Г


Гайдук Мікола, нарадзіўся 29.05.1933 г. у вёсцы Кабылянка Беластоцкага ваяводства (Польшча) у сялянскай сям'і.

У 1951 г. скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у мястэчку Міхалова. Два гады працаваў у гміннай управе. З 1953 г. вучыўся ў СССР на філалагічным факультэце ва ўніверсітэтах Растова-на-Доне, Ленінграда, Менска. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959) працаваў у агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім спачатку як настаўнік беларускай і лацінскай моў, а з 1965 г. - дырэктарам ліцэя. У 1959-1964 гг. адначасова выкладаў беларускую літаратуру на беларускім аддзяленні завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку. У 1971-1986 гг. - публіцыст, у 1986-1988 гг. - намеснік галоўнага рэдактара газеты «Ніва» (Беласток). Сябра Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа» з 1958 г. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1985 г.

Узнагароджаны ордэнамі Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы, Залатым крыжам і Сярэбраным крыжам заслугі і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986).

У друку выступіў з вершам на беларускай мове ў 1957 г. (газета «Ніва»). Выдаў на беларускай мове зборнік вершаў «Ціш» (Беласток, 1988). Піша апавяданні, на польскай мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Выступае як публіцыст, літаратуразнаўца і перакладчык паэзіі з польскай на беларускую мову. Апублікаваў каля 600 уласных запісаў беларускіх песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік. Сабраў у наваколлі Белавежы і апрацаваў зборнік беларускіх народных казак, легенд і паданняў «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (1982). Сааўтар (з Л.Гайдук) падручнікаў па беларускай мове для 3, 4, 5 класаў (1962-1987) (па 3 выданні) і «Граматыкі беларускай мовы для 5-8 класаў беларускай пачатковай школы» (1975).

Галавач Платон, нарадзіўся 18.04.1903 г. у вёсцы Пабокавічы Бабруйскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Застаўшыся без маці, з сямі год наймаўся за пастуха. У 1922-1923 гг. - інструктар Барысаўскага павятовага камітэта камсамола. У 1926 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі ў Менску і стаў працаваць загадчыкам аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1928 г. быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і рэдактарам газеты «Чырвоная змена». З лістапада 1929 да сакавіка 1930 г. - намеснік наркома асветы БССР. Адзін з кіраўнікоў літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП. У розны час рэдагаваў часопісы «Маладняк», «Полымя». Абіраўся сябрам ЦК КПБ (1927-1930) і сябрам ЦВК БССР (1927-1935). У 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 25.07.1956 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Расстраляны 29.10.1937 г.

Пачаў друкавацца з 1921 г. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Дробязі жыцця» (1927), «Хочацца жыць» (1930), «Апавяданні» (1934), аповесцей «Вінаваты» (1930), «Спалох на загонах» (1930), «Даляры» (1931), «Носьбіты нянавісці» (1936, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), «Яны не пройдуць!» (1937, часопіс «Полымя рэвалюцыі»), рамана «Праз гады» (1935, перавыданы ў 1936, 1984), нарыса пра будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934). У 1958 г. выйшаў Збор твораў у 3 тамах. У 1963 г. часопіс «Полымя» надрукаваў «Пісьмы Платона Галавача».

Галаўчынер Віктар, нарадзіўся 28.06.1905 г. у г. Менску ў сям'і настаўніка.

У 1926 г. скончыў Беларускую драматычную студыю пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве. Працаваў у Менску рэжысёрам і акцёрам Дзяржаўнага жыдоўскага тэатра (1926-1938), Беларускага рабочага тэатра імя ЦС ПСБ (1930-1932). У 1938-1939 гг. - выкладчык тэатральнай навучальні ў Менску, у 1939-1942 гг. - рэжысёр Беларускага тэатра імя Янкі Купалы, у 1942-1946 гг. - мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага жыдоўскага тэатра БССР, у 1946-1948 гг. - галоўны рэжысёр Дзяржаўнага расейскага тэатра БССР. З 1949 г. - галоўны рэжысёр у тэатрах Іркуцка, Ташкента, Вільні.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Народны артыст БССР (1944) і Летувіскай ССР (1959).

Памёр 15.07.1961 г.

У 1925 г. апублікаваў першы твор - п'есу «Гаўрош» па матывах рамана В.Гюго. Аўтар п'ес «Велікадушнасць» (пастаўлена ў 1935), «Урок жыцця» («Жыццё вучыць», пастаўлена ў 1942), «Да вяршынь» (1946), «Прафесар гісторыі» (1948). Выступаў і як тэатральны крытык.

Галіноўская Ніна, нарадзілася 18.12.1935 г. у вёсцы Вялікія Лазіцы Шклоўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1955 г. скончыла Магілеўскую дашкольную педагагічную навучальню. Працавала выхавацелькай дзіцячага сада торфапрадпрыемства «Калпеніца» Берасцейскай вобласці, дзіцячага дома ў мястэчку Лунна Гарадзенскай вобласці (1955-1958), карэктарам газеты «Мінская праўда» (1962-1963), карэктарам друкарні выдавецтва «Звязда» - затым выдавецтва ЦК КПБ (1963-1967). У 1967-1968 гг. - рэдактар мастацкіх фільмаў газеты «Кинонеделя Минска». Сябра СП СССР з 1985 г.

Першы верш апублікавала ў 1958 г. (скідальская раённая газета «Красное знамя»). Аўтар кніжак вершаў для дзяцей «Давайце пазнаёмімся» (1962), «Лясная зарадка» (1965), «Размова сняжынак» (1968), «Сяргейкаў параход» (1972), Кніжчыны сябры» (1975), «Мой дзень» (1977), «Зай прагназіст» (1979), «Незвычайны карагод» (1986), «Восень едзе ў магазін» (1990), калектыўнага зборніка «Калі ветрык спачывае» (1985).

Галубовіч Леанід, нарадзіўся 12.08.1950 г. у вёсцы Вароніна Клецкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Грыцэвіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна (1967), затым слуцкай прафесійна-тэхнічнай навучальні № 97 (1969) працаваў электрыкам на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Служыў у Савецкай Арміі (1970-1972). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1989 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1989 г. - рэдактар літаратурна-драматычных праграм на Беларускім тэлебачанні. Сябра СП СССР з 1984 г.

У друку выступае з 1967 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Таемнасць агню» (1984) і «Споведзь бяссоннай душы» (1989).

Галубок Уладзіслаў (сапр. Голуб Уладзіслаў), нарадзіўся 15.05.1882 г. на станцыі Лясная Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сям'і чыгуначніка.

Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе, здаў экстэрнам экзамены за курс Менскай гарадской навучальні (1906), скончыў у Менску мастацкія курсы. Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у магазіне, слесарам у Менскім дэпо. У 1917-1920 гг. - акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. З 1920 да 1922 г. - загадчык мастацкага аддзела ў Народным камісарыяце асветы БССР. Адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 г. стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся «Трупа Галубка», а ў 1932 г. атрымаў назву БДТ-3. У 1937 г. рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны 26.08.1957 г. Вярхоўным судом БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Народны артыст БССР (1928).

Расстраляны 28.09.1937 г.

У 1906 г. пачаў выступаць у перыядычным друку як паэт і празаік. Выдаў зборнік «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). З 1917 г. выступаў як драматург. Напісаў каля 40 п'ес. «Апошняе спатканне» (Вільня, 1919, пастаўлена ў 1917), «Пісаравы імяніны» (1927, пастаўлена ў 1917), «Бязвінная кроў» (пастаўлена ў 1918), «Залёты дзяка» (пастаўлена ў 1918), «Бязродны» (пастаўлена ў 1919), «Суд» (Вільня, 1924, пастаўлена ў 1920), «Душагубы» (пастаўлена ў 1921), «Ганка» (1929, пастаўлена ў 1920), «Пан Сурынта» (1930, пастаўлена ў 1923), «Плытагоны» (пастаўлена ў 1923), «Фанатык» (пастаўлена ў 1922), «Пінская мадонна» (пастаўлена ў 1927), «Белы вянок» (1929, пастаўлена ў 1921), «Ветрагоны» (1930, пастаўлена ў 1919), «Краб» (1930, пастаўлена ў 1927), «Белая зброя» (1933, пастаўлена пад назвай «Рыкашэт» у 1935), «Ліпавічок» (1962) і інш. У 1968 г. выйшаў зборнік «П'есы», у 1982 г. - «Творы». Аўтар публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы як мастак-дэкаратар і пейзажыст.

Гальпяровіч Навум, нарадзіўся 14.01.1948 г. у горадзе Полацку ў сям'і рабочага.

Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на Полацкім шклозаводзе (1966-1967), у полацкай аб'яднанай газеце «Сцяг камунізму» (1967-1977). Вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1979 г. скончыў завочна Віцебскі педагагічны інстытут. У 1977-1980 гг. - рэдактар радыёвяшчання вытворчага аб'яднання «Палімір» у Наваполацку, у 1980-1981 гг. - супрацоўнік наваполацкай гарадской газеты «Химик», з 1981 г. - уласны карэспандэнт Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці. Сябра СП СССР з 1990 г.

Першы верш надрукаваў у гарадской газеце Наваполацка «Химик» у 1967 г. Адзін з аўтараў калектыўнага зборніка паэзіі «Сцяжына» (1983). У 1990 г. выйшаў зборнік вершаў «Брама».

Выступае таксама з літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.

Гамолка Мікола, нарадзіўся 11.03.1922 г. у вёсцы Брынёў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1939-1940, завочна ў 1948-1952). У 1940-1946 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1947 г. паступіў на працу рэдактарам у Дзяржаўнае выдавецтва БССР, у 1948-1949 гг. - літсупрацоўнік рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1949 г. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», у 1951-1962 гг. - адказны сакратар часопіса «Бярозка». З 1967 г. - адказны сакратар Камісіі па Дзяржаўных прэміях БССР пры Савеце Міністраў рэспублікі. У 1970-1980 гг. і ў 1982-1986 гг. - літкансультант СП БССР, у 1980-1982 гг. - дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 03.05.1992 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1937 г. (бабруйская газета «Камуніст»). Аўтар зборнікаў вершаў «Зварот шчасця» (1946) і «Б'юць куранты» (1950). Паасобныя вершы пакладзены на музыку. Працаваў пераважна ў жанры прозы. Выйшлі аповесці для дзяцей «Лета ў Калінаўцы» (1950, дапоўненае выданне ў 1956), «Добры дзень, школа!» (1953), «За вялікую трасу» (часопіс «Полымя», 1954), а таксама раман «Шосты акіян» (1959), аповесці «Лясная крэпасць» (1980), «Сокалы-сакаляняты» (1987), «Партызанскія сёстры» (1989), зборнік апавяданняў «Шлях адкрыты» (1960). На расейскай мове выдаў аповесць-хроніку «Девушка шла по войне» (1972). У 1982-1983 гг. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Напісаў п'есу «Бітва ў космасе» (пастаўлена ў 1963).

Пераклаў на беларускую мову п'есу-казку Я.Шварца «Чырвоная шапачка» (пастаўлена ў 1967).

