Пра тое, як я ў недазволеным мітынгу ўдзельнічаў


У нашым мястэчку сталічным Левыя і Правыя... даўно ўжо даўно жывуць. Ці не з дзён рукапісных Менеска славутага? А мо і таго даўней. Звестак дакладных няма. Добра вядома толькі тое, што заўсёды Левыя былі неспакойныя, а Правыя адно й рабілі, што іх супакойвалі.

Левыя звычайна прамаўлялі: “Бачыце, шьто робіцца! І ведаеце, хто вінаваты?!” а Правыя, на тое казалі: “І нічога таконга не робіцца, а калі й робіцца, то вінаватыя ў гэтым вы”.

Левыя з Правымі часта сварыліся, горла адны на адных люта настаўлялі. У Правых было войска, таму ў сварках яны заўсёды перамагалі. Войска заўсёды бывае толькі ў Правых. Калі ж войска з’яўляецца ў Левых, то Левыя тады імгненна забываюць, што яны левыя.

Я – як і кожны чалавек недурны, у якога не адзін розум, а два, – пасярэдзіне быў, паміж Левымі і Правымі стаяў. Мне падабаліся Левыя, але і з Правымі я не хацеў сварыцца. Навошта? Свае ж людзі таксама.

Не ведаю, як дзе, а ў нашым мястэчку стольным любімы занятак Левых – мітынгі, ну а ў Правых сваё хобі – нарады. Часцей за ўсё, засядаючы, Правыя паглыблена вывучалі заявы Левых, учытваліся ў кожны хвосцік. У заявах сваіх Левыя звычайна прасілі дазволіць ім правесці мітынг чарговы. Называлі дзень. Правыя ж адмаўлялі і на заявах Левых рэзалюцыравалі нешта такое?а ці звычайна не ў гэты дзень нарадзіўся Карл Маркс? А ці не супадае гэта з 60-годдзем высылкі Троцкага? А ці не перашкодзіць гэты мітынг правядзенню свята рыбака?..

У тры словы кажучы: Правыя не папускаліся.

I з мітынгам, у якім я ўдзельнічаў, Правыя таксама не папусціліся. Учыталіся ў заяву падазроную, на партрэт Дзяржынскага ўсе разам паглядзелі, абжоўваць пачалі. А чаму ўдзельнікаў столькі? А чаму ў месцы такім (Левыя думалі на могілках сабрацца)? А ці толькі гэтых яны будуць памінаць, а можа, й тых?

Пасля ўсіх пытанняў цяжкіх Правыя — дзеці ж сялян — уздыхнулі зусім па-сялянску: а каб вы спрахлі, Левыя, а каб вы галавой налажылі, дыхаць не даяце, паразіты, ну дык і мы вам...

I далі пакуль сваім лектарам адданым заданне — скрозь, дзе толькі можна, гароху дэзінфармацыйнага пасыпаць. I пабеглі лектары-пляткары адданыя ва ўсе бакі мястэчка нашага сталічнага, пазаймалі ўсе трыбуны з графінамі зялёнымі, гарох жменямі пачалі шпурляць: «Не слухайце, людцы, лайдакоў левых, на могілкі не йдзіце. Бо калі пойдзеце, паб'юць вас. Хто біць будзе, не ведаем, але чутка ёсць — хлопцы-парашуталётцы спрыт свой інтэрнацыянальны пакажуць».

Здрыганулася па першым часе мястэчка наша сталічнае, рэбры свае худыя каля пазванкоў адчула. Але гэта толькі па першым часе. А ў дзень мітынгу — дрыготка мінулася. Мала хто паслухаў лектароў-плеткароў. Хоць яны не толькі ад сябе палохалі — усё больш на газету «Вячэрні піск» спасылаліся ды на хлопцаў-парашуталётцаў налягалі.

У дзень мітынгу местачком — галоўны будан Правых — на Бастылію стаў падобны, і ў натоўпе нават гукнуў нехта: «Людовіка на плаху!» Пазней, праўда, выявілася, што смерць «людовіку» патрабаваў пераапрануты Правы.

