Маскве выдаў зборнікі вершаў «Близкие звезды» (1960), «Лобжанка-речка» (1967), «Горсть» (1970), «Праздник света» (1976), «Грамота лет» (1977), «Песочные часы» (1981), «Круг» (вершы, паэма, 1986); у Менску выдаў «Косая сажень» (1964), «Среда» (1972), «Грамота лет» (1977), «Помня о любви» (1980), «Уста» (вершы, паэмы, 1984), «Колесо обозрения» (вершы, паэмы, 1988). Для дзяцей выйшлі кніжкі прозы, вершаў і казак «Едет лес» (1961), «Как Дед Мороз для зайчат построил мост» (1963), «Как звери к зиме готовятся» (1966), «Матрешкины сказки» (1968), «Сказки с присказками» (1968), «Веселые небылички» (1970), «Ванька-Встанька» (1973), «Страна Голубого Солнца» (1973), «Вы слыхали?» (1975), «Сказки, полные чудес» (1979), «Девяносто пять ежей» (1982), «Сорок сорок» (1988).

Перакладае з беларускай і ўкраінскай моў на расейскую. У яго перакладах асобнымі выданнямі выйшлі зборнікі паэзіі Р.Барадуліна «Целиноград» (1961), «Раскидач» (1969), «Кошки в лукошке» (1985), Г.Бураўкіна «Голоса расстояний» (1964), У.Караткевіча «Вечерние паруса» (1969), В.Зуёнка «Основа» (1972), «Молчание травы» (паэма, 1987), А.Астрэйкі «Приключения деда Михеда» (1974), Е.Лось «Песня твоей сестры» (1977), К.Цвіркі «Закон воды» (1978), Д.Бічэль-Загнетавай «Где ходят босиком» (1987) і інш.

Бур'ян Барыс, нарадзіўся 07.01.1924 г. у горадзе Маскве (Расея) у сям'і чыгуначніка.

Да вайны працаваў артыстам у тэатрах Разані і Кінешмы. Скончыў тэатральную студыю пры Разанскім тэатры (1941). Са жніўня 1941 г. служыў у Савецкай Арміі - у войсках сувязі, удзельнічаў у баях на 4-м Украінскім фронце. З 1946 г. - карэспандэнт БелТА, у 1947-1951 гг. - стыльрэдактар газеты «Сталинская молодежь». Потым быў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, на Менскай кінастудыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў. У 1952-1953 і з 1963 гг. супрацоўнік газеты «Літаратура і мастацтва», у 1953-1962 гг. часопіса «Советская Отчизна» («Неман»). У 1967-1985 гг. - загадчык аддзела тэатра, музыкі і кіно ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1950 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені і «Знак Пашаны», медалямі.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1947 г. з тэатральных рэцэнзій. Піша на расейскай і беларускай мовах. Выдаў тэатразнаўчы нарыс «На высоком взлете» (з І.Ліснеўскім, 1962), брашуру «Каму апладзіруіе зала» (1972), зборнікі эсэ і артыкулаў «На театральных перекрестках» (з І.Ліснеўскім, 1967), «З сёмага рада партэра» (1978), «Судьба чужая - как своя» (1982), «І толькі надпіс...» (1987). Выступае і як літаратурны крытык.

Аўтар аповесцей «Первый снег» (1957), «У синей бухты» (1959), «Твоя повесть» (1959), «Вальс Грибоедова» (1960), «Радужный перезвон» (1964), «Грозовые отголоски» (выбранае, 1984).

Напісаў п'есы «Зорка Венера» (з М.Алтуховым, 1961, пастаўлена ў 1967) і «Твой высокі поўдзень» (пастаўлена ў 1968). Стварыў шэраг сцэнарыяў для радыё, тэлебачання і дакументальнага кінематографа.

З беларускай мовы на расейскую пераклаў асобныя творы К.Чорнага, М.Лынькова, Б.Мікуліча, А.Якімовіча, А.Васілевіч, У.Шахаўца, І.Грамовіча, Т.Хадкевіча, Я.Курто і інш.

