ПРАЕХАЎ!..


«Бачце вы, зайшлі ў аўтобус і каб хоць хны... і едуць безбілетнікамі... зайцамі... нават на кампосцер не глядзяць... А я што – лысы? Толькі і паспяваю цягаць з кішэні талончыкі, толькі і кляцаю кампосцерам, – разважаў Рудзькін, трымаючыся за поручань. – Не, і я лыкам не шыты. Усё. Хопіць. Кропка. Назад з інстытута таксама буду ехаць зайцам. Ці ж у мяне капейчына лішняя?»

Вяртаўся з працы Рудзькін у добрым настроі, ідэя пачаць ездзіць бясплатна ў грамадскім транспарце, што нарадзілася раніцай, сагравала пад апранашкай, і ён раз-пораз кідаў позіркі на тых, хто з’яўляўся ў салоне. Мала хто выцягваў талон на праезд. «Вось-вось, – разважаў Рудзькін,– і заўсёды так... Не, і мы не лапцем борш сярбаем. Глядзіш, тры разы праеду, і бохан хлеба будзе. Ці паўлітэрка малака. А гэта ўжо нешта значыць».

Як і водзіцца ў такім выпадку, на лініі з’явіўся кантралёр.

– Спадары, падрыхтуйце талончыкі для праверкі,– запатрабавала жанчына ў чырвоным берэціку, акінуўшы важным позіркам салон.

«Буду трымацца да апошняга,– цвёрда рашыў Рудзькін і дастаў на ўсялякі выпадак талон, заціснуў у кулаку. – Калі што – кампосцер побач, паспею кляцнуць... Жанчына ж далёка яшчэ...»

Заставалася ехаць няпоўных тры прыпынкі. Далекавата. Рудзькін адчуў, што ўзмакрэла лысіна, цяжэй зрабілася дыхаць, а пальцы на руцэ трымцяць. Ён не зводзіў вачэй з жанчыны-кантралёра, чырвоны берэцік якой быў усё бліжэй і бліжэй. Рудзькін бачыў, як хлопцы ўюнамі праслізгвалі паміж пасажыраў, хаваючыся ад кантралёра, умудрыліся праскочыць, а большасць паказвалі праязныя білеты...

«Усё, паспеў!»–з палёгкай уздыхнуў Рудзькін і саскочыў на асфальт, ён аддыхаўся, выцер насоўкай узмакрэлую лысіну. Талон усё яшчэ быў заціснуты ў кулаку. Рудзькін пакамечыў яго і звыкла шпурнуў у скрыню са смеццем...


Загрузка...