Гарбацэвіч Васіль, нарадзіўся 19.04.1893 г. у вёсцы Дукарка (цяпер увайшла ў склад вёскі Дукора) Пухавіцкага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1913 г. скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю. Працаваў настаўнікам Лютаўскай земскай школы пад Сянно (1913-1915). Скончыў Менскі настаўніцкі інстытут (1918). Настаўнічаў у Дукорскай школе (1918-1924), выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Магілеўскім педагагічным тэхнікуме (1924-1929). Арганізатар і кіраўнік Магілеўскай філіі «Маладняка». У 1932 г. скончыў Менскі вышэйшы педагагічны інстытут. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1943 г. пад Каневам быў цяжка паранены. Настаўнічаў з перапынкамі ў вёсцы Дукора на Меншчыне (1933-1957). Сябра СП СССР з 1981 г.

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Заслужаны настаўнік БССР (1947).

Памёр 17.09.1985 г.

Вядомы як драматург. Аўтар п'ес «Вяселле» (пастаўлена ў 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апублікавана і пастаўлена ў 1923, асобнае выданне ў 1959), «Пад вішнёвымі садкамі» (апублікавана ў 1927), «Песні нашых дзён» (1930). У 1983 г. выйшаў зборнік п'ес «Чырвоныя кветкі Беларусі». Аўтар успамінаў пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі («Шлях паэта», 1975).

Гарбук Вісарыён, нарадзіўся 24.11.1913 г. у вёсцы Шкілякі Полацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1933 г. скончыў Лепельскі педагагічны тэхнікум. Выкладаў беларускую і расейскую мову і літаратуру ў Дварэцкай няпоўнай сярэдняй школе (1933-1935), адначасова вучыўся завочна на літаратурным факультэце Менскага педінстытута. У 1935 г. перайшоў на стацыянарнае аддзяленне інстытута. У красавіку 1936 г. рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Вярнуўся ў Беларусь у 1940 г. Поўнасцю рэабілітаваны ў 1961 г. З 1940 г. - настаўнік і загадчык навучальнай часткі Мехаўскай сярэдняй школы на Віцебшчыне (1940-1941). У ліпені 1941 г. прызваны ў армію. Удзельнічаў у абароне Масквы, вызваленні Беларусі, Польшчы, узяцці Берліна. У 1946 г. цяжка захварэў на поліартрыт і быў прыкаваны да ложка. Жыў у Пяцігорску. Сябра СП СССР з 1963 г.

Узнагароджаны медалямі.

Заслужаны работнік культуры БССР (1979).

Памёр 08.08.1986 г.

Пісаць пачаў у шпіталі. У 1957 г. надрукаваў першае апавяданне. Пісаў на беларускай і расейскай мовах. Аўтар кніг прозы «Не шукаю спакою» (1963), «Лицо в полоску» (1967, па аднайменным апавяданні ў 1971 г. пастаўлены тэлефільм). Для дзяцей выйшлі кнігі «Танюшкины рассказы» (Стаўрапаль, 1964), «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне. Таніны апавяданні» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Хто такія мы» (1973), «Мышки и Мишки» (Стаўрапаль, 1974), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977). Пераклаў і апрацаваў для дзяцей казкі народаў Паўночнага Каўказа «Напітак волатаў» (1969). У 1983 г. выйшла кніга выбраных твораў «Горад без папугайчыкаў».

Гардзей Віктар, нарадзіўся 19.08.1946 г. у вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы (1964) працаваў у калгасе, а ў 1965-1966 гг. быў літсупрацоўнікам ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму». З 1966 г. - у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе» (загадчык аддзела пісем, адказны сакратар, намеснік рэдактара). З пераездам у Менск (1983) працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 г. - старшы літсупрацоўнік аддзела прозы часопіса «Маладосць». Завочна скончыў факультэт журналістыкі БДУ (1984). Сябра СП СССР з 1979 г.

Узнагароджаны медалём.

Літаратурную працу пачаў у 1963 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988) і кніжак вершаў для дзяцей «Чырвоны грабеньчык» (1976), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата - трактарыст» (1989).

Выдаў кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984) і «Карані вечнага дрэва» (1988).


Гардзіцкі Аляксей, нарадзіўся 02.05.1934 г. у вёсцы Пугачова (з 1979 г. у межах Берасця) Берасцейскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Берасцейскага педагагічнага інстытута (1956). Быў завучам Мікашэвіцкага дзіцячага дома, на камсамольскай працы, журналістам на Берасцейшчыне. У 1959-1962 гг. - аспірант, у 1962-1966 гг. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Працаваў старшым рэдактарам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па друку. З 1972 г. - літкансультант СП БССР. Сябра СП СССР 1970 г.

З рэцэнзіямі і артыкуламі пачаў выступаць у 1953 г. (берасцейская абласная газета «Заря»). Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв'ю, гутарак пра літаратуру «Дыялогі» (1968), «Сустрэчы» (1972), «Зразумець як сваё» (1977), «Вачыма сяброў» (1977), «Сябрына» (1986), «Гутаркі» (1988). Напісаў літаратуразнаўчую працу «Пра майстэрства дэталі» (1969) і брашуру «Творчасць Івана Шамякіна» (1971). Выступае і як аўтар празаічных мініяцюр і літаратурных эцюдаў.

Складальнік зборніка «Беларускія савецкія паэты» (на грузінскай мове, Тбілісі, 1978), біябібліяграфічнага даведніка «Пісьменнікі савецкай Беларусі» (1981).

Гародня Алесь (сапр. Функ Аляксандар), нарадзіўся ў горадзе Пярмі (Расея) у 1899 г. у сям'і чыноўніка.

Часта з бацькамі наведваў Пружаншчыну, дзе былі дзедаў і матчын маёнткі. Рэвалюцыю 1917 г. сустрэў у Фінляндыі. Далучыўся трывала да беларускай культуры ў Маскве, куды пераехаў у 1917 г. на вучобу. Там стаў сябрам маскоўскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады. Быў тэхнічным рэдактарам часопіса «Чырвоная Беларусь». У 1930 г. арыштаваны, у 1931 г. асуджаны да зняволення. У 1942 г. зноў яму інкрымініравана справа і Самаркандскі абласны суд прыгаварыў яго да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена на 10 год зняволення.

Памёр 12.09.1944 г. у зняволенні.

У друку з празаічнымі творамі пачаў выступаць з 1925 г. (часопіс «Полымя»). У Менску выйшлі аповесці «На крэсах» (1927) і «Варта на Рэйне» (1930). Выступаў таксама з апавяданнямі і артыкуламі.

Гартны Цішка (сапр. Жылуновіч Зміцер), нарадзіўся 04.11.1887 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1905 г. скончыў двухкласную навучальню ў Капылі. Працаваў у гарбарнай майстэрні. Прымаў удзел у рэвалюцыйных падзеях 1905-1907 гг. У пошуках працы аб'ехаў Беларусь, Украіну і Летуву. У 1910 і 1911 гг. прыязджаў у Капыль і браў удзел у рабоце мясцовай арганізацыі РСДРП, у выданні рукапісных часопісаў. У траўні 1913 г. стаў працаваць на заводзе «Вулкан» у Пецярбургу. Газета «Правда» ў 1912-1913 гг. змясціла шэраг яго вершаў і нарыс пра гарбароў. Быў сябрам рабочага культурна-асветнага таварыства «Знанне». У 1914 г. перайшоў працаваць на завод «Айваз». Вёў у Петраградзе прапагандысцкую і арганізацыйную работу сярод бежанцаў-беларусаў. Пасля Кастрычніка - сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята пры ўрадзе РСФСР, рэдактар газеты «Дзянніца». З дня ўтварэння БССР (01.01.1919) да 03.02.1919 г. быў старшынёй Часовага рабоча-сялянскага Савецкага ўрада Беларусі. З сакавіка 1919 г. - рэдактар-выпускаючы і сакратар газеты «Красная заря» (Харкаў), а з чэрвеня 1919 г. - палітработнік у штабе 14-й арміі, Працаваў рэдактарам газеты «Савецкая Беларусь», часопіса «Полымя», дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР і Дзяржаўнага архіва БССР, загадчыкам Галоўмастацтва і намеснікам народнага камісара асветы БССР. Быў сябрам Інбелкульта (Інстытута беларускай культуры), а ў 1928 г. абраны акадэмікам АН БССР. Працаваў у Інстытуце гісторыі і загадваў выдавецтвам АН БССР. Быў сябрам ЦВК БССР (1920-1931). 15.11.1936 г. арыштаваны. Знаходзячыся ў турме, быў абвешчаны псіхічна хворым, у сувязі з чым пераведзены ў Магілеўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе памёр (па іншых звестках - скончыў жыццё самагубствам). 15.10.1955 г. рэабілітаваны ў грамадска-прававых адносінах, у 1988 г. адбылася поўная палітычная рэабілітацыя. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 11.04.1937.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1908 г. на старонках «Нашай нівы». Выдаў зборнікі паэзіі «Песні» (1913), «Песні працы і змагання» (Берлін, 1922), «Урачыстасць» (1925). У 1967 г. выйшлі «Вершы».

Актыўна выступаў як празаік. Аўтар кніг апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924), «Прысады» (апавяданні і п'есы, 1927), «Гаспадар» (1930), «Гоман зарніц» (1932), «Наступ на горны» (апавяданні, нарысы і вершы, 1932), аповесцей «На новым месцы» (1930), «Зялёны шум» (1931), рамана «Сокі цаліны» (ч. I-III, 1922-1930). У 1929-1932 гг. выйшаў Збор твораў у 4 тамах, у 1987-1989 гг. - тры тамы Збору твораў у 4 тамах. У 1926 і 1962 гг. - «Выбраныя апавяданні», у 1978 г. - кніга выбраных апавяданняў «Насустрач сонцу».

Аўтар драм «Хвалі жыцця» (1918), «Сацыялістка» (1924), «Дзвё сілы» (1927), зборніка літаратурна-крытычных артыкулаў «Узгоркі і нізіны» (1928), крытыка-біяграфічнага нарыса «Янка Купала - пясняр вызвалення» («Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», 1928).

Пераклаў на беларускую мову раман А.Фадзеева «Апошні з удэгэ» (1932).

Гарулёў Мікола, нарадзіўся 06.11.1919 г. у вёсцы Баева Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і настаўніка.

Скончыў аддзяленне расейскай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Магілеўскага педагагічнага інстытута (1941). На пачатку Вялікай Айчыннай вайны - баец 1-га камуністычнага знішчальнага батальёна пры ЦК КП Беларусі, потым - баец, афіцэр-палітработнік у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі (1947) - адказны сакратар рэдакцыі магілеўскай абласной газеты «За Радзіму». У 1949 г. пераехаў у Менск, працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, у рэдакцыі часопіса «Советская Отчизна», загадчыкам літаратурнай часткі Расейскага драматычнага тэатра, на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1970-1979 гг. - адказны сакратар часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1979).

Памёр 07.05.1980 г.

