— РАЗДЗЕЛ III — Лісты немаведама ад каго



Пабег бразільскага ўдава дорага каштаваў Гары. Калі яго выпусцілі з каморы, ужо пачаліся летнія вакацыі, і Дадлі паспеў зламаць новую відэакамеру, разбіць планёр і, ў першы ж дзень катання на гоначным веласіпедзе, збіць з ног старую місіс Фігг, якая цягнулася па Прайвет Драйв на мыліцах.

Гары радаваўся, што школа ўжо скончылася, але цяпер ад Дадлі і яго прыяцеляў, якія прыходзілі кожны дзень, падзецца было няма куды. І Пірс, і Дэніс, і Малькольм, і Гордан былі здаровыя і тупыя як на падбор, але Дадлі быў самым здаровым і самым тупым, а таму ён з'яўляўся важаком. Сябры з задавальненнем складалі Дадлі кампанію ў занятках яго любімым спортам: гонкамі за Гары.

Гары імкнуўся праводзіць па магчымасці больш часу па-за межамі дома, ён блукаў па наваколлі і думаў аб пачатку новага навучальнага года, які нёс з сабою слабы праменьчык надзеі. Калі наступіць верасень, Гары пайдзе ўжо не ў пачатковую, а ў сярэднюю школу і да таго ж, у першы раз у сваім жыцці, без Дадлі. Дадлі залічылі ў прыватную школу пад назовам "Вонінгс", куды калісьці хадзіў дзядзька Вернан. Туды ж накіроўваўся і Пірс Полукіс. А Гары запісалі ў "Хай Камеронс", раённую агульнаадукацыйную школу. Дадлі лічыў, што гэта вельмі смешна.

- У "Хай Камеронс" у першы дзень усіх засоўваюць галавой ва ўнітаз, - сказаў ён неяк Гары, - жадаеш пойдзем наверх патрэніруемся?

- Не, дзякуй, - адказаў Гары, - у наш бедны ўнітаз яшчэ не трапляла нічога горш за тваю галаву – яму будзе млосна, - і ўцёк раней, чым да Дадлі дайшоў сэнс сказанага.

Аднойчы ў ліпені цётка Пятуння разам з Дадлі адправілася ў Лондан купляць форму, якую насілі вучні "Вонінгса", а Гары застаўся ў місіс Фігг. У яе было не так жудасна, як раней. Як высветлілася, місіс Фігг зламала нагу, зачапіўшыся за адну са сваіх кошак, і гэта некалькі паменшыла яе захапленне жывёлінамі. Яна дазволіла Гары паглядзець тэлевізар і нават дала кавалачак шакалада – праўда, па смаку лёгка можна было зразумець, што плітка ляжала у місіс Фігг ужо некалькі гадоў.

У той жа вечар у гасцінай Дадлі дэманстраваў новую, з іголачкі, форму. У "Вонінгсе" хлопчыкі насілі барвовыя пінжакі, памаранчавыя брыджы і плоскія саламяныя шапкі пад назвай "канацье". Акрамя таго, ім належалі гузаватыя палкі, каб стукаць адзін аднаго, калі настаўнік за імі не назірае. Лічылася, што гэта дае карысныя для дарослага жыцця здольнасці.

Гледзячы на новыя брыджы сына, дзядзька Вернан надламаным голасам вымавіў, што гэта самы ўрачысты момант у яго жыцці. Цётка Пятуння расплакалася і скрозь слёзы сказала, што проста не можа паверыць, што бачыць перад сабою яе любага Мышку-Дадлі, ён такі прыгожы і сталы. Гары не адважыўся нічога сказаць. Ён і так баяўся, што зламаў пару рэбраў, стрымліваючы рогат.

* * *

Наступнай раніцай, калі Гары выйшаў да сняданку, у кухні стаяў агідны пах. Крыніцай смуроду аказалася вялікае цынкавае карыта, якое стаяла на ракавіне. Ён падышоў паглядзець. У шэрай вадзе плавала штосьці, падобнае на брудныя палавікі.

- Што гэта? - спытаў ён у цёткі Пятунні. Вусны яе сціснуліся, як, зрэшты, і заўсёды, калі ён адважваўся задаваць пытанні.

- Твая новая школьная форма, - адказала яна.

Гары яшчэ раз паглядзеў у карыта.

