ГУСЛІ

Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед

З кургана, як снег, белы выходзе.

...I ўсё нешта пяе, што жывым не паняць.

Янка Купала

У краях,

Да якіх

ад нашых дуброў

Тры гады на кані скакаць,

Цар Арых

Зваяваў суседніх цароў

I пачаў адзін цараваць.

Два законы

Народам скароным

Арых

Абвясціў

скрозь лямант i крык:

«Той,

хто будзе спяваць

Песні продкаў сваіх,

На калодзе

пакіне язык».

А каб сілай сваёй

За ўсе царствы мацней

Было царства яго —

Арых

Асудзіў на страту

Слабых дзяцей

I нямоглых

старых.

Ён васалаў-царкоў

Пасадзіў на транкі,

Загадаў ім

выконваць закон.

«Ты мудрэйшы з мудрэйшых, —

Сказалі царкі, —

Прыйдзе свет

да цябе

на паклон».

I паклікаў Арых

Ваяводу свайго,

I сказаў яму:

— Слухай, Яман!

Над законам няма

Hi цароў,

ні багоў,

Ваяводы —

таксама няма.

А таму, — усміхнуўся Яману Арых, —

Ты цара, ваявода,

усцеш...

Па закону

На страту нямоглых старых

Першы

бацьку свайго

Павядзеш.

Пахіснуўся ад слоў гэтых

Волат Яман,

Здзёр даспехі з сябе,

як кару...

Але дыхавіцы

праглынуўшы туман:

«Павяду», —

адказаў ён цару.

Потым з катам дзяржаўным

Адзін на адзін

Так Арых размаўляў:

— Верны кат!

Па закону на страту

Нямоглы твой сын

Хай адкрые мне

спіс гэтых страт.

Кат ад слова царова

Прырос да сцяны,

Але ўкленчыў

i вышаптаў ён:

— У мяне, уладар,

Два

нямоглых сыны,

Над абодвума

Роўны закон.

I паклікаў Арых

Да сябе гусляра,

Ды не граць

I не песні спяваць,

А сказаць,

Што няма над законам цара,

I ўсе гуслі

спаліць загадаць.

Не здзівіў гусляра

Цар загадам сваім,

Доўгі векжыў на свеце гусляр,

Быў ён белым як лунь,

Як легенда — сівым...

I сказаў ён цару:

— Уладар!

Прад законам схіляюцца смерд i кароль,

I не мне перад ім бунтаваць.

Гуслі заўтра спалю...

Толькі сёння

Дазволь

Мне апошнюю песню зайграць.

Я магутнае царства тваё апяю,

Ваяводаў i катаўтваіх,

Я вялікую мудрасць услаўлю тваю...

І кіўнуў

галавою

Арых.

I крануў

свае гулкія гуслі гусляр

Так, што неба,

Як звон, загуло!..

Устрывожыўся цар:

То бялеў царскі твар,

То чарнеў,

хоць у песні было

Толькі тое,

На што найвышэйшы дазвол

Паслухмяны пясняр папрасіў...

Але песня

Xiстала

i горы, i дол!

Як па мёртвых,

Гусляр галасіў

Па смялейшых за ўсіх

ваяводах цара,

Па адданейшых катах

i паў...

I маланкай

Мільгнуў

Над плячом

Гусляра

Катаў меч —

i на шыю

упаў!

Царскі суд —

правы суд.

Царскі гнеў —

скоры гнеў.

Меч у царскай дзясніцы —

Пярун!

...А гусляр

перасечаным горлам

хрыпеў

I цягнуўся...

Рукамі...

Да струн...

«Гэй вы, гуслі-самаграі!

Музыкі сівыя!

Вы спявайце ў родным краі

Песні векавыя.

I з небыцця вяртайце, гуслі,

Гусляроў у зрэб'і,

Непадкупных, неспакусных

Золатам i срэбрам.

Не збірайце толькі, гуслі,

Успамінаў хмары,

Як плылі над Белай Руссю

Войны ды пажары.

Як зямля яе стагнала,

Плакалі каменні...

Як было i так нас мала —

I як стала

меней...»

1980

Загрузка...