1
У сны ўвайшлi твае сланы.
Ступалi за сланамi сны
I не належалi мне болей.
Іх сніў
не ў сутарэннях болю,
А ў храме радасці
манах.
Я з босых ног ягоных прах,
Схіліўшыся, сабраў рукамі,
I прахам асвянціў чало...
2
— У сны твае
ўвайшлі сланы, —
Сказаў манах. — Але яны
Сваім ісці павінны шляхам.
Чало, што асвянціў ты прахам,
Вадой асвенчана святой.
Шлях з веры ў веру — шлях не твой.
3
"Чаму?" — спытаўся я не ўслых.
Не ўголас ён сказаў: "Ты з тых,
Чый шлях — зваротны.
Да чужых
Святых
ты рушыў са сваімі".
"Святыя могуць быць чужымі?" —
Здзівіўся я.
Нібыта ў шкло
Задымленае, глянуў Свамі,
I дым шкляны праплыў між намі,
Пусты, як тое, што прайшло.
4
— Устань, — сказаў манах. — Ты ніц
Дарэмна падаеш, прыкуты
Да саркафагаў і грабніц
Англійскіх могілак Калькуты.
Ты ў Індыі, — казаў мне Свамі, —
Але дарма марнуеш дні,
Упёршы вочы ў камяні.
Пустыя сны пад камянямі.
Усе, хто зараз сніць іх тут,
Дарма прайшлі свой шлях пакут,
Канаючы ад малярыі.
— Не, — я сказаў. —
Бо тут
Марыя.
— Ты знаў яе? — спытаў манах.
5
Гаруда, белы Божы птах
Ляцеў — далёка ад Калькуты,
I двух аблокаў парашуты
Нёс тым, хто страціўся ў гарах.
— Марыя, нам уніз пара, —
Прасіў я, змучаны гарамі.
"Ты знаў яе?" — пытаўся Свамі.
6
Мандара, Божая гара
Вяршыняй падпірала неба.
"Знямогшы без вады і хлеба,
Аслепшы без павадыра,
Зблукаўшы шлях — з якой пары я
I для чаго я тут, Марыя?"
— На тое, каб адолець шлях.
7
"Ты знаў яе!" — сказаў манах,
Падаў задымленае шкло,
I, як пры сонечным зацьменні,
Я ў шкло зірнуў...
Мільгалі цені,
Глядзеў я, што са мной было.
8
Увесь у жоўта-залатым
Стаяў манах на небасхіле,
Упэўнены ў спрадвечнай сіле
Таго, што свет заве пустым.
— Тут выйсце ў неба, — мовіў ён. —
Пераступаю я закон,
Наблізіўшы да зор жанчыну.
Ды шлях адолены. Прычыны
Для апраўдання мне стае,
Каб паказаць дарогу тую,
Дзе Веду зведаеш святую,
Марыя! Зоры ўсе — твае...
I ён накінуў на яе
Апратку жоўта-залатую.
9
— А хто за мной?
— Няма каму.
— А спадарожнік мой?
— Ён следу
Твайго не ўбачыць, бо яму
Час не настаў спасцігнуць Веду.
Ён вернецца. А ты — ідзі.
10
— Ты судзіш, Свамі?
Не судзі,
Я знаў яе, таго даволі.
Глядзі, як шкло іскрыць на сколе,
Ды што ў тых іскрах для сляпца?
Зваротны шлях — сляпы. Ніколі
Яго не пройдзеш да канца.
Па ім
вяртаешся ні з кім.
11
Плыў над зваротным шляхам дым
Ад Індыі да Беларусі...
— Я не хачу ісці па ім,
А незваротнага — баюся.
Шлях там,
дзе ўперадзе — сляды.
12
— Той шлях, — сказаў манах, — нікуды,
Па тых слядах мільёны люду
Сышліся ў гурт, у гарады.
У храмы іх, у іх суды
Ты б з Індыі вярнуўся, ды
Сюды прыходзяць адусюды —
Адсюль ісці няма куды.
13
Я ўніз ішоў.
Гара з гарою
Перагукаліся, сырою
Прасцінай поўз па схілах снег...
Лавіна!
Я дарма пабег
Па камянях,
па скалах слізкіх...
Дні прабягаючы, гады,
Не змог я збегчы гэтак нізка,
Каб падаць не было куды.
14
Лавіна падала —
на схіле
Раз'юшана, у самай сіле
Дагнала, душна абняла.
— Марыя! — крыкнуў я. — Марыя!.. —
I ўкрылі крык снягі сырыя.
15
Манах сказаў: "Яна дайшла
Дарогай Вед амаль да межаў,
З якіх звароту ўжо няма,
А ты вярнуў яе. Дарма".
16
Я не вяртаў. Лавінай снежнай
Яна вярнулася сама
Па камянях, па скалах слізкіх.
17
— Ты дзе была, Марыя?
— Блізка.
— Чаму на могілках англійскіх
На камені тваё імя?
— Бо шлях адолела дарма, —
Сказаў манах. — Бо не жанчыне
Пакінуць свет дарогай Вед,
Бо светам стаўся ёй паэт
Англійскі ў афіцэрскім чыне.