Я купіў кветкі. Каб кветкі ўцалелі ў штурханіне людской, я загарнуў іх у некалькі газецін кааператарскіх. Выйшаў пакунак ладны — шырэйшы з аднаго канца, чым з другога. Здаля зірнуўшы, можна было падумаць, што ў руцэ ў мяне загорнуты цясак адналязовы, або сякерка кухонная, або яшчэ нешта небяспечна гастраномнае.

На падыходзе да могілак мітынговых мяне спынілі два міліцыянты лычкапагонныя, на пакунак паказалі:

— Што гэта ў вас?

Яны спыталі, вядома ж, па-руску, і гэтак жа па-руску адказаў я.

— Спутніца тревог.

— Што?! — вочы ў міліцыянтаў бліснулі, як гузікі уніформныя.

Зразумеў я, што пакаленне сённяшняе нашай міліцыі бяссоннай дрэнна ведае вечна маладую паэзію Льва Ашаніна. Растлумачыў, як спецыяліст:

— Красная гвоздика — спутница тревог.

— Цветы, что ли? — усё яшчэ не верылі міліцыянты лычкапагонныя.

— Можаце памацаць,— дружалюбна прапанаваў я.

Яны памацалі мой пакунак батанічны, пасля панюхалі і прапусцілі мяне да самай брамы.

А ў браме іхнія аднапрафесійцы мужныя стаялі двума радамі шчыльнымі. Не праткнуцца на могілкі, не прапаўзці. Відаць па ўсім, Правыя загадалі нікога да магіл не пускаць — ні Левых, ні такіх, як я, што абачліва пасярэдзіне таўкуцца.

— Пусціце, хлопцы,— знарок авечым голасам папрасіўся я.

— Не пусцім,— адказваюць.

— На магілку начальніка любімага хачу букецік пышны пакласці,— слязу ім на пагоны наганяю.

— А ты свой букецік пышны да манумента «Мястэчка-Герой» пакладзі,— раяць міліцыянты маладыя.

Сумна.

Бачу: аж на могілках не хто-небудзь, а знаёмыя Левыя ходзяць, замаркочанасць паказваюць. Прайшлі, значыцца, раней, мусіць, з ночы яшчэ, калі не было гэтай варты двухрадовай.

Усунуўся тут я паўз галовы міліцэйскія, паклікаў самага знаёмага Левага, растлумачыў яму ветліва: кветкі шэфіку любімаму не даюць пакласці, кажуць, да манумента нясі. Пакладзі, дарагі спадар, за мяне. Магіла вунь яна, пад сасною...

I толькі гэта я кветкі аддаў, як вакол усё закруцілася, завірыла, накрыўку рваць пачало. Гэта,— не разбіраючы дзе Левыя, а дзе тыя, што пасярэдзіне,— рушыла ў наступ гумовабіўны войска Правых. На адну аглоблю ўсіх мерыць стала, у адну гурбу чалавечую зганяць. Так вось Левыя на ўвесь гэты мітынг недазволены аб'ядналіся з тымі, што пасярэдзіне.

Са мною, значыць.

У такую хвіліну ўдалую Левыя заўсёды трыумфуюць, з-пад іхніх крылаў вераб'іных пёры арліныя феерычна вылазяць. Правыя ў кожным сваім наступе безаглядным заўсёды падвойваюць, а то й патройваюць батальёны Левых. I не толькі за кошт чалавечкаў такіх, як я, што век свой заўсёды пасярэдзіне боўтаюцца, але ж і за кошт сваіх ахвяр, за кошт сваіх людцаў службовых, пераапранутых... То з аднаго краю, то з другога можна было пачуць: «Не біце мяне, я ж свой! Во мае дакументы!» Войска Правых суцяшала: «Маўчы, падла, тут усе свае».

