Навагодні банкет быў у самым разгары, калі Сыраежкіна, як заўсёды, вытыркнулася наперад. Яна абвяла хітраватым позіркам усіх, хто сядзеў за святочным сталом, і прапанавала:
– Увага, спадары! Ад імя жанчын прапаную кожнаму шчыра прызнацца, хто здрадзіў сваёй жонцы ў адыходзячым годзе.
Мужчыны здзіўлена і разгублена пераглянуліся. Жанчыны запляскалі ў ладкі – падбадзёрвалі сваіх рыцараў, каб тыя выкладвалі ўсё.
– Ну, з каго пачнём? – сакатала Сыраежкіна. – Што, няма смелых?
Такіх спачатку не знаходзілася.
– Мужчыны, нешта вас не чуваць!..
– Ну, Дон Жуаны, чаму сцішыліся?
– Папаліся! – здзекаваліся над моцным полам жонкі.
Першым набраўся смеласці Трушкоў.
– Я, прыкладам, не здраджваў. Спі спакойна і ў новым годзе, Зінуля! – ён прыклаў руку да сэрца і сеў.
Амаль тое ж самае сказалі і ўсе астатнія. Акрамя Вавёркіна. Вавёркін жа ўзняўся з месца з келіхам у руцэ, трохі глынуў шампанскага, сур’ёзна, не міргнуўшы вокам, адчаканіў:
– Што было, тое і было. Хлусіць не буду. Даруй, Галінка. Здраджваў я. Былі ў мяне жанчыны. Адну з іх звалі Ларыскай, другую Наташкай, трэцюю Клаўкай, чацвёртую Верачкай, пятую...
Усе заўсміхаліся.
– Ну і жартаўнік ты, Вавёркін! – прамакаючы насоўкай вільгаць на вачах, перапыніла яго Сыраежкіна. – Так рассмяшыць не кожны!.. Артыст. Табе Дзедам Марозам быць! Галя, ну ў цябе і мужык!.. З ім, відаць, ніколі не сумна!
Вавёркін крыху сумеўся. Ён хацеў працягваць далей, але Сыраежкіну было ўжо не спыніць. Ён сеў на месца. «Во і скажы ім праўду!– абурана падумаў Вавёркін. – Эх, жанчыны, жанчыны! Збрэшаш – павераць, праўду скажаш – не возьмуць на веру».