— РАЗДЗЕЛ XIII — Нікалас Фламель



Дамблдор упэўніў Гары не шукаць больш Запаветнае Люстэрка; рэшту калядных вакацый плашч-нябачнік правёў у згорнутым выглядзе на дне куфара. І усё-ткі Гары ніяк не атрымоўвалася забыцца на ўбачанае у люстэрку. Па начах яму сталі сніцца кашмары. Зноў і зноў ён бачыў, як бацькі знікаюць у страшным выбліску зялёнага святла, і чуў, як пранізлівы голас заходзіцца ў прыступе сатанінскага рогату.

- Бачыш, Дамблдор меў рацыю, гэтае люстэрка сапраўды зводзіць людзей з глузду, - сказаў Рон, калі Гары распавёў яму аб начных кашмарах.

Герміёна, якая вярнулася ў школу за дзень да пачатку семестра, глядзела на рэчы інакш. Яна то ўпадала ў жах пры думцы, што Гары правёў цэлых тры ночы па-за спальняй, блукаючы па калідорах замка ("што, калі б Філч злавіў цябе!"), то шкадавала, што ён так і не высвятліў, хто такі Нікалас Фламель.

Дзеці амаль страцілі надзею знайсці згадку пра Фламеля ў бібліятэчных кніжках, хоць Гары па-ранейшаму знаходзіўся ва ўпэўненасці, што дзесьці ўжо сустракаў гэтае імя. Тым не менш, разам з пачаткам семестра яны вярнуліся да сваіх дзесяціхвілінных набегаў на бібліятэку падчас перапынкаў паміж заняткамі. Пры гэтым Гары мог выдзяляць на пошукі яшчэ менш часу, чым астатнія двое, таму што ў яго зноў пачаліся трэніроўкі па квідытчы.

Вуд прымушаў сваю каманду выкладвацца больш, чым калі-небудзь. Пахіснуць яго баявы дух не магло нішто, нават бясконцы дождж, які змяніў снегапады. Двайняты Уізлі стагналі і скардзіліся, абражаючы Вуда псіхам ненармалёвым, але Гары ў дадзеным выпадку прыняў бок капітана. Бо калі ім атрымаецца перамагчы "Хафлпаф", яны абыйдуць "Слізэрын" у барацьбе за кубак - першы раз за апошнія сем гадоў! Апроч цалкам зразумелага жадання выйграць матч, у Гары была яшчэ адна прычына старанна трэніравацца: ён выявіў, што радзей бачыць кашмары, калі ад стомленасці засынае як падкошаны.

Аднойчы пасля трэніроўкі, падчас якой каманда асабліва моцна вымакла і па вушы перапэцкалася, Вуд паведаміў дрэнную навіну. Ён як раз жудасна раззлаваўся на двайнятак Уізлі, якія задумалі бомбамі падаць зверху адзін на іншага, прычым той, які падвяргаўся бамбаванню прыкідваўся, што падае з мятлы.

- Хопіць ужо хуліганіць! - заекатаў у рэшце рэшт Вуд. - Менавіта з-за гэтага мы і прайграем матч! Бо судзіць будзе Снэйп, ужо ён стане прыдзірацца па поўнай праграме, абы знайсці падставу зняць балы з "Грыфіндора"!

Пры гэтай вестцы Джордж Уізлі і на самай справе зваліўся з мятлы.

- Снэйп будзе судзіць матч?! - невыразна булькнуў ён скрозь бруд, што набіўся ў рот. - Хіба ён калі-небудзь судзіў квідытчныя матчы? Ён не стане судзіць справядліва, калі ўбачыць, што ў выніку мы зможам абыйсці "Слізэрын".

Усе астатнія чальцы каманды прызямліліся побач з Джорджам і таксама пачалі абурацца.

- Ну а я што магу зрабіць?! - адбіваўся Вуд. - Нам трэба гуляць бездакорна, каб Снэйпу не было да чаго прычапіцца, вось і ўсё.