Войска Правых манеўрам абыходным сувораўскім аб'ект (г. зн. могілкі) — блакіравала. У першай яго лініі дзейнічала група фотабіццяроў адчайных. Гэта былі спецыялісты рашучыя па абясшкоджванні тэхнікі аптычнае. Людзі далікатныя, абыходлівыя,— але зараз яны зусім не мелі часу, каб гэта паказаць усе свае далікацтвы душэўныя,— каб, скажам, па-гусарску галаву схіліўшы, напачатку засведчыцца засмучаным фота- і кіназдымшчыкам, а пасля ласкава пераканаць іх, што іхнія фоташчоўкі і кіназдымалкі робяць тут, на мітынгу недазволеным, справу шкодную, недзяржаўную. Так, часу на дыпламатыю не было, але каб хоць ён і быў, час гэты салонны, усё адно мала што б змянілася, бо фотабіццяры адчайныя зусім не верылі ў мысленне дзяржаўнае фота- і кіназдымшчыкаў засмучаных. Паблізу іх, засмучаных, дзейнічалі фотабіццяры, як каты галодныя паблізу мяса. З мяўканнем дзікім выдзіралі з рук фоташчоўкі і збівалі з плячэй кіназдымалкі.

Дарагое начынне аптычнае на асфальт ляцела.

На шашы ўздоўж могілак мітынговых вырасла сцяна механізаваная — дымна паварушвалі цыліндрамі вялізныя, як сланы, спецмашыны і маленькія, як мухі, спецмашынкі; чакалі пасажыраў фургоны элегічныя з вокнамі закратаванымі; падрыг-валі раструбамі на кабінах вадамёты бескампрамісныя; «Ікарусы» дэмакратычныя, поўныя курсанцкай моладзі баявітай, астматычна выдыхалі едкую саляру недапаленую; жыгалі сюд-тут па-камсамольску бадзёрыя матацыклы аўтаінспекцыі; і здалёку сарамліва паблісквалі крыжамі маркоўнымі самаахвярныя пырхаўкі санітарныя.

У кузавах адкрытых «Уралаў» зубрападобных гвардыя Правых сядзела. Хлопцы — галава ў галаву. Усе ў шаломах непрамакальных і з гнуткімі гумовымі паленцамі ў руках,— усе закрытыя ад свету белага бліскучымі, як вітрыны, шчытамі. Гвардыя ў рэзерве была.

Крыху воддаль ад гэтай мотакалоны засаднай чарнела «Волга» местачкомаўская. У ёй сядзеў бацька нашага мястэчка стольнага — першы гаспадар местачкома, чалавек прынцыпаў і перакананняў нязменных. У сваім паліце габардзінавым пасля го-да 85-га ён зашыў зачытаны ўшчэнт «Курс ВК.П(б) кароткі».

Праз хвіліну кожную ў местачкомаўцы чорнай тэлефон званіў. Першы гаспадар местачкома ўважліва слухаў — дакладвалі то з аднаго, то з другога суда народнага. Скрозь па мястэчку нашым суды народныя ўжо гатовыя былі прыняць да працэсу справядлівага падбухторшчыкаў ярых, г. зн.— галоўных Левых. Чакалі ўжо сведкі, свае крэслы мяккія пазаймалі суддзі,— і ўжо на сталы панавальвалі стосы пратаколаў запоўненых. Толькі падпісаць іх засталося. А ў касы ашчадныя быў загадзік пушчаны маланкава: галоўных Левых, дый астатніх, негалоўных, аштрафаваных па суду на дзвесце рублёў савецкіх, абслугоўваць без чаргі,— як ветэранаў вайны апошняе.

