Я не парушыў, хоць знаўся з віной,
Ні чалавечых, ні Боскіх законаў.
...з о н а...
Чарнобыль дыхнуў за спіной
Вогненнай пашчай дракона.
Знаю: дракона чапляю дарма.
Тут параўнанняў ніякіх няма,
Нават міфічных.
У шапіто
Месца дракону, каб ён не лайдачыў.
Чулі,
казалі вы слова
н і ш т о?
Я гэта слова бачыў.
Гэта — як Бога няма.
За яго
Цэзій.
Плутоній.
Стронцый.
I ні для чаго,
I ні для каго
Сонца.
Зона —
як страта цяжарная Стратай.
Просяцца хаты: хоць клямку пакратай!
Самі — пад ногі — сцежкі — як змеі!..
Той, хто праз гэта стане вар'ятам, —
Паразумнее.
Чыстая смерць.
Без ніякіх прыкмет.
Пуста.
Чарнобылем пахне Сусвет.
2
Голым адчаем карэнне набракла.
Путамі спрута,
клюшнямі рака
Бераг падмыты — за горла
раку!..
Воблака выплыла з-за лазняку,
Залапатала, закаркала.
Тегга inkognita. Сноў мацярык?..
Страх мой паводзіў сябе, як прывык:
Гнаў мурашоў па скуры!..
Збіліся ў воблака, збегліся ў крык
Гусі, вароны, куры.
Воблака пырхала берага ўздоўж —
Прыпяцкай хвалі
пылам і пенай...
А на яго нацэльваўся дождж
З хмары, падобнай на пеўня.
Нават не помніцца сон мне, які
Гэтакай яве — вартая пара:
Апаражніўшы семяннікі,
Закукарэкала хмара!
Неба
крыж-накрыж
той крык перакрэсліў
I паляцела, пабегла Палессе
За небасхіл...
Птушкі намоклымі крыламі трэслі.
Семя атрутнае прагнула крыл.
3
Спела атрута. Бралася ў рост.
Бог прымяраў рэспіратар і робу.
Чорнай вясёлкай вісеў тэлемост
ХІРАСІМА — ЧАРНОБЫЛЬ.
Месяц гуляў, як індык па двары.
Ён прымяраўся ў новую квадру.
Дыктары
Папраўлялі гальштукі ў кадры.
Кожны хацеў выглядаць. Твар у твар
Тайнае з яўным сышліся. Ахвяр
Як не было. Баранілі навуку.
"Чор... Чыр... Чар..." —
Гук прымяраўся да гуку.
На паляшуцкі кульгала акцэнт
Слова, што ў сімвал перарастала.
Шмат гаварылася. Чулася мала.
Для прэзідэнта вяшчаў прэзідэнт,
I генерал — для генерала.
Шчыльна зачынены, як пенал,
Марай дзяржаўнай пра прэмію Нобеля,
Сніў акадэмік
футбольны фінал,
Дзе не заяўлена Зборнай Чарнобыля.
I думаў Гасподзь:
"Зразумець не магу,
Разумеючы іншае,
Чаму
адны паэты ў даўгу
Перад японскімі вішнямі?"
Лёгшы на воблаку, як лацвей,
Блытаў ён,
рваў чалавечыя сцежкі...
...эвакуацыя.
...паніка.
...спешка.
На адзінаццаць вагонаў дзяцей —
хоць бы адна ўсмешка.
Торгнуўся час.
Паплылі за вагонамі
Зоннага шляху слупы верставыя...
Вочы дарослыя —
поўныя зонаю.
Вочы дзіцячыя —
зонай пустыя.
4
Нават не мроіцца рай.
Дзеля ўсяго святога,
Божа, не дай нічога,—
Толькі зратуй мой край.
Мухаю назалю
Вуху твайму, Усявышні!
... Костачкай вішні
Выплюне космас Зямлю.
Кіне расстрыга строга
вокам
на ход падзей:
"Што гзта ты
да Бога?.."
— А да каго
з людзей:
"Жабрацкую торбу дай —
Душою не дай ажабіцца..."
Бадай бы ён быў, бадай
Было б каму жаліцца.
Зрэзалі Боскае вуха —
Жах да нябёс прырос.
...Наша змаганне з духам
Няўжо ўсур'ёз?
Шчыльней рады, атэісты!
Рады святых парадзелі.
На небе стэрыльна-чыста,
Аніякай надзеі.
Галактыка — як астрог.
Які там да д'ябла бог!
Пісанняў
гартай
тамы:
Бог будучых нашых дарог —
Атамны.
5
Я з ім пад Брагінам снедаю.
На ўсю акругу нас
Трое.
Ён бог, бо ніхто не ведае,
Што ён такое;
Бо да нашага з ім стала
Па бязлюдным гасцінцы
Паляшучка старая прыйшла
I прынесла гасцінцы;
Бо не стала ў яе ні хаціны,
Ні вады сваёй, ні зямлі;
Бо прыйшла яна з вёскі былой
Сабалі,
А гасцінцы яе — пухліны:
Два пепіны,
Што яблыкамі былі.