Усё гэта, вядома, выдатна, думаў Гары, але ў мяне свае прычыны жадаць, каб Снэйпа наогул не было на матчы, асабліва калі я буду ў паветры…

Напрыканцы трэніроўкі ўсе затрымаліся як заўжды ў распранальні, каб пагутарыць, але Гары накіраваўся наўпрост у Грыфіндорскую гасціную, дзе заспеў Рона і Герміёну за мірнай партыяй у шахматы - адзінае, у чым Герміёна адставала ад хлопчыкаў. Яна часта прайгравала, і Гары з Ронам знаходзілі гэта надзвычай карысным для яе.

- Не гавары мне зараз анічога, - прамармытаў Рон, калі Гары сеў побач, - мне трэба засяро... - ён убачыў выраз твару сябра, - Што здарылася? У цябе кашмарны выгляд.

Імкнучыся казаць вельмі ціха, каб ніхто іншы не пачуў, Гары распавёў сябрам аб раптоўным намеры Снэйпа быць суддзёй на матчы па квідытчы

- Не ўдзельнічай, - адразу сказала Герміёна.

- Скажы, што ты захварэў, - сказаў Рон.

- Скажы, што зламаў нагу, - прапанавала Герміёна.

- Зламай нагу па-сапраўднаму, - прапанаваў Рон.

- Не магу, - адмёў усе гэтыя прапановы Гары. - У нас няма запаснога Лаўца. Калі я не буду гуляць, то "Грыфіндор" наогул не выйдзе на поле.

Тут у гасціную ўніз галавой зваліўся Нэвіл. Як ён наогул здолеў прабрацца ў дзірку за партрэтам, засталося загадкай - з першага погляду было ясна, што яго нагі скаваныя Кайданным Праклёнам. Яму, пэўна, прыйшлося як зайцу прыгаць па шматлікіх прыступках Грыфіндорскай вежы.

Зразумела, усё пачалі дзіка рагатаць, і толькі Герміёна кінулася да яго і вымавіла контр-заклён. Ногі Нэвіла адскочылі адна ад адной, як быццам паміж імі лопнула спружына, і небарака, калоцячыся з галавы да ног, змог нарэшце ўстаць.

- Што здарылася? - спытала Герміёна, дапамагаючы Нэвілу дайсці да крэсла і ўсаджваючы яго побач з Гары і Ронам.

- Гэта Малфой, - дрыготкім голасам пачаў распавядаць Нэвіл. - Я натыкнуўся на яго каля бібліятэкі. Ён сказаў, што яму патрэбны паддоследны трус, каб папрактыкавацца.

- Ідзі і распавядзі ўсё прафесару МакГонагал! - з сілай выклікнула Герміёна.

Нэвіл закруціў галавой.

- Не жадаю лішніх непрыемнасцяў, - прамямліў ён.

- Ты павінен даць яму адпор, Нэвіл! - умяшаўся Рон. - Малфой звыкся хадзіць па галовах, але гэта ж не падстава схіляцца перад ім, каб яму было лягчэй ісці.

- Няма патрэбы нагадваць мне, што я недастаткова адважны для Грыфіндорца, Малфой ужо зрабіў гэта за вас, - ціха вымавіў Нэвіл.

У яго быў такі выгляд, быццам ён вось-вось заплача. Гары парыўся ў кішэні мантыі, дастаў шакалабку, апошнюю са скрынкі, падоранай на Каляды Герміёнай, і працягнуў яе Нэвілу.

- Ты каштуеш тузіна такіх, як Малфой, - сказаў Гары. - Бо шапка-размеркавальніца вызначыла цябе ў "Грыфіндор", праўда? А Малфой дзе? У смярдзючым "Слізэрыне".

Нэвіл скрывіў вусны ў жаласным падабенстве ўсмешкі і разгарнуў шакалабку.

- Дзякуй, Гары… Я, пэўна, пайду спаць… Возьмеш картку? Ты ж іх збіраеш?

