Ц


Цвірка Кастусь, нарадзіўся 28.03.1934 г. у вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). У 1958-1959 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Быў літсупрацоўнікам раённай газеты «Рудзенская праўда», рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. У 1972 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і з таго часу - навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1981 г. - старшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва», з 1984 г. - рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1961 г.

Першы артыкул у рэспубліканскім друку з'явіўся ў 1951 г., першы верш - у 1953 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Такія сэрцы ў нас» (1959), «Бягуць раўчукі» (1962), «Чарназём» (1967), «Каласы» (1975), «Сцежка дадому» (1980), «Рэха дарог» (1982), «Хат вячысты дар» (вершы і паэма, 1982), «Зялёная Дуброва» (1987), «Лодка долі тваёй» (1988), а таксама кніжак вершаў і казак для дзяцей «Зайчыкаў хлеб» (1966), «Дарункі лесу» (1969), «Як Алесь згубіўся ў лесе» (1986), «Добрыя суседзі» (1988).

Выйшлі мастацкія нарысы, звязаныя з літаратурнымі мясцінамі Беларусі, - «Дарога ў сто год» (1974), «Той курган векавечны» (1985), а таксама манаграфія «Слова пра Сыракомлю» (1975).

Прыняў удзел у напісанні кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму» (1989) (з Г.Каханоўскім, Л.Малаш, 1989). Складальнік тома «Вяселле. Абрад» (1978), кнігі ўспамінаў пра З.Бядулю (з Я.Садоўскім, 1988), зборніка твораў Я.Чачота «Наваградскі замак» (1989).

Цітоў Канстанцін, нарадзіўся 26.10.1905 г. у сяле Сачкавічы Клімаўскага раёна Бранскай вобласці (Расея) у сялянскай сям'і.

Скончыў Нова-Ропскую прафтэхшколу (Бранская вобласць, 1922), вучыўся на літаратурным факультэце Ленінградскага ўніверсітэта. Пасля трэцяга курса (1927) быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1937 г. здаў экстэрнам экзамены за ўніверсітэт. Працаваў у газетах «Советская Белоруссия» (1937-1938), «Літаратура і мастацтва» (1938-І 939), кансультантам СП БССР (1939-1940). У час Вялікай Айчыннай вайны служыў камандзірам эскадрона, карэспандэнтам армейскага і франтавога друку. Быў паранены. У пасляваенныя гады - на творчай працы ў Менску. Сябра СП СССР з 1939 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.

Памёр 13.04.1972 г.

З вершамі ў друку выступіў у 1930 г., у беларускім - з 1934 г. Пісаў на расейскай мове. Аўтар зборнікаў паэзіі «Выступление в путь» (1941), «Мы поклялись» (Свярдлоўск, 1942), «Солдатские строки» (1947), «Искатели» (1956), «Сердце земли» (вершы і паэма, 1958), «Локоть друга» (вершы і паэма, 1961), «Ручеек» (1966), «Просто про любовь» (1970), «Следы на отмели» (1972), «Солнце загорается за Сожем» (1978), «Возвращение» (1986) і зборніка вершаваных казак для дзяцей «Якубова каша» (1960).

Працаваў і ў галіне прозы. Выйшлі нарыс «За честь заводской марки» (Варонеж, 1947), «Невыдуманные рассказы» (1967), кніжкі апавяданнў для дзяцей «Лесной маршрут» (1959, 2-е дапоўненае выданне ў 1975), «Изумрудный гусь» (1967).

Пераклаў на расейскую мову зборнік вершаў М.Смагаровіча «Снежинка» (1962), трылогію Р.Сабаленкі «Иду в жизнь» (1963), асобныя творы беларускіх паэтаў.

Цулукідзе Тамара, нарадзілася 19.12.1903 г. у горадзе Тбілісі (Грузія) у сям'і настаўніка.

У 1924 г. скончыла Тбіліскі дзяржаўны тэатральны інстытут і была прынята ў трупу Акадэмічнага тэатра імя Ш.Руставелі. Як «жонка ворага народа» (яе муж, вядомы рэжысёр А.Ахметэлі, быў расстраляны) з 1937 да 1946 г. знаходзілася ў турмах, лагерах, на лесапавале, на земляных работах, працавала санітаркай, медсястрой у Краснаярскім краі. У Сыктывкары (Комі АССР) арганізавала тэатр лялек. У 1946 г. была вызвалена, а праз два гады пераехала ў Курск, дзе працавала рэжысёрам абласнога тэатра лялек. Тут паўторна арыштавана па ранейшай справе і выслана ў Краснаярскі край, дзе пазнаёмілася з рэпрэсіраваным пісьменнікам А.Пальчэўскім (у 1948-1955 гг. жыў у Краснаярскім краі), стала яго жонкай. Рэабілітавана ў 1956 г. Зноў працавала ў тэатры імя Ш.Руставелі. З 1958 г. жыла ў Менску. Сябра СП СССР з 1967 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалём.

Заслужаная артыстка Грузінскай ССР (1934).

Памерла 09.02.1991 г.

Літаратурную працу пачала з рэцэнзій і артыкулаў пра тэатр у 1933 г. у расейскай і грузінскай перыёдыцы. З 1959 г. выступала ў беларускім друку. Пісала на расейскай, беларускай і грузінскай мовах. Выдала кнігі для дзяцей «Театр кукол в школе» (1957), «Когда поднимается занавес» (1963), «К детям пришел вожатый» (1967), зборнікі пазнавальных нарысаў «Голубой факел» (1965, 2-е дапоўненае выданне ў 1970), аднаактовых п'ес - «Твое честное слово» (1973). У Тбілісі выйшла кніга мемуараў «Всего одна жизнь» (1983) і напісаны па-грузінску зборнік апавяданняў «Вяртанне» (1989).

Пераклала з грузінскай мовы на беларускую раман Ц.Данжашвілі «На Алазані» (з А.Пальчэўскім, 1959), асобныя творы іншых празаікаў.

Цяжкі Артур, нарадзіўся 23.07.1943 г. у вёсцы Лылойці Смаргонскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння Свірскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна (1963) працаваў у смаргонскай раённай газеце «Светлы шлях» літсупрацоўнікам. У 1963-1967 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1967-1968 гг. - літсупрацоўнік раённай газеты. З 1969 г. - карэспандэнт газеты «Чырвоная змена», з 1971 г. - уласны карэспандэнт гэтай газеты па Берасцейскай вобласці, у 1972-1975 гг. і ў 1978 г. - карэспандэнт берасцейскай абласной газеты «Заря». У 1974 г. скончыў завочнае аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1975-1977 гг. - карэспандэнт раённай газеты «Астравецкая праўда», з верасня 1978 г. - адказны сакратар Гарадзенскага абласнога таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, у 1979 г. - карэспандэнт газеты «Голас Радзімы», са снежня 1979 г. - карэспандэнт газеты «Знамя юности», у 1981-1984 гг. - рэдактар Гарадзенскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці. Сябра СП СССР з 1982 г.

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 05.04.1984 г.

Першыя апавяданні апублікаваў у 1966 г. (газета «Літаратура і мастацтва»). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Сустрэча пасля вясны» (1980), «Пара блакітных дажджоў» (1982), «Дзе мой дом?..» (1986).

Загрузка...