ВАРШАЎСКАЯ ВОСЕНЬ

Варшава. Восень.

Поўнач. Патрулі.

Як гулка ў вулках аддаюцца крокі!..

Мы ціха наша свята правялі,

Шампанскае не выбівала коркі

У доме тым, куды мы забрылі

I ў паўзах нетаропкае гаворкі,

Смакуючы, гаркавы чай пілі.

Там — да агню спіною — гаспадар

Сядзеў, у цень хаваючы свой твар,

Які калісьці ў сечы пакалечыў...

Пацёрты плед накінуўшы на плечы,

Ён зябла рукі грэў аб самавар.

— Што ж, — ён казаў, —

цяпер не лепшы час,

I гэткі час прыходзіць кожны раз,

Як падмяняюць людзі напаказ

Маною — праўду, мітуснёю — справу...

I тым не менш я рады бачыць вас,

Бо для кахання Бог стварыў Варшаву.

Ён шклянку з чаем падымаў:

— Віват!

За вас, Хрысціна! I за вас, сабрат!

П'ём за мілосць! Астатняе ўсё — марнасць...

Ёсць чалавечых сэрцаў салідарнасць

I закаханых душ маёвы сад.

Варшаву для кахання Бог стварыў!..

Пра гэта толькі ён i гаварыў,

Я сіліўся размову перайначыць:

— Вы ваявалі...

— Гэта мала значыць!

Па мне мая Варшава не заплача,

Бо я кахання ёй не падарыў.

Я біўся за яе на ўсіх франтах.

Калі ж вярнуўся ў славе i ў слязах,

Мяне мая Варшава не прызнала...

Яна сярод пажарышча стаяла,

I ружа пунсавела ў валасах.

Я гавару прыгожа?.. Можа быць.

Я позна стаў прыгожа гаварыць,

Пасля таго, калі адхаркаў порах,

Нянавісць, што ў маіх чарнела порах...

З ёй у Варшаве немагчыма жыць.

— Паўсюль жывуць, — сказаў я неўпапад,

Бо гэта мне карцела акурат,

А гаспадар — паэт, былы салдат —

Усяк адводзіў гэтую гаворку...

I мне ў адказ ён усміхнуўся горка,

Зноў чай наліў i шклянку ўзняў:

— Віват!

Стварыў Варшаву для кахання Бог...

I ў рэшце рэшт мяне ён перамог,

Бо меў незразумелае мне права

Ніжэй за ганьбу быць,

Вышэй за славу...

I я не змог пераступіць парог

З маёй Варшавы

У яго Варшаву.

I ён праводзіў нас,

Чужы — чужых,

I мы пайшлі na вуліцах пустых,

Дзе колкім ветрам забівала дых

I між вітрын насіла павуціну,

I хрыплае імя тваё — Хрысціна,

Як плач няўцямны, мучыла мне слых.

I ў тую ж ноч, як торгнуўся цягнік

I ўзнік у шкле аконным мой двайнік,

Што бег з табою побач за вагонам,

З густога ценю выплыўтвар

Ягоны —

I да майго,

Нібы двайнік,

Прынік.

Зрываючыся

з грукатам

з маста,

За ім ляцелі плач i пустата,

Неправата жыцця i правата —

I я не мог ад ix адгарадзіцца!

...Нарэшце, чай прынёсшы, правадніца

Завесіла фіранкай твар Хрыста.

1982

Загрузка...