Нэвіл пайшоў спаць, а Гары вырашыў зірнуць, які знакаміты вядзьмак дастаўся яму гэтым разам.

- Зноў Дамблдор, - прамармытаў ён. - Гэтая картка мне патрапілася самай першай, калі…

Тут ён ахнуў ад здзіўлення. Перавярнуў картку, прачытаў тэкст. Потым павольна ўзняў вочы на Рона і Герміёну.

- Я знайшоў! - прашаптаў Гары. - Знайшоў Фламеля! Я ж казаў, што сустракаў гэтае імя раней! У цягніку, калі мы ехалі сюды! Слухайце: "Дамблдор асабліва ўславіўся сваёй перамогай над злым ведзьмаком Грындельвальдам у 1945 годзе, вынаходствам дванаццаці спосабаў выкарыстання драконавай крыві, а таксама сумеснай з Нікаласам Фламелям працай у вобласці алхіміі"!

Герміёна так і падскокнула. Даўно яна не была так узбуджаная, мабыць, з тых часоў, як ім выдалі сшыткі з адзнакамі за самую першую хатнюю працу.

- Чакайце тут! - выгукнула яна і панеслася ў спальню. Гары з Ронам хапіла часу толькі на тое, каб абмяняцца заінтрыгаванымі поглядамі, а Герміёна ўжо прыляцела назад з вялізнай старажытнай кнігай у руках.

- Ніколі б не падумала, што тут таксама трэба шукаць! - узбуджана шаптала яна. - Я узяла гэта ў бібліятэцы даўным-даўно, так, лёгкае чытанне перад сном.

- Лёгкае? - усумніўся Рон. Герміёна цыкнула на яго, каб ён паводзіў сябе ціха, пакуль яна не знойдзе тое, што трэба, і, мармычучы пра сябе, пачала са страшнай хуткасцю гартаць старонкі.

У рэшце рэшт яна адшукала патрэбнае месца.

- Я так і ведала! Я так і ведала!

- Казаць можна або яшчэ не? - спытаў Рон атрутна. Герміёна не звярнула на яго ніякай увагі.

- Нікалас Фламель, - прачытала яна ўрачыста, - з'яўляецца адзіным вядомым на сённяшні дзень стваральнікам філасофскага камня!

Але гэта не стварыла эфекта, на які разлічвала дзяўчынка.

- Чаго? - хорам спыталі Гары і Рон.

- Ды няўжо вы не ведаеце? Слухайце - не, лепш самі прачытайце, вось тут.

Герміёна падштурхнула кніжку бліжэй, і Гары з Роном прачыталі наступнае:


Сярэднявечныя даследаванні ў вобласці алхіміі ўяўлялі сабою спробы стварыць так званы філасофскі камень, легендарнае рэчыва дзіўнай чароўнай сілы. Лічылася, што камень здольны ператварыць любы метал у чыстае золата. Таксама з яго дапамогай можна было вырабляць Эліксір Жыцця, напой, які дарыў неўміручасць таму, хто яго вып'е.

На працягу шматлікіх стагоддзяў неаднаразова з'яўляліся паведамленні аб стварэнні філасофскага камня, аднак, адзіны рэальна наяўны камень належыць містэру Нікаласу Фламелю, знакамітаму алхіміку і прыхільніку оперы. Містэр Фламель, які летась адзначыў свой шэсцьсот шэсцьдзесят пяты дзень нараджэння, вядзе самотнае жыццё ў Дэвоне разам са сваёй шэсцьсотпяцідзесяцівасьмігадовай жонкай Перанэлай.


- Разумееце? - усклікнула Герміёна, з цяжкасцю дачакаўшыся, калі Гары і Рон нарэшце скончаць чытаць. - Сабака ахоўвае філасофскі камень Фламеля! Няма сумненняў - Фламель папрасіў Дамблдора схаваць камень, бо яны сябры! Фламель ведаў, што за каменем хтосьці палюе, вось і вырашыў забраць яго з "Грынгатса"!

