ПАДФАРЦІЛА


Пашчасціла нарэшце інжынеру Ціханчыку: цяжка ўспомніць, колькі ён ужо гуляе ў гэтае «Спортлато», а толькі нядаўна адхапіў кругленькую суму. Жонка, Капіталіна, з выпадку такой радаснай падзеі абвіла, бы ў маладыя гады, мужа вакол шыі, соладка чмокнула ў шчаку:

– Не зломак ты ў мяне, Ціханчык! Хай усе бачаць! Я ж, хоць і перцу падсыпала табе, калі ты купляў тыя карткі, але сама недзе ў глыбіні душы верыла: падфарціць калі-небудзь і нам, не ўсё ж – ім! Малайчына! Твае грошы – ты імі і распараджайся! У нас заўсёды, не мне табе казаць, справядлівасць была і застаецца на першым плане. Рашай, на што патраціш грошы. Бачу, задумаўся. Дарэмна. Тады я скажу: апрануць цябе трэба, Ціханчык. Абнасіўся ты зусім. Абшарпаўся. На людзі паказвацца сорамна. Купім, значыць, табе новае паліто, плашч, джэмпер і абавязкова андатравую шапку. Усё ж ты пры пасадзе, не апошні чалавек у сваім канструктарскім бюро. Ты на мяне не глядзі, Ціханчык. У мяне ўсё ёсць, здаецца...

Пайшлі купляць. Ціханчык прыхапіў самую пузатую сумку, запіхнуў у кішэню некалькі цэлафанавых пакетаў.

Людзей у краме – не падступіцца. Штурхаюцца, абражаюць адзін аднаго, дзе там з Ціханчыкавым характарам падабрацца да тавару, каб хоць вокам глянуць, што ён з сябе ўяўляе, за колькі прадаецца. Не раўня яму Капіталіна: бы той вужэлак, прадзіраецца праз любую чаргу, а потым паведамляе мужу:

– Плашч – залюбуешся! Чысты кабардзін! Браць?

– Што, якраз мой памер?

– Твайго не бачу... Ах, дык гэта ж жаночы плашч! Але прыгожы. Вачэй не адарваць.

Неўзабаве Капіталіна вылазіць з новай пакупкай, аддае мужу: трымай! А сама зноў нырае ў чаргу. Не праходзіць і хвіліны, як чуваць яе шчаслівы голас:

– А шапкі, Ціханчык, ні пяром апісаць, ні ў казцы расказаць.

– Андатравыя?

– Гм, захацеў так адразу! З лебядзінага пуху. Каб узяць?

– Бяры, калі андатравых няма, – паціскае плячыма Ціханчык.

– Ціханчык, га, Ціханчык, падыдзі бліжэй, паглядзі, якое шыкоўнае паліто, – кліча Капіталіна мужа. – Возьмем? Пазней днём з агнём не знойдзеш. Ды і ўлічваць трэба – гіперінфляцыя. Каўнер, не, ты глянь, з чаго каўнер! Натуральны пясец.

– Гэта ж жаночае,– міргае вачамі Ціханчык.

– На цябе, даражэнькі, пашукаем яшчэ. Знойдзем. Павінны знайсці.

... З крамы Ціханчык нёс, ажно гнуўся, абновы для жонкі. Капіталіна забягала наперад, стараючыся зазірнуць яму ў вочы:

– Гэта ж трэба так гандляваць! – шчабятала яна. – Невукі! Як грошай няма – для мужчын рэчы выкідваюць, а калі ёсць – толькі жаночыя. Ніякага парадку ў гэтым гандлі.

Ціханчык, выціраючы насоўкай узмакрэлую лысіну, чыкільгаў за жонкай і думаў, што ён вельмі шчаслівы чалавек: няхай яшчэ хто выйграе для сваёй любай жонкі столькі трантаў!


Загрузка...