ПРАМАХНУЎСЯ


Цюлькіна хлебам не кармі, а дай куды-небудзь запісацца. Ну, напрыклад, фарміруецца турыстычная група – вядома ж, за кошт прафсаюза або добрага спонсара,– Цюлькін тут як тут.

– Запішыце! Вы запісалі? Дайце глянуць на ўласныя вочы, бо каму і давяраю, то ім, шаноўным,– Цюлькін насоўваў на пераносіцу пукатыя акуляры, падносіў да іх паперку і, знайшоўшы сваё прозвішча, лагодна ўсміхаўся. – Во цяпер бачу. А куды, не падкажаце, заўтра будзе запіс?

Атрымаўшы інфармацыю, Цюлькін з’яўляўся ў патрэбны час якраз у тым кабінеце, дзе і трэба было быць.

– Запішыце! Я – Цюлькін! – пераступіўшы парог, заяўляў ён.

– Ведаем, ведаем, – раздражнёна адказвалі яму.

І запісвалі, бо не запішы – ляманту будзе на ўвесь белы свет. І на дэфіцытныя тавары ( было і такое), і на гуманітарную дапамогу, і на культпаход у тэатр, і яшчэ шмат куды.

У той дзень таксама некуды запісвалі. Куды – Цюлькін не ведаў.

– Запішыце! Я – Цюлькін!

– Што, і вас запісаць? – здзівілася актывістка ў акулярах на прыгожым тварыку.

– Абавязкова, абавязкова!

– Дык вы ж... – дзяўчына папярхнулася, зняла акуляры, чамусьці доўга, не міргаючы, углядалася ў Цюлькіна.

– Ніякіх «вы ж»! Не запішыце – буду скардзіцца! Я – Цюлькін!

– Не магу я вас запісаць...

– Зможаце! Вы, бачу, новенькая?

– Ага.

– Таму запомніце прозвішча.

– Запомніла: Цюлькін.

– Вось-вось!

Дзяўчына ўстала, падышла да Цюлькіна:

– Дык вы ж жывы!

– Так, так, жывы, і пакуль жывы – павінен усюды пабываць, усяго паспытаць і паспрабаваць. Запісвайце, запісвайце! Не будзем псаваць адносін. Я вам таксама магу спатрэбіцца...

– Я хацела вам сказаць, што я толькі перапісваю на чыставік... – дзяўчына зусім, здаецца, разгубілася пад напорам Цюлькіна. – Спіс склалі без мяне...

Цюлькін хітра ўсміхнуўся, дакрануўся да пляча дзяўчыны, па-змоўніцку зашаптаў:

– А вы, шаноўная, упішыце. Няма такой паперы, каб на ёй не хапіла месца для маёй персоны.

– Ну, як хочаце! Запішу! – не вытрымала дзяўчына і рашуча вывела на паперы прозвішча – Цюлькін.

– Дзякуй, дзякуй, вось і цудоўна, вось і хораша, што з вамі знайшлі агульную мову,– і Цюлькін памахаў на развітанне дзяўчыне.

... Назаўтра быў з’езд творчага саюза, дэлегатам якога з’яўляўся і Цюлькін. Старшынствуючы папрасіў ушанаваць памяць тых, каго не стала за справаздачны перыяд, хвілінай маўчання. Калі ён назваў прозвішча Цюлькіна, а ў спісе яно было апошнім, па зале прайшоўся шумок – дэлегаты заварушыліся, пачалі шукаць вачамі Цюлькіна...

Цюлькін сядзеў і разгублена лыпаў вачамі. Першы раз так прамахнуўся: не туды запісаўся.


Загрузка...