ДАРОГА ДАРОГ (Урыўкі)


ТРАСА БАМА, ПАЧАТАК

Быкоў ратуюць рогі,

А коней — капыты...

Ракадныя дарогі.

Бясконцыя франты.

Агонь настыглай рэйкі

Не па руках рукам.

Закуты лёдам рэкі

На трасе Тында — Бам.

Цяжар не па нараду

Бяры на скат плячэй,

Каб выструніць ракаду

Над Волтаю хутчэй!

Не грэлі целагрэйкі.

I ўсё ж — такі загад —

БАМ выварочваў рэйкі,

Каб выжыў Сталінград.

Жагнае ў маць і ў бога,

Збівае вея з ног...

Ракадная дарога —

Глухі праклён дарог.

Глыбокі тыл... Мужчыны...

Іх лёс — чыя віна?..

Не час шукаць прычыны.

Айчынная вайна.

Народная. Святая.

Народ — адзіны род.

Ён касты не стварае.

Народ як ёсць народ.

Народ — Купала, Ленін,

I кожны з нас — народ...

Не збіў нас на калені

Той сцюжны, страшны год,

I не было на БАМе

Ні крыўд, ні каст, калі

Народ са шпал зубамі

Выцягваў кастылі,

Намучаны, скалелы,

З фашызмам

бітву вёў

Ламамі, прыкіпелымі

Да чорных мазалёў...

Радзіма!

Лес ды поле...

Не адарваць вачэй.

Высока: доля, воля.

Напэўна, ты вышэй.

З табой

Табе я роўны,

I адрачэшся — твой:

Пакліч — устану, кроўны,

Як ліст перад травой.

Ракадная дарога!

Балючая зямля!

Спачатку — перамога.

Астатняе — пасля.

Пасля...

Не тое слова,

За ім

надзей склады.

Вайна і смерць — часова.

Жыццё і мір — заўжды.

Усё для перамогі:

I сталь, і хлеб, і кроў.

Ракадныя дарогі —

Артэрыі франтоў.

Без іх франты — франтоны,

Адкрытыя вятрам...

Па гулкіх перагонах

На фронт каціўся БАМ,

А там мацнеў, як заклік,

Густы гарматны гром,

I біў над Волгай Захад

Прастрэленым крылом...


НАГОРНАЕ, СТАНЦЫЯ

На паўнеба світанак ясніцца.

Промні —

выраем з рукава.

Вёска Красніца. Вёска Красніца.

Сцюжай спаленая трава.

Выйшла так, што ў бацькоўскім краі

Пуцявіна нас

Не звяла.

Ведаў толькі:

Была такая.

Сёння ўбачыў, якой была.

Скаланула душу, як выбухам.

Вёска Красніца,

Адбалі!

Ты згарэла ў раёне Быхава,

Галавешкі —

па ўсёй зямлі.

...Прыбіральшчыца

Ганна Свірыдаўна

Плача —

Голасу не чуваць.

Спіць гісторыя ў футры выдравай,

Спіць,

як з кніжкі старонку выдрала,

Каб мінулае не чытаць.

Памяць сцежана белымі ніткамі,

Але ўслухайся —

I замры:

Называюць сябе

н е д а б і т к а м і

Вёскі Красніцы жыхары.

...Як спалілі немцы людзей і вёску, сабраліся мы, недабіткі, у лесе. Хто й цэлы, а больш пакалечаныя. Я мужыка свайго на плячах цягнула. Ён зваліўся у снег, а я ўсё паўзу, усё мне цяжка, Толькі калі людзі спыталіся: «Аня, ты чаго паўзеш?» — усхапілася. Божухна, а дзе ж я падзела яго?.. За паўвярсты знайшла, ён ужо і качанець пачаў. Кажа: «Магла б не вяртацца, усё адно памру». Крыві вельмі многа з яго вылілася. Пакалечаным, ведаеце, трэба, каб цёпла бы— ло, каб есці добра. А тут холадна — і есці няма чаго. Адну кару з дрэў. Мужык мой, яшчэ жыў трохі, просіць: «Схадзі ты на дарогу, можа, яблыкаў конскіх назбіраеш». Дык са мной шмат хто пайшоў, і пасля хадзілі. Набярэш гэтых яблыкаў мёрзлых, сядзеш ля кастра і трэш іх, трэш, трэш... Колькі каліў аўса знойдзеш, калі аўсом каня кармілі,— і лускаеш, як семкі. Ой, усё ў мяне ў вушах голас мужыка стаіць пра гэтыя яблыкі: «Не магу больш адной карою... Конскіх яблыкаў пашукай...»