- Камень, які робіць золата і не дае памерці, - сказаў Гары. - нядзіўна, што Снэйп жадае яго займець. Хто заўгодна б захацеў.

- Тым больш нядзіўна, што мы не знайшлі Фламеля ў "Найважных вынаходніцтвах сучаснай магіі", - уставіў Рон. – Які ж ён сучасны, калі яму шэсцьсот шэсцьдзесят пяць, праўда?

Наступнай раніцай на абароне ад сіл зла, перапісваючы з дошкі спосабы лячэння ад укусаў пярэваратняў, Гары з Ронам усё яшчэ абмяркоўвалі, што б яны сталі рабіць з філасофскім каменем, калі б ён у іх быў. І, пакуль Рон не сказаў, што ён бы набыў уласную квідытчную каманду, Гары не ўспамінаў ні пра Снэйпа, ні пра матч.

- Ведаеце, я буду гуляць, - рашуча паведаміў ён Рону і Герміёне, - калі я не выйду на поле, Слізэрынцы падумаюць, што я збаяўся, спалохаўся Снэйпа. Я ім пакажу!… Калі мы выйграем, дык хаця б з іх твараў знікнуць гэтыя гнюсныя усмешачкі!

- Так, вядома, але калі толькі не давядзецца пасля матчу сашкрабаць з поля, - сказала Герміёна.

***

Матч набліжаўся, і Гары нерваваўся ўсё больш, што б ён там ні казаў сваім сябрам. Астатнія чальцы каманды таксама вельмі турбаваліся. Вядома, думка аб перамозе над "Слізэрынам" у чэмпіянаце школы ўсіх прыводзіла ў захапленне, бо ўжо сем гадоў гэта нікому не атрымоўвалася, але вось ці атрымаецца, з такім прадузятым суддзёй?

Акрамя таго, у Гары стварылася ўражанне - хоць упэўненасці, вядома, не было - што Снэйп паўсюль ходзіць за ім. Спадзяецца заспець знянацку? Урокі зеллеварэння ператварыліся ў штотыднёвыя пакуты, да таго жорсткі быў з Гары Снэйп. Можа быць, здагадаўся, што яны даведаліся пра філасофскі камень? Незразумела, праўда, якім чынам... Часам Гары з жахам думаў, што Снэйп умее чытаць думкі.

Калі на наступны дзень сябры жадалі Гары поспеху перад дзвярамі распранальні, ён адчуваў, што яны разважаюць пра сябе, ці давядзецца яшчэ ўбачыць яго жывым - і гэта зусім не супакойвала. Наўрадці Гары пачуў хоць слова з той балбатні, якой частаваў яго Вуд, пакуль ён апранаўся ў форму і агледжваў у руках свой знакаміты "Німбус 2000".

Тым часам, Рон з Герміёнай знайшлі сабе на трыбуне месца побач з Нэвілам, які ніяк не мог зразумець, чаго гэта яны такія хмурныя і ўстрывожаныя і навошта гэта яны прынеслі з сабою на матч чароўныя палачкі. Гары аб гэтым не ведаў, але Рон і Герміёна даўно ўжо таемна практыкаваліся ў накладанні Кайданнага Праклёну. Ідэю, па сутнасці, падаў Малфой, калі наклаў гэты праклён на Нэвіла, але зараз хлопцы рыхтаваліся ўжыць яго ў дачыненні да Снэйпа, калі той выявіць хоць найменшы намер прычыніць шкоду Гары.

- Не забудзь - Лакамотар Морціс, - мармытала Герміёна ў вуха Рону, пакуль той хаваў чароўную палачку ў рукаў.

- Я памятаю, - раздражнёна адгыркнуўся Рон. - Не нудзі.

У гэты час у распранальні Вуд адвёў Гары ўбок.

- Не жадаю аказваць на цябе ціск, Потэр, але ніколі яшчэ не было так важна схапіць Сніч як мага хутчэй. Трэба скончыць гульню раней, чым Снэйп паспее занадта моцна подсудзіць "Хафлпафу".

