ТРЭЦІ ТРАМВАЙ

1

На тым прыпынку трэцяга трамвая,

Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце,

Дзе год амаль

вісела на слупе

Аб'ява:

«Прадаецца піяніна...»

На тым прыпынку трэцяга трамвая,

Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры

I доўга біў вады струмень шыпучы,

Пакуль мяне суседкі разглядалі...

На тым прыпынку трэцяга трамвая,

Дзе астравы азёрныя маўчалі

I возера затойвала дыханне,

Калі рука мая ЯЕ руку кранала...

Дзе вецер узвіваў газет ашмоцце,

Дзе пад калонкай бразгацелі вёдры,

Дзе астравы азёрныя маўчалі...

Нідзе цяпер ЯЕ ўжо не сустрэць мне.

* * *

Не ведаю даўно,

які трамвай,

Адкуль і да каго ЯЕ прывозіць,

I, каб спаткаў, цяпер бы ўжо адрозніць

ЯЕ ад іншых і не змог, бадай.

Але калі ўспаміны цераз край

Нахлынуць раптам, сэрца замарозяць,——

Я лёс прашу: які трамвай ні возіць

Цяпер ЯЕ — сустрэнемся няхай.

I хай усё, што стала ў нас былым,

Што расплылося, нібы ў небе дым,

На момант зноў жывую плоць набудзе.

Жыве ў нас памяць, што там ні кажы,

Дапамажыце нам сустрэцца, людзі,

Трамвай, спаткацца нам дапамажы.



2

Трэці трамвай —

юнацтва маё,

Каханне маё —

трамвай.

Хіба ты ўсё і пра ўсіх забываеш?

Што ж ты

не дапамагаеш?

Коціцца, грымкае, звоніць трамвай:

— Я забываю — і ты забывай,

Усё забывай, што з табой ні здараецца!

Не забываецца...

Дзе,

на якім мне прыпынку чакаць?

Трэці трамвай,

Парай, падкажы...

Столькі людзей, для якіх я чужы,

Што немагчыма каханых губляць!

Ды і сярод найбліжэйшых табе

У час, калі дробязна любую страціш,—

Жывеш, нібы на тваім ілбе

Выпалена пракляцце.

Дробязна страціў я...

Дробязна жыў...

Трэці трамвай,

дапамажы!


3

Вынес трамвай ЯЕ.

На! Сустракай!

Вынес, нібы апаліў.

Што ж ты зрабіў са мной,

Трэці трамвай!

Што ж ты зрабіў?

Можа,

ты вынес зусім не ЯЕ?

Можа,

ЯНА не ТАЯ?

Бачыш: зусім не пазнае.

Нават не ўспамінае.

Бачыш ты, карнік!

Яна не адна!

Бачыш:

вунь з тым.

Што ты звоніш і скачаш?!

Бачыш:

яго абдымае яна!

Бачыш?!

— Бачу,— прагрымкаў трамвай,—

і павер,

Дружа мой, гэта не здрада.

Тое сапраўднае ў нас, што цяпер,

А што было, тое ўжо не сапраўднае.

Людзі ўваходзяць,

Выходзяць з мяне —

і забываюць.

Хіба мне хто п ры сустрэчы кіўне!

Не,

не ківаюць.

Хай іх. Мне што?

Я жалезны трамвай.

Усе забываюць — і я забываю.

Але бывае, што нават трамваю

Трэба, каб нехта яго ўспамінаў.

Хай наша памяць — сляды на вадзе,

Хай немагчыма помніць глыбока,

Ды немагчымей,

калі адзінокі

Нехта з трамваяў ці нехта з людзей.

Так што, лічы, я цябе зразумеў,

Сам бы ўцякаў ад нудоты сабачай...

Каб не па рэйках хадзіць умеў,

Толькі б ты,

Дружа,

мяне тут і бачыў.

Але ўспаміны ты

лепш не кранай,

Усе забываюць — і ты забывай.

Усё забывай,

дзе і што ні здараецца!

Не забываецца...

Трэці трамвай...

* * *

Усё больш сяброў — і менш...

Такая справа...

I зойме раптам адзінота дых,

I ты вярнуць хацеў бы нават тых,

Каго вяртаць даўно не маеш права.

Як на слупах пажоўклыя аб'явы,

У памяці размыты твары іх,

Былых каханых і сяброў былых;

I іх вяртаць — балючая забава.

Яны прайшлі, я к вёсны альбо зімы,

Яны ў трамваях пралятаюць міма,

Ніхто з іх нават не зірне назад,

Ніхто не скажа, хто ў тым вінаваты,

Што ўсе мы неяк прадчуваем страты,

Але ніяк не пазбягаем страт.


Загрузка...