У алергічнае аддзяленне звярнуўся хворы – мужчына сярэдніх гадоў, крышачку атлусцелы твар у чырвоных плямах, быццам яго хто фарбай размаляваў.
– Задыхаюся, доктар, – паскардзіўся ён.
– Гэта я бачу. Як і бачу, што ў вас алергія. Цікава, ад чаго яна магла паявіцца?
– Сам не ведаю. Гарэлку не п’ю. Піва таксама. Што вы , што вы! І блізка не падношу... Адэкалонам не карыстаюся. Сусед вунь, Таранкін, ад яго задыхаўся. Кветкі не нюхаю. А што ем? Ды што цяпер мы ядзім, вядомая справа: бульба і сала. Раней у мяне – вы адзначце, таварыш доктар – ніколі яе, халера, не было, алергіі гэтай. Спярша думаў, на жонку яна... Дык не – кабету адпусціў на курорт, а хвароба гэтая яшчэ больш прагрэсіраваць пачала.
– А калі жонка на курорт паехала, вы чым займаліся? – асцярожна пацікавіўся ўрач.
– Ды не, налева не хадзіў, – адразу чамусьці пачаў апраўдвацца хворы.
Доктар усміхнуўся.
– Мяне гэта, дарэчы, не датычыць. Чым вы займаліся, што елі, пілі, дзе былі...
– Га-га, – з палёгкай уздыхнуў хворы, – адкажу, адкажу. Так, значыць. Пра ежу я сказаў, а піў квас, гарбату і тэлевізар глядзеў. І ўсё, здаецца? Ну, там на работу збегаю – справа вядомая: грошы ж трэба зарабляць.
– Дык, кажаце, як жонка паехала на курорт, адразу хвароба пачала прагрэсіраваць?
– Ісцінная праўда!
– А вы «Санту-Барбару», «Проста Марыю», «Дзікую ружу» глядзелі разам з жонкай?
– Не, гэта выключна яе фільмы. Я толькі футбол калі, навіны... І яшчэ там розныя іншыя перадачы паважаю, якія ідуць у перапынку паміж рэкламай.
– Што ж, дыягназ вядомы: у вас алергія на рэкламу. Гэтая хвароба не толькі да вас прыляпілася – яна распаўзаецца ў апошні час яшчэ хутчэй, чым вірус грыпу. Бачыце, як жонка паехала на курорт, вы пачалі больш сядзець перад тэлевізарам...
– Гэта так, гэта правільна, – згодна заківаў хворы.
– Адсюль і хвароба пачала прагрэсіраваць.
– Вось у чым справа, аказваецца! – павесялеў хворы. – А я ўжо чаго толькі не перадумаў! Во дзякуй вам, доктар, за дыягназ. Дык есці, кажаце, можна ўсё? І нюхаць?
– Усё рабіце, што і раней рабілі: ешце, нюхайце, кахайцеся, а вось ад прагляду тэлеперадач пакуль устрымайцеся. Цалкам. А потым паціху ўключайце, а як толькі на экране з’явіцца рэклама – уцякайце падалей ад яго! Запомніце: рэклама – вораг вашаму здароўю! Майце на ўвазе. Так што шпіталізаваць вас няма патрэбы.
– Яно ж і праўда, доктар, цярпець я не магу рэкламу, -- шчасліва ўсміхаўся хворы. – А яна, гадаўка, і давяла. Ледзьве не да магілы. Але нічога, я ад яе цяпер вылечуся хутка – учора, калі рэклама мо цэлыя паўгадзіны была, дык я не вытрымаў і гваздануў шклянкай па экране. Так што няма тэлевізара. Пакуль на новы цяпер збяру-у-у! Баюся толькі , што ў жонкі можа з’явіцца алергія, калі даведаецца, што сталася з тэлевізарам. На мяне. Ну, дык я пайду? Лячыцца!
Доктар паціснуў бедалазе руку і пажадаў хутчэйшай папраўкі.