- Уся школа сабралася! - загарлапаніў Фрэд Уізлі, саўгануўшы галаву ў дзверы. - Нават, перапрошваю, Дамблдор падваліў!

Сэрца ў грудзях ў Гары выканала сальта-мартале.

- Дамблдор? - перапытаў ён, кінуўшыся да дзвярэй, каб пераканацца. Фрэд не ашукваў. Срэбную бараду немагчыма было не заўважыць.

Гары ледзь было не засмяяўся, такую палёгку адчуў. Зараз ён у бяспецы. Не можа быць і гаворкі аб тым, каб Снэйп паспрабаваў напасці на яго ў прысутнасці Дамблдора.

Магчыма, менавіта таму ў Снэйпа быў такі злы выраз твару, калі каманды выходзілі на поле - гэта не схавалася і ад вачэй Рона.

- Ніколі не бачыў Снэйпа такім страшным, - шапнуў ён Герміёне. - Глядзі - узлятаюць. Ой!

Хтосьці стукнуў Рона па патыліцы. Гэта быў Малфой.

- Ах, выбачай, Уізлі, я цябе не заўважыў.

Малфой зарагатаў, а потым звярнуўся да сваіх сябрукоў Крэба і Гойла:

- Цікава, як доўга гэтым разам Потэр збіраецца пратрымацца на мятле? Паспрачаемся? А ты, Уізлі, жадаеш пары?

Рон не адказаў; Снэйп толькі што даў хафлпафцам права на пенальці з-за таго, што Джордж Уізлі патрапіў у яго Нападалай. Герміёна, прыжмурыўшыся, неймаверным чынам скрыжыўшы пальцы і трымаючы рукі на каленях, пільна сачыла за Гары, які каршаком кружыў над гульцамі і выглядаў Сніч.

- Ведаеце, па якім, на мой погляд, прынцыпе адбіраюць гульцоў у каманду "Грыфіндора"? - гучна спытаў Малфой праз некалькі хвілін, як раз тады, калі Снэйп без усякіх бачных прычын прысудзіў "Хафлпафу" яшчэ адзін пенальці. - Туды бяруць людзей, якіх шкада. Вось, напрыклад, Потэр, у яго няма бацькоў. Потым Уізлі, у іх няма грошай. Табе, Лонгбатам, таксама прамая дарога ў каманду - у цябе няма мазгоў.

Нэвіл зрабіўся ярка-чырвоным, але тым не менш адважна звярнуўся да Малфою тварам.

- Я каштую тузіна такіх як ты, Малфой, - запінаючыся, сказаў ён.

Малфой разам з Крэбам і Гойлам пакаціліся са смеху, а Рон, не вырашаючыся адарваць погляд ад гульні, падбадзёрыў:

- Скажы, скажы яму, Нэвіл.

- Лонгбатам, калі б мазгі былі золатам, ты быў бы бядней за Уізлі... А гэта паказчык.

У Рона нервы і так ужо былі на мяжы ад сталай турботы за Гары.

- Слухай, Малфой - яшчэ адно слова…

- Рон! - раптам ускрыкнула Герміёна. - Гары!…

- Што? Дзе?

Гары раптам здзейсніў рэзкі нырэц, які выклікаў узбуджэнне публікі, а потым пачуліся крыкі захаплення. Герміёна ўзнялася, запхнуўшы перакрыжаваныя пальцы ў рот, і зачаравана глядзела, як Гары нібы куля нясецца да зямлі.

- Уізлі, радуйся, Потэр знайшоў манетку, - здзекліва сказаў Малфой.

Рон здрыгануўся. Малфой яшчэ не паспеў нічога зразумець, а Рон ужо сядзеў на ім і закручваў яму рукі за спіну. Нэвіл пахіснуўся, затым пералез праз спінку свайго сядзення і прыйшоў на дапамогу.

