Крыху не пашанцавала капітану Бярозкіну: уначы падраздзяленне, якім ён камандуе, было паднята па трывозе, потым – марш, раён вучэнняў, якія абяцалі зацягнуцца не на адны суткі. Іншы б раз Бярозкін не хваляваўся – ці ж упершыню яму калець разам з салдатамі на тых вучэннях? Хваляваўся ж з аднае прычыны – вось-вось павінна жонка нарадзіць першынца. А тут – трывога, і яна засталася сам-насам са сваімі клопатамі. Суседзі, праўда, памеліся панаглядаць за жонкай, выклікаць, калі спатрэбіцца, «хуткую дапамогу». Гэта трошкі суцяшала, супакойвала афіцэра. А яшчэ камбат прыкамандзіраваў часова да кватэры капітана Бярозкіна радавога Самардака, які толькі што выпісаўся са шпіталя і набіраўся моцы ў казарме. У абавязкі Самардака ўваходзіла: схадзіць, калі будзе патрэба, у краму па прадукты для жонкі камандзіра, вынесці смецце, прапаласосіць, пацікавіцца, патрэбна яшчэ ў чым дапамога ці не. Самардак – салдат паслухмяны, працавіты, дамавіты, і такая служба – прынесці-падаць – яму вельмі спадабалася. А паколькі раней ён жыў на Украіне, то аднаго разу нават прыгатаваў смачны наварысты борш і пачаставаў ім жонку капітана Бярозкіна.
Неўзабаве ў Бярозкіна нарадзіўся сын. Пад акном радзільні радавы Самардак доўга таптаўся з кветкамі, якіх наскуб на клумбе ў гарадку, павіншаваў парадзіху, а потым тая – з акна трэцяга паверха – прадыктавала яму змест тэлеграмы, якую павінен быў Самардак адправіць у Н-скі гарадок капітану Бярозкіну.
Капітан Бярозкін атрымаў тэлеграму наступнага зместу: «Мілы каханы віншую цябе сынам абдымаю цалую радавы Самардак».