ІМПАРТНЫЯ ЧАРАВІКІ


Лыжкіны абедалі, калі дзынкнуў званок.

– Васіль, пацікаўся, хто там, – падштурхнула мужа кабета.

– Зараз, – хуценка адрэагаваў і на званок, і на жаночы загад Васіль і зірнуў у вочка: па акулярах і па капялюшы пазнаў таварыша па рабоце Сіўчыка і адразу ўспомніў, што той павінен быў, як і дамаўляліся, прынесці яму імпартныя чаравікі. Хваліўся Сіўчык, што дужа модны, прывабны абутак, але трохі малаваты – цісне, таму, хочаш таго ці не, даводзіцца вось збываць. Шкада, але што паробіш – не дзівіцца ж на чаравікі, іх насіць трэба, а, бач, не атрымліваецца. «Ды і прадаваць абы-каму не хочацца,– гаварыў Сіўчык. – Гэта во каб хто з сяброў узяў, то іншая справа: доўга ўспамінаць мяне потым будуць добрым словам, а чужы адразу забудзе». Прымерыць імпартны абутак першым згадзіўся Лыжкін.

І вось Сіўчык стаіць з каробкай перад дзвярамі. Заходзіць, вітаецца.

– Танюша, – кліча Лыжкін жонку. – Паглядзі, што мой калега па брыгадзе прынёс – імпартныя чаравікі. Я ж і забыўся табе сказаць. Яму малыя, ну, а як яны будуць на маёй назе? – Неўзабаве Лыжкін тупаў па кватэры ў навюткіх чаравіках. – Самы раз. Як на мяне пашыты. Ну дык што, Танюша, возьмем?

– Канечне, любы, – Танюша павярцела ў руках чаравікі, задаволена прычмокнула языком. – Прыгожанькія – слоў няма. Ды і носкія, відаць, будуць, раз імпартныя... Цана таксама не вельмі каб кусалася. Бяры, бяры, Васілёк, і не задумвайся. А таварышу свайму дзякуй скажы.

– Так, так... Вось я, карыстаючыся момантам, адразу і кажу: дзякуй табе, дружа, за чаравікі,– Лыжкін паляпаў Сіўчыка па плячы.

– Ды няма за што,– прамырмытаў Сіўчык. – Не для каго ж пастараўся – для друга.

Запіхнуўшы ў кішэні грошы, Сіўчык пажадаў доўга насіць чаравікі, развітаўся і знік.

– Праўда ж, добрыя чаравікі? – зноў зірнуў на жонку шчаслівы Лыжкін, шырока ўсіхнуўся... і раптам усмешка вокамгненна прапала з ягонага твару. Перад ім стаяла зусім іншая жонка – твар насуплены, чырвоны, бы памідор. І позірк вачэй такі, быццам Лыжкін прынёс у дзень зарплаты ўсяго некалькі «зайцаў».

– Значыць, абутак купляеш? –затрэсла галавой Танюша. – І гэта ў той час, калі ў халадзільніку вецер гуляе... калі ў мяне панчохі ўсе дзіравыя... калі...

– Не разумею... – павёў плечуком Лыжкін. – Ты ж сама сказала: бяры, і не раздумвай, чаравікі вельмі добрыя... і цана не кусаецца.

– А што я пры чужым чалавеку павінна была гаварыць? Скажы мне, пень? Не магла ж я адправіць яго за парог са сваімі чаравікамі. Што б ён тады пра мяне падумаў? Ды і пра цябе, га? Эх, бядота ты, Лыжкін, а не мужчына. Навошта макацёр на плячах носіш?

Назаўтра Лыжкін панёс чаравікі былому аднакласніку Птушкіну, бо яму яны вельмі... ціснулі.


Загрузка...