Бусько Мікола, нарадзіўся 30.09.1940 г. у вёсцы Пагарэлка Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Турэцкай сярэдняй школы Карэліцкага раёна служыў у Савецкай Арміі (1959-1962). Скончыў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці (1962) і выяўленчы факультэт Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў (1967). Працаваў рабочым на лесагандлёвай базе (1963-1965), затым афарміцелем у Доме афіцэраў (1965-1967), на мясакамбінаце (1967-1976), з 1976 г. - афарміцель аўтобуснага парка ў Баранавічах. Сябра СП СССР з 1989 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1970 г. у раённым друку. Аўтар кнігі паэзіі «У Нёмна на плячах» (1986).

Бутрамееў Уладзімір, нарадзіўся 20.03.1953 г. у вёсцы Расна Горацкага раёна Магілеўскай вобласці ў сям'і настаўнікаў.

У 1974 г. скончыў геаграфічны факультэт Магілеўскага педагагічнага інстытута. Працаваў у школах Горацкага і Чэрыкаўскага раёнаў настаўнікам і загадчыкам навучальнай часткі. У 1980 г. пераехаў у пасёлак Альберцін на Слонімшчыне. Працаваў на Слонімскай папяровай фабрыцы, настаўнікам у вячэрняй школе, у Слонімскім прафесійна-аматарскім тэатры. У 1986 г. скончыў Вышэйшыя двухгадовыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве, атрымаў спецыяльнасць кінадраматурга. У 1989 г. залічаны на Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Сябра СП СССР з 1987 г.

У рэспубліканскім друку выступае з 1982 г. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Любить и верить» (Масква, 1986), «Сдвиженье» (Масква, 1990), аповесці «Где праздник, там и я, или Сказка-басня о том, как жил, по свету бродил, умер и живым остался ловкий мужик Нестерка» (зборнік «Дни этого года», Масква, 1986).

Напісаў п'есы «Ізноў Несцерка» (пастаўлена ў 1987), «Страсці па Аўдзею» (1990, пастаўлена ў 1989), аднаактоўку «Живите надеждой» (1984). Адзін з аўтараў сцэнарыя тэлефільма «Наш сад» (з Я.Міцько, пастаўлены ў 1987).

Быкаў Васіль, нарадзіўся 19.06.1924 г. у вёсцы Бычкі Ўшацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай навучальні. Скончыў экстэрнам Кубліцкую сярэднюю школу. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў складзе інжынернага батальёна ўдзельнічаў у будаўніцтве абаронных збудаванняў. Са жніўня 1942 г. - курсант Саратаўскай пяхотнай навучальні (скончыў у лістападзе 1943). Як камандзір узвода аўтаматчыкаў і ўзвода палкавой, затым армейскай артылерыі ўдзельнічаў у баях на 2-м і 3-м Украінскіх франтах. Быў двойчы паранены. З дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Вугоршчыну, Югаславію, Аўстрыю. Служыў на Ўкраіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе. Пасля дэмабілізацыі (1947) працаваў мастаком у гарадзенскіх мастацкіх майстэрнях, стыльрэдактарам абласной газеты «Гродзенская праўда». У 1949-1955 гг. зноў служыў у Савецкай Арміі. У 1956-1972 гг. - літсупрацоўнік, затым літкансультант газеты «Гродзенская праўда», у 1972-1978 гг. - сакратар Гарадзенскага абласнога аддзялення СП БССР. З 1978 г. жыве ў Менску. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978-1990), з 1989 г. - народны дэпутат СССР. У 1990 г. абраны прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Сябра СП СССР з 1959 г.

Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1980).

Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Жураўліны крык» (1960), «Ход канём» (гумар, 1960), «Трэцяя ракета. Здрада» (1962), «Альпійская балада» (1964, па матывах аповесці пастаўлены ў 1967 г. балет на музыку Я.Глебава), «Адна ноч» (уключана аповесць «Пастка», 1965), «Аповесці» (1969), «Сотнікаў. Абеліск» (1972, па аповесці «Сотнікаў» пастаўлены ў 1977 г. кінафільм «Узыходжанне»), «Воўчая зграя» (1975, пастаўлена опера на музыку Г.Вагнера «Сцежкаю жыцця», 1980), «Аповесці і апавяданні» (1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1979), «Знак бяды» (1984, пастаўлены кінафільм у 1988), «У тумане» (уключаны таксама аповесці «Мёртвым не баліць» і «Аблава», 1989), «Дажыць да світання» (1990), рамана «Кар'ер» (І987). У 1974 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1980-1982 гг. - Збор твораў у 4 тамах (уключаны таксама аповесці «Круглянскі мост», «Праклятая вышыня», «Яго батальён»). Выдаў кнігу крытыкі «Праўдай адзінай» (1984).

Працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), 3-х серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976), «Абеліск» (1977) і кароткаметражны фільм «Пастка» (1966). Аўтар п'есы «Рашэнне» (1972). На аснове аповесці «Сотнікаў» напісаў п'есу «Апошні шанц» (пастаўлена ў 1974), у 1979 г. пастаўлены спектакль «Пайсці і не вярнуцца». У маскоўскіх тэатрах пастаўлены яго п'есы: у 1976 - «Абеліск», у 1977 - «Скрыжаванне» (па матывах аповесцей «Сотнікаў» і «Круглянскі мост»).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1964) за аповесць «Трэцяя ракета», Дзяржаўнай прэміі СССР (1974) за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1978) за аповесці «Воўчая зграя» і «Яго батальён», Ленінскай прэміі (1986) за аповесць «Знак бяды».

Бэндэ Лукаш, нарадзіўся 01.11.1903 г. у вёсцы Шчакоцк Іванаўскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі (1926). Спачатку працаваў у Віцебскім ветэрынарным інстытуце, потым - у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, адначасова ў часопісе «Напагатове» і Дзяржаўным выдавецтве ў Ленінградзе і ў Ленінградскім тэатральным інстытуце, з 1935 г. - у Інстытуце расейскай літаратуры (Пушкінскі Дом), загадваў кафедрай расейскай літаратуры Ленінградскага абласнога настаўніцкага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у войсках НКУС (Ленінград). З 1946 г. - выкладчык у педагагічных і настаўніцкіх інстытутах Даўгаўпілса, Ленінграда, Выбарга, Жытоміра, рэдактар Ленінградскага аддзялення Дзяржаўнага літаратурнага выдавецтва. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 23.12.1961 г.

Друкавацца пачаў у 1925 г. Выступаў у галіне крытыкі і літаратуразнаўства. Аўтар кніг «Янка Купала: Крытычны нарыс» (1932), «Андрэй Александровіч» (1932), а таксама шматлікіх артыкулаў і рэцэнзій у перыядычным друку. У 30-я гады склаў шэраг чытанак, хрэстаматый па беларускай літаратуры для школ.

Бяганская Ядвіга, нарадзілася 29.02.1908 г. у горадзе Ўлан-Удэ (Бурація) у сям'і чыгуначніка.

У 1922 г. з бацькамі вярнулася ў Беларусь. У 1924 г. аселі на жыхарства ў Менску. Скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Дзяржаўнага ўніверсітэта (1930). Працавала выкладчыцай расейскай і беларускай мовы і літаратуры ў школах Менска. У лістападзе 1937 г. была арыштавана, асуджана на 10 год зняволення, адбывала тэрмін у калымскіх лагерах, дзе працавала на цяжкіх работах да дня свайго вызвалення. У ліс-тападзе 1947 г. ёй было дазволена жыць на Гомельшчыне. Толькі пасля рэабілітацыі (1954) атрымала магчымасць вярнуцца ў Менск. У 1956-1964 гг. працавала старшым рэдактарам перадач для дзяцей і юнацтва на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1957 г.