Першы верш апублікаваў у 1938 г. (газета «Камунар Магілёўшчыны»). Пісаў на расейскай і беларускай мовах. У 1949 г. выдаў нарыс «Шлях рацыяналізатара». Выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Друзья-товарищи» (1954), «Новы настаўнік» (1974), «Прощайте, любимые» (1977), «Кібернетычная жонка» (1979), раманы «Прощайте, любимые» (1979), «После разлуки» (1981). Зрабіў літаратурны запіс кнігі М.Каралёва «Сыновья народа» (1955).

Выдаў зборнікі вершаў «Сверстники» (1950), «В пути» (1956), «Признание» (1976).

Выступаў і як драматург. Аўтар п'ес «Выбух» (з М.Алтуховым, 1959, пастаўлена ў 1958), «Второе знакомство» (1961, пастаўлена ў 1960), «Если любишь» («Призвание», 1963, пастаўлена ў 1962), «Моя дочь» (1966, пастаўлена ў 1965), «Друг или враг» («Кровью скрепленная», 1967, пастаўлена ў 1966), «Месть Половинкина» (пастаўлена ў 1968), «Москвич-408» (1971), тры апошнія п'есы ўвайшлі ў зборнік «Наследники» (1971). Напісаў кінааповесць «Наследники Матвея Марковича» (1963) і сцэнарыі трох дакументальных фільмаў.

Пераклаў на расейскую мову раманы М.Паслядовіча «Святло над Ліпскам» (1950) і М.Зарэцкага «Вязьмо» (1965), а таксама паасобныя творы Я.Коласа, Э.Самуйлёнка, П.Галавача, М.Танка, П.Панчанкі, А.Бялевіча, У.Краўчанкі, Я.Скрыгана, І.Мележа і інш.

Гарун Алесь (сапр. Прушынскі Аляксандар), нарадзіўся 11.03.1887 г. у фальварку Новы Двор (цяпер у межах Менска) у сям'і чорнарабочага.

Скончыў гарадскую прыходскую навучальню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесніцкай навучальні. З 1902 г. працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску. У 1904 г. уступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 г. арыштаваны і высланы на пасяленне ў Сібір, дзе займаўся сталярнай і цяслярнай працай. Ссылку адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні. У 1914 г. працаваў на Лене вадалівам. З 1915 г. - на залатых капальнях у Бадайбо, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў абраны дэпутатам Савета Ленінскай золатапрамысловай акругі. У Менск вярнуўся ў верасні 1917 г., у 1918 г., у час нямецкай акупацыі, рэдагаваў газету «Беларускі шлях». У 1919 г., пасля захопу Менска палякамі, стаў сябрам так званай Беларускай вайсковай камісіі. У 1920 г. цяжка хворы вывезены ў Кракаў.

Памёр 28.07.1920 г.

Пісаць вершы пачаў змалку. У друку дэбютаваў вершам «Маці-Беларусі» ў 1907 г. (газета «Наша ніва»). Вершы, апавяданні публікаваліся ў газетах «Наша ніва», «Беларус», «Вольная Беларусь», у калектыўных зборніках і календарах. Выйшаў зборнік паэзіі «Матчын дар» (1918, 1929, факсімільнае выданне ў 1988), у 1920 г. - зборнік «Жывыя казкі», куды ўвайшлі тры п'есы для дзіцячага тэатра: «Хлопчык у лесе» (ставілася ў Вільні ў 1921), «Шчаслівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У Вільні асобным выданнем выйшла паэма «Мае коляды» (пад псеўданімам А.Сумны, 1920). Выступаў у друку і як публіцыст.

Гарэлікава Таццяна, нарадзілася 28.11.1947 г. у вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Патапаўскай сярэдняй школы (1964) паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыла завочна ў 1970). З 1968 г. працавала бібліятэкарам у Менску, з 1972 г. - старшай піянерважатай, з 1975 г. - арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы Трасцянецкай, з 1976 г. - дырэктарам Раўкуцевіцкай сярэдняй школы, з 1978 г. - інспектарам Менскага райана. З 1979 г. - намёснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі, з 1980 г. - сакратар Менскага райкома КПБ. З 1985 г. - рэдактар аддзела прозы часопіса «Неман». Сябра СП СССР з 1979 г.

З першым апавяданнем выступіла ў друку ў 1962 г. (газета «Піянер Беларусі»). Выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў «Дзе лес шуміць» (1978), «Пры святле расстанняў» (1985).

Гарэцкі Максім, нарадзіўся 18.02.1893 г. у вёсцы Малая Багацькаўка (у 1976 г. аб'яднана ў вёску Багацькаўка) Мсцілаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Горацкую каморніцка-агранамічную навучальню (1913). Працаваў каморнікам у Летуве. Улетку 1914 г. прызваны ў армію. У час першай імперыялістычнай вайны быў на фронце, ва Ўсходняй Прусіі. Пад Сталупененам паранены. У 1916 г. скончыў Паўлаўскую ваенную навучальню. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі жыў у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета», у газеце «Звязда», з рэдакцыяй якой у пачатку 1919 г. пераехаў у Вільню. Займаўся выдавецкай і навуковай дзейнасцю, працаваў настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі. Быў рэдактарам і выдаўцом газет «Наша думка» (1920-1921) і «Беларускія ведамасці» (1921-1922). За сувязь з віленскімі камуністамі трапіў у 1922 г. у Лукішскую турму. У 1923 г. вярнуўся ў БССР. Чытаў лекцыі на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, загадваў кафедрай беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі, займаўся літаратурнымі даследаваннямі ў Інстытуце беларускай культуры, а потым у АН БССР. У 1931-1935 гг. жыў у Кіраве (былая Вятка), куды быў высланы. Працаваў чарцёжнікам, тэхнікам. З верасня 1935 г. жыў у пасёлку Пясочня (цяпер г. Кіраў) Калужскай вобласці, дзе працаваў выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, у 1938 г. быў арыштаваны і адпраўлены ў лагер у Комі АССР. Справа па абвінавачаню М.Гарэцкага адменена і спынена ў 1957 г. Вярхоўным судом БССР. 07.02.1959 г. Калужскім абласным судом поўнасцю рэабілітаваны.

Расстраляны 10.02.1938 г. у Вязьме.

Друкаваўся з 1912 г. (допісы, карэспандэнцыі). Першае апавяданне надрукаваў у 1913 г. у газеце «Наша ніва». У 1914 г. выдаў у Вільні зборнік апавяданняў «Рунь», у 1919 г. - драматызаваную аповесць «Антон». Выйшлі кнігі прозы: зборнік апавяданняў «Досвіткі» (1926), аповесці «Дзве душы» (Вільня, 1919), «Ціхія песні» (1926, другое, дапрацаванае і пашыранае выданне пад назвай «Ціхая плынь» у 1930), дакументальна-мастацкія запіскі «На імперыялістычнай вайне» (1926, перавыдадзены ў 1987), раман «Віленскія камунары» (1965), «Камароўская хроніка» (часопіс «Полымя», 1966). Выпушчаны ў 1960 г. - «Выбранае», у 1973 г. - Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1984-1986 гг. - Збор твораў у 4 тамах, у 1990 г. - «Творы».

Працаваў і ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства, а таксама мовазнаўства. Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры» (Вільня, 1920, 4-е выданне, Менск, 1926). Аўтар літаратурна-крытычнай працы «Маладняк» за пяць гадоў. 1923-1928» (1928), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век - 1905 г.» (Вільня, 1922), «Руска-беларускага слоўніка» (з Г.Гарэцкім, Смаленск, 1918, 2-е выданне, Вільня, 1920), «Беларуска-расійскага слоўнічка» (3-е выданне, 1925), «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М.Байковым, 1924, 2-е выданне, 1926). Выдаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі» (запісаныя ад маці, мелодыі запісалі А.Ягораў і М.Аладаў, 1928).

Напісаў драматычныя абразкі, якія ставіліся самадзейнасцю, «Атрута» (1913), «Мутэрка» («Вучыцель Мутэрка», 1920), «Чырвоныя ружы» (1923), «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925), «Не адной веры» (1928), «Гапон і Любачка» (1929) і інш.

Пераклаў на беларускую мову паасобныя працы Ў.І.Леніна (пад псеўданімам А.Мсціслаўскі), творы Ю.Лібядзінскага «Камісары» і «Тыдзень», А.Фадзеева «Разгром», апавяданні М.Горкага «Зброднік», «Канавалаў» і «Чалкаш», «Слова аб палку Ігаравым».

Гаўрук Юрка, нарадзіўся 06.05.1905 г. у горадзе Слуцку Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

У 1921 г. скончыў слуцкую школу другой ступені, у 1925 г. - Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В.Брусава ў Маскве. Быў дацэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі (1925-1931), чытаў курс зарубежнай літаратуры і літаратур народаў СССР у Магілеўскім педагагічным інстытуце. 08.02.1935 г. рэпрэсіраваны. Асуджаны на высылку з Беларусі. Больш за 20 гадоў працаваў на розных работах у Карэліі, Усходняй Сібіры, Комі АССР. Рэабілітаваны ў 1956 г. У 1957-1967 гг. - памочнік галоўнага рэжысёра па літаратурнай частцы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 18.02.1979 г.

Працаваў у галіне перакладу з французскай, ангельскай, нямецкай, польскай, расейскай, украінскай на беларускую мову. Першая публікацыя - у 1925 г. (верш Г.Гейнэ «Ткачы»). Пераклаў п'есы Ў.Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, пастаўлена ў 1926), «Гамлет» (1935, 1964, пастаўлена ў 1946), «Атэла» (1954), «Канец - справе вянец» (пастаўлена ў 1964), «Кароль Лір» (1974), «Антоній і Клеапатра» (1982). У яго перакладзе ставіліся п'есы «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1957), «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэда (1957), «Забыты ўсімі» Н.Хікмета (1958), «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго (1962), «Мяцеліца» Л.Ляонава (1965), «Дзядзька Ваня» А.Чэхава (1965), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Улада цемры» Л.Талстога (1969), «Залатая карэта» Л.Ляонава (1971), «Багна» А.Астроўскага (1972), «Доктар філасофіі» Б.Нушыча (1972).

Напісаў зборнік краязнаўчых апавяданняў «Вясковыя рыскі» (1926). Аўтар першай на Беларусі кніжкі паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928). У 1969 г. выйшаў зборнік арыгінальных вершаў і перакладаў «Іскры з крэменя», у 1975 г. - зборнік выбра-ных перакладаў паэзіі «Агні ў прасторах», у 1990 г. - «Выбранае» (вершы і пераклады).

Пераклаў асобныя творы А.Пушкіна, Ф.Шылера, А.Міцкевіча, Дж.Байрана, Лесі Ўкраінкі, У.Сасюры, П.Варанько, асобнымі выданнямі выйшлі раман А.Сціля «Любіць будзем заўтра» (1960), зборнік А.Маруа «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы» (1974), раманы Э.Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976) і К.С.Прычард «Дачка ўрагану» (1977). На расейскую мову пераклаў аповесць «Люба Лук'янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К.Чорнага і «Серадзібор» (1966) П.Пестрака.

Аўтар артыкулаў па тэорыі і практыцы мастацкага перакладу, эсэ, якія ўвайшлі ў кнігу «Ступень адказнасці» (1986).

