Прыгарадны дызель-поезд мерна адстукваў коламі, спыняўся амаль што праз кожныя пяць хвілін – высаджваў і падбіраў людзей, а потым, злёгку паднацяўшыся, набіраў хуткасць. Пасажыраў у кожным вагоне было – што селядцоў у бочцы: не кожнаму падфарціла зручна стаяць.
Звычайны ў такім выпадку малюнак: адны кімараць, другія ўперылі вочы ў дэтэктыў ці ў газету, трэція ж, каму пашчасціла на месца, паныла кідаюць позіркі на краявіды за акном. І раптам: «Ку-ка-рэ-ку-у!» Вагон грымнуў ад смеху. Певень унёс такое ажыўленне, што і пераказаць цяжка. Потым «ку-ка-рэ-ку-у!» паўтарылася. Смех быў ужо не такі дружны, як хвіліну ці дзве раней, але ўсё ж быў... Быццам артыст, адказваючы на апладысменты ўдзячных гледачоў, певень працягваў пацяшаць людзей, пакуль тыя не насыціліся яго спевамі. А пазней і певень замоўк, і людзі прыціхлі. Зноў – дэтэктывы, газеты, абыякавыя позіркі за акно, на суседа. Дык вось жа цікава: ну, а каб певень загарлапаніў недзе на вясковай вуліцы? Спявай сабе, ніхто і брывом не павядзе. На гарадской жа – цікава, адкуль ён тут? У вагоне – таксама цікава. Усяму, кажуць, сваё месца. Так і з гэтым пеўнем атрымалася.
Можа б, я і не пісаў бы пра гэта, але ж дужа цікавым падаўся дзядок, што вёз крыкуна ў кошыку. Вясковы дзядок. Ён падсеў недзе пасярод дарогі, і праехаў усяго два прыпынкі.
– Гэта асаблівы певень, – зіркаў падслепавата стары па баках. – Яму цаны няма. Такім пеўням помнікі пры жыцці ставіць трэба, а мая баба – ды ну яе! – забі і забі. Бач ты, што надумалася зрабіць. Не, пеця, цябе я ў крыўду не дам. Ты мяне выручыў, і я цябе не пакрыўджу. Радзіма сваіх герояў помніць. А гэта ж, браткі, перабраў я надоечы, галава развальваецца па частках, а баба дулю замест апахмелкі дае. Ведаю, што ёсцека. Злы, вочы б мае яе на той час не бачылі. Я да яе і так, і сяк, а яна заўпарцілася – хоць ты ёй што рабі. Паміраю, можна сказаць, а не разумее. Дзе ж бабе мужыка зразумець? Ну! І медалі, што на фронце зарабіў чэсным пуцём, не ў залік. Сяджу на лаўцы, бядую. А тут, бачу, певень у гародчыку корпаецца... Зацікавіўся я, назіраю... І – верыце? –паказалася вечка... Я яшчэ больш зацікавіўся. «Давай, давай, пеця, ці не той скарб, які і для мяне інтарэс мае?»– падбадзёрваю. Так! Ён, трохлітровы слоік! Дзівосы! Ад радасці я ўзняцца з лаўкі не магу – хаду адняло. Падбягаю, дапамагю пеўню... ён мне, як разумная істота, саступае: калі ласка, далей сам капай. І стаіць, цікуе за мной. Выцягваю. Фу-у-у! Вось тут я, дзякуючы пеўню, і паправіў і без таго гіблае сваё здароўе. Так што, гэты певень – герой. А баба: забі, у чыгунок яму пара. Гэта каму? Пеўню гэтаму? А смалы ты не ела, старая? Нізашто. Пакуль сам жывы – і пеўня не дам ў крыўду. Вось і ратую яго, бедалагу. Да дружка свайго вязу, няхай у яго пажыве... далей ад варожага вока... А жонцы скажу: дык адкуль жа ведаю, куды ён, пеця, падзеўся? Не бачыў, скажу. А Сцяпан у крыўду не дасць. Ён мяне зразумее. Прадоўжым жыццё пеўню. А то, бач ты яе, у чыгунок... Багата чаго вы хочаце-прагнеце ад нас, бабы? Скажы, пеця?
Пеўня ж, пакуль і не выйшаў дзядок, не было чуваць: спаў. Як усё роўна ведаў, што няма чаго хвалявацца, мужчыны выручаць, як некалі і ён іх...