Пра тое, як я ў аптэцы начной дзяжурыў

У. М. Паўлаву


Чаго толькі са мною ні здаралася, калі ў Маскве вучыўся! У якія толькі цянёты не трапляў! У якія пасткі ні ўскокваў! Пра ўсё не ўспомніш, не раскажаш. Ды выпадак адзін для ўмацавання нашае галоснасці гультаяватае ўсё ж варта прыгадаць, бо ён, выпадак гэты, пераўзышоў усе мае выбрыкі студэнцкія.

Вучыўся гэта я ў інстытуце Літаратурным і клопату з вучобаю парнаскаю не меў аніякага. Валачыўся адно, як Ясенін у дні нэпа залатога, па славутым бульвары Цвярскім — каля нечага спыняўся, да нечага падыходзіў. Да МХАТа саркафажнага ці да будыніны тассаўскай. На той час у яе вокнах экранных выразна і з цвёрдых пазіцый класавых фатаграфічна біўся нястомны пульс краіны бамаўскай і да гэтага пульсу нястомнага, не дыхаючы, прыкладалася вухам рознакаляровым чарада прагрэсіўная чалавецтва чырванасцяжнага. Назіраць было цікава...

У запасе, як і ў кожнага паэты маскоўскага, у мяне была вечнасць, у кішэні — стыпендыя імя Канстанціна Сіманава, а ў думках туманных — яшчэ больш туманны Стакгольм. Апошняе натуральна што пераважала, таму час ад часу пытаўся я ў кіяскёраў прыслеплых, што пад шыльдаю «Мосгорсправка» сядзелі: а ці не ведаюць яны — прыязныя — адрас дакладны камітэта па прэміі Нобелеўскай? На памяць кіяскёры прыслеплыя гэты адрас не ведалі і пачыналі нудна, старонка за старонкаю праглядаць свае талмуды тысячалістыя, а я тым часам не чакаў — ішоў далей да кіёска наступнага і шчыра прызнаюся: у дні застойныя нічагусенькі такі не рабіў такога, што магло б хоць бы на дзень радасны наблізіць да народа-працаўніка сённяшнюю перабудову.

У дні маскоўскія свае быў я невылечным банвіванам.

Цяпер, вядома, шкадую, што пускаў энергію маладую дымам рэстаранным у паветра маскоўскае. Праўда, употайкі пісаў я вершыкі фрывольныя пра стараватых правадыроў нашых, выносячы іхнія прозвішчы плакатныя ў запамінальныя рыфмы дактылічныя: цячэ ж Нява — Брэжнева; прасціна вам — Усцінава; паненка вам — Чарненкава і г. д. Але ўжо тады разумеў-здагадваўся, што малая гэта цагліна ў сцяну нашае дэмакратыі класавае. Здагадваўся і разам з тым абачліва не пускаў сваю творчасць падпольную на крутыя сцежкі самвыдавецкія — адно зрэдку паказваў яе сябру-правізару.

Сябар таксама студэнтам быў, вучыўся на фармфаку, а па начах працаваў — у аптэцы паблізу ад праспекта Міхалываныча Калініна дзяжурыў. У вольны вечар я да яго ў аптэку заходзіў, іншы раз нават начаваць заставаўся.

Сябар любіў слухаць маю фронду вершаваную.

Калі я чытаў, ён глядзеў на мяне з той любасцю нефальшывай, з якой тата Бурацінаў некалі ўзіраўся на палена бярозавае.

Уночы ў аптэку ягоную звычайна прыходзілі старыя людзі. Ясным яснае, што старасці іхняй, акрамя валідолу і нітрагліцэрыны, нічога не было патрэбна. Ну яшчэ маглі папрасіць свечы з беладоннай ды які-небудзь пустырнік.

Аднак жа пасля выявілася, а да гэтага я й вяду сваё слоўца вясёлае, што старыя людзі па начах шукаюць яшчэ й зялёнку.