Гаўрусёў Сцяпан, нарадзіўся 10.05.1931 г. у вёсцы Нова-Аляксандраўка Дрыбінскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Магілеўскую педагагічную навучальню (1951). Служыў у Савецкай Арміі. У 1954-1957 гг. быў супрацоўнікам рэспубліканскай газеты «Звязда», у 1964-1965 гг. - рэдактарам выдавецтва «Беларусь». Сябра СП СССР з 1955 г.

Памёр 12.03.1988 г.

З вершамі ў друку ўпершыню выступіў у 1948 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Паходныя кастры» (1955), «На грэбнях хваль» (1959), «Шчодрасць» (1962), «Ураган» (1966), «Профіль веку» (1969), «Кляновыя лісты» (1971), «Пераклічка» (1973), «Клопат» (1976), «Водсветы» (1978), «Азарэнне» (1980), «Крона» (выбранае, 1981), «Пладаноснасць» (1986), «Званы нябёс» (1988).

Пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А.Твардоўскага, М.Ісакоўскага, М.Святлова, А.Пракоф'ева, М.Дудзіна, С.Нараўчатава, Я.Райніса, Я.Судрабкална, І.Харыка, паэму «Ануш» А.Туманяна, «Маабіцкі сшытак» М.Джаліля (з А.Пысіным, 1975), асобныя вершы таджыкскіх, узбекскіх, азербайджанскіх і башкірскіх паэтаў.

Выступаў у друку з рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1987) за кнігу вершаў «Пладаноснасць».

Гаўрылаў Леанід, нарадзіўся 02.02.1918 г. у вёсцы Бердыж Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і рабочага-сезонніка.

Вучыўся ў Менскім беларускім педагагічным тэхнікуме. Паступіў у Інстытут народнай гаспадаркі, а ў 1936 г. перавёўся на літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1940) прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў у танкавых войсках механікам-вадзіцелем. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны - на фронце.

Загінуў у 1941 г.

Першыя вершы з'явіліся ў 1935 г. Друкаваўся ў альманаху «Аднагодкі», у газетах «Гомельская праўда», «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя рэвалюцыі». Нізкі вершаў змешчаны ў зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967). У 1961 г. выйшла кніжка паэзіі «Вернасць».

Гаўрылкін Леанід, нарадзіўся 22.05.1935 г. у пасёлку Стэп Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.

У 1952 г. паступіў на адзяленне філасофіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а праз два гады перавёўся на аддзяленне журналістыкі. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) працаваў адказным сакратаром рэдакцыі церахоўскай раённай газеты «Ленінец», а ў 1960-1977 гг. - рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання. З 1967 г. адначасова з'яўляўся сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення СП БССР. У 1977-1979 гг. - галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», у 1979-1986 гг. - сакратар праўлення СП БССР. У 1986-1989 гг. - загадчык аддзела літаратуры часопіса «Вожык». Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны медалём.

Памёр 05.02.1989 г.

Першыя апавяданні надрукаваў у 1959 г. (часопіс «Маладосць»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Рукі не здрадзяць» (1963), «Прашу звольніць мяне» (1965), «Пакінутая на досвітку» (1970), «Вясенні разліў» (1973), «Урок без перапынку» (1985), «Ружы для каварнай жанчыны» (1990), раманаў «Не магу без цябе» (1975, адзначаны прэміяй на Ўсесаюзным конкурсе ВЦСПС і СП СССР на лепшы твор пра рабочы клас), «Зямля дзяцей нашых» (1980), «Матчына хата» (1983), «Застаюся з табой» (1986). Выдаў кніжкі гумарыстычных апавяданняў «Мадэльер з Баршчоўкі» (1980), «Як Клава мужа шукала» (1985), «Жыццё Ігната Валуна» (1989). У 1987 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Працаваў і ў галіне драматургіі. Аўтар адна-актовай п'есы «Бо ў пісанні сказана» (1966), п'есы «Выпрабаванне» (пастаўлена ў 1975), радыёп'есы «Жыгулі» ў экспартным варыянце» (пастаўлена ў 1978), камедыі «Хвост паўліна» (пастаўлена на тэлебачанні, 1981). Аўтар кінасцэнарыя дакументальнага фільма пра П.Броўку «Маўчаць ніколі я не буду» (1980).

Гейнэ Аркадзь, нарадзіўся 10.01.1919 г. у гарадскім пасёлку Бешанковічы Віцебскай вобласці ў сям'і служачага.

Вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Менску (1938-1941). Працаваў у рэдакцыях газет. У час Вялікай Айчыннай вайны - на фронце, камандзір узвода механізаванай брыгады.

Загінуў 16.12.1942 г. на Сталінградскім фронце.

З 1934 г. выступаў з вершамі, артыкуламі і рэцэнзіямі ў газетах «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя рэвалюцыі». У 1939 г. выйшаў зборнік паэзіі «Шчаслівая зорка». Асобныя вершы змешчаны ў калектыўных зборніках «Камсамол на граніцы» (1939), «Мы іх не забудзем» (1949), «Крывёю сэрца» (1967).

Геніюш Ларыса, нарадзілася 09.08.1910 г. у маёнтку Жлобаўцы Ваўпянскай воласці Гарадзенскага павета (цяпер Ваўкавыскі раён Гарадзенскай вобласці) у сялянскай сям'і.

Ратуючыся ад першай сусветнай вайны, бацькі разам з дачкою пакінулі родныя мясціны. Вярнуліся дадому ў 1919 г. Скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію (1928). У 1937 г. выехала ў Прагу, дзе жыў і вучыўся ва ўніверсітэце яе муж І.Геніюш. Уключылася ў жыццё беларускай эміграцыі, у дзейнасць урада БНР (нейкі час была яго сакратаром). У час нямецкай акупацыі друкавалася ў газетах «Раніца», «Беларускі работнік», у часопісе «Новы шлях» і інш. У 1948 г. арыштавана і перавезена ў Менск. Судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР асуджана на 25 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Камісія Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30.05.1956 г. абвінавачванне прызнала абгрунтаваным, але тэрмін пакарання быў зменшаны да 8 гадоў. Пераехала ў пасёлак Зэльву, што на Гарадзеншчыне, дзе жыла, не прыняўшы савецкага падданства. У беларускім савецкім друку выступала з 1963 г.

Памерла 07.04.1983 г.

Дэбютавала ў друку вершамі ў 1939 г. Першы зборнік паэзіі «Ад родных ніў» апублікаваны ў Празе ў 1942 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Невадам з Нёмана» (вершы і паэма, 1967), «На чабары настоена» (1982), «Белы сон» (1990), паэтычныя кніжкі для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь!» (1976). У часопісе «Спадчына» надрукавана паэма «Маёй бабусі» (1989), у часопісе «Маладосць» - аповесць «Споведзь» (1990).

Герасімаў Мікалай, нарадзіўся 26.10.1903 г. у горадзе Пецярбургу (Расея) у сям'і служачага.

Працоўны шлях пачаў у 1920 г. справаводам у Малаяраслаўскім павятовым выканкоме Калужскай вобласці. З 1921 г. працаваў інструктарам у спартыўных арганізацыях. Служыў у Чырвонай Арміі (1925-1927). Быў рабочым на суднабудаўнічым заводзе, на трыкатажнай фабрыцы, на будаўніцтве ў Ленінградзе. Пасля заканчэння Ваенна-медыцынскай акадэміі ў Ленінградзе (1937) быў ваенным лекарам. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1956 г. звольнены з вайсковай службы, з 1957 г. жыў у Магілеве. Сябра СП СССР з 1956 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 17.09.1977 г.

У друку выступіў у 1924 г. з нарысамі. Пісаў на расейскай мове. Выйшлі аповесці «Где сходятся берега» (Масква, 1931) і «Простуда» (Масква, 1932), раман «Узлы» (Масква, 1933), аповесці «Огонь над Каличевкой» (Чкалаў, 1955), «Завтрашний день принадлежит тебе» (Масква, 1966), «Повести» (1979).

Герцовіч Якаў, нарадзіўся 01.01.1910 г. у вёсцы Сяліба Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сям'і рабочага.

Працоўны шлях пачаў дванаццацігадовым хлапчуком на лесапільным заводзе «Кастрычнік» у Асіповіцкім раёне, быў конюхам у калгасе. У 1936 г. скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі ў Менску. Працаваў журналістам. У час Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнт газет Заходняга, а затым 3-га Беларускага франтоў. Пасля вайны працаваў у рэдакцыі газеты «Звязда», з 1953 г. - у часопісе «Вожык», у 1967-1970 гг. - намеснік галоўнага рэдактара гэтага часопіса. Сябра СП СССР з 1948 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.

Памёр 21.04.1976 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў з вершаў у 1927 г. З рэцэнзіямі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступаў з 1934 г. Аўтар нарыса «Анастасия Мицкевич» (1939), зборнікаў артыкулаў «На перадавых пазіцыях» (1957), «Літаратура і жыццё народа» (1960), «Герой і сучаснасць» (1963), «Пісьменнікі, кнігі, героі» (1966), «Творчае крэда» (1970).

Напісаў кніжку гумарэсак «Не пугай адзінай» (1969). Выдаў франтавыя нататкі «На вайне як на вайне» (1969).

Герчык Міхаіл (таксама Герчык Майсей), нарадзіўся 07.06.1932 г. у горадзе Бабруйску ў сям'і рабочага.

У час Вялікай Айчыннай вайны разам з маці і малодшым братам быў у эвакуацыі ў калгасе імя Мічурына Нова-Пакроўскага раёна Арэнбургскай (тады Чкалаўскай) вобласці, працаваў у сельскай гаспадарцы. Восенню 1944 г. сям'я вярнулася дадому. Скончыў Менскую педагагічную навучальню (1953), аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Працаваў у піянерскай газеце «Зорька», быў рэдактарам на Беларускім радыё. З 1964 г. - рэдактар выдавецтва «Беларусь», з 1972 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1964 г.

У друку выступае з 1949 г. (верш у газеце «Зорька»). Піша на расейскай і беларускай мовах. Выдаў для дзяцей аповесці «Ветер рвет паутину» (1963), «Портрет Фиделя» (1964), «Повесть о золотой рыбке» (1968), «Солнечный круг» (1970), зборнікі аповесцей і апавяданняў «Земное притяжение» (1965), «Ветка зеленого дерева» (1977), «Дзе жывуць чараўнікі» (1980), «Самое синее небо» (1982). Аўтар раманаў «Отдаешь навсегда» (1970, адзначаны прэміяй на Ўсесаюзным літаратурным конкурсе імя М.Астроўскага), «Обретение надежды» (1976), «Вяртанне да сябе», дакументальна-публіцыстычнай аповесці «Час гаспадароў» (1983), сцэнарыя мастацкага фільма «Научись танцевать» (1985).