- Давай жа, Гары! - ускрыкнула Герміёна, ускокваючы на сядзенне, каб лепей разглядзець Гары, які ляціць прама на Снэйпа - яна не прыкмячала ў сябе пад нагамі ані Рона з Малфоем, клубка рук-ног, які перыядычна выдаваў незразумелыя гукі - гэта спляліся ў адно Нэвіл, Крэб і Гойл.

У гэтае імгненне ў небе Снэйп развярнуў сваю мятлу якраз своечасова, каб зазначыць штосьці малінавае, што прамільгнула зусім побач - і ў наступную секунду вынырнуў Гары, трыўмфальна ўзняўшы над галавой руку са злоўленым Снічам.

На трыбунах усё ўсталі ў адзіным парыве - гэта быў рэкорд; ніхто не памятаў, каб Сніч злавілі так хутка.

- Рон! Рон! Ты дзе? Гульня скончаная! Гары перамог! Мы перамаглі! "Грыфіндор" перамог! - віскатала Герміёна, танцуючы, ўскокваючы на сядзенне, саскокваючы з яго і кідаючыся ў абдымкі Парваці Паціл у пярэднім шэрагу.

Апынуўшыся ў фуце над зямлёй, Гары саскочыў з мятлы. Ён не мог паверыць у тое, што здарылася. Ён перамог - гульня скончаная; яна доўжылася каля пяці хвілін. Грыфіндорцы адзін за адным саскоквалі з мётлаў на поле. Гары ўбачыў, як недалёка прызямляецца Снэйп, з белым тварам і падкурчанымі вуснамі - і адчуў нечую руку ў сябе на плячу, падняў галаву і сустрэўся поглядам з усмешлівым Дамблдорам.

- Выдатна, - пахваліў Дамблдор ціха, так, што толькі Гары мог учуць, - Прыемна бачыць, што ты не нудзіўся па люстэрку… займаўся справай… малайчына…

Снэйп злосна сплюнуў на зямлю.

* * *

Праз некаторы час Гары адзін выйшаў з распранальні, каб аднесці "Німбус 2000" у ангар для мётлаў. Даўно ўжо ён не быў такі шчаслівы. Ён здзейсніў штосьці, чым можна па-сапраўднаму ганарыцца - больш ніхто не скажа, што ён вядомы толькі дзякуючы свайму імю. Ніколі яшчэ вячэрняе паветра не было такое свежае, не быў так чароўна салодкае. Гары цягнуўся па мокрай траве, яшчэ і яшчэ раз успамінаючы хвалюючыся падзеі апошняй гадзіны, якія зліліся ў яго ў галаве ў адно расплывістае салодкае адчуванне: Грыфіндорцы збягаюць з трыбун, каб на плячах панесці яго з поля; на некаторай адлегласці Рон з Герміёнай скачуць уверх-уніз; кроў з носу ў Рона, які тым не менш выкрыквае пераможныя "Ура!".

Гары падышоў да ангара. Ён прыхінуўся да драўляных дзвярэй і стаў глядзець на "Хогвартс", на вокны, што запальваліся чырвоным святлом у промнях вечаровага сонца. "Грыфіндор" выйграў. Ён перамог, ён паказаў гэтаму Снэйпу…

Дарэчы, аб Снэйпу…

Утоены пад плашчом з каптуром, па прыступках замка хуткай хадой сыйшоў чалавек. Відавочна не жадаючы быць заўважаным, ён крочыў у кірунку Забароненага лесу і імкнуўся як мага хутчэй перасекчы двор. Радасць перамогі пакінула Гары - ён пазнаў гэтую хаду. Снэйп ідзе ў Забаронены лес, у той час як усе астатнія сядзяць за вячэрай - з чаго б гэта?

Не разважаючы, Гары ўскочыў на мятлу і ўзняўся ў паветра. Бясшумна ўзляцеўшы над замкам, ён прасачыў, як Снэйп паспешліва ўвайшоў у лес. Гары рушыў услед за ім.