- Ой, - сказаў ён, - я і не ведаў, што яна павінна быць такая мокрая.

- Не прыкідвайся ідыётам, - раззлавалася цётка Пятуння. - Я перафарбоўваю для цябе старыя рэчы Дадлі ў шэры колер. Каб было як ва ўсіх.

Гары моцна сумняваўся, што ва ўсіх будзе менавіта так, але вырашыў не спрачацца. Ён сеў за стол і пастараўся не думаць аб тым, як будзе выглядаць першага верасня, калі пойдзе ў "Хай Камеронс" - пэўна, так, як быццам напяліў старую сланоўю скуру.

Увайшлі Дадлі з дзядзькай Вернанам і грэбліва зморшчылі насы з-за паху, які ішоў ад новай школьнай формы Гары. Дзядзька Вернан, як заўсёды, разгарнуў газету, а Дадлі стаў барабаніць па стале Вонінгсавай палкай, якую зараз паўсюль цягаў за сабою.

Ад уваходных дзвярэй даняслася пстрычка, што азначала, што паштальён адкрыў паштовую шчыліну, і, праз секунду, гук ад некалькіх лістоў, што ўпалі на падлогу.

- Прынясі пошту, Дадлі, - загадаў дзядзька Вернон з-за газеты.

- Хай Гары прынясе.

- Прынясі пошту, Гары.

- Хай Дадлі прынясе.

- Ткні яго палкай, Дадлі.

Гары ўвярнуўся ад палкі і пайшоў за поштай. На падлозе ляжалі тры прадметы: паштоўка ад Мардж, сястры дзядзькі Вернана, якая адпачывала на выспе Уайт, карычневы канверт, хутчэй за ўсё, з рахункамі, і - ліст для Гары.

Гары ўзяў ліст у рукі і не мог адарваць ад яго вачэй; сэрца хлопчыка, як мячык на гумцы, скакала ў грудзі. Ніхто, ніколі, за ўсё ягонае жыццё не пісаў яму лістоў. Ды і хто б стаў яму пісаць? У яго не было ні сяброў, ні сваякоў - і ён не быў запісаны ў бібліятэку, так што не атрымоўваў нават няветлівых апавяшчэнняў з патрабаваннямі вярнуць пратэрмінаваныя кнігі. І усё ж, вось ён - ліст, з адрасам, які даказваў, што ніякай памылкі няма:

Графства Суррэй

Горад Літтл Уінгінг,

Прайвет Драйв, дом №4,

Каморка пад лесвіцай,

М-ру Г. Потэру

Канверт быў тоўсты і цяжкі, з жаўтлявага пергамента, а адрас быў напісаны ізумрудна-зялёнымі чарніламі. Марка адсутнічала.

Павярнуўшы канверт зваротным бокам, Гары ўбачыў пурпурны сургучны друк з гербам: леў, арол, барсук і змяя, што атачалі вялікую літару "Х".

- Ну дзе ты там? - раздаўся голас дзядзькі Вернана. - Што, правяраеш, ці няма бомб? - ён засмяяўся ўласнаму жарту.

Гары вярнуўся на кухню, не перастаючы разглядаць ліст. Ён працягнуў дзядзьку Вернону паштоўку і рахункі, а сам сёў і пачаў павольна ўскрываць жоўты канверт.

Дзядзька Вернон хутка прагледзеў рахункі, раздражнёна чмыхнуў і стаў чытаць паштоўку.

- Мардж захварэла, - паведаміў ён цётцы Пятунні, - з'ела нейкую…

- Тата! - раптам закрычаў Дадлі. - Тат, глядзі, што гэта ў Гары?

Гары амаль ужо разгарнуў ліст, напісаны на такім жа цвёрдым пергаменце, з якога быў зроблены канверт, але тут дзядзька Вернан груба выдраў ліст у яго з рук.

- Гэта маё! - закрычаў Гары, спрабуючы вярнуць ліст.

- Хто гэта стане табе пісаць? - здзекліва кінуў дзядзька Вернан, трымаючы ліст адной рукой і падтрасаючы яго, каб яно разгарнулася. Ён зірнуў на тэкст, і колер яго твару змяніўся з чырвонага на зялёны хутчэй, чым змяняецца святло ў светлафора. Але на зялёным справа не скончылася. Літаральна праз секунду твар дзядзькі Вернана набыў шараватае адценне засохлай аўсянай кашы.