Звычайную зялёнку пякучую!

Аптэка была маленькая і празрыстая, як шклянка. Нічога ад мяне схаванага ў ёй не было. Я добра ведаў, што дзе ляжыць, на якой паліцы шкляной якая пляшачка дробная густа пылам пакрываецца.

Часам, калі мой сябар соладка да падушкі прыкладаўся, а ў дзверы званіў якісь масквіч нецярплівы, я з задавальненнем адсоўваў ад сябе блакнот з рыфмамі і хоць не ведаў ніводнага слова з клятвы Гіпакратавай, але ж начныя абавязкі правізарскія ад душы спаўняў...

У Маскве толькі што адбегала, адплавала, адскакала і ўрачыста адфанфарыла Алімпіяда. Толькі што над Лужнікамі ўзняўся, падвешаны да балёнаў дзіцячых, мядзведзь заплаканы. Ён памахаў усім мяккай лапаю, пусціў апошнюю слязу развітальную і пад вершы паэта народнага Дабранравава Міколы хуценька памкнуўся ў бок да Швецыі манархічнае. Дарма думаць, што палёт у бок да Швецыі манархічнае кімсьці быў тайна задуманы і авантурна спланаваны — вось так нечакана развітацца не толькі з Алімпіядай маскоўскаю, але і назусім з краінаю Леаніда Ільіча.

Не, прывязаны да балёнаў мядзведзь не збіраўся эміграваць і ў Швецыю паляцеў толькі таму, што яго панёс туды моцны паўднёва-ўсходні вецер. Дзьмуў бы іншы вецер, ну, скажам, у бок да камянёў Уральскіх, то няшчасны Міша й на Урал паляцеў бы.

Да Швецыі, аднак, мядзведзь не даляцеў.

У адной з неспакойных рэспублік прыбалтыйскіх, каля самага мора, яго ўгледзелі нашы пільныя жаўнеры-пагранцы са службы абароны процінябеснае. З воклічам шкадавання ціхага: «Эх, Міша, і ты туды ж» яны запусцілі ў любімца алімпійскага ракету паслухмяную.

Пра трагедыю над Балтыкай мы з сябрам даведаліся з лістка дысідэнцкага «Згублены ўраджай». Лісток гэты нехта ўначы пад аптэчныя дзверьі падсунуў.

Памаўчалі мы, уздыхнулі раз-другі — шкада ўсё ж мядзведзя — і тут жа ў аптэцы й памянулі славутага нябожчыка. Чым памянуць, у аптэцы заўсёды знойдзецца.

Памянуць памянулі, але супраць жаўнераў нашых слова дурнога не сказалі. А што тут дурнога скажаш? Хлопцы ў шапку не спяць, за службу аберуч трымаюцца. З першай ракеты пацэлілі!

Ясней за яснае, што і за здароўе пагранцоў нашых ёмкіх пацяглі мы па кроплі вострай.

Дык гэта вось адсюль, з гэтай самай кроплі вострай, і пачаў да мяне набліжацца той выпадак легендарны, пра які я намерыўся расказаць вам у сваім апавяданні студэнцкім.

Спаласнуўшы колбы, сябар папрасіў:

— Пабудзь за мяне ў аптэцы, гэту ноч пасляалімпійскую хачу лірыцы аддаць.

Хіба адмовіш, пачуўшы такое!

— Аддавай,— кажу,— мне ж зусім не цяжка масквічоў начных таблеткамі супакойваць.

Сыпануўшы на язык жоўтых бабкоў аскарбінавых (дарэчы, ідучы да дзяўчыны, аскарбінку танную можна ўжываць заместа заўсёды нямашнага дэзадаранту), сябар сышоў з аптэкі, пакінуў мяне сам-насам з лістком антыўрадавым «Згублены ўраджай».

Каб час не цёк, а бег, я прачытаў яшчэ раз нататку пра смерць мядзведзя лужнікоўскага.

