У высях загуло —
I бездань прагула.
Наскрозь — тваё святло,
Наскрозь — твая імгла.
Наскрозь — дабро і зло,
Цвікамі скрозь далонь.
Хто пойдзе на святло,
Той выйдзе
на агонь.
Хто пойдзе на імглу —
На попел прыйдзе той.
Наскрозь —
дабру і злу —
Адкрыты шлях...
Не стой!
Жыццё
дабром і злом
Спрабуецца на злом,
На злом —
зямная вось —
Наскрозь, наскрозь, наскрозь.
Частка першая
Натхненне
Паэт працуе так:
Пяро бярэ, паперу
I піша:
Я...
Пасля
Паэт шукае рыфму.
Ці не шукае рыфму.
Я... (Шукае рыфму.) Руль — патруль.
Танцы — шманцы! (П'е ваду.) Буль-буль.
(Муху забівае на фіранцы.)
...Гэта ўсё прэлюдыя пакуль,
Калатня нервовая ў чаканцы.
Вершы прылятаюць ніадкуль —
Космасу таемнага пасланцы.
Перад імі шчэ ідзе сігнал,
I душа яго прымае, змершы.
А пасля ўжо, як дзевяты вал,—
Вершы!
Ці падобнае на вершы.
Муляжы васковыя. Падман.
Здольны рыфмаваць і графаман:
Мэты — мэтры, метры — мінарэты.
Толькі графаманы — не паэты.
Графаман — водаправодны кран,
Скуль ён сам і налівае ў збан
Ронда, мадрыгалы і санеты...
Ёсць
водаправодныя
сюжэты
(Пахне з тых сюжэтаў, як з клазетаў),
Ад якіх залежыць графаман.
А паэту
напляваць на гэта,
У паэта
Незалежны стан:
Не водаправодны акіян —
Вольны акіян
душа паэта.
Не прыняць сігнал, пасланы ёй,
Графаману. Ён экранаваны
I яшчэ прысыпаны зямлёй.
А сігнал пасланы...
Божа мой,
Як зямлю гайдаюць акіяны!
Вось пайшоў, узняўся першы вал...
Скалануў ён ля падножжа скал
Валуноў зялёную аслізласць!
Не затым, каб морды ім аблізваць,
З космасу пасланы быў сігнал!
Навальнічна акіян грыміць!
Хто схаваўся ў мох — служы абедню.
Што зрабіць не здолеў папярэдні —
Вал наступны здолее зрабіць.
У гайданцы гэтай не ўстаяць,
Мёртва
Учапіўшыся
За звычкі.
Валуны пакоцяцца, як знічкі.
Сам паэт не знае, што чакаць,
Што ўсплыве з глыбінь акіянічных.
Акіян яму не паслугач.
Разгрымеўся, разгайдаўся, бач!
Гэту сілу не ўтрымаць аберуч.
Ад яе — у роспачы, зняверы —
Кідаўся паэт у крык, у плач,
Як кіты кідаюцца на бераг...
Быць паэтам — рызыка,
Слухач.
Дзе
у вершаванай
гарадзьбе
Пралягаюць рубяжы і межы?..
Дзе паэт не сам сабе належыць —
Графаман належыць
сам сабе.
Над паэтам вісне, як абух,
Боль сусвету. Бед яго і скрух
Будучая памяць і былая.
Графаман пра тое знаць не знае.
Як
паэта
вылучыць з іх двух?
У паэта нескароны дух,
Вольны дух
I памяць балявая.
Частка другая
Рэмінісцэнцыі
Душа ў нябыт глядзіць блакітна.
Быў час
ракетны і ракітны,
Радарны і гітарны —
Бітлаў
I першых трас касмічных час.
Не змарнаваць ягонай славы!
На бераг левы,
Бераг правы
Не раскідаць
яго і нас
Быў час паэтаў
На планеце.
Гуляла вольніца па свеце —
Губляла вольніца сляды...
Шасцідзесятыя гады.
Як на рацэ вясновай крыгі,
Яны крышылі
край адлігі —
I скрозь грымела і гуло,
I нешта чулася ў тым гудзе
З таго, чаго ўжо больш не будзе,
Чаго, мажліва, не было.
Усё было. Не ўсё збылося.
Але, каб зноўку давялося
Пражыць нам гэтыя гады,—
Наўрад ці мы жылі б іначай...
Няма чаго пушок юначы
Хаваць у венік барады.
На вопыт скрозь вялікі попыт,
Праз боль і соль прыходзіць вопыт,
Яго набыць — жыццё пражыць.
А тут — краіна ўся. Дзяржава.
Яе — пакуты, гонар, слава.
Ідзе яна —зямля дрыжыць.
Мы брукары твае, эпоха!