- П-п-Пятуння! - задыхаючыся, прашаптаў ён.

Дадлі паспрабаваў выхапіць і прачытаць ліст, але дзядзька Вернон трымаў яго высока, так, што Дадлі не мог дацягнуцца. Цётка Пятуння з цікаўнасцю ўзяла пергамент у дзядзькі з рук і прачытала першы радок. З хвіліну яна стаяла калыхаючыся, быццам вось-вось страціць прытомнасць. Потым схапілася за горла і выдала прыдушаны хрып.

- Вернан! Божа міласэрны! Вернан!

Яны глядзелі адно на аднаго, нібы забыліся на тое, што Дадлі і Гары ўсё яшчэ знаходзяцца ў кухні. Дадлі не быў звыклы да таго, каб яго ігнаравалі. Ён з усіх сіл трэснуў бацьку палкай па галаве.

- Дай мне прачытаць ліст! - заявіў ён гучна.

- Гэта мне дайце прачытаць ліст, - гнеўна перапыніў яго Гары, - ён мой!

- Прэч адсюль, абодва! - прахрыпеў дзядзька Вернан, запіхваючы ліст назад у канверт.

Гары не адступаў.

- АДДАЙЦЕ МНЕ ЛІСТ! - закрычаў ён.

- Аддайце мне ліст! - запатрабаваў Дадлі.

- ПРЭЧ! - праараў дзядзька Вернон і за шкірку вышпурнуў абодвух хлапчукоў у залу, зачыніўшы кухонныя дзверы ў іх перад носам. Гары і Дадлі тут жа дзелавіта і бязгучна пабіліся за месца ў замочнай адтуліны. Дадлі перамог, таму Гары, у акулярах, якія боўталіся на адным носе, лёг на жывот і стаў падслухоўваць пад дзвярыма.

- Вернан, - казала цётка Пятуння дрыготкім голасам, - паглядзі на адрас - адкуль яны маглі даведацца, дзе ён спіць? Ты ж не думаеш, што за намі сочаць?

- Сочаць - шпіёняць - можа быць, нават падглядваюць, - дзіка мармытаў дзядзька Вернан.

- Што жа нам рабіць, Вернан? Напісаць ім? Сказаць, што мы не жадаем…

Гары бачыў, як зіхатлівыя чорныя туфлі дзядзькі Вернана крочаць узад-наперад па кухні.

- Не, - нарэшце вырашыў дзядзька Вернан, - мы не будзем звяртаць на гэта ўвагі. Калі яны не атрымаюць адказу… Так, так будзе лепш за ўсё… мы нічога не будзем рабіць…

- Але…

- Мне не трэба нічога такога ў маім доме, Пятуння! Хіба мы не пакляліся, калі пакінулі яго ў сябе, што будзем змагацца з усё гэтай небяспечнай ерассю?

Увечар, вярнуўшыся з працы, дзядзька Вернан здзейсніў штосьці, чаго ніколі раней не рабіў; ён наведаў Гары ў яго каморы.

- Дзе мой ліст? - выпаліў Гары, ледзь толькі дзядзька Вернон праціснуўся ў дзверцы. - Хто гэта мне піша?

- Ніхто. Гэты ліст патрапіў да цябе па памылцы, - сцісла растлумачыў дзядзька Вернон. - Я яго спаліў.

- Нічога не па памылцы, - злосна буркнуў Гары, - там было нават напісана, што я жыву ў каморы.

- ЦІХА! - раўнуў дзядзька Вернон, і са столі звалілася пара павукоў. Дзядзька некалькі раз глыбока ўдыхнуў, а затым прымусіў сябе ўсміхнуцца, што выйшла ў яго даволі няўдала.

- Дарэчы, Гары…з нагоды каморы. Мы з тваёй цёткай лічым… ты ўжо такі вялікі… табе тут нязручна… мы думаем, будзе добра, калі ты пераедзеш у другую спальню Дадлі.

- Навошта? - спытаў Гары.

- Не задавай лішніх пытанняў! - гыркнуў дзядзька. - Збірай свае рэчы і хутчэй!