Узнагароджана медалямі.

Памерла 03.04.1992 г.

У друку дэбютавала вершамі ў 1926 г. (часопіс «Малады араты»). Напісала для дзяцей кнігі аповесцей, апавяданняў «Далеко на Севере» (Магадан, 1954), «Жэнеў галубок» (1958), «Сустрэча з морам» (1962), «Зосіна зорачка» (1965), «Кожны марыць стаць Калумбам» (1968), «Над ракой Шушай» (1977), «Нечаканая сустрэча» (1980), «Сланечнікі» (1980) «Ля самага сіняга мора» (1982), «Сонцу і ветру насустрач» (1988).

Працавала ў галіне перакладу з польскай і славацкай моў на беларускую. З польскай пераклала аповесці Б.Ясенскага «Палю Парыж» (1932), Я.Корчака «Кароль Мацюсь Першы» (1970), Г.Бахляровай «Дом пад каштанамі» (1972), А.Богдая «Прыгоды маленькага Пінгвіна Пік-Пока» (1973), Э.Ажэшкі «Хам» (1975), Г.Паўшар-Кляноўскай «Нявыдуманыя гісторыі» (1976) і інш. Са славацкай - раманы М.Крно «Я вярнуся жывы» (1960), У.Мінача «Жывыя і мёртвыя» (1961), К.Ярунковай «Брат маўклівага ваўка» (1976), Я.Грушоўскага «Яношак» (1980) і інш.

Бядуля Змітрок (сапр. Плаўнік Самуіл), нарадзіўся 23.04.1886 г. у вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сям'і арандатара.

Вучыўся ў пачатковай жыдоўскай школе - хедары, у школе рабінаў - ешыбоце. Працаваў хатнім настаўнікам, а з 1902 г. канторшчыкам на лесараспрацоўках. У 1912 г. быў запрошаны ў Вільню на сталую працу ў беларускія культурныя арганізацыі. Разам з Янкам Купалам працаваў у газеце «Наша ніва». Летам 1915 г. з Вільні вярнуўся ў родны Пасадзец, а неўзабаве пераехаў у Менск, дзе працаваў у беларускім бежанскім камітэце. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі некалькі год працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», быў рэдактарам дзіцячага часопіса «Зоркі» і краязнаўчага «Наш край». Уваходзіў у літаратурнае аб'яднанне «Маладняк», пасля - ва «Узвышша». На пачатку Вялікай Айчыннай вайны эвакуіраваўся з Беларусі. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Памёр 03.11.1941 г. каля Ўральска.

Першы надрукаваны твор - абразок на беларускай мове «Пяюць начлежнікі» (газета «Наша ніва», 1910). У 1911-1912 гг. друкаваў вершы на расейскай мове ў часопісах «На берегах Невы» (Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). У 1913 г. апублікаваў зборнік лірычных імпрэсій «Абразкі» (Пецярбург). У паслярэвалюцыйны час выйшлі кнігі паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зборнікі апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Выбраныя апавяданні» (1926), «Танзілія» (1927), «Дэлегатка» (1928), «Тры пальцы» (1930), «Незвычайныя гісторыі» (1931), «Па пройдзеных сцежках» (1940), аповесці «Салавей» (1928, экранізавана і пастаўлена ў 1937, аднайменны балет у 1939), «Набліжэнне» (1935), «У дрымучых лясах» (1939, часопіс «Полымя»), двухтомны раман «Язэп Крушынскі» (1929-1932), «Выбраныя творы» (1934). Шмат зборнікаў выбраных твораў выйшлі ў пасляваенныя гады. Для дзяцей выдадзены кнігі «Качачка-цацачка» (1927, казка), «Вясной» (1928, вершы), «Гаспадарка» (1930, вершы), «Мурашка-Палашка» (1939, вершаваная казка), «Люцік» (1940, верш), «Хлопчык з-пад Гродна» (1940, паэма), «Апавяданні» (1947), «Мае забавы» (1949, вершы), «Сярэбраная табакерка» (1958, казка і апавяданні), «Дзень добры!» (1979, вершы, казкі, апавяданні), асобныя вершы, казкі. У 1951-1953 гг. выйшаў Збор твораў у 4-х, у 1985-1989 гг. - у 5 тамах.