Пуск ракеты аўтар ананімны абазваў актам тэрарыстычным і патрабаваў суда міжнароднага. I над кім бы вы думалі? Над жаўнерамі з абароны процінябеснае? Не. Над самім Леанідам Ільічом!

Ну, гэта занадта, падумаў я. I толькі так падумаў, як у дзверы пазванілі...

Пасля званілі яшчэ і яшчэ, і не толькі старыя людзі. Які хочаце ўзрост пальцам у званок тыкаў. Нават дзяўчаткі мададзенькія па гумачкі інтымныя прыбягалі.

За ноч нахадзіўся я да дзвярэй, насоўгаўся. Зусім загракаўся. Без прывычкі яно і ў Парыжы цяжка, а тут — аптэка! Таксама прамысловасць хімічная. I мне, задыханаму, часам здавалася, што нашу я не маленькія карабкі-пушачкі, не бутлікі дробныя ў жмені трымаю, а цэлыя бярэмкі ўсіх гэтых анальгінаў ды аскафенаў аберуч да грудзей прыціскаю...

Пад самы ранак, калі ў заапарку краснапрэсненскім, успамінаючы сваю радзіму цёплую, пакутніцы малпы закрычалі; калі ўжо павінен быў з мацыёну лірычнага мой сябар вярнуцца і калі ўжо вочы мае малінавыя зрабіліся і выцягліся долу, усё адно як лампасы генеральскія,— яно й навалілася, крыламі сваімі каляровымі залопала...

Толькі гэта я прылёг, прыціснуў плячыма падшыўку «Здароўя», ажно дзверы затрэсліся, ад званка-звона закалыхаліся. Відаць, нехта моцна хворы, падумаў я, ідучы адчыняць, да кнопкі электрычнае прыляпіўся.

I каго ж я за акенцам фанерным убачыў?

Мо сябра-правізара — вясёлага, шчасліва падгулялага?

Зусім не.

За фанерным акенцам убачыў я пяцёра-шасцёра мужчын-ахоўвачаў у аднолькавых шынелепадобных апранахах. Трымаючы рукі ў кішэнях, яны стаялі на тратуары паўкругам. Стаялі і маўчалі. Яшчэ хвіліна — і з-за спінаў гэтых фігурантаў маўклівых (зраблю тут перадых!),— без капелюша, з яркімі, нават уначы, зоркамі ва ўсе бакі пінжака і з узнятым пальцам акрываўленым паволі выйшаў сумны Леанід Ільіч.

Ці вам казаць, што адразу не паверыў я ў Леаніда Ільіча жывога. Мне падалося, што гэта з мяне, соннага і стомленага, захацеў пасмяяцца мой сябар дарагі, мой правізар адданы. Пасля спаткання шчаслівага ад няма чаго рабіць недзе здзёр з плота плакат манументальны і, разбудзіўшы мяне званком інквізітарскім, разгарнуў, паразіт, на ўсю шырыню дзвярэй аптэчных гэтую агітацыю вулічную, з намаляваным на ёй Леанідам Ільічом і ягонымі хлопцамі маўклівымі. Праўда, на плакатах я ніколі не бачыў, каб Леанід Ільіч быў сумны ды яшчэ з пальцам падзёртым.

Не, гэта ўсё ж быў не выбрык майго любімага сябра-правізара, гэта...

— Добрай раніцы,— сказаў мне Леанід Ільіч, усё трымаючы перад сабою палец укалечаны. Сказаў вельмі проста і чалавечна, як і належыць правадыру камуністычнаму, і паглядзеў на мяне без хітрасці аніякай, як на свайго аднапалчаніна-малазямельца.

Цёплы голас правадырскі мяне расчуліў, палец паранены ўстрывожыў, і мне зрабілася вельмі сорамна за свае подлыя вершыкі фрывольныя, за свае гнюсныя рыфмы дактылічныя.

Леанід Ільіч бліжэй падступіў, і яго ахоўвачы невясёлыя таксама крок наперад зрабілі.