У доме было чатыры спальні: адна належала дзядзька Вернану і цётцы Пятунні, другая была пакоем для гасцей (часцей за ўсё ў ёй спынялася Мардж, сястра дзядзькі Вернана), у трэцяй спаў Дадлі, а ў чацвёртай захоўваліся рэчы і цацкі Дадлі, якія не ўмяшчаліся ў яго першы пакой. Гары спатрэбілася адно-адзінае падарожжа на другі паверх, каб перанесці туды ўсю сваю маёмасць. Ён прысеў на ложак і агледзеўся. Практычна ўсе рэчы ў пакоі былі паламаныя або пабітыя. Усяго месяц назад набытая відэакамера валялася па-над цацачным танкам, якім Дадлі неяк пераехаў суседскага сабаку; у куце пыліўся першы ўласны тэлевізар Дадлі, пабіты нагой у той дзень, калі адмянілі яго ўлюблёную перадачу; тутака ж стаяла вялікая птушыная клетка, дзе калісьці жыў папугай, якога Дадлі абмяняў на помпавую стрэльбу, якая ляжала на верхняй паліцы з погнутай руляй - Дадлі няўдала сеў на яе. Астатнія паліцы былі забітыя кнігамі. Кнігі выглядалі новымі і некранутымі.

Знізу даносіліся румзанні Дадлі: "не жадаю, каб ён там жыў… мне патрэбны гэты пакой… выганіце яго…".

Гары ўздыхнуў і расцягнуўся на ложку. Яшчэ ўчора ён аддаў бы усё, каб атрымаць гэты пакой. Сёння ён хутчэй пагадзіўся б зноў апынуцца ў каморы, але з лістом, чым быць тут наверсе без ліста.

На наступную раніцу за сняданкам усё паводзілі сябе ненатуральна ціха. Адзін Дадлі крычаў, екатаў, латашыў бацьку палкай, штурхаў маці нагамі, прыкідваўся, што яго нудзіць, і нават разбіў чарапахай шкло ў шафе, але так і не атрымаў назад свайго пакою. Гары ў гэты час успамінаў учорашні дзень і праклінаў сябе за тое, што не прачытаў ліст у холе. Дзядзька Вернан і цётка Пятуння кідалі адно на аднога змрочныя погляды.

Калі прыйшла пошта, дзядзька Вернан, відавочна намагаючыся дагадзіць Гары, паслаў за ёй Дадлі. Яны чулі, як Дадлі па дарозе калашмаціць усё сваёй Вонінгсавай палкай. Потым раздаўся крык: "Яшчэ адно! Прайвет Драйв, дом №4, Малая Спальня, М-ру Г. Потэру …"

З прыдушаным хрыпам дзядзька Вернан выскачыў з-за стала і панёсся ў хол, па пятах пераследуемы Гары. Дзядзьку Вернону прыйшлося паваліць Дадлі на падлогу і сілай вырваць ліст, прычым Гары ў гэты час з усіх сіл цягнуў дзядзьку за шыю, імкнучыся адцягнуць яго ад Дадлі. Пасля некалькіх хвілін бязладнай бойні, у якой кожнаму перапала мноства ўдараў палкай, дзядзька Вернон выпрастаўся, хапляючы ротам паветра і пераможна сціскаючы ў руцэ ліст.

- Ідзі да сябе ў камору - ой.., у пакой, - свісцячым, прыдушаным голасам загадаў ён Гары. – Дадлі, ідзі - кажу табе, ідзі адсюль.

Гары кругамі хадзіў па новым пакоі. Хтосьці ведае не толькі аб тым, што ён пераехаў, але і аб тым, што ён не атрымаў першага ліста. Пэўна, яны паспрабуюць напісаць яшчэ раз? І ужо гэтым разам ён пастараецца, каб ліст дайшоў па прызначэнні. У яго выспяваў план.

Наступнай раніцай стары будзільнік зазвінеў у шэсць гадзін раніцы. Гары хутчэй выключыў яго і бясшумна апрануўся. Галоўнае нікога не абудзіць. Не запальваючы святла, Гары пракраўся ўніз.

Ён вырашыў пачакаць паштльёна на куце Прайвет Драйв і ўзяць у яго пошту для дома №4. Ён прабіраўся па цёмным холе, і сэрца яго латашылася як звар'яцелае…

- ААААААААА!