Выдаў даследаванне «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных казках і песнях» (1924), кнігу нарысаў «Дзесяць» (1930).

Пераклаў з жыдоўскай на беларускую мову аповесць Шолама-Алейхема «Хлопчык Мотка» (1930), раман С.Годынэра «Чалавек з вінтоўкай» (1933), кнігу С.Каган «Апавяданні» (1940), паасобныя вершы Т.Шаўчэнкі, Ю.Будзяка.

Бялевіч Антон, нарадзіўся 27.05.1914 г. у вёсцы Дуброўка Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Магілеўскім палітасветным інстытуце (1933-1935). Працаваў загадчыкам аддзела пухавіцкай раённай газеты «За калгасы», нарысістам у газеце «Чырвоная змена», у 1939-1945 гг. - у газеце «Звязда». У час Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў у беларускім перыядычным друку, удзельнічаў у партызанскім руху на Віцебшчыне, закідваўся ў тыл ворага. У 1945-1947 гг. - загадчык аддзела паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва», у 1947-1950 гг. - нарысіст газеты «Савецкі селянін». Сябра СП СССР з 1943 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 11.04.1978 г.

Першы верш апублікаваны ў 1938 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). У 1945 г. у Маскве выйшаў першы зборнік паэзіі «Человек из дубравы» ў перакладзе на расейскую мову, у Менску - вершаваная казка «Мароз-партызан». Аўтар кніжак паэзіі «На бацькоўскіх сцежках» (1946), «Свята» (1947), «Чалавек-сонца» (1947), «Паэмы» (1948), «Светач» (1950), «Дарогай шчасця» (1952), «Жывая рака» (1955), «Хлеб і нахлебнікі» (1957), «За салаўінымі гаямі» (1959), «Вясёлка над полем» (1961), «Залатыя ключы» (1963), «Высокі поўдзень» (1964), «Рэха навальніц» (1965), «Партрэт бацькаўшчыны» (1967), «Вінтоўка і плуг» (1968), «Любоў мая» (1971), «Гарынь» (1972), «А ў бары, бары» (1974), «З Дуброўкі краіна відна» (1974), «Сонцам заручоныя» (1975), «Сонечны гадзіннік» (1978), «Сосны ў жыце» (1980), «Мой шчодры бор» (1985). Выдаў зборнік вершаваных фельетонаў «Маштабны Міканор» (1963). Напісаў для дзяцей кніжкі паэзіі «Ідзі, мой сын» (1953), «Тарасікава дарожка» (1962), «Дабрадзейны асілак» (1973), «Партызанскі рыбачок», (1976), аповесць «Малюнкі маленства» (1977).

Аўтар дакументальнай аповесці «Мінай Шмыроў» (1970), кніг нарысаў «Майстры сацыялістычнага земляробства» (1939), «Сонечным шляхам» (1950), «Добрыя людзі» (1957), «Людзі робяць вясну» (1959), «З добрай доляй заручоныя» (1960), «Хатынь: боль і гнеў» (1971), «Споведзь сэрца» (1978), кнігі літаратурных партрэтаў «Чарадзеі» (1970). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1968-1969).

Пераклаў на беларускую мову паэму А.Твардоўскага «За даллю - даль» (1962), паасобныя вершы А.Пракоф'ева, М.Бажана, А.Малышкі, І.Няходы і інш.

Бярозкін Рыгор, нарадзіўся 03.07.1918 г. у горадзе Магілеве ў сям'і служачага.

