ЯГОРКА АБ’ЯГОРЫЎ


Прыязджаю ў родную вёску. На лаўцы перад вокнамі сваёй хаты сядзіць цётка Дуня. Павіталіся. Хацеў было ісці далей, але яна, схамянуўшыся, сказала:

– Пачакай, Васіль. Гэта ж я памру скора, то і расказаць не паспею табе пра свайго Ягорку. Помніш яго, халеру? Гэта трэці мой мужык быў... Тыя першыя чарку любілі, а Ягорка – яшчэ больш. Але ж і галаву разумную меў, не галавешку, хоць і п’яніца.

Аднаго разу мяне так аб’ягорыў, што і людзям саромелася расказаць. Табе раскажу. А то на той свет панясу. Гэта ж самагон схаваю – знойдзе! Увесь агарод пераштыкуе-пералапаціць, сена ператрусіць... І наліжацца. А тут шукае, шукае, а знайсці не можа. Тады што робіць, паразіт? Налівае ў трохлітровы слоік вады – якраз столькі, колькі і самагонкі ў ім запрыкмеціў. На стол паставіў. Хлеба адрэзаў. Сала кусель ладны паклаў. Агурок. І ў акно глядзіць, калі з крамы я вяртацца буду. Пераступаю парог, а ён ляжыць на ложку і храпе, як п’яны. Глянула я на стол – і абамлела, рукамі адно ўспляснула: «А божа! Каб жа цябе, паразіт, мухі пакусалі! Каб жа ты спрах! У карчы схавала – і там знайшоў! Цьфу!» Хуценька за слоік са стала, і перахавала «самагон». Не, каб паспытаць, што ў ім было, і на агародзе корпаюся спакойна сабе. А ён карчы параскідаў, яны ж перад самым парогам ляжалі, знайшоў самагон і амаль увесь выжлукціў. Ну, і не абармот жа Ягорка, зямелька яму пухам, чорту...

Во, хоць прычына была сёння памянуць яго...


Загрузка...