Ад жаху Гары высока падскокнуў і прызямліўся на нешта вялікае і слізкае, што ляжала на падлозе ля дзвярэй - нешта жывое!

Наверсе запалілася святло, і Гары, да свайго жаху, зразумеў, што вялікім і слізкім быў дзядзькаў твар. Дзядзька Вернон начаваў пад дзвярыма ў спальным мяшку, відавочна, вырашыўшы перашкодзіць Гары дабрацца да пошты першым. На працягу прыкладна паўгадзіны дзядзька крычаў на Гары, пасля чаго загадаў яму пайсці і прынесці кубак гарбаты. Гары сумна паплёўся на кухню, а вярнуўшыся, выявіў, што пошта ўжо прыйшла і ляжыць у дзядзькі на каленях. Гары разглядзеў тры канверты, надпісаныя ізумруднымі чарніламі.

- Гэта мае… - пачаў быў Гары, але дзядзька Вернан дэманстратыўна парваў лісты на дробныя шматкі.

У гэты дзень дзядзька Вернан не пайшоў на працу. Ён застаўся дома і забіў шчыліну для лістоў.

- Убачыш, - тлумачыў ён цётцы Пятунні скрозь цвікі ў роце, - калі яны не змогуць даставіць іх, яны спыняцца.

- Я у гэтым не ўпэўненая, Вернан.

- Пятуння, разумееш, мазгі ў іх уладкаваныя інакш, чым у нас з табой, - сказаў дзядзька Вернон і стукнуў па цвіку кавалкам торта, які падала яму цётка Пятуння.

У пятніцу прыйшло ўжо дванаццаць лістоў. Паколькі іх не змаглі апусціць у шчыліну, то прасунулі пад дзверы, а таксама ў бакавыя шчыліны, і яшчэ некалькі закінулі ў вакенца ваннай на ніжнім паверсе.

Дзядзька Вернан зноў застаўся дома. Пасля спалення лістоў ён узброіўся малатком і цвікамі і забіў дошчачкамі ўсе шчыліны ва ўваходных дзвярах і на заднім ганку, так што ніхто ўжо не мог выйсці з хаты. Падчас працы ён спяваў "і вораг збяжыць, збяжыць, збяжыць" і ўздрыгваў ад найменшага шоргату.

У суботу сітуацыя стала выходзіць з-пад кантролю. Дваццаць чатыры лісты для Гары прабраліся ў дом, укладзеныя ўнутр кожнага з двух тузінаў яйкаў, якія цётка Пятуння прыняла з рук вельмі збянтэжанага малочніка праз вакно гасцінай. Пакуль дзядзька Вернан абурана тэлефанаваў на пошту і ў малочную краму, спрабуючы адшукаць вінаватых, цётка Пятуння прапускала лісты праз мясарубку.

Раніцай у нядзелю дзядзька Вернан спусціўся да сняданку з выглядам стомленым і нават хворым, але ўсё-ткі шчаслівы.

- Па нядзелях не прыносяць пошту, - весяла праспяваў ён, накладваючы мармелад на газету, - так што гэтых чортавых лістоў…

Пры гэтых яго словах нешта са свістам выляцела з трубы і стукнула дзядзьку па патыліцы. Следам з каміна як кулі паляцелі лісты, трыццаць, ці нават сорак штук. Усё прыхіліліся, адзін Гары кінуўся, імкнучыся злавіць хоць бы адзін…

- ПРЭЧ! ПРЭЧ!

Дзядзька Вернан ухапіў Гары і выкінуў яго ў хол. Цётка Пятуння і Дадлі выляцелі з кухні, зачыняючы твары рукамі, і дзядзька Вернан зачыніў дзверы. Чуваць было, што лісты працягваюць сыпацца з трубы, адскокваючы ад падлогі і сцен.

- Значыць, так, - сказаў дзядзька Вернон, імкнучыся захоўваць спакой, але ў той жа час выдзіраючы жмуты з вусоў, - каб праз пяць хвілін усе былі сабраныя. Мы з'яжджаем. Вазьміце толькі самае неабходнае. І Без пярэчанняў!

З абадранымі вусамі ён выглядаў так страшна, што ніхто так і не вырашыўся пярэчыць. Праз дзесяць хвілін яны ўжо прабілі сабе шлях скрозь забітыя дзверы і імчаліся ў машыне па шашы. На заднім сядзенні ўсхліпваў Дадлі, які атрымаў ад бацькі за тое, што затрымаў ад'езд, спрабуючы ўпіхнуць у заплечнік тэлевізар, відэамагнітафон і камп’ютар.

