ПРЫЗ


Сцёпчыха заўсёды лютавала, калі размова заходзіла пра Шурку – прывабную адзінокую жанчыну са шматлікімі пярсцёнкамі на пухленькіх пальцах і арыгінальным залатым ланцужком на шыі. Гэтыя жоўценькія вырабы і псавалі ёй, Сцёпчысе, настрой.

– Бач, бач, ідзе як! Х-хы! Каза-а! – амаль штодня праводзіла яна Шурку, крыўляючыся. – Зноў, зноў сёння новую сукенку апранула. І пярсцёнкі новыя начапіла-а! Пачакай, пачакай, напорашся – адарвуць з пальцамі. А што ёй! Выгуляецца на рабоце – і круць-верць азадкам. Каб быў мужык, то пакруціла б. А то што ні дзень новыя транты, з іголкі. Канечне, палюбоўнікі стараюцца. Вунь, вунь іншамарка падкаціла прама да пад’езда. І паехала, і паехала... Цьфу!

Сцёпчыха, правёўшы з балкона сваю маладую суседку на працу, пачынала гатаваць ежу, тапталася на кухні і думала, як ёй насаліць. «Пад носам капіталізм расцвіў!»– не магла супакоіцца яна. А як ушчыпнуць Шурку – не магла даўмецца. Але галава працавала. Актыўна. Напружана. Таму, як толькі Шурка вярнулася з працы на той жа іншамарцы, Сцёпчыха адразу кінулася да тэлефона і набрала «04»:

– Свішча газ! Чакаю! Іначай дом узляціць пад аблокі! Будзе, як там!..

Яна назвала Шуркін адрас і шырокая ўсмешка расплылася па твары: а заўтра «хуткую дапамогу» выклічу, потым аб’явы на слупах расклею, што Шурка быццам прадае халадзільнік... Не будзе ў яе спакойнага жыцця!

Аварыйная брыгада прыбыла даволі хутка. На званок у дзверы выглянула Шурка, а Сцёпчыха прыадчыніла свае і навастрыла вуха.

– Вось вам наш прыз – тэлевізар! – сказаў вусаты дзядзька і паказаў на свайго калегу, які трымаў прыз. -- Не здзіўляйцеся, не здзіўляйцеся – вы наш юбілейны, стотысячны, кліент.

Ад пачутага Сцёпчыха страціла прытомнасць і выкацілася на лесвічную пляцоўку...


Загрузка...