ДЫКТАНТ

Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы.

Кручу ў гумне іржавую сячкарню.

Буркоча дзед: «От зараз дам па карку...»

Прыходзіць дзядзька: «Менш на дзве капы

У гэтым годзе...»

Дзед яму: «Сухмень...»

Над токам пыл. Гаркава нос казыча.

— Газету сёння ў паштара пазычыў.

— Старая?

— Не шчэ. За ўчарашні дзень.

— Пра што там?

— Ат... Пра што за ўсё часцей...

Такі спакойны, роўны дзядзькаў голас.

— Памёр вось Колас.

— Хто памёр?

— Ды Колас.

Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.

Гвалт. Цёткі. Гвалт.

— Да доктара!

Вязуць.

Падскокваюць па бруку дробна колы.

— А божухна! Усю руку змалола!..

— Жанілка ёсць — то пенсію дадуць...

Бінты. Пахмурны доктар. На акне —

Замест фіранкі — на цвіках газета.

...Глядзеў, нібы са школьнага партрэта, —

I штосьці адбывалася ўва мне...

Пасля я сніў:

Дыктант. Апошні ўрок.

Настаўнік новы.

«Хто?.. Які?..»

«Сярдзіты!»

— Дзе сшытак твой?

— Забыўся дома сшытак.

— Знарок забыўся?

(Не зманіць.)

— Знарок.

— Гультай?

— Гультай.

— Але на шчырасць здатны.

Святлее поле чыстага лістка...

Я ведаю, што напішу выдатна!

Ды не магу... Баліць, баліць рука!

З віною ў твар настаўніку гляджу.

Знаёмы вельмі... Той, што на партрэце!

Не... Як жа так? Яго няма на свеце!

Дыктуе ён: «Сухмень. Няма дажджу.

У гэтым годзе менш на дзве капы

Нажалі жыта...»

I дыктант знаёмы!

«Мне дзесяць. Жнівень. Жоўтыя снапы».

Настаўнік усміхаецца: «Вядома...»

«Пра што там?»

«Ат... Пра што за ўсё часцей...»

Як добра ведаць, што было, што будзе!

«А суддзі хто?..»

Чакай, якія суддзі?

...Сячкарня «жыг» — і пальцы да касцей.

Прачнуўся.

Ранак. Радыё.

(Памёр!)

«За даўнасцю гадоў...» Дыханне маці...

Я словы пераблытаў у дыктанце!

— Тэмпература... Мокры, як бабёр...

Гвалт. Цёткі. Гвалт.

— Да доктара!

Вязуць.

Падскокваюць па бруку дробна колы.

Касцёл. Бальніца.

— Мне за мост, у школу,

Дыктант...

— Напішуць.

— Жыта жаць...

— Сажнуць.

Вавёркай сонца скача на сасне.

Бінты. Пахмурны доктар. Марганцоўка.

— Ну, ачуняеш —

будзе, брат, лупцоўка!

— ...Я сплю?

— Не спіш.

— Вы ў сне са мной?

— Не ў сне.

— Дыктуйце.

— Што?

— Няма дажджу. Сухмень.

— Палае ўвесь.

— Магчыма, сепсіс...

— Доктар!

— Я напішу выдатна...

— Добра, добра...

— Я напішу...

— Адно ўсё...

— Трэці дзень...

Партрэт выходзіць з класа, на акне

Гарыць сячкарня, курчыцца газета,

Паштар вавёркай скача на сасне...

— Я напішу...

— А ён усё пра гэта.

...I раптам так, нібы пасля дажджу:

Грыбы па лесе, верасень, кастрыца,

Як не давалі — і далі напіцца...

На лаве ў лазні з паштаром сяджу,

Расказваю, як ён скакаў вавёркай,—

Паштар рагоча...

Добра паштару,

Што я жывы, сяджу з ім, гавару...

Харошая між намі йдзе гаворка.

Ды клічуць...

Чыста. Маладзік над хатай.

Зноў сон...

Зноў той...

Нібы заклаў душу!

I помню ўсё: не дапісаў дыктанта.

I ўсё надзею маю: дапішу.

Загрузка...