Яны імчаліся і імчаліся. Нават цётка Петунья не адважвалася спытаць, куды ж яны едуць. Час ад часу дзядзька Вернон рэзка разварочваўся і некаторы час ехаў у зваротным напрамку.

- Пазбавімся ад пагоні… ад хваста… - мармытаў ён у гэтых выпадках.

Цэлы дзень яны не спыняліся нават для таго, каб перакусіць. Увечары Дадлі ўжо выў уголас. Гэта быў самы кашмарны дзень у яго жыцці. Ён прагаладаўся, прапусціў цэлых пяць перадач па тэлевізары і наогул яшчэ ні разу не праводзіў так шмат часу, не падарваўшы ніводнага камп’ютарнага прышэльца.

Нарэшце, на ўскраіне вялікага горада дзядзька Вернан затармазіў каля нейкай панурай гасцініцы. Дадлі і Гары пасяліліся ў адным пакоі. Дадлі тут жа захрапеў, а Гары сядзеў на падваконні, глядзеў, як свецяць фарамі машыны і напружана думаў…

Снедаць прыйшлося бутэрбродамі з марынаванымі памідорамі. Не паспелі яны даесці, як падышла гаспадыня гасцініцы.

- Прабачце, хто з вас тут будзе м-р Г. Потэр? Тут прыйшло каля сотні вось такіх вось…

І яна паказала ліст, трымаючы яго так, каб яны маглі прачытаць ізумрудны адрас:

Коксворт

Гасцініца "Мёртвая цішыня"

Нумар 17

М-ру Г. Потэру

Гары пацягнуўся было за лістом, але дзядзька Вернан стукнуў яго па руцэ. Жанчына безуважна назірала.

- Я вазьму іх, - сказаў дзядзька Вернан, хутка паднімаючыся і выходзячы з сталовай следам за гаспадыняй.

* * *

- Можа быць, лепш паехаць дахаты? - асцярожна спытала цётка Пятуння праз некалькі гадзін пасля ад’езду з гасцініцы, але дзядзька Вернан, па ўсім, не чуў яе. Чаго ён наогул імкнуўся дамагчыся, ніхто зразумець не мог. Ён заехаў у лес, выйшаў, агледзеўся, затрэс галавой, зноў улез у машыну, і яны паехалі далей. Тое ж самае адбылося і пасярод узаранага поля, і на падвесным мосце, і на страсе шматпавярховай стаянкі.

- Тата здурэў, так, мам? - сумна спытаў Дадлі ў маці ўвечары таго ж дня. Дзядзька Вернан прывёз іх на бераг мора, замкнуў у машыне і знік.

Пачаўся дождж. Буйныя кроплі барабанілі па страсе. Дадлі хлюпаў носам.

- Сёння панядзелак, - паведаміў ён цётцы Пятунні, - сёння будзе "Вялікі Ўмберта". Я жадаю, каб у нумары быў тэлевізар.

Панядзелак. Гэта Гары аб нечым нагадала. Калі сёння панядзелак - ужо што-што, а дні тыдня Дадлі ведаў добра, інакш як бы ён глядзеў тэлевізар - значыць, заўтра, у аўторак, Гары будзе адзінаццаць. Вядома, для Гары дзень нараджэння ніколі не быў нічым такім асаблівым. У мінулы раз, напрыклад, яму падарылі вешалку для паліто і старыя шкарпэткі дзядзькі Вернана. Але ўсё ж не кожны дзень табе спаўняецца адзінаццаць.

Дзядзька Вернан вярнуўся, усміхаючыся. У руках ён нёс доўгі плоскі пакет, але не адказаў, калі цётка Петунья спытала, што гэта ён купіў.

- Я знайшоў выдатнае месца! - абвясціў ён. - Вылазьце! Пайшлі!

На вуліцы было вельмі халодна. Дзядзька Вернан паказваў кудысьці даволі далёка ў моры, дзе высілася штосьці, падобнае да скалы. На вяршыні скалы тулілася няшчасная маленечкая хатка. Можна было з упэўненасцю сказаць, што там няма тэлевізара.