Скрозь густыя кроны дрэў Гары не мог бачыць, куды накіроўваецца Снэйп. Тады ён стаў лётаць кругамі, ніжэй і ніжэй, дакранаючыся вяршынь дрэў, пакуль, нарэшце, не пачуў галасы. Ён паляцеў на гук, бясшумна апусціўся на высокую бярозу і асцярожна палез па галінцы, трымаючы ў руках мятлу і імкнучыся разглядзець, што адбываецца ўнізе.

Там, на цёмнай паляне, стаяў Снэйп, і ён быў не адзін. З ім быў Квірэл. Гары не бачыў выразу яго твару, але заікаўся Квірэл значна мацней звычайнага. Гары з усіх сіл напружыў слых, каб не прапусціць ні слова з гутаркі прафесараў.

- … н-н-не ведаю, н-н-навошта вам с-с-спатрэбілася сустракацца с-са мной менавіта т-т-тут, Северус…

- Я спадзяваўся, што мы здолеем захаваць наш сакрэт, - сказаў у адказ Снэйп ледзяным тонам. - Урэшце рэшт, навучэнцы не павінны ведаць аб філасофскім камені.

Гары мацней нахіліўся наперад. Квірэл нешта прамямліў. Снэйп перабіў яго.

- Вы ўжо высвятлілі, як можна прайсці паблізу гэтай жывёліны, якую трымае Хагрыд?

- Ал-л-л-ле, Северус, мне…

- Вам не спадабаецца, калі я стану вашым ворагам, Квірэл, - заявіў Снэйп, робячы крок наперад да субяседніка.

- Я н-н-не в-в-ведаю, што в-вы…

- Вы цудоўна ведаеце, што я маю на ўвазе.

Гучна ухнула сава, і Гары ледзь не зваліўся з дрэва. Ён аднавіў раўнавагу на наступных словах Снэйпа: "… наконт вашых фокусаў. Я чакаю."

- А-а-але я н-н-е …

- Выдатна, - перабіў Снэйп. - Неўзабаве ў нас будзе магчымасць пагутарыць яшчэ, а да таго часу вы ўсё абдумаеце і вырашыце, на чыім вы баку.

Ён накінуў каптур на галаву і імкліва знік. Стала амаль зусім цёмна, але Гары ўсё-ткі мог бачыць Квірэла. Той стаяў нерухома, нібы скамянеўшы.

* * *

- Гары, дзе ты быў? - пранізліва закрычала Герміёна.

- Нашы перамаглі! Нашы перамаглі! Ты перамог! - екатаў Рон, барабанячы Гары па спіне. - А я паставіў Малфою фінгал, а Нэвіл адзін напаў на Крэба і Гойла! Ён усё яшчэ ў лякарні, але мадам Помфры кажа, што з ім усё будзе ў парадку - а ён гаворыць, што яшчэ пакажа Слізэрынцам! Усе цябе чакаюць у гасцінай, мы наладзілі пір, Фрэд з Джорджам сцягнулі з кухні пірожныя і яшчэ шмат чаго!

- Гэта ўжо ўсё роўна, - сказаў Гары амаль бязгучна, - давайце знойдзем пусты пакой, я вам такое распавяду…

Ён пераканаўся, што ў пакоі няма Піўза і шчыльна зачыніў дзверы, а затым распавёў сябрам усё, што бачыў і чуў.

- Так што мы апынуліся правы, гэта і на самай справе філасофскі камень, і Снэйп спрабуе прымусіць Квірэла быць саўдзельнікам. Снэйп спытаў, ці ведае ён, як прайсці паблізу Флуфі - і яшчэ ён гаварыў пра нейкія "фокусы" - значыць, камень ахоўвае не толькі сабака, але і якая-небудзь замова, а можа, і не адна, да таго ж, Квірэл напэўна наклаў на яго якое-небудзь заклён ад сіл зла, скрозь які Снэйпу самому не прадзерціся...

- Дык ты хочаш сказаць, што камень у бяспецы толькі датуль, пакуль Квірэл не расколецца? - устрывожылася Герміёна.

- Тады камня не будзе да наступнага аўторку, - безапеляцыйна заявіў Рон.



Загрузка...