КАРАСІ НА ПЯСКУ


Усё пачалося з пісьма ад сына Міхася, які паведамляў, што прыедзе не адзін, а з дзяўчынай, будучай жонкай.

– Трэба сустракаць, – сказаў Матруне Лявон.– Запросім гасцей, сваякоў і суседзяў, каб з Міхасёвай маладзічкай пазнаёміліся, мо і вяселле справім. Рыхтавацца трэба. Паглядзі, колькі ў нас цукру, Матруна. Ці хопіць на гэтае... Ну, сама ведаеш... Гарэлка ў краме надта ж дарагая... Адным словам, будзем рыхтавацца...

Як толькі ў бочцы спынілася бульканне, Лявон сказаў сам сабе: «Час».

Назаўтра раніцай, калі вёска яшчэ спала, Матруна на плоскадонцы адвязла Лявона на востраў, а сама вярнулася дахаты. Але ўсё ж сусед Понцік убачыў, што Канапелька павалокся праз агароды да возера з такімі-сякімі прычындаламі. Понцік меў на Лявона зуб, і таму вельмі ўзрадаваўся, падцягнуў штаны і адразу ж пашкандыбаў да ўчастковага, рашуча пагрукаў у акно. Неўзабаве паказаўся заспаны твар міліцыянера Кузоўкі.

– Ну, што здарылася? – праціраючы вочы, спытаў той.

–Ты во спіш, а Лявон на востраве чымергес цісне. Штрапуй! Усіх штрапуеш, а яго што – не бачыш? Ці мо ты праз аднаго штрапу даеш? Глядзі, хоць ты мне і радня, але магу і вышэй заявіць. За Понцікам не заржавее.

Участковы толькі ўздыхнуў. Задаволены Понцік вярнуўся дамоў, злосна пачэсваючы рукі: во,ты, Лявоне, цяпер запяеш мне Лазара. Будзеш ведаць, як лезці са сваёй прасціной.

Лявон тым часам прыладкаваў апарат, расклаў цяпельца, і неўзабаве ў трохлітровы слоік капнула першая кропля...

Стары не адразу пачуў плёскат вёслаў па вадзе. Насцярожыўся – на бераг насоўвалася міліцэйская фуражка. Напалоханы Лявон адразу кінуў усё і схаваўся ў хмызняку, пачаў назіраць, што ж робіцца каля яго апарата...

– Лявон, выходзь! Твой агрэгат, адразу пазнаў,– пачуў стары голас Кузоўкі. – Не хавайся. Будзем акт складаць. Ад закону не схаваешся.

«Не, смалы... – разважаў Лявон. – Гэтак мяне не возьмеш. Яшчэ невядома, хто каго...»

Кузоўка пахадзіў-пахадзіў вакол апарата, паклікаў яшчэ Лявона, а потым заўважыў, што цяпельца прытухла, перастала капаць у слоік. Як чалавек гаспадарлівы, ён падкінуў дроў, і чымергес зноў пабег танюткім раўчуком.

«Што ён тут вырабляе? Мо зняць пробу?» – участковы падставіў шклянку, і калі нацадзілася грамаў сто, адламаў ад бохана добры кавалак хлеба, выняў жа з Лявонавай торбачкі сала, цыбуліну, зірнуў у той бок, дзе хутчэй за ўсё хаваўся самагоншчык, і зарагатаў:

– Сядзі, Лявон, мне і аднаму добра!

І кульнуў пітво ў рот. Зморшчыўся, першачок што трэба! Хораша закусіў.

– Сядзі, Лявон, мне і аднаму тут падабаецца, – паўтарыў Кузоўка і зноў падставіў шклянку.

Потым – другі раз, трэці...

Калі Лявон ускочыў у лодку ўчастковага, той гучна і прыгожа спяваў: «А я лягу- прылягу...»

Стары дабраўся да берага, пабег у кантору.

– Дзеўкі, тэрмінова пазваніць трэба,– папрасіў ён дазволу, набраў 02 і ажно зароў у трубку: – Алё! Міліцыя? Дакладваю, значыцца, сітуацыю... Участковы Кузоўка... у Борках... на востраве чымергес цісне... Сам бачыў...

Усе, хто быў у канторы, здзіўлена пераглянуліся.

Кузоўка спаў, падклаўшы пад галаву фуражку, калі прыехалі на востраў яго калегі.

... Лявон і былы ўчастковы Кузоўка часта цяпер разам ловяць карасёў. Толькі ніколі не сядзяць побач. І яшчэ: абодва не любяць глядзець на востраў. Лявон – з-за таго, што канфіскавалі ягоны апарат і ўляпілі штраф. А ўчастковы – таму, што пазбавілі міліцэйскага мундзіра.

А карасі скачуць на пяску, бы на патэльні. Ладныя такія карасі. І мужчынам карысны занятак...


Загрузка...