КАЖУХ

Серп згубіла жняя,

Парэзалася змяя.

Не змяя —

змейка.

Не жняя —

жнейка.

Дзяцінства.

Не страшна мядзянкі,

А страшна вядзьмаркі.

Яна жыве за рэчкаю

З ваўком і авечкаю.

Воўк авечку не дзярэ,

Ляжыць на баку:

До дзяцей на дварэ —

Хопіць ваўку,

— Як воўк вые?

— У-у-у!..

Не страшна.

Лугі гудзелі восамі,

Дзе бегалі мы босыя.

Грамы маланак кованкі

Кавалі перунамі,

А мы гулялі ў хованкі

З маланкамі,

З грамамі.

Бярэ лімонку Лёнька:

— Во гэта

чака.

...Пакласці на касцёр лімонку

I чакаць.

Лёнька — глянь! — пры рэвальверы:

"Збоч! Не падыходзь!.."

Першыя піянеры

Мацук і Гродзь,

На іх чырванакрыла

Гальштукі палаюць.

— Лёньку забіла!!!

...Хаваюць.

Пласты сырой зямлі

Зрываюцца з лапат.

— Яны яго звялі!

А-а-а!.. Быў бы аўтамат!

— Ты што!

То ж дзеці!!

Гнат!!!

...Я вырастаў з дзіцячых апранах

Хутчэй, чым травы ў лета вырасталі.

Ды не ў дакор

за рост не па гадах

Абновы мне гады ў рады спраўлялі.

Ну што пашыеш з лахманоў вайны?

Якія ў вёсцы зрабаванай грошы?

А дзед бухторыў:

"Поліўка...

Бліны...

Някепская яда — і рост харошы".

Як ні зіма — так звычная бяда:

Што апрануць, каб халады агораць?

Маўчаў я злосна:

"Добрая яда!

У Лёнькі старшынёвага не горай.

Але ў мяне палаплены кажух,

А Лёньку на зіму спраўляюць новы..."

Дзед уздыхаў.

Дзед пераводзіў дух,

Казаў:

"У Лёнькі бацька

Не вясковы.

I старшыня. З тваім не параўнаць".

"Кіла ў яго! — злаваў я.— Сквапны. Хіжы.

А старшыня — дык заўтра могуць зняць.

Ён рыжы. П'е.

У нас не любяць рыжых.

Ім шчасце

Чорт

варожыць на ражнах!

Вядзьмак ліе

Алей ім у маслёнку..."

Патроны мы шукалі ў бліндажах —

I тут лімонкай і забіла Лёньку.

Ягоны бацька з п'яных слёз апух,

А вечарам, памінкамі дабіты,

Прынёс да нас пад пахаю кажух

I кінуў: "На!.. Хоць не табе пашыты".

Я закрычаў. Я ўрос плячыма ў печ,

Да кажуха баяўся дакрануцца.

Ігнат прасіў: "Вазьміце... Гэта ж рэч...

Вазьміце, людцы! Ну, вазьміце, людцы!.."

Знямеў

мой крык. Паплыў у вочы змрок.

— Ачуйся ты! — Ігната ў спіну білі.

А ён сваё: "Харошы кажушок...

Прымерайся... Навыраст Лёньку шылі.

Табе, бадай што, будзе ў самы раз,

Ты ўзяўся ростам!.. Вунь які ты выйшаў!.."

I белы свет перада мной пагас.

Дзед плакаў ранкам:

"Малайчына... Выжыў..."

...Я выжыў.

Мне хапае апранах.

I час не той. I музыка не тая.

Ды колькі ні жыву —

у страшных снах

На кажусе

На Лёнькіным

Лятаю.

Загрузка...