Гігевіч Васіль, нарадзіўся 03.01.1947 г. у вёсцы Жыцькава Барысаўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1969 г. скончыў фізічны факультэт Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам фізікі ў Новааляксандраўскай сярэдняй школе Сахноўшчынскага раёна Харкаўскай вобласці. З 1970 г. - карэспандэнт-радыёарганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя». У 1970-1977 гг. - інжынер Барысаўскага шклозавода. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1979). З 1979 па 1981 г. працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1981 г. - у часопісе «Маладосць», з 1988 г. - загадчык аддзела прозы часопіса. Сябра СП СССР з 1977 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1972 г. у часопісе «Полымя». Аўтар зборнікаў прозы «Спелыя яблыкі» (апавяданні, 1976), «Калі ласка, скажы» (аповесць і апавяданні, 1978), «Жыціва» (аповесці, 1980), «Астравы на далёкіх азёрах» (аповесці, апавяданні, 1984), «Доказ ад процілеглага» (раман, 1985), «Мелодыі забытых песень» (аповесці, раман, апавяданні, 1988), «Карабель» (аповесці, раман, 1989), «Марсіянскае падарожжа» (аповесць, раман, 1990).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за аповесць «Жыціва».

Гілевіч Ніл, нарадзіўся 30.09.1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Першыя гады пасля вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 г. скончыў Менскую педагагічную навучальню. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Менска. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля аспірантуру пры ім. З 1960 па 1986 г. - супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэта. З 1958 да 1963 г. працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». З 1980 да 1989 г. - першы сакратар праўлення СП БССР. З 1989 г. - старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ «Наша слова». З чэрвеня 1990 г. - старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990). У 1990 г. выбраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Кандыдат філалагічных навук. Прафесар. Сябра СП СССР з 1954 г.

Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і інш., балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай.

Упершыню ў друку з вершамі выступіў у 1946 г. Яму належаць кнігі паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, гумар і сатыра, 1979), «Святлынь» (1984), «Повязь» (1987), «Як дрэва карэннем» (1986), раман у вершах «Родныя дзеці» (1985), а таксама зборнікі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці 2» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «Кантора» (1989), «Дыялог на хаду» (1990). Выдаў зборнікі вершаў і паэм для дзяцей «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1981).

Выдаў зборнік п'ес «Начлег на буслянцы» (1980) і аповесць «Перажыўшы вайну» (1988).

Аўтар кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956-1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990).

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983).

Працуе ў галіне перакладу. У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П.Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), раман С.Даскалова «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А.Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі Н.Вапцарава «Песня пра чалавека» (1982), Хр. Радзеўскага «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г.Джагарава «Зямля - як чалавечая далонь» (1984), Л.Леўчава «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Х.Боцева, І.Вазава, П.Яварава, Н.Вылчава, А.Германава, I.Давыдкава, Д.Методзіева, А.Стаянава і інш. У 1978 г. выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі XIX-XX ст. «Маці мая, Славенія». У 1970 г. - казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх», у 1980 - зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах», у 1985 - кніга лірыкі О.Жупанчыча «У вечным дазоры». Перакладае таксама з расейскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х.Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.

Гіль Мікола (сапр. Гілевіч Мікалай), нарадзіўся 15.06.1936 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на Менскай студыі тэлебачання (1960-1961), літсупрацоўнікам, а потым загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва» (1961-1972). Некаторы час загадваў аддзелам у рэдакцыі бюлетэня «Родная прырода» (1972), быў супрацоўнікам аддзела публіцыстыкі часопіса «Маладосць» (1972-1977). З 1977 г. - адказны сакратар, з 1982 г. - намеснік галоўнага рэдактара, з 1990 г. - галоўны рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1975 г.

Як журналіст пачаў актыўна выступаць з 1957 г. Першае апавяданне надрукаваў у 1962 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Выдаў кнігі апавяданняў, аповесцей «Ранішнія сны» (1973), «Таццянін чэрвень» (1978), «Пуд жыта» (1982), «Тэлеграма з Кавалевіч» (1984), нарысаў «Пасеянае- узыдзе» (1985), «Камандзіроўка ў Вішанькі» (1987), «Кім і Валерыя» (1988), казку-быль «На лясной вуліцы» (1975), зборнік апавяданняў для дзяцей «Самы галоўны чалавек» (1980) і аповесць у апавяданнях пра лётчыка-касманаўта СССР П.Клімука «Ёсць на зямлі крыніца» (1983).

У літаратурнай апрацоўцы М.Гіля выйшлі кнігі ўспамінаў Р.Мачульскага «Страницы бессмертия» (1972) і «Люди высокого долга» (1975), у літаратурным запісе - кніга П.Клімука «Зоры - побач» (1977).

Пераклаў на беларускую мову раман летувіскага пісьменніка В.Бубніса «Пад летнім небам» (1982), кнігі прозы вугорскага пісьменніка І.Эркеня «Сям'я Тотаў. Выстаўка ружаў» (з Л.Каўрус, 1985) і шведскага пісьменніка П.Лагерквіста «Кат. Карлік» (з Г.Шупенькам, 1986).

Глазырын Уладзімір, нарадзіўся 06.06.1901 г. у Гарадзішчанскім раёне Чаркаскай вобласці (Украіна) у сям'і рабочага.

Пасля вучобы ў рэальнай навучальні працаваў рабочым на чыгунцы. У 1918 г. пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях з войскамі Калчака і польскімі легіёнамі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Жыў і працаваў у Менску і Маскве, у Польшчы. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 10.05.1961 г.

Літаратурнай працай пачаў займацца ў 1934 г. Пісаў на расейскай мове. Апублікаваў урыўкі з п'ес «Фронт» (1934-1935), «Огонь» (1935), «Юрий Резлер» (1936) і інш. Аўтар кнігі апавяданняў для дзяцей «В детстве» (1939). У перакладзе на беларускую мову выйшлі драма «Фронт» (1935), «Апавяданні» (1938), аповесць для дзяцей «Коля Гузоўскі» (1936) і апавяданне «Маленькі разведчык» (1938). На расейскую мову пераклаў апавяданні М.Лынькова.

Глебка Пятро, нарадзіўся 06.07.1905 г. у вёсцы Вялікая Ўса Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Ўздзенскай сямігодкі (1923) працаваў сакратаром сельсавета. У 1924 г. паступіў у Менскі педагагічны тэхнікум, з якога ў 1927 г. перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Адначасова быў сакратаром рэдакцыі часопіса «Узвышша» (1928-1930). Пасля заканчэння ўніверсітэта (1930) працаваў у рэдакцыях газеты «Калгаснік Беларусі», часопіса «Полымя рэвалюцыі», кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР. У час Вялікай Айчыннай вайны - у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь». Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». У 1943-1945 гг. - рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве. У 1944 г. прызначаны таксама кіраўніком групы па складанню «Руска-беларускага слоўніка» (1953), у 1952-1956 гг. загадваў сектарам лексікаграфіі ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. У 1956-1957 гг. - дырэктар Інстытута мовазнаўства, у 1957-1969 гг. - дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Адначасова ў 1966-1969 гг. - акадэмік-сакратар аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955-1967). Як сябра дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН (1955, 1956, 1957, 1964). Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Памёр 18.12.1969 г.

Першыя вершы былі надрукаваны ў 1925 г. Аўтар кніжак паэзіі «Шыпшына» (1927), «Урачыстыя дні» (1930), «Арка над акіянам» (паэма, 1932), «Арлянка» (паэма, 1932), «Хада падзей» (вершы, паэмы, 1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (вершы, паэмы, 1938), «Пад небам бацькаўшчыны» (вершы, паэмы, 1947), «Нашай славы зара» (вершы, паэмы, 1947), «Размова аб шчасці» (1948), «У тыя дні» (паэма, 1957), «Вершы» (1975), «На спатканні дарог» (1990). Для дзяцей выдадзены зборнікі паэзіі «Пад сцягам перамог» (1952), «Прывітанне Радзіме» (1961), «Вобразы роднай краіны» (1964), «Наш сцяг» (1972), «Наш лес» (1973), «Шчаслівы май» (1985). Выйшлі выбраныя творы (1952). Зборы твораў у 2-х (1958), у 3-х (1969-1971), у 4 тамах (1984-1986).

Напісаў драматычную паэму «Над Бярозай-ракой» (1940, пастаўлена ў 1940), лібрэта оперы «Андрэй Касценя» (пазнейшая назва «Лясное водгулле», 1971, пастаўлена ў 1970), вершаваную драму «Святло з Усходу» (1957, пастаўлена ў 1957).

Выступаў з нарысамі, літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі. Выйшлі кніжка нарысаў «Ураджай» (з П.Броўкам, 1933), зборнік артыкулаў «Паэзія барацьбы і перамогі» (1973), «Пытанні гісторыі, філалогіі і мастацтва» (1975). Аўтар многіх навуковых прац у галіне беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Ініцыятар і заснавальнік выдання ў АН БССР шматтомнага Збору беларускага фальклору (выходзіць з 1970).

Перакладаў на беларускую, мову творы А, Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.Лермантава, М.Някрасава, А.Чэхава, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, С.Стандэ, М.Горкага, У.Маякоўскага, А.Пракоф'ева, А.Суркова, М.Галоднага, Б.Лаўрынёва, Т.Шаўчэнкі, М.Рыльскага, М.Бажана, П.Варанько, І.Харыка, А.Платнера і інш.

Глёбус Адам (сапр. Адамчык Уладзімір), нарадзіўся 29.09.1958 г. у горадзе Дзяржынску Менскай вобласці ў сям'і пісьменніка.

У 1959 г. з бацькамі пераехаў у Менск. Вучыўся ў Менскай мастацкай навучальні на педагагічным аддзяленні (1973-1977). Пасля заканчэння навучальні паступіў на мастацкае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (скончыў у 1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем. З 1987 г. - рэдактар у часопісе «Крыніца» («Родник»). Сябра СП СССР з 1988 г.

Працуе ў галіне паэзіі і прозы. У друку пачаў выступаць з вершамі ў 1981 г. (газета «Літаратура і мастацтва», часопіс «Маладосць»). Аўтар кнігі паэзіі «Парк» (1988) і зборніка апавяданняў «Адзінота на стадыёне» (1989).

Глушакоў Уладзімір, нарадзіўся 07.04.1952 г. у гарадскім пасёлку Давыд-Гарадок Столінскага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 1 у Давыд-Гарадку (1969) паступіў у Мар'інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум Пухавіцкага раёна. За паўгода да заканчэння (у траўні 1971) прызваны ў Савецкую Армію. Дэмабілізаваўшыся, працаваў слесарам-зборшчыкам на галоўным канвееры Менскага трактарнага завода (1973-1976), свідравальшчыкам, электракаршчыкам на маторным заводзе (1976-1979). Вучыўся завочна на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1982 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Працаваў рэдактарам аддзела прозы часопіса «Неман» (1979-1988). Сябра СП СССР з 1986 г.

З першымі публікацыямі ў рэспубліканскім друку выступіў у 1974 г. Працуе ў жанры прозы і публіцыстыкі. Піша на расейскай і беларускай мовах. Аўтар аповесцей «Семена» (1981), «Капли» (Масква, 1984), дакументальнай аповесці «Тёплые листья тополей» (1984), раманаў «Цветение калины» (1987), «На круги своя» (1990), шэрагу нарысаў, апублікаваных у перыядычным друку.