Пазваніў у местачкомаўку чорную і пракурор мястэчка галоўны. Далажыў трывожна: ноччу з будынка пракуратуры зніклі ключы ад кабінетаў і падвалаў усіх, і нават ад увахода цэнтральнага. Пра гэтае шкодніцтва нечуванае ўжо дадзена інфармацыя ў газеты і на тэлебачанне. Шкоднік жа — вядомы. Гэта начны вартаўнік пракуратураўскі. Есць падазрэнне: начны вартаўнік пракуратуры нашае звязаны з Левымі. Цяпер яго ловяць і, вядома ж, зловяць, і ключы адбяруць, і — само па сабе — пакараюць. Ды ўцеха з таго пакуль што малая,— бо ўсе ж працаўнікі пракуратуры нашае местачковае, гэтыя рыцары мастацтва юрыдычнага, таўкуцца цяпер на вуліцы, не маючы аніякай магчымасці заняць свае вышыні крыленкаўскія. Ужо з гадзіну, як яны не абараняюць правы законныя нашых местачкоўцаў сумленных, бо на вуліцы немагчыма ж прымаць заявы ці пратэсты там якія. I нават ён, пракурор галоўны, таксама на вуліцы таўчэцца і дакладае ў местачкомаўку чорную не па клавішным сваім арганчыку, а па траскуне вулічным, ледзьве ўвапхнуўшы ў яго дзве капейчыны медныя.

Першы гаспадар местачкома з надзеяй чакаў гэтае данясенне трывожнае. I вось — дачакаўся. А тут яшчэ пазваніў збеглы вартаўнік начны, пацвердзіў святасць слоў пракуроравых. Значыць, усё ўлічана, самы час надаваць аперацыі размах стратэ-гічны...

I на Левых былі пушчаны сілы гвардзейскія, і Левыя разам з тымі, хто пасярэдзіне, мусілі былі адысці ад могілак мітынговых, адступіць за межы нашага мястэчка сталічнага.

Там, за мястэчкам, у чыстым полі паэтычным, што паволі ў пагорак пераходзіла, і адбыўся мітынг забаронены.

Лідэр Левых, падобны на высокую свечку запаленую, гаварыў проста і выразна, і гаварыў якраз пра тое, пра што ўсе пачуць хацелі. Яго слухалі, як у касцёле,— седзячы. Лідэр Левых, як варажбіт, умеў пераконваць голасам. Голас ягоны марна не губляўся, насычаў паветра і, няхай ненадоўга, але тыя, што пасярэдзіне, страчвалі іронію сваю, а сумленныя абывацелі й болей таго — на гэтым пагорку голым адчувалі сябе паўстанцамі. I нават моладзь курсанцкая, якая, лёгка прабегшы па чыстым полі фальклорным і апярэдзіўшы астатніх вайскоўцаў, першая на схіл пагорка ўзышла,— і тая знерухомела, пачуўшы лідэра Левых.

— Курсанты, сядайце! — запрасіў ён. Моладзь баявітая па-дзіцячы пачырванела і памкнулася было прысесці, але ўсё ж не зрабіла гэтага,— бацькоў-камандзіраў пасаромелася.

Першы гаспадар мястэчка баяўся лідэра Левых. Ён увогуле баяўся людзей, якія размаўлялі па-беларуску і ўмелі прамаўляць словы, на паперку не напісаныя.

Яму далажылі пра схіл пагорка, на якім мітынгоўцы сышліся і які ўжо часткова курсантамі акружаны. Ён зірнуў на карту і алоўкам чырвоным вакол пагорка варожага намаляваў абараначак. Намацаў пад габардзінам цёплым «Курс кароткі», паразважаў, на карту гледзячы: мясціна крутая, тэхніку гнаць не варта, а па-пяхотнаму трэба вывесці некалькі рот, шчыльней абкласці аб'ект (г. зн. пагорак) і ціскануць.

Яму захацелася на свае вочы ўбачыць канец баталіі слаўны.

I ён убачыў.

— Што рабіць з лідэрам Левых? — спыталіся ў яго.

— А што, вы яго ўжо спаймалі?

— Не яшчэ,— адказалі разгублена.

— Ну, дык лавіце і праз суд вышліце яго ў РСФСР. Толькі праз суд!

Левых са схіла пагналі.