Горны плач прашыў шаравою

Бліскавіцаю Дашука[1].

Як там, Віця, кіно здымаюць?

Не работа, відаць, а страх.

Не вытрымліваюць, згараюць

Стужкі ў чорных пражэктарах.

Кіламетрамі смерць накручана,

На паўпальца

не адкруціць.

I не мёртвым — жывым балюча.

Мёртвым — сказана —

Не баліць.

...Ад голаду Стасіна Анюта, суседкі маёй дачушка, на трэцім тыдні памерла. Дзе ёй тую кару, хоць і пажаваную, есці — чатыры годзікі было. Жывоцік так успух — яна ўжо яго ручкамі абняць не магла. I не плакала ўжо, не прасіла нічога. Толькі нібыта спіць і прачнецца, вочы расплюшчыць і прашэпча ціха, ледзь пачуеш: «Мама...» Пахавалі мы яе. Праз дзень, можа, зноў чуем: на дарозе страляніна. Мы тады што ж — далей у лес... Ноччу нібыта штурхнуў мяне хтось. Падымаю галаву, а Стася кругамі па палянцы кружыць, кружыць, быццам ісці некуды хоча, а не ведае, у які бок. Я да яе: «Стася, Стася...» Як кінецца да мяне: «Ой, Ганя, нядобра мы з табой Анюту паклалі. Камень каля жывоціка пакінулі, цісне ён. Чуеш: бедная, плача...» Вот, так і не адышла яна, і пасля вайны такой засталася...

Віця, што гэта?.. Дзе мы, Віця?..

Нас паставілі да сцяны?..

I ў магілах, відаць, баліць ён,

Зыржавелы асколак вайны.

Хлопцы слухаюць — зрок цямнее.

Словы курчацца, як лісцё...

Віця, мы ж пра іншае ўмеем!

Пра вясёлае!

Пра жыццё!


ЗАЛАЦІНКА

Плешчуць беленькія хусцінкі —

Круг шырокі!

Беларусачка-Залацінка

Пад прыпеўкі ляціць у скокі:

Ой ты, бамавец мой,

Што ты чырванееш?

Навучыўся працаваць —

Цалаваць не ўмееш...

Брыгадзір, брыгадзір,

Залатыя зубы,

Я за мір, і ты за мір —

Не кусай мне губы...

А на небе зорачка,

А я думаў: жоначка.

Клікаў, клікаў — не чуе,

Няхай з богам начуе...

Сціхла музыка. Перадышка.

Смех вясёлае талакі.

Крочаць вуліцаю Кедышкі

Маладыя будаўнікі.

Яшчэ ўспыхвае, быццам жар

На кастрышчы,

прыпеўкі рэха:

...Да мяне камісар

На дрызіне ехаў...

— Што ты смуцен, Мікола Бусел?

Добры жарт

За язык не ўкусіць.

До маркотаю назаляць!

...Так далёка да Беларусі —

Нават гусі не даляцяць...

Мо з таго й зажурыўся зямляк,

Хоць звычайна ён усміхаецца,

Кожны дзень пачынаючы так,

Як галоўнае

Пачынаецца.

...Ледзьве скоцяцца,

Як са стрэх,

З сопак

познія яблыкі зорак,

Залацінка ўзлятае ўверх,

Як на спешным вяселлі

корак.

Багна выдыхне і ўдыхне,

Наспы шырачы, гул грамовы,

Што таіўся ў яе на дне

Ад перыяду ледавіковага.

Край якуцкі — не лепшы край,

Сланнік скрозь ды імхоў заплешыны.

Над пасёлкам песню ўздымай,

Маладой

Грамадой

усцешаны.

Над зямлёй — стыглы пар,

Сіні дым — з-пад колаў.

Верхаводзь, камісар,

Не марудзь, Мікола!