Гніламёдаў Уладзімір, нарадзіўся 26.12.1937 г. у вёсцы Кругель Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1959). Служыў у Савецкай Арміі (1959-1961). Працаваў завучам Тамашоўскага дзіцячага дома, настаўнікам Камароўскай сярэдняй школы Берасцейскага раёна. У 1965 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР і быў залічаны навуковым супрацоўнікам гэтага ж інстытута. У 1969-1976 гг. працаваў у апараце ЦК КП Беларусі інструктарам, затым загадчыкам сектара мастацкай літаратуры. З 1976 г. - намеснік дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1977 г. адначасова загадчык аддзела тэорыі літаратуры. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1972 г.

Узнагароджаны медалямі.

У друку выступае як крытык і літаратуразнавец з 1962 г. Выдаў брашуры «Лірычны летапіс часу» (1967), «Ленін у сэрцы» (1968), «Сучасная беларуская паэзія» (1969), «Пафас жыццесцвярджэння: Вобраз чалавека актыўнай жыццёвай пазіцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» (1985). Аўтар манаграфіі «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія: Творчая індывідуальнасць і літаратурны працэс» (1983), «Іван Мележ: Нарыс жыцця і творчасці» (1984), зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў «Упоравень з часам» (1976), «Як само жыццё» (1980), «Ля аднаго вогнішча» (1984), «Класікі і сучаснікі» (1987). Адзін з аўтараў кнігі «У.І.Ленін і Кастрычніцкая рэвалюцыя ў беларускай літаратуры» (з С.Лаўшуком, Л.Савік, 1987).

Голуб Юрка, нарадзіўся 20.10.1947 г. у вёсцы Горна Зэльвенскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970) працаваў рэдактарам на Гарадзенскай студыі тэлебачання. З 1978 г. - загадчык аддзела культуры абласной газеты «Гродзенская праўда», з 1979 г. - загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гарадзенскага абласнога тэлерадыё. Сябра СП СССР з 1971 г.

Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963 г., у рэспубліканскім - у 1965 г. Выдаў зборнікі паэзіі «Гром на зялёнае голле» (1969), «Дрэва навальніцы» (1973), «Векапомнае поле» (1976), «Помню пра цябе» (1983), «Сын небасхілу» (1989). Аўтар кнігі для дзяцей «У бары грыбы бяры» (1986).

Грамовіч Іван, нарадзіўся 26.07.1918 г. у вёсцы Закружка Менскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1939). У 1939-1945 гг. - у Савецкай Арміі, служыў у артылерыйскіх часцях як палітработнік і камандзір. Друкаваў нарысы ў франтавых газетах. Працаваў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром часопіса «Беларусь» (1946-1953), адказным сакратаром часопіса «Маладосць» (1953-1954). У 1956 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Быў начальнікам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм» (1956-1957), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (1957-1958), літкансультантам СП БССР (1958-1969), намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» (1970-1975). Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).

Памёр 02.07.1986 г.

Першае апавяданне надрукаваў у 1935 г. (альманах «Аднагодкі»). Аўтар кніг «Апавяданні» (1947), нарысаў «Агні пяцігодкі» (1949), зборніка апавяданняў, аповесцей «Шырокія азёры» (1951), «Да ясных вышыняў» (1952), «У лесе на палянцы» (1957), «Рына-Марына» (1958), «Далі сабе слова» (1970), «Чатыры сантыметры надзеі» (1987), зборнікаў апавяданняў для дзяцей «Першае верасня» (1949), «Сонца скрозь воблакі» (1964), «Як вясну рабілі» (1985). Выдаў зборнікі гумару «Нарасць» (1961), «Вадалей - Гэтакдалей» (1975) і «Залатая бранзалетка» (1977). У часопісе «Полымя» апублікаваў першую частку рамана «Іду з табой, Масква!» (1953). Выйшлі кнігі ўспамінаў «У сховах памяці і сэрца» (1983), нататак «Зялёны долар - чорны забойца» (1985). Выйшлі «Выбранае» (1968, 1988) і Выбраныя творы ў 2 тамах (1978).

Аўтар сцэнарыяў дакументальных і відавых фільмаў «Памяццю сэрца» (1962), «Паэт у дарозе» (1963), «Паўлік і партфель» (1963).

Пераклаў з расейскай і ўкраінскай моў аповесць М.Носава «Дзённік Колі Сініцына» (1955), раман У.Кочатава «Браты Яршовы» (1960), паасобныя творы А.Голубевай, А.Кавінькі.

Грамыка Міхайла, нарадзіўся 12.11.1885 г. у вёсцы Чорнае Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і разначынца.

У час вучобы ў Магілеўскай гімназіі ўдзельнічаў у рабоце нелегальнага гуртка, які знаходзіўся пад уплывам магілеўскай арганізацыі РСДРП. У 1905 г. паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт, затым перавёўся на фізіка-матэматычны па спецыяльнасці геалогія. У 1905 г. удзельнічаў у маскоўскім снежаньскім паўстанні. У 1906-1907 гг. уваходзіў у сялянскую арганізацыю пры Магілеўскім акруговым камітэце РСДРП. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1911) настаўнічаў у Адэсе ў прыватнай камерцыйнай навучальні, у жаночых гімназіях, у 1920 г. быў загадчыкам школы-інтэрната для беларусаў-бежанцаў. У 1921-1930 гг. працаваў у Інбелкульце, выкладаў геалогію ў Белпедтэхнікуме, быў дацэнтам кафедры геалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адным з першых браў удзел у пошуках нафты на Палессі. У 1930 г. рэпрэсіраваны і сасланы ў Іванава-Вазнясенск. Пасля заканчэння тэрміну ссылкі (1936) пераехаў з сям'ёй у Запалярны Кіраўск, дзе працаваў у горным тэхнікуме. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны апынуўся ў г. Чусовым Пермскай вобласці. Праз год пераехаў ва Ўдмурцію. Займаў розныя пасады, у тым ліку дацэнта Ўдмурцкага педінстытута (Іжэўск). У 1948-1952 гг. зноў працаваў у Запалярным горным тэхнікуме. Апошнія гады жыў у г. Хімкі пад Масквой. Рэабілітаваны 15.11.1957 г. Сябра СП СССР з 1965 г.

Памёр 30.06.1969 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1907 г. (пісаў спачатку на расейскай мове). У 1922 г. апублікаваў у часопісе «Полымя» паэму «Гвалт над формай», у 1927 г. выйшлі кнігі паэзіі «Плынь» (вершы і паэмы) і «Дзве паэмы». Аўтар п'ес «Змітрок з Высокай Буды» (1918), «Скарынін сын з Полацка» (пастаўлена ў 1926), «Каля тэрасы» (1929, пастаўлена ў 1927, у новай рэдакцыі выйшла ў 1975), «Віно бушуе» (1929), «Над Нёманам» (пастаўлена ў 1927), «Воўк» (1930). У 1967 г. выдадзена «Выбранае», у 1987 г. - «Родная пушча» (п'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты).

Выступаў як крытык з артыкуламі пра творчасць М.Багдановіча, пра пастаноўку «Цара Максімільяна» і інш.

Апублікаваў на беларускай мове падручнікі «Пачатковая геаграфія» (1923, 4 выданні), «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе» (ч. 1 - Крышталаграфія, ч. 2 - Мінералогія, 1926).

Перакладаў творы Л.Талстога, У.Сасюры.

Граніт Пятрусь (сапр. Івашэвіч Іван), нарадзіўся 24.01.1909 г. у вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1927-1939 гг. працаваў брукаром, у 1930 г. уступіў у рады КПЗБ. Прымаў удзел у нелегальным з'ездзе беларускіх пісьменнікаў у Вільні (1933). За рэвалюцыйную дзейнасць арыштоўваўся ўладамі буржуазнай Польшчы. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў старшынёй Беліцкага сельсавета (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскай брыгады «Барацьба» на Гарадзеншчыне, выступаў у партызанскім друку з вершамі. Пасля вайны скончыў завочна Наваградскую педагагічную навучальню (1950), працаваў настаўнікам, загадчыкам пачатковай школы ў Зачэпічах (1945-1971).

Памёр 14.01.1980 г.

У друку ўпершыню выступіў з вершам у 1933 г. («Беларуская газета»). Першая кніжка паэзіі «Над хвалямі Нёмана» была падрыхтавана да друку ў 1939 г., але не выйшла ў сувязі з вайной. Аўтар зборніка паэзіі для дзяцей «Сцяжынка» (1978), нізкі вершаў апублікаваны ў зборніках «Сцягі і паходні» (1965), «Ростані волі» (1990).

Грахоўскі Сяргей, нарадзіўся 25.09.1913 г. у сяле Нобель Пінскага павета Менскай губерні (цяпер Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям'і.

Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў мястэчку Глуск Магілеўскай вобласці. Працаваць пачаў у 1930 г. рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1935 г. скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута, працаваў рэдактарам на Беларускім радыё.

У 1936 г. быў рэпрэсіраваны, 10 гадоў знаходзіўся ў лагеры (Горкаўская вобласць). Пасля вызвалення выкладаў расейскую мову і літаратуру ва Ўрэцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна (1946-1949). Быў паўторна арыштаваны і па ранейшым абвінавачванні высланы на вечнае пасяленне ў Новасібірскую вобласць, дзе працаваў настаўнікам. Пасля рэабілітацыі (19.10.1955) працаваў на Беларускім радыё (1956-1957 гг.), загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Бярозка» (1957-1959). Быў літаратурным кансультантам СП БССР (1959-1960), літаратурным рэдактарам часопіса «Вясёлка» (1960-1973), у 1973-1974 гг. - адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Сябра СП СССР з 1956 г.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).

Узнагароджаны медалямі.

Першы верш надрукаваў у 1926 г. Выйшлі зборнікі паэзіі «Дзень нараджэння» (1958), «Чаканне» (1960), «Табе зайздросціць сонца» (1963), «Памяць» (1965), «Тры вымярэнні» (1967), «Вершы» (1968), «Паэма дарог» (1970), «Зазімак» (1976), «Лірыка» (1978), «3ачараванасць» (1978), «Асеннія гнёзды» (1982), «Кругі надзеі» (1985), «Верую» (1987), «І радасць і боль» (1988).

Выдаў нарыс «Горад маладосці» (1960), зборнік апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), дакументальныя аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1968, паводле аповесці пастаўлены спектакль у 1968, твор экранізаваны ў 1972), «Суровая дабрата» (1977), аповесці «Ранні снег» (1975), «Гарачае лета» (1974), «Сустрэча з самім сабою» (1988), «Споведзь» (вершы, аўтабіяграфічныя аповесці, 1990), кнігу ўспамінаў «Так і было» (1986). Выйшлі кнігі вершаў для дзяцей «Ад вясны да вясны» (1959), «Сёння і заўтра» (1961), «Гарыць касцёр» (1966), «Сонечная сцежка» (1980), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972). У 1973 і ў 1983 гг. выдаваліся Выбраныя творы ў 2 тамах.

Выступае і як публіцыст. Выдаў кнігу «Мінск» (1971) і нарыс на маральна-этычную тэму «Бацькі і дзеці» (1972).