Генетыкі не падманулі.
Пепін
пухлінамі
Дулю
Нам на сняданак склаў.
— Частуйцеся, — кажа бабуля, —
Чым бог паслаў.
На ёй сівізна, як завея.
А вочы яе збранзавелі:
Пагляд — з пустаты.
"Хто гэты пагляд зразумее?!"
Адказвае бог:
"Не ты".
Ён думкі мае чытае,
Ён знае, што мне прысніцца.
Ды нечага ён чакае
I некага ён баіцца,
Хоць голас яго — жалезны,
Пагляд ягоны — сталёвы,
Касцюмчык — замежны,
Гадзіннік — фірмовы...
...Хоць ён прада мной —
непазбежны,
А я перад ім — выпадковы.
— Пра што мы з табой талкуем? —
Надкусвае бог пепін. —
Пра якую такую
Зорку Палын?
6
А ў бабулі кіёк жабрачы...
Дзе захоча, там заначуе...
Глядзіць яна — як не бачыць,
Вяшчуе — ніхто не чуе:
"Яна ўзыдзе аднойчы,
Промні ў небе раскіне,
Спапяляючы вочы
Чалавечай гардыні.
Сярод дня, сярод ночы,
Сярод енку людскога
Яна ўспыхне аднойчы —
Пылам стане дарога.
Стане каменю горка,
Мёртвы ўсцешыць жывога,
Калі выспее зорка
Палыновага бога".
Бабуля кажа:
— Пайду
Па свеце шукаць сям'ю.
Тут браць не даюць ваду.
Хаваюць зямлю ў Зямлю.
У вёсках здзічэлі куры,
Спусцелі ўсе чыста хаты...
Я бога пытаю: "Пакурым?.."
Ён кажа: "Не я вінаваты".
"А хто?" — запыталі Вада і Зямля.
"Не я!.." — адгукнулася рэха здаля.
I вартай ля бога, бы ў зале суда,
Усталі
Зямля і Вада.
Яны
прад небам валошкавым
Перад адным —
адны...
...Зорным агнём валодаем.
Намі валодаюць сны.
Што высніў ты, род чалавечы?
Агонь распаліў у печы —
Жар выграбаеш з прыпечка
У высненай гэтай пустэчы
Пры беразе Прыпяці,
Дзе стала ніва зялёная
Палыноваю зонаю —
Спіць...
...Далёка ад зоны
галодных мільёны
Просяць есці і піць.
7
Я снедаю з богам зон.
Ён кажа: "Не я вінаваты.
Вялікіх лічбаў закон
Не ўлічвае дробныя страты".
Ён высніў сябе ўладаром
I думае за мяне...
...А ў зоне пасеены гром,
Што будучыню скалане.
Будучыні пара!
Нібы ў канцы свету клічнік,
Твая залатая гара
З кратэрам вулканічным.
Гукай у гары дабра —
Чакай пад гарой расплаты!..
Гасподзь, ты з чыйго рабра
Вырабіў тэхнакрата,
На лобе якога таблічка прыбіта:
Э л і т а?
Калі галасы — жалезныя,
Калі пагляды — сталёвыя,
Тады непазбежным
Становіцца выпадковае:
У акне
да галінкі сухога вазона
Паштоўка прышпілена:
З д н ё м н а р а д ж э н н я !
26.04.86 г.
…Нарадзілася Зона
Адчужэння.
8
"Мы такой і не чулі бяды...
Як адчужаюць?.. Чаму?..
Куды?..
Каб чума, ці патоп, ці голад..."
На ўсе кіламетры зямлі і вады
Толькі бабулін голас.
— Як сказалі ўжо, што радыяцыя,
Як вывозілі — плакалі многія,
Што не справілі радуніцу,
Не развіталіся з могілкамі.
З тым і пайшлі, што ўзялі пад паху.
Нашто чалавеку болей?..
Гэты голас — за межамі страху.
Гэты голас — за межамі болю.
"Мы чакалі ліха на лета —
Надта ж людзі злюцелі...
Нейкія, кажуць, каметы
Блізка зусім праляцелі".
Я бога бяру загрудкі: "Скажы,
Для гэтага краю
Ты свой Бог — ці бог чужы?!"
Ён кажа: "Не знаю.
Пакуль што зона лакальная..."
Каменным стаў твар ягоны —
I на ім праступілі
Малюнкі наскальныя
Зоны.
Атрутнай зямлі тэрыконы.
Нібы на дзяржаўнай граніцы,
Пасты —
і закрэслена зона
Зламанаю бліскавіцай...
9
...У Бога ўсяго многа —
Толькі прасіць дарма.
"Ты ёсць?" — я пытаю бога.
Бабуля кажа: "Нікога.
Нідзе і нічога няма".
9 касмічна
8 сігналіў
7 гадзіннік
6 фірмовы,
5 зваротны
4 адлічваў
3 час...
2... з вока Бога прамень ружовы
1 бліснуў тоненька — і пагас.
0
Над быстрыцай быцця
Кладкі
тоненькія да звону.
З аблачыны
на зону
Бог глядзіць, як дзіця.
1986