18
За нораў дзёрзкі і бунтоўны
Ён з метраполіі раптоўна
Адпраўлены ў Калькуту быў.
Тут ён гібеў, страляўся, піў,
Блукаў, зваротны шлях згубіў —
I ў дом патрапіў малітоўны.
Бог ведае, што за хімеры
Жылі ў англійскім афіцэры,
Ды выдумаў сабе паэт,
Што вернецца місіянерам
Дамоў, што прагне новай веры
Стары ягоны добры свет.
Ён кінуў піць. Пісаў увішна
Евангелле ад Рамакрышны,
Ствараў хімеру: Веру Вер.
Як сноб, на англіцкі манер
Хрыста аспрэчваў афіцэр.
Паслаў ерэтыка Ўсявышні
У горы.
Перад ім гара
Мандара ўстала — брама ў неба.
Аслаблы без вады і хлеба,
Аслеплы без павадыра,
Караскаўся ён за хімерай
Дарогаю, якой не верыў,
Бо верыць не прыйшла пара.
I скінула яго гара
Лавінаю...
Яго ў снягах
Знайшла Марыя ледзь жывога,
Адняньчыла, нібы малога,
I, не адпрэчыўшы зямнога,
Згубіла свой нябесны шлях.
19
— Вам не ўзляцець, — сказаў манах,
Пакуль зямля цяжарыць крылы...
20
...Яна знайшла мяне, накрыла
Апраткай жоўта-залатой,
Сказала: "За мяжой пустой
Сырая снежная магіла —
I ў ёй усё, што я любіла".
21
"Шлях з веры ў веру — шлях не той?"—
Спытаўся я,
і з вуснаў строгіх
Пачуў адказ: "Адзін са многіх".
22
— То ў чым віна мая, Марыя,
Калі парывы ветравыя
Нясуць, нібыта дым шкляны,
Душу
зблуканымі шляхамі?
2З
— Перад усімі, — мовіў Свамі, —
Нябесныя шляхі віны.
Зямным — зямное.
Дзеці самі —
З малога цешацца яны. —
I шкло іскрылася між намі,
Клубіўся ў ветры дым шкляны.
— I Веда Вед,
I Вера Вер —
Хімерныя, калі на згубу,
Адняньчаны, ідзе да шлюбу
Паэт, англійскі афіцэр.
Калі спасцігнуць Веду свету
Жанчыну абірае лёс,
А тая таямніцу гэту
Лавінай кідае з нябёс
Пад ногі выхрысту-паэту,
То ўсё дарма: і рух, і мэта,
Куды б дарога ні вяла…
24
— Марыя, ты ўсё ж там была.
Скажы мне, што там?
— Дзе?
— У Бога.
— Нічога там няма. Дарога.
25
Сінеча холаду начнога
Над Гімалаямі плыла.
Сыходзіліся ў храм начны
Індусы —
там спявалі хорам,
Там пакланяліся яны
Таму, пра што і думаць сорам
У Англіі...
Крывёй жывой
Жыццё бруілася, як брага,
Густой хісталася травой
У хвалях Інда, водах Ганга,
Гатовае па волі Брамы
Само сабой ахвяраваць,
Яно глядзела ў вочы Ямы,
Не баючыся паміраць,
Спазнаючы сябе, вякамі
Зямную трушчыла кару
I ўзносілася ўвысь хрыбтамі
Высокай Хары і Меру,
Каб там, дзе ўжо няма нічога,
Дзе абрываецца дарога
I зноў вяртае на зямлю,
Змяя пацалавала Бога,
I Бог пацалаваў змяю.
26
— Злуеш, Марыя?
— Не злую.
27
Той афіцэр англійскі, той
Паэт, сасланы за разбой,
Сектантам стаў,
ахвяраваў
Марыю, што жыла ў Марыі,
Прызначыўшы яе кастру,
Як сам сканаў ад малярыі...
28
За ёй падняўшыся ўгару —
Адзін спускаўся ўніз з гары я:
"Марыя, калі я памру,
Дзе мы сустрэнемся, Марыя?"
— Тут, дзе маланкі шаравыя
Высокай Хары і Меру,
У храме, лотасам сагрэтым,
Дзе Вішну абвіла змяя;
Тут, толькі тут, бо ў свеце гэтым
Ёсць Індыя, адна планета,
I ўся астатняя зямля.
Чакай свой час, сваю пару.
29
— Марыя, калі я памру,
Ты скажаш, што там?
— Дзе?
— У Бога.
30
"Нічога там — адна дарога
Ды зор ахвярнае святло..."
31
— А ты б хацеў, каб там было
Што-небудзь? — запытаўся Свамі.
— Каб Індыя была...
32
Над намі
Нябёс задымленае шкло
Мігцела зорамі і снамі.
Са сноў сыходзілі сланы.
33
Ступалі след у след яны
На свой зваротны шлях.
Манах
Мне ў прыгаршчы насыпаў прах,
Сказаў: "Ідзі, нясі дадому,
Развей на родных берагах.
Не суддзі мы адзін адному".
— Марыя!.. —
голас у гарах
Прапаў, не чутны мне самому.
Гаруда, белы Божы птах,
Сарваў з Мандары
кветку сому
I кінуў на зваротны шлях.