– Ну, тата, пачалі, – гаворыць сын і робіць першы ход канём. – Толькі папярэджваю: будзеш хітраваць – не здабраваць...
Тата робіць ход у адказ: е-2 на е-4. І так далей: ход – сын, ход – тата. Нарэшце апошні падымае рукі ўгору, кісла моршчыцца – здаецца.
– Матэматыка за табой, – па-даросламу спакойна разважае сын. – Калі і наступную партыю прайграеш, заданне па мове выканаеш. Ідзе?
– Ідзе, – неахвотна пагаджаецца тата і займае пасля двух кароткіх зацяжак месца за сталом.
Ход – сын, ход – тата. Апошні нервуе: скрабе патыліцу, круціцца на табурэтцы, раз-пораз выслізвае на кухню – курнуць.
– Прапаноўваю нічыю, – глядзіць тата на сына. – Згодны?
– Не, татачка, ні за што,– стаіць на сваім сын. – Як гэта – нічыю? Настаўніца ж адразу раскусіць. Ды і сам дзе ты бачыў, каб адно і тое ж заданне ў сшытку пісалася рознымі почыркамі? Не пойдзе так. Тут канкрэтна давай: ты ці я. Думай, думай, тата, можа яшчэ і выйграеш,– падбадзёрвае сын.
Праз два хады тата здаўся. Ён папрасіў секунданта – маму, каб падала ручнік. Выцер узмакрэлы твар, адпіў са шклянкі чаю.
– Так, што ў нас яшчэ засталося?
Сын глядзіць у дзённнік.
– Маляванне. Бураціна выходзіць з хаты, накіроўваецца ў школу з азбукай – тэма малюнка.
– Не, не, – пратэстуе тата, апантана махае рукамі. – Я – пас! Я – пас! Матэматыку, пісьмо яшчэ зраблю, а вось па маляванню – ні ў зуб нагой. Алоўка ў руках не трымаў. Ты, Ігарок, маму, маму... з ёй згуляй...
– Яна ж секундант, – паглядзеў сын у бок мамы.
– Я, я пабуду!
– Мама! – кліча сын. –Тата па маляванню – аловак незавостраны. Сядай.
Мама перадала павязку секунданта тату, садзіцца за шахматную дошку.
Пачатак зроблены. Сямейная гульня працягваецца...