ЯК КІНУЦЬ КУРЫЦЬ


У альтанцы мужыкі забівалі «казла». Савоська прычыкільгаў да іх, павітаўся і радасна паведаміў:

– Усё, мужыкі, нарэшце здзейснілася!

– Ты пра што, Савоська? – вытыркнуўся з гурту сусед Віцькін, бо не зразумеў, падобна на тое, што там у яго «нарэшце здзейснілася».

– Кінуў курыць! – з тым жа пафасам сказаў Савоська.

– Кінуць-та яно можна, а вось як не курыць? – пачуўся зноў голас суседа Віцькіна. – Я таксама толькі што кінуў... Насмуголіўся – і кінуў. Га?

– А я даўно кінуў,– з гонарам прызнаўся Савоська. – І, самае галоўнае, не цягне. Ні кропелькі. Вось вы курыце. Так? Так. А мне хоць бы хны. Мне здаецца, што вы атруту глытаеце. Бр-р-р! Агідна, аж на ваніты цягне.

– Дык ты што, у вуха ўкалоўся?

– Цікава! Навучы, Савоська, і нас, як ад атруты гэтай пазбавіцца?

Савоська памуляўся для прыліку, потым, калі ўсталявалася цішыня, пачаў:

– Канешне, дзе-небудзь на дзікім Захадзе мне б за мой метад адвалілі зялёненькімі, і нямала...

– Во, во, і ён, як усе,– толькі б абадраць мужыка, бы ліпку,– сказаў нехта незадаволена.

– Але, але, спадары! Я разумею, дзе мы жывём і як, таму дарэмна не хвалюйцеся – метад аддаю бясплатна.

Сёй-той паапладыраваў. А сусед Віцькін сказаў:

– Ды хіба вы Савоську не ведаеце? Ён сваё аддасць. Апошняе. Задарам. Абы іншым было добра. Давай, давай, расказвай!

– Запамінайце. Раніцай, як толькі прачнуліся, не думайце пра цыгарку. Думайце пра нешта сонечнае, светлае, пяшчотнае... Уявіце мора... Лепш – Чорнае... і хвалі, хвалі нагортваюцца на бераг, лашчацца да вашых ног... А вам курыць хочацца. Правільна?

– Яшчэ як!

– А вы: не... не... не... Я не дурань, каб на мора ехаць за такія грошы і курыць... Апошні сказ паўтарыце некалькі разоў... Усё, ад першай цыгаркі вы пазбавіліся. Вам хочацца выкурыць другую. На гэты раз уявіце лес... Лета... Сухмень... І ўсюды шыльдачкі, якія напамінаюць, што той, хто прыйшоў у лес з запалкамі і цыгаркамі, будзе аштрафаваны, незалежна ад таго, карыстаўся ён імі ці не. Шапчыце: у мяне забралі мільён, мільён, мільён... Штраф, штраф, штраф... І другой цыгаркі вы не крануліся, вам проста перахацелася.

– Яшчэ як перахацелася!

– Здорава ты прыдумаў, Савоська!

– Галава-а!

– Вось метад гэта дык метад! Мне ўжо, можна сказаць, курыць не хочацца,– абрадаваўся сусед Віцькін. – Ну, ну, давай далей апавядай, Савоська! Цікава-а!

– Пасля таго, як вы прапусцілі дзве цыгаркі, вам рупіць вывудзіць з пачкі трэцюю. Так?

Тут Савоська ўбачыў сваю кабету. Тая прадзіралася паміж мужыкоў, расштурхоўваючы іх, бы снапы, і працягнула ў бок Савоські гаспадарчую сумку.

– Хопіць анекдоты расказваць! Імі сыты не будзеш! Трымай сумку і бяжы ў гастраном – па харч. Ды глядзі ж мне: калі зноў залямзіш сабе на курава – іх, цыгарэты свае, і есці будзеш. Як на тым тыдні. Помніш? Ці, можа, забыўся? Пры такой дарагавізне на ўсё ён яшчэ і курыць уздумаў! Глядзі мне: кішэні выверну, так што не рызыкуй!

Савоська стаяў, бы ў халодную ваду апушчаны. Мужыкі спярша знерухомелі, а калі да іх дайшло,– грымнуў рогат.

Аказваецца, курыць і сапраўды вельмі проста кінуць – трэба мець толькі такую жонку, як у Савоські.


Загрузка...