На беларускую мову пераклаў «80 000 кіламетраў пад вадой» Ж.Верна (1937, з Ю.Лявонным), аповесць «Ваенная тайна» А.Гайдара (1936), раман «Крушэнне» Р.Тагора (1958), «Выбраныя вершы і паэмы» А.Блока (1980), кнігу лірыкі М.Дудзіна «Пасля спаткання» (1984), асобныя творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Маякоўскага, Я.Райніса, С.Ясеніна, Лесі Ўкраінкі, П.Варанько, М.Забалоцкага, А.Твардоўскага, М.Ціханава, М.Ісакоўскага, Р.Гамзатава, А.Венцловы, Т.Масэнкі, М.Нагнібеды, У.Сасюры, Я.Судрабкална і іншых паэтаў.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя А.Куляшова (1983) за зборнік «Асеннія гнёзды».

Грачанікаў Анатоль, нарадзіўся 08.09.1938 г. у вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і служачага.

Пасля заканчэння ў 1960 г. Гомельскага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту працаваў на Гомельскім рамонтна-механічным заводзе (1960-1962), намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гомельскага абкома камсамола (1962-1965), першым сакратаром Гомельскага гаркома камсамола (1965-1967). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1969). У 1969-1971 гг. - загадчык аддзела літаратуры газеты «Літаратура і мастацтва», а ў 1971-1976 гг. - намеснік старшыні праўлення СП БССР. З 1976 г. - галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка», з 1978 г. - часопіса «Бярозка», з 1982 г. - часопіса «Маладосць». Сябра СП СССР з 1965 г.

Памёр 07.03.1991 г.

Упершыню выступіў у друку ў 1957 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Калі далёка ты...» (выбраная лірыка, 1979), «Палессе» (вершы і паэмы, 1983), «Верасень» (1984), «Я вас люблю» (1986), «Жнівень-45» (1990). Выданы на расейскай мове зборнік паэзіі «Звезды и курганы» (Масква, 1976) адзначаны прэміяй на Ўсесаюзным літаратурным конкурсе імя М.Астроўскага (1978). Напісаў кніжку сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988). Выдаў кніжкі для дзяцей «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Валерка і лятаючая талерка» (1983), «Жывая вада» (казкі, 1985), «Зорны палёт» (вершы, казкі, легенды, 1988). У 1988 г. выйшла «Выбранае».

Пераклаў на беларускую мову зборнік паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з Э.Агняцвет, 1985), кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў «Ватан - значыць Радзіма» (1987), М.Пацхішвілі «Рагатун і рагатуха» (1989), а таксама асобныя творы расейскіх, украінскіх, малдаўскіх, летувіскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) за зборнік вершаў «Грыбная пара», Дзяржаўнай прэміі БССР (1984) за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара».

Гроднеў Мікола, нарадзіўся 25.10.1929 г. у вёсцы Старая Алешня Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Гомельскім тэхнікуме фізкультуры. У 1953 г. скончыў гістарычны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута. Быў школьным інспектарам у Вілейскім райана, дырэктарам Куранецкай сярэдняй школы рабочай моладзі (1954-1956). Працаваў у радашковіцкай раённай газеце «Сцяг Ільіча» (1957-1959), быў уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». З 1961 г. - у аддзеле фельетонаў рэдакцыі часопіса «Вожык», у 1968-1984 гг. - рэдактар аддзела нарысаў часопіса «Беларусь», у 1984-1989 гг. - адказны сакратар бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Сябра СП СССР з 1964 г.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1954 г. Выйшлі зборнікі апавяданняў і аповесцей «За бацькоўскім парогам» (1960), «Цяжкае шчасце» (1963), «Вясна была...» (1968), «Заручыны» (1972), «Высокі поўдзень» (1974), «Зоркаўкі» (1975), «Што скажуць людзі» (1975), «Салодкі боль» (1977), «Крок да тайны» (1983), «Нязведаная даль» (1989), зборнік гумарыстычных апавяданняў «Клін клінам» (1979).

Грыневіч Клім, нарадзіўся 18.02.1912 г. у вёсцы Шасцёраўка Клімавіцкага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Працаваў на будаўніцтве чыгункі Асіповічы - Магілеў - Рослаў (1929-1930). Вучыўся ў Рагачоўскім педагагічным тэхнікуме (1930-1931). У 1931 г. пераехаў у Менск. Працаваў на будаўніцтве, карэктарам у друкарні, літсупрацоўнікам газет «Рабочий» і «Сельгасрабочы», сакратаром рэспубліканскага ЦК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі. З верасня 1932 г. вучыўся на літаратурна-творчым аддзяленні Менскага Вышэйшага педагагічнага інстытута. Вясной 1933 г. быў рэпрэсіраваны і высланы ў Чымкенцкую вобласць, г. Сарыагач, дзе працаваў настаўнікам у мясцовай школе, пасля - інспектарам райана (1933-1935). Служыў у радах Чырвонай Арміі. У 1937-1941 гг. - настаўнічаў у школах г. Балагое Калінінскай вобласці і адначасова вучыўся на літаратурным факультэце Ленінградскага педагагічнага інстытута.

Памёр 03.03.1941 г.

Першыя вершы надрукаваў у 1929 г. (газеты «Піянер Беларусі», «Чырвоная змена»). Аўтар зборніка паэзіі «На бераг» (1932).

Грынчык Мікола, нарадзіўся 01.08.1923 г. у вёсцы Быцень Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

З сакавіка 1943 г. - агентурны разведчык партызанскага атрада «Савецкая Беларусь» Берасцейскага злучэня, з ліпеня 1944 г. - у Савецкай Арміі, на фронце. Быў цяжка паранены. Пасля вайны працаваў загадчыкам Быценьскага раённага аддзела сацыяльнага забеспячэння. У 1952 г. скончыў літаратурны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў на Гарадзеншчыне. Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1957), затым - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1970 г. - загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова ў 1973-1985 гг. - галоўны рэдактар рэспубліканскага навуковага міжведамаснага зборніка «Беларуская літаратура». З 1980 г. - загадчык кафедры літаратуры Менскага інстытута культуры. Доктар філалагічных навук. Прафесар. Сябра СП СССР з 1971 г.

Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1977).

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.

Выступае як крытык і літаратуразнавец з 1957 г. Аўтар манаграфій «Максім Багдановіч і народная паэзія» (1963), «Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрачніцкай паэзіі» (1969), «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973), крытыка-біяграфічнага нарыса «Аркадзь Куляшоў» (1964), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1966), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), «Истории белорусской дооктябрьской литературы» (1977), падручнікаў для студэнтаў філфака педінстытутаў «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. 1917-1940» (1981), «Гісторыя беларускай літаратуры. XIX - пачатак XX ст.» (1981) і «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (1985).

Грышановіч Валер, нарадзіўся 03.03.1947 г. у гарадскім пасёлку Халопенічы Крупскага раёна Менскай вобласці ў сям'і служачых.

У 1973 г. скончыў факультэт журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыях крупскай раённай газеты «Ленінскім курсам», клецкай раённай газеты «Да новых перамог». У 1969 г. абраны сакратаром Крупскага райкома камсамола, у 1972-1973 гг. працаваў у Менскім абкоме камсамола. Служыў у Савецкай Арміі (1973-1974). у 1974-1977 гг. - інструктар, намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК ЛКСМ Беларусі, у 1977-1979 гг. - намеснік рэдактара, рэдактар газеты «Знамя юности», у 1979-1983 гг. - загадчык аддзела рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», у 1983-1987 гг. - інструктар сектара газет і часопісаў ЦК КПБ. З 1987 г. - дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1990 г.

З вершамі выступіў упершыню ў рэспубліканскім друку ў 1968 г. («Сельская газета»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборніка паэзіі «Стронций в капле росы» (1990), адзін з аўтараў кнігі нарысаў «Дальние дороги» (1983).

Губарэвіч Кастусь, нарадзіўся 05.01.1907 г. у вёсцы Радучы Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1927 г. скончыў Магілеўскі педагагічны тэхнікум. Настаўнічаў на Гомельшчыне. Скончыў сцэнарнае аддзяленне Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1932). Працаваў у газеце «Палеская праўда», рэдактарам на кінафабрыцы Белдзяржкіно ў Ленінградзе, на Беларускім радыё ў Менску. У час Вялікай Айчыннай вайны - рэдактар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». У пасляваенныя гады загадваў аддзелам літаратурна-драматычных перадач на Беларускім радыё, аддзелам мастацтва ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў сябрам рэпертуарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». У 1966-1974 гг. - галоўны рэдактар рэпертуарнай калегіі Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1947 г.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1966).

Памёр 03.07.1987 г.

Выступаць у друку пачаў у 1926 г. з вершамі і апавяданнямі (газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладняк», альманах «Дняпроўскія ўсплескі»). Першая кніга - зборнік апавяданняў «Гайда туды і Жывыя шрубы» (1930). Працаваў пераважна ў галіне драматургіі, тэатра і кіно. Аўтар п'ес «Цэнтральны ход» (з І.Дорскім, пастаўлена ў 1948), «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы», 1952, пастаўлена ў 1953, аднайменны спектакль Берасцейскага абласнога драмтэатра атрымаў у 1967 г. прэмію Ўсесаюзнага Ленінскага камсамола), «Простая дзяўчына» (1953, пастаўлена ў 1953), «На крутым павароце» (1956, пастаўлена ў 1956), «Галоўная стаўка» (1957, пастаўлена ў 1957, новы варыянт пад назваю «Брэсцкі мір» - у 1969), «Далёкая песня» (1961, пастаўлена ў 1962), «А куды ж нам падзецца» (пастаўлена ў 1963), «Першы ўрок» («Дзеля жыцця», пастаўлена ў 1967), «Салодкі месяц» (пастаўлена ў 1968), «Партызанская зона» (пастаўлена ў 1976), «Даруй мне» (пастаўлена ў 1980). Выйшлі зборнікі «П'есы» (1954), «П'есы» (1963), «П'есы» (1969), «Драмы і камедыі» (1981), кніга кінааповесцей «Анютина дорога» (1980).

У кінадраматургіі дэбютаваў сцэнарыем «Баям насустрач» («Пераможцы», з Е.Гезіным і К.Мінцам, 1932). Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку» (з Я.Рысам, 1958), «Анюціна дарога» (1968), «Паланез Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973), «Дрэвы на асфальце» (1984), некалькі дакументальных фільмаў, а таксама тэлефільмы «Галоўная стаўка», «Далёкая песня».

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» (з Я.Рысам), «Анюціна дарога» і «Паланез Агінскага», лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968) за сцэнарыі фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» і «Анюціна дарога».

Гурло Алесь, нарадзіўся 31.01.1892 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў Капыльскую чатырохкласную навучальню (1908). Працаваў чорнарабочым на лесапільні, зарабляў падзённай работай. У 1909 г. уступіў у рады Капыльскай арганізацыі РСДРП. Пасля працаваў на заводзе «Вулкан» у Пецярбургу. З 1913 г. служыў на Балтыйскім флоце - спачатку матросам на крэйсеры «Богатырь», а ў першую сусветную вайну - унтэр-афіцэрам на мінаносцы «Забияка». Быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і грамадзянскай вайны. З атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімняга палаца, у падаўленні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1921 г. вярнуўся на Беларусь. Працаваў у Інбелкульце, у Інстытуце мовы АН БССР. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Полымя», «Пробліск». У 1930 г. рэпрэсіраваны. Высланы на 5 гадоў у Самару. Вярнуўся ў Менск. Рэабілітаваны ў лістападзе 1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Памёр 04.02.1938 г.