Верхаводзь — не заводзь

Чутую пласцінку...

Наша кроў.

Наша плоць.

Наша

Залацінка.

Тут

Нам

Працаваць,

Віраваць

Маторамі,

I дарогі

ствараць,

I ствараць

Гісторыю.

...Зноўку ў круг,

Перавёўшы дух.

Плешчуць ластаўкамі хусцінкі...

Я без песень тваіх аглух,

Залацінка.

Як за вокнамі павуцінка,

Ты ляціш

у мроіве сноў.

Адгукніся мне,

Залацінка,

Белы ветразь,

тугі ад вятроў.

Мару

з рызыкай заручаюць,

Ёй — за далеч снягоў,

Дзе, пакінутая, залачае

Залацінка

Смутку майго.


БЕРКАКІТ

Да пары, калі маманты вымерлі,

З глыбіні,

Праламаўшы граніт,

На паверхню рвануўся — і вынырнуў

Вугальны кіт

Беркакіт.

Доўга-доўга ляжаў ён, скуты

Зашарэлай лядоўняй-зямлёй.

На яго глядзелі якуты

I здзіўляліся: ой-ёй-ёй!..

А пасля

ля кастра пячорнага

Быў прыдуманы сказ такі:

Каб злавіць гэту рыбу чорную,

Апантаныя, з неба зорнага

Сыдуць волаты-рыбакі...

I яны прыйшлі, апантаныя

Ўтаймавальнікі мерзлаты,—

Узнялася

зямля

фантанамі,

Нібы ў нетрах,

Неўтаймаваныя,

Выгіналі хрыбты

Кіты.

Захісталіся долы ўздыблена,

Чэзлі скалы ў сляпым агні.

Біла доўгім хвастом,

Як рыбіна,

Рэха гулкае ў глыбіні.

...Слухаў рэха ссівелы Берка.

Бачыў: смерч над сопкамі рос.

I сказаў якут:

«Для праверкі

Пакажыце вы мне паперку.

Я не веру, што вы з нябёс.

Ваша сіла — жалезная, злая.

Не пра гэткую

Продкаў сказ.

Я, нашчадак шамана Баркая,

Не пазнаў вас. Не ведаю вас.

Што шукаеце? Што вам трэба?..»

Выйшаў Лебедзеў[2],

Сын нябёс:

«Я нядаўна вярнуўся з неба.

Вось і зорку адтуль прынёс».

Берка зорку крануў асцярожна,

Пыхнуў люлькай:

«Кажы далей...»

«Неба зорнае вельмі прыгожае.

А зямля прыгажэй.

Даражэй яна сэрцу, ворная,

Трактарамі і танкамі змораная.

Дрэмле хлеб і жыццё ў раллі...

I шляхі нашы, трасы зорныя,

Па зямлі ідуць, па зямлі.

Вінаваты хіба араты,

Што пад плугам баліць яна?..»

Зноў якут ціха зорку пакратаў,

Пыхнуў люлькай:

«Не вінаваты...

Вось у гэтым якраз віна.

Я, нашчадак шамана Баркая,

Да нябёс не дарос... не дастаў.

Думаў: час скрозь мяне працякае...

Рыба плавае... птушка лятае...

Для чаго ўсё? — сябе я пытаў.

Дзеля хвілі, каб жыў я, Берка?..

I не мог я спаць па начах:

Гляну ў Берку, нібы ў люстэрка,

Б'юся з Беркам на кулаках.

Доўга біўся... Нарэшце дазнаўся,

Зразумеў сівой галавой:

З кім бы я за жыццё ні змагаўся —

Я адчайна змагаўся з сабой.

Сілы ў кожным з нас больш, чым даверу...

Ды з'явіліся мы на зямлі

Не душыць яе дымам шэрым,

Не на беркаўцы

золата мераць,—

А каб рыбы і птушкі жылі».

...Змоўк —

і люлькай не пыхкаў Берка.

Плыў над сопкамі дым густы.

Шаргацелі, нібы паперкі,

На паваленых дрэвах лісты.

Вечар поўніўся зорным звонам —

I здалося, бачыць зямля,

Як ляціць

Травінка зялёная

Ля касмічнага карабля.


Загрузка...