Хай выбіваюць кас патроху
Твае маланкі і грамы,
Аднак
адказнасць нам
не скора
Здаваць
За час свой, за прастору...
Час і прастора — гэта
Мы.
Мы —
лёс краіны і эпохі.
I калі нас кусаюць блохі,
Махнём неасцярожна — ох,
Наломім дроў, навалім лесу...
Час навуковага прагрэсу —
Час вельмі прагрэсіўных блох.
Ды што там, зрэшты... Наш савецкі,
Нядаўні час быў;
Рух Плісецкай
Галёрцы шыі выгінаў,
I, як жывы курган Мамаеў,
Спяваў набатна Магамаеў,
I бухенвальдскі звон стагнаў:
"Людзі свету, на хвіліну ўстаньце..."
Не больш, не менш балелі страты.
Чакалі дня, калі на свята
Народаў сыдзецца радня,
I праз агні вайны, праз мукі
Радня
Радні
Пацісне рукі...
Чакалі дня. Чакаем дня.
Выходзіць, змен няшмат у часе...
Едзь на Гнядку ці на Пегасе —
Той самы транспарт гужавы.
Плывуць сцямнела тыя ж хмары...
Але ўсміхаўся нам Гагарын,
Твардоўскі быў яшчэ жывы.
Не лепш было, я не пра гэта.
Было не горш, я не пра тое.
Прыходзяць новыя паэты.
Прыходзяць новыя героі.
Але застаўся знак ахоўны
На часе тым,
як смак няўлоўны
Таго паветра, той вады.
Вяло на стадыёны слова.
Не ведаў свет пра Каралёва,
Але ён быў...
Не напалову —
Перараблялі нас нанова
Шасцідзесятыя гады.
Мы зыркім іх святлом сагрэты.
Не сцерці ў часе іх прыкметы,
Як са стала
Нагар свячны...
У дзённы час і ў час начны
Не забывайце іх, паэты.
Частка трэцяя
Адчай
Раніцой, як тры разы памёршы,
Да стала начнога ледзьве ўстаў.
Прачытаў напісанае... Горшай
Дурасці спрадвеку не чытаў.
Застагнаў. Паперыны скамечыў.
Грымнуў кулакамі: "Завяршу
Лёс!
Не так жыву, не так пішу!
Словы ўсе— як стылы попел з печы.
Божа, прызаві маю душу!
Калі ёсць ты —
літасці прашу...
Дар твой
не па сіле чалавечай".
Вылаяўся. З лютасцю глухой
Паглядзеў на кніжныя паліцы.
"Кнігі, кнігі... Думак бліскавіцы.
Для чаго яны ўсе? Каб пыліцца?
На мышыным свяце стаць трухой?
Геніі сціралі пот з ілба.
Думалі. Гібелі да гарба.
Розуму вучылі, а хіба
Стала разумнейшым чалавецтва?
Войны скрозь, драпежніцтва, калецтва.
Раб, як жыў,— жыве з душой раба.
Зброя, як кавалася,— куецца.
Кнігі ўсе — на камені сяўба.
Столькі напісалі — і дарма.
Праўду вызвалялі з-пад ярма,
Джала ў вусны ўкладвалі прароку.
У-у-у, пасталі!..
Ні з якога боку
Месца, каб уціснуцца, няма.
Вокладкі якія... О-го-го.
Ну, стаяць. А толку? Што з таго?..
Дык нашто пісаць і для чаго
Тое, што нікому не патрэбна?
I пра што
Пісаць?.. З грудка свайго
Услаўляць праслаўленых?.. Ганебна,
Бараніць абдзеленых? Каго?..
Не, пара канчаць!..
Труха, кара,
Мітульга наўкола, мішура,
Сцёртых слоў біблейская аскома.
Рві апошні ліст з календара!
Пра жыццё наскрозь усё вядома.
Што за ім? —
даведацца пара.
Хто ў жыцці трымае? Толькі страх.
Страх адзін,
Што там
Таксама прах,
Прах адзін — і болей анічога,
Ні чарцей ніякіх і ні бога.
Як
з труны
глядзіць
нябожчык
строга!
Што ў яго заплюшчаных вачах:
Скончаная,
Новая дарога?
Будучага цені ці былога?
Што ён бачыць у бясконцых снах?
Вершы — сны.
Паэзіі тамы —
Соннікі. Паэты — шарлатаны,
Ашуканцы, шулеры, шаманы,
Вечнікі кайданаў і турмы...
Геніі, прарокі —
з іх гурмы.
Па заслугах — суд ім! Бо якы
Пасярод разбою і вайны
Навявалі залатыя сны,
Клікалі ў завоблачныя высі...
Ну якія
з гэтых сноў
збыліся?