Першы верш надрукаваў у 1907 г. у газеце «Наша ніва». Аўтар зборнікаў паэзіі «Барвёнак» (1924), «Спатканні» (1925), «Сузор'і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929), «Выбраныя творы» (1950), «Вершы» (1953), «Вершы» (1972). У 1947 г. выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Нашы птушкі». У 1912 г. напісаў сямейна-бытавую драму «Любоў усё змагае».

Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх пісьменнікаў А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, У.Стаўскага і інш.

Гурскі Ілья, нарадзіўся 26.04.1899 г. у вёсцы Замосце Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1914 г. у пошуках работы пераехаў у Петраград - спачатку батрачыў у памешчыцкім маёнтку ля станцыі Любань, у 1916 г. стаў качагарам на Абухаўскім заводзе. Удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайне. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі (1924) працаваў у Галоўліце БССР, затым старшынёй Галоўрэперткома БССР, начальнікам Галоўмастацтва БССР. Адначасова вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні (скончыў у 1932). Займаўся ў аспірантуры АН БССР (1932-1935). Быў рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» (1935-1941). Удзельнік паходу ў Заходнюю Беларусь. У Вялікую Айчынную вайну - адказны сакратар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», рэдактар газеты «За свабодную Беларусь», рэдактар сатырычнага часопіса «Партызанская дубінка». У 1944-1960 гг. рэдагаваў часопіс «Беларусь». Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1969).

Памёр 11.08.1972 г.

Дэбютаваў у друку рэцэнзіямі ў 1926 г. Як драматург пачаў выступаць у 1928 г. Аўтар п'ес «Новым шляхам» (1928), «Дрыгва» (1928), «Сварка» (1929), «Качагары» (1932, пастаўлена ў 1931), «Бальшавіцкая вясна» (1930), «Новы горад» (1933, пастаўлена ў 1931), «На крэсах усходніх» (1933), «Маці» (1934), «Сваты» (1935, пастаўлена ў 1936), «На варце» (1938), «Валодзя Вярбіцкі» (апублікаваны ўрыўкі ў 1937, пастаўлена ў 1941), «Патрыёты» (1939), «Хлеб» (1949), «Свае людзі» (апублікавана і пастаўлена ў 1950), іншых аднаактовак. У 1936 г. выйшлі «Драматычныя творы».

Выдадзены кнігі апавяданняў «Над Нёманам» (1945), «На родных гонях» (1948), «Зары насустрач» (1949), «Неспакойныя характары» (1955), «У вялікай дарозе» (1958), «Родная дарога» (1961), зборнік апавяданняў для дзяцей «На берагах Нявы» (1977), аповесць «Лясныя салдаты» (1945; у 1979 - аповесць і апавяданні), раман «У агні» (1952), раман-хроніка «Вецер веку» (у 3-х ч. - 1966, у 4-х - 1974), раман-памфлет «Чужы хлеб» (1971). У 1951 г. выдадзены Выбраныя творы, у 1989 г. кніга аповесцей і апавяданняў «Расцвілі вішні».

Гурэвіч Эсфір (таксама Гурэвіч Эся), нарадзілася 22.11.1921 г. у мястэчку Татарск Мсціслаўскага павета (цяпер Манастыршчанскі раён Смаленскай вобласці, Расея) у сям'і шаўца.

Скончыла літаратурны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны - медыцынская сястра ў ваенным шпіталі Заходняга, а затым 3-га Беларускага франтоў. У 1946-1949 гг. вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. З 1950 г. - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1977 г.

Узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

У друку выступае з 1948 г. Аўтар манаграфій «Творчая гісторыя раманаў М.Астроўскага» (1957), «Беларуская дзіцячая літаратура (1917-1967)» (1970), «Пафас гераізму» (1979), «Детская литература Белоруссии» (Масква, 1982), «Янка Маўр: Нарыс жыцця і творчасці» (1983), «Боль и тревога наши» (1986). У сааўтарстве з Л.Гарэлік, Т.Грамадчанка і інш. напісала кнігу «Сучасная літаратура і чытач» (1988). Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторьгі беларускай савецкай літаратуры» (1981-1982).

Гусак Сяргей, нарадзіўся 02.04.1930 г. у вёсцы Іванкаўшчына Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1955 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам Жалудоцкай сярэдняй школы на Гарадзеншчыне (1955-1956). У 1956-1958 гг. - выкладчык беларускай мовы і літаратуры Воўчынскай, завуч Малазводскай сярэдніх школ Высокаўскага раёна (цяпер Камянецкага), з 1958 г. - загадчык Высокаўскага райана. У 1959 г. залічаны ў аспірантуру пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Быў навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі (1960-1962), начальнікам навучальна-метадычнага аддзела Міністэрства асветы БССР (1962-1965), выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ (1965-1968). З 1967 г. - намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ, у 1968-1969 гг. - рэктар Берасцейскага педагагічнага інстытута. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1968 г.

Памёр 20.12.1969 г.

У друку як крытык пачаў выступаць у 1961 г. Аўтар крытыка-біяграфічнага нарыса «Аляксей Кулакоўскі» (1967) і кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў «Пафас праўды» (1973).

Гусеў Сілан (таксама Гусеў Сіла), нарадзіўся 14.08.1897 г. у вёсцы Калясянка Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Быў батраком у памешчыка, з 1913 г. працаваў на суконнай фабрыцы ў Пецярбургу. За распаўсюджанне рэвалюцыйных пракламацый у 1914 г. высланы этапам на радзіму. Працаваў на пабудове чыгункі, служыў на Балтыйскім флоце. У пачатку кастрычніка 1917 г. прыкамандзіраваны на крэйсер «Аўрора». Прымаў удзел у штурме Зімняга палаца. Служыў у Чырвонай гвардыі і Чырвонай Арміі, а таксама на Чарнаморскім флоце. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне і ў барацьбе з інтэрвентамі. Быў паранены. З 1921 да 1930 г. быў на партыйнай і савецкай рабоце ў Беларусі. У 1933 г. у Менску скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі. Працаваў рэдактарам літаратурнага альманаха «Атака», рэдактарам літаратурнага аддзела Радыёкамітэта, дырэктарам Дома творчасці, кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР, дырэктарам Беларускага аддзялення Літфонду СССР (1933-1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі. Двойчы быў паранены. У пасляваенны час працаваў ва ўстановах культуры, друку Беларусі. Сябра СП СССР з 1940 г.

Памёр 31.03.1986 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.

Першае апавяданне было надрукавана ў 1933 г. (часопіс «Полымя рэвалюцыі»). Выйшлі зборнік апавяданняў «За жыццё» (1934) і аповесць «Шлях юнака» (ч. 1, 1938), працяг якой у фрагментах друкаваўся ў часопісе «Полымя» за 1969 г.

Гутараў Іван, нарадзіўся 15.04.1906 г. у вёсцы Воўкаўка Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Выхаванец Леменскай школы-камуны на Магілеўшчыне. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928). Выкладаў расейскую літаратуру ў Магілеўскім палітасветным і педагагічным інстытутах, у БДУ. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, прымаў удзел у партызанскім руху. У 1945-1947 гг. - сакратар партбюро СП СССР. У 1947 г. скончыў дактарантуру пры Інстытуце сусветнай літаратуры. Працаваў у ЦК КПБ загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва Ўпраўлення прапаганды і агітацыі, а пасля рэарганізацыі намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. З 1951 г. - загадчык кафедры расейскай літаратуры БДУ, У 1957-1967 гг. - загадчык сектара фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Памёр 08.02.1967 г.

У друку выступаў з 1930 г. Літаратурна-навуковую дзейнасць пачаў у 1932 г. з выдання ў Магілеве працы «Бальшавізм і літаратуразнаўства». Аўтар даследаванняў «К.Маркс і Ф.Энгельс пра сутнасць і спецыфіку мастацкай літаратуры» (Магілеў, 1933), «Борьба и творчество народных мстителей» (1949), «Поэтическое мастерство В.В.Маяковского» (Масква, 1950), «Эстетические основы советской литературы» (1950), «Введение в литературоведение» (1954), «Философско-эстетические взгляды А.С.Пушкина» (1957), «Вопросы литературоведения» (метадычны дапаможнік для студэнтаў-завочнікаў, 1958), «Основы советского литературоведения» (1967). Адзін з аўтараў кнігі «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1968).

Склаў хрэстаматыю «Вуснапаэтычная творчасць беларускага народа» (1959, з С.Васілёнкам), зборнік «Сучасны беларускі фальклор» (1963).

Гутковіч Аляксандар, нарадзіўся 20.12.1920 г. у вёсцы Аскеры (цяпер у складзе вёскі Вярхоўе) Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і каваля.

Працоўны шлях пачаў у 1938 г. з артыста дапаможнага складу Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. У 1939 г. вучыўся на рэжысёрскім факультэце Ленінградскага тэатральнага інстытута, адкуль быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны (Калінінскі, Заходні, 3-ці Беларускі і 3-ці Прыбалтыйскі франты). У 1945 г дэмабілізаваўся і паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1949) восем год працаваў акцёрам Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, з 1957 г. - педагогам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. З 1959 г. - рэжысёр студыі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1981).

Памёр 09.09.1989 г.

Літаратурнай працай займаўся з 1954 г. Разам з У.Хазанскім напісаў п'есу «Юныя мсціўцы» (1960, пастаўлена ў 1957), з Ф.Казоўскай - п'есы «Правда и счастье» (1960, пастаўлена ў 1959), «Дело ее жизни» (1962, пастаўлена ў 1961), «И завтра...» (1967), інсцэніроўкі «Андрэй Лабанаў» (паводле рамана Д.Граніна «Шукальнікі», пастаўлена ў 1955) і «Уласнасць» (паводле рамана К.Чорнага «Трэцяе пакаленне», пастаўлена ў 1964). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў «Уся каралеўская раць» (па аднайменным рамане Р.Уорэна, пастаўлены ў 1971), «Атланты і карыятыды» (з І.Шамякіным, пастаўлены ў 1980), тэлеспектакляў «Калі зліваюцца рэкі» (па аднайменным рамане П.Броўкі, пастаўлены ў 1961), «Трывожнае шчасце» (з І.Шамякіным, пастаўлены ў 1968), «Сцяг брыгады» (па аднайменнай паэме А.Куляшова, пастаўлены ў 1975), «Чужая бацькаўшчына» (па аднайменным рамане В.Адамчыка, пастаўлены ў 1983), «Алімпіяда» (па аднайменным рамане І.Пташнікава, пастаўлены ў 1984), аднаактовых п'ес «Кветкі для Алесі» (пастаўлена ў 1988) і «Устаць! Суд ідзе» (паводле нарысаў Я.Богата, пастаўлена ў 1988).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1966) за пастаноўку на тэлебачанні спектакля-трылогіі «Людзі на балоце» паводле аднайменнага рамана І.Мележа.

Загрузка...