Вучыўся на рабфаку, на літаратурным факультэце Менскага педагагічнага інстытута (1936-1938). У 1938 г. працаваў загадчыкам аддзела крытыкі ў рэдакцыі часопіса «Полымя рэвалюцыі», затым - літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1938-1939), загадчыкам аддзела крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва» (1939-1941). Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, у красавіку 1941 г., быў рэпрэсіраваны. 26 чэрвеня, калі фашысцкія войскі набліжаліся да Менска, калону зняволеных вывелі з турмы на расстрэл. Р.Бярозкіну выпала застацца жывым. Ён накіраваўся ў Магілеў і ў ваенкамаце падаў заяву ў Чырвоную Армію. Прымаў удзел у баях пад Сталінградам, на Курскай дузе, пад Кіевам і ў Карпатах, на Сандамірскім плацдарме і ў вызваленні Прагі. Быў паранены. У ліпені 1949 г. рэпрэсіраваны другі раз. Зняволенне адбываў у лагерах Казахстана і Сібіры, працуючы на будаўніцтве шахт і электрастанцый. Быў вызвалены ў лістападзе 1955 г., рэабілітаваны ў ліпені 1956 г. У 1956-1967 гг. загадваў аддзелам крытыкі і паэзіі ў часопісе «Неман» (да 1960 «Советская Отчизна»). У 1967-1969 гг. - загадчык аддзела літаратуры рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», у 1970-1975 гг. - літсупрацоўнік бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Члён СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 01.12.1981 г.

Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1935 г. Першы зборнік артыкулаў «Паэзія праўды» выдаў у 1958 г. Затым выйшлі кнігі «Аркадий Кулешов: Критико-биографический очерк» (Масква, 1960), «Спадарожніца часу: Артыкулы аб паэзіі» (1961), «Свет Купалы: Думкі і назіранні» (1965; дапоўнены і перапрацаваны варыянт - «Мир Купалы», Масква, 1973), «Пімен Панчанка: Крытыка-біяграфічны нарыс» (1968), «Человек на заре: Рассказ о Максиме Богдановиче - белорусском поэте» (Масква, 1970, у перакладзе на беларускую мову выйшла ў 1981), «Постаці» (1971), «Кніга пра паэзію: Выбранае» (1974), «Звенні: Творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур» (1976), «Аркадзь Куляшоў: Нарыс жыцця і творчасці» (1978), «Свет Купалы. Звенні: Выбранае» (1981), «Паэзія - маё жыццё» (1989).

Бяспалы Змітро, нарадзіўся 28.08.1934 г. у вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1956 г. скончыў Рэчыцкі землеўпарадчы тэхнікум. Працаваў землеўпарадчыкам у Гарадзенскай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі (1958) паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1963). Адначасова працаваў у часопісе «Вожык» - супрацоўнікам, намеснікам рэдактара аддзела фельетонаў. З 1972 г. - адказны сакратар інфармацыйна-метадычнага бюлетэня «Родная прырода», а з 1977 г. - пасля рэарганізацыі бюлетэня ў часопіс - яго галоўны рэдактар. Сябра СП СССР з 1974 г.

Першае гумарыстычнае апавяданне было надрукавана ў 1963 г. Піша на беларускай і расейскай мовах. Выдаў зборнікі гумарыстычных апавяданняў «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977). Для дзяцей напісаў кнігі аб прыродзе Беларусі «Лясныя хітруны» (1969; дапоўненае выданне ў 1986), «У лясной каморы» (1972), «Мядзведзеў пачастунак» (1976), «Страшны звер» (1978), «Дзіўны птах» (1981), «Казкі Сіняга лесу» (1983), «С полным лукошком: Записки грибника» (1985), «Звери Беловежской пущи» (1987), «Птицы Беловежской пущи» (1988).

Склаў зборнік «Беларускія народныя жарты» (1970), адзін з аўтараў фотаальбома «Пакланіся прыродзе» (1984).

Загрузка...