Што ў іх кнігах, акрамя маны?
До маніць. I іншым, і сабе.
До штукарыць. Потам на ілбе,
Балявой крывінкай на губе
Не мана, а праўда праступае:
Слову, што народзіцца ў табе,
Далакоп магілу ўжо капае.
Сіла слоў... Якая ў слове сіла?
Колькі слоў у кроў перамясіла
Сіла ўлады, зброі —
і магіла
Роўная з зямлёй. Пясок ды жвір.
Весяліла слова, галасіла.
Вопратку блазенскую насіла,
Распранулі —
пустата. Пухір.
Зеўрыць пустата. Яна гатова
Праглынуць.
Адрокшыся ад слова,
Трэба адракацца ад жыцця.
Больш рабіць няма чаго...
Хаця..."
Верш начны перапісаў нанова.
Адкаваў радкі, нібы падковы.
Плакаў і смяяўся, як дзіця.
...Пра адчай забыўся канчаткова.
Лірычнае адступленне
Пабочная тэма
Пакуль няма сямі гадзін,
Зганяй у краму...
Паэт на свеце не адзін —
I ў гэтым драма.
Ёсць
у паэта
канкурэнт —
Паэт таксама.
I ў тым паэзіі сакрэт
Таемны самы.
Паэтаў, як травы ў аўсе.
З іх кожны —першы.
I, славы прагнучы, усе
Складаюць вершы.
Грызуць адну і тую ж млосць,
Куды ім дзецца...
Таму і ў крамах чэргі ёсць
I ў выдавецтвах.
Калі паэт на белы свет
Глядзіць пахмура,
То гэта значыць: канкурэнт
На верхатуры,
Калі на вадапой паэт
Ідзе да квасу,
То гэта значыць: канкурэнт
Ачысціў касу.
Калі паэт, нібыта прэнт,
Ляжыць на ложку,
То гэта значыць: канкурэнт
Зрабіў падножку.
Калі ж паэт разбіты ўшчэнт
(Як кажуць: выпаў),
То гэта значыць: канкурэнт
З кім трэба
Выпіў.
I тут ужо не шах, а мат,
Пішы прапала...
Адсюль выснова акурат:
З кім піць не трэба — гэтых шмат,
З кім трэба — мала.
I канкурэнцыя расце,
Паэт
Цясніцца,—
Бо маладзейшыя ў хвасце
Не хочуць віцца.
Яшчэ не ўмеюць гаварыць,
А пішуць, пішуць...
Ну як тут жыць? I як тварыць?
Не жыць тут, хай яно гарыць,
А хоць бы выжыць.
Пара суняць паэтаў раць,
Што рвуцца ў бойку:
Усіх іх пранумараваць,
Па рангах іх рассартаваць
I па абоймах.
Хто геній — геній. Не — дык не.
Не геній, значыць.
(Я сартавальнікам
Мяне
Прашу назначыць.)
Навошта рваць у бойках поўсць?
Ёсць для дзяльбы парадак, ёсць
Законы неба.
Закон дзяльбы: чым болей ёсць,
Тым болей трэба.
А хто не хоча паспытаць
З дзяльбы навару,
Тым прывілею даць:
Пісаць
Без ганарару.
Няхай пакажуць свой імпэт!
Няхай крычаць пасля:
Паэт
Не прадаецца!..
А хто паэт? А той паэт,
Хто выдаецца.
Ці раз, ці два разы на год...
Бяда якая,
Чытае там яго народ
Ці не чытае!
Звіняць хай словы пустатой —
I той паэт, і той, і той...
Усе — паэты.
...Ускоч на пастамент —
I стой
Да скону свету.
Частка чацвёртая
Агонь
Прамыем горла боскаю слязой,
Таварыш мой... Прысядзем ля цяпельца.
Нацэлімся павелічальным шкельцам
На тое, што лічылі драбязой.
У ліпеня
Пакуль што дзень даўгі,
Але і ён няўмольна карацее.
Мы доўга-доўга жыць і жыць хацелі!
I дажылі... Пара плаціць даўгі.
Шчасліўчыкі! Не ведаючы страт,
Мы беглі ад світання да палудня
I сярод свят не заўважалі будняў...
Ну што ж: насталі будні акурат.
Цвярозыя. Крутыя. Як ва ўсіх,
Хто больш не мае аніякай скідкі
На спробы,
на памылкі,
на прыкідкі...
Не ў нас, не ў нас цяпер правы на іх.
Даўгі растуць.
...А слова не ў цане.
Ці варта верыць словам? Тым, што ўпарта
Ад нас хаваюць ісціну,
Як варта
Стаяць пры ёй...
Дык верыць ім ці не?