- Сёння ўначы абяцаюць шторм! - выклікнуў дзядзька з застылай усмешкай памяшанага і запляскаў у ладкі. - А гэты джэнтльмен ласкава пагадзіўся пазычыць нам сваю лодку!

Да іх бокам наблізіўся бяззубы старэча і з задаволенай усмешкай паказаў на старую лодку, што хісталася на хвалях сера-сталёвай вады.

- Я узяў сёе-тое пад’есці, - сказаў дзядзька Вернон, - так што - усе на борт!

У лодцы было смяротна халодна. Ледзяныя пырскі марской вады і кроплі дажджу запаўзалі за каўнер, вецер біў па твары. Падавалася, прайшло шмат гадзін, перш чым яны дабраліся да скалы, дзе дзядзька Вернан, спатыкаючыся і саслізгваючы, праклаў шлях да напаўзруйнаванага прыстанку.

Усё ў доме выклікала агіду. Пах гнілых водарасцей, вецер, які са свістам урываўся ў вялізныя шчыліны паміж сценамі з грубых дошак, а ў коміне было безнадзейна пуста . У хаціне меліся ўсяго два пакойчыкі.

Сухі паёк дзядзькі Вернана аказаўся чатырма бананамі і пакуначкам чыпсаў кожнаму. Пры дапамозе пустых пакетаў дзядзька паспрабаваў развесці агонь у каміне, але пакеты толькі дымілі і зморшчваліся.

- Вось дзе лісты б спатрэбіліся! - весела пажартаваў дзядзька.

Ён знаходзіўся ў выдатным настроі - відавочна, быў упэўнены, што ніякія лісты не злолеюць дабрацца сюды, да таго ж у шторм. Гары пра сябе згаджаўся з ім, хоць яго самога такая думка не радавала.

Наступіла ноч, і пачаўся абяцаны шторм. Пырскі ад высачэзных хваль білі ў сцены хаціны, ад лютага ветра бразгаталі ваконныя рамы. Цётка Пятуння знайшла ў суседнім пакоі некалькі парослых цвіллю коўдр і паклала Дадлі на пабітай моллю канапе. Сама яна разам з дзядзькам Вернанам адправілася спаць на праваленым ложку ў суседні пакой, а Гары не заставалася нічога іншага, акрамя як адшукаць найменш цвёрдае месца на падлозе і згарнуцца там пад самай танюткай, самай старой коўдрай.

Шторм станавіўся ўсё мацней, і Гары не мог заснуць. Ён дрыжаў і варочаўся з боку на бок, імкнучыся ўлегчыся ямчэй. Жывот зводзіла ад голаду. Храп Дадлі заглушалі нізкія грымоты, што пачаліся дзесьці каля апоўначы. Падсветлены цыферблат гадзінніка на тоўстай руцэ Дадлі, якая звісала з канапы, паказваў, што праз дзесяць хвілін Гары споўніцца адзінаццаць. Хлопчык ляжаў і глядзеў, як з ціканнем гадзінніка дзень нараджэння падыходзіў усё бліжэй, думаў аб тым, ці ўспомняць аб гэтым дзядзька і цётка, і ўяўляў, дзе зараз можа знаходзіцца невядомы аўтар лістоў.

Яшчэ пяць хвілін. Раздаўся трэск. Гары вельмі спадзяваўся, што страха не праваліцца, хоць, магчыма, ад гэтага хаця б стане цяплей. Чатыры хвіліны. Раптам, калі яны вернуцца, дом на Прайвет Драйв будзе настолькі запоўнены лістамі, што яму як-небудзь атрымаецца прачытаць хоць бы адзін?

Тры хвіліны. Цікава, гэта мора так ударае аб камяні? І (засталося дзве хвіліны) што гэта за дзіўны гук, нібы нешта абсыпаецца? Можа быць, скала руйнуецца і сыходзіць пад ваду?

Яшчэ хвіліна, і яму будзе адзінаццаць. Трыццаць секунд… дваццаць… дзесяць… дзевяць… - абудзіць, мо, Дадлі, хай пазлуецца - тры… дзве… адна…

БУМ!

Хаціна задрыжала, Гары сеў і паглядзеў на дзверы. Хтосьці стукаў знадворку, жадаючы ўвайсці.



Загрузка...