Левыя і тут не ўпарціліся. Уцякалі хто як мог, угінаючы плечы і галовы ад кулакоў ды паленцаў гумовых. Разам з Левымі беглі абывацелі і ўцякаў я. Уцякаў у гурце тых, што заўсёды пасярэдзіне.

Ні кулаком, ні паленцам мяне не зачапілі. Мне, наогул, пашанцавала. Я ўспароўся проста на радыятар местачкомаўкі чорнае, з якос якраз першы гаспадар местачкома вылазіў. Да мяне прыпознена ахоўнікі кінуліся, але я, ратуючыся, апярэдзіў іх, смела да гаспадара першага падступіў. Я паказаў на Левых, што, уцякаючы, рассыпаліся вакол, і цвёр-да прамовіў:

— Таварыш генерал, Левыя ні слова не разумеюць па-руску. Вазьміце мяне за перакладчыка, лягчэй у вас работа пойдзе.

Не ведаю, ці добра я зрабіў, абазваўшы першага гаспадара местачкома генералам, але тое, што прапанаваў свае паслугі філалагічныя, займела свой выбрык станоўчы. Мяне прапусцілі праз шчыты празрыстыя і шаломы непрамакальныя,— прапусцілі, не пакамечылі, а назаўтра нават запрасілі ў пакой высокі. Так, так,— сам першы гаспадар местачкома, запомніўшы мяне, зрабіў ласку, да сябе паклікаў.

— Мы ведаем,— сказаў першы гаспадар местачкома,— што вам падабаюцца Левыя, але й з намі, Правымі, вы сварыцца не хочаце. Мы ведаем, што вы заўсёды пасярэдзіне, што б ні было. Гэта вельмі добра. Учора вы прасіліся на работу, але перакладчыкаў з мовы беларускае ў нас шмат. Мы вам работу другую прапануем, вельмі важнуюдля мястэчка нашага. Мы вас папросім арганізаваць Партыю Пасярэдзіне. Так-так, Партыю Пасярэдзіне. Пэ Пэ скарочана. Вам, як лідэру партыі новай, дэкляруем усё — і местачкомаўку чорную з тэлефонам, і пакой высокі ў любым, дзе захочаце, будынку мястэчка. Галоўнае, каб мы ў гэты час трагічны былі разам.

— Дзякую,— прашаптаў я ўзрушана,— я падумаю.

— Добра,— сказаў гаспадар местачкома,— толькі з адказам не спяшайцеся, падумайце хвілін пяць.

У пакой высокі ўвайшоў збеглы начны вартаўнік пракуратураўскі:

— Таварыш першы гаспадар, лідэр Левых злоўлены.

— Судзіце яго,— загадаў першы гаспадар местачкома.

— Ужо засудзілі,— прамовіў збеглы вартаўнік пракуратураўскі.

— Тады высылайце ў РСФСР!

— Ужо выслалі, таварыш першы гаспадар местачкома.

— Збеглы вартаўнік начны пракуратураўскі задаволена выслізнуў з пакоя высокага.

— Забыўся папярэдзіць вас,— ласкава загаварыў да мяне першы гаспадар местачкома,— на людзях вы і ўся партыя ваша будзеце дзейнічаць незалежна ад нас, Правых. На сваіх мітынгах і ў сваіх газетах будзеце безаглядна спрачацца з намі, крытыкаваць нас, нават лаяць. Але ў нейкі момант, каб ворагі нашыя не здагадаліся, што мы саюзнікі, і каб зусім іх заблытаць, нам давядзецца вас арыштаваць, як лідэра легальна варожай нам партыі. Давядзецца судзіць вас і выслаць...

— У РСФСР?! — напалохаўся я.

— Ды што вы! — усклікнуў першы гаспадар местачкома.— Сваіх мы ў РСФСР не высылаем. У адваротным кірунку паедзеце. Ну, скажам, у бок якога-небудзь каралеўства соннага. Бельгій-скага, напрыклад, або Шведскага.

7 ліпеня 1989 – 14 красавіка 1991

Загрузка...