Таварыш мой, ты ведаеш мяне?
З такіх пытанняў
закіпае злосць,
Але скажы: хіба не словы клічуць
Нас быць такімі, за каго нас лічаць,
I забываць пра тое, хто мы ёсць?
Хто ведае, якія мы?.. Спрадвек,
З пары, як быў на гэты свет прызваны,
Жыве нераспазнаным чалавек,
I памірае ён нераспазнаны.
Нібы не жыў. Нашто ж паэтаў рой,
Таварыш мой? Якая ў іх патрэба,
Калі мы ні на крок пад вечным небам
Не адышлі ад ісціны старой?
Ад той, што кожны з нас — нямы сусвет,
Што сутнасць чалавека — адзінота,
Што наша памяць — памяць ідыёта,
Які не знае, хто ён...
Хто ж — паэт?
Прарок? — альбо пралаза ён з пралаз?..
Якое на зямлі ў яго прызванне?
Адно: прымусіць задаваць пытанні
Дзеля таго, каб вынайсці адказ.
Ён ведае: адказ павінен быць.
Але таксама ведае адразу,
Што не знайсці агульнага адказу...
Таварыш мой, скажы ты: як мне жыць?
Усё, што называецца жыццём,—
Пытанні... Шлях ад згадкі да здагадкі.
Паэт — дзіцё, што плешча згадцы ў ладкі,
I быць яму не сорамна дзіцём.
Мы дзецьмі ўсе паэтамі былі,
Пакуль прырода не замкнула геній
Ключом, які, нібы іголку ў сене,
Дарма шукаем... Геніі — знайшлі.
Знайшлі — і што ж?..
Здавалася б: шчаўчок—
I сэнс жыцця павінен нам адкрыцца...
А тайна як імглела, так імгліцца.
Таму што на ўваходзе ў таямніцу
Няма замка... Сам чалавек — замок.
Свядомасць... Розум...
Што ён — розум твой?
Мо праўда, ён — матэрыі хвароба?
Мо праўда, разумней за нас амёбы,
Якім хапае клетачкі адной,
Каб існаваць, дзяліцца, памнажаць
Амёбны лік — і не
самазнішчацца...
Таварыш мой, за розум не схавацца.
Глядзі, як дровы весела трашчаць!
Не наглядзецца на жывы агонь,
На зменлівасць яго імклівых ліній...
Агонь жывы, пакуль у іскрах сініх
Не дагарыць да стрыжня абалонь.
А потым
попел. Галавешак чад.
А тое, што свяціла, дзе падзета?
Іскрынкі... змена ліній... Словам, гэта,
Што і было агнём тут
Міг назад?
"Энергія?.. Законы?.."
Не смяшы,
Таварыш мой!.. Якая ўсё-ткі проза!
Агонь — душа, таварыш мой,
А розум —
Нязведанае паліва душы.
Не ён —агонь. Не ён — наш валадар.
Сябе самога розум спасцігае.
Душа жывая, што ж нас спапяляе?
Скуль у смяротных бессмяроцця дар?
Дакажа розум: нам усім сканаць.
Душа — нам жыць. I розум хмурыць бровы.
Замест
"гарыць агонь" —
"згараюць дровы"
Наш розум нам падказвае казаць,
Але гараць,
гараць,
гараць агні
У гоне дзён, у зменлівасці ліній...
Таварыш мой, якія ў свеце ліўні!
Схавай адну жарынку ў далані.
Я веру ў розум. Не яго віню.
Напрогся ён — і вынайшаў браню,
I сталі верталётамі стракозы...
Ды хай яму
таваркай будзе
проза.
Паэзія — таварышка агню.
Таварыш! Мы ўстаем насустрач дню —
Хто апяваць, хто пілаваць бярозы...
Што розум —
Розум, —
ведама каню.
Баронячы душу, я бараню
I розум тых, хто ўжо губляе розум.
Яго я ад вар'ятаў бараню,
Ад прайдзісветаў, што яго шальмуюць...
Якія толькі шэльмы ні начуюць,
Таварыш мой, ля нашага агню.
Пры чым тут мы з табою? Ні пры чым.
Агонь для ўсіх, хто змог яго заўважыць.
А хто на ім гарыць, хто сала смажыць —
Адразу і не скажаш. Памаўчым.
Саміх сябе засмажыць не дадзім.
Шчэ пахрумсцім, як качаны з марозу.
Таварыш, ці не надта мы цвяроза
Каля цяпельца нашага сядзім?
Жыццё ідзе. I справіцца яно
З атрутным жахам, што з прадоння выплыў.
Мы пройдзем шлях, які на долю выпаў.
Глядзі, як ясна свеціцца віно...
Агонь гарыць... Давай за гэта вып'ем.