Я ж ветліва адхіснуўся, здаецца, назад адышоў, хаця ногі мае і не варухнуліся. У пройме акенца фанернага Леанід Ільіч зусім па-дзяржаўнаму выглядаў, як у тэлевізары.

Ён паклаў свой няшчасны пальчык на падваконнічак:

— Бачыце... Палез гэта ў кішэню ўнутраную і накалоўся аб гэтую зорку...

Леанід Ільіч даверліва паказаў мне зорку наравістую, што так неспадзявана сваёй прыколкай драцяной яму палец абдзёрла. Далей з тым жа даверам светлым здаровай рукой вывернуў штрыфель, і я ўбачыў, як з глыбіні пінжака сярод іншых драцін — зламысная прыколка зубам шчупаковым бліснула.

Смешна прызнацца, але ў маёй машыне не знайшлося ні ёду, ні зялёнкі. Можа, у вас ёсць?

Ах, вось яно што! Зялёнка патрэбна — і ўвесь клопат! Добра, што так. А то ўжо галава мая ад поўнай мабілізацыі мазгоў пухнуць пачала.

Я далікатна шмаргануў на дзвярах замком і Леаніда Ільіча параненага ў аптэку запрасіў.

Фігуранты, не вымаючы з кішэняў рук, увайшлі без запрашэння.

I толькі гэта за ахоўвачам апошнім дзверы зачыніліся, як і ўтварыўся самы што ні на ёсць момант кульмінацыйны.

Я паляцеў стукацца галавою аб паліцы шкляныя —кінуўся зялёнку шукаць, а Леанід Ільіч сціпла падышоў да століка, на якім, нядбайна пакінуты, ляжаў «Згублены ўраджай»...

— Ужо прачыталі? —спытаў ён пакрыўджана. Пляшачка з зялёнкай у маёй далоні памакрэлай імгненна ярка-чырвонай, як мак, зрабілася.

Мне захацелася стаць вар'ятам, і я, няма сумнення, ад страху і звар'яцеў бы, каб не сэрца добрае Леаніда Ільіча.

— Вам гэту пракламацыю, вядома ж, падсунулі,— зусім па-бацькоўску сказаў ён.

— Так, так... падсунулі, гады! Сюды... пад дзверы! — выкрыкнуў я з палёгкаю.

— I мне таксама падсунулі,— уздыхнуў Леанід Ільіч,— і таксама пад дзверы. Вам калі? Уночы?.. (Я махнуў галавой). Вось і мне ноччу... Вы толькі падумайце, што робіцца? За гэтага мядзведзя дурнога патрабуюць, каб мяне судзілі. Не па-чалавечы гэта. Дый сам мядзведзь, штучка такая з пчоламі ў носе... папёрся проста ў Швецыю! Ну хоць бы Польшчу братнюю выбраў. Слова камуніста, што жывы застаўся б. На польскім напрамку ў нас пэвэо слабейшае стаіць. Вось так... Дык што — давайце вашую зялёнку.

Пасля маналога такога шчырага на рану Леаніда Ільіча я гатовы быў абрынуць не тое што зялёнку, а ўсю аптэку сябраву...

Аперацыя прайшла ўдала. Перавязка таксама. Я далікатна абгарнуў рану, рэшту бінту закінуў Леаніду Ільічу на шыю — зрабіў для зручнасці перавязь. А раптам у машыне палец заные? Самы раз тады ўсю руку ўсунуць у пяцельку — няхай адпачывае.

Мой спрыт аперацыйны Леаніду Ільічу спадабаўся, і на самы адыход ён разгаманіўся са мной ужо зусім па-сямейнаму.

— Дык, значыць, у аптэцы працуеце?

— Не-е зусім... Літаратар я.

— Пішаце?

— Угу...

— Я таксама пішу. Што-небудзь маё чыталі?

— А як жа ж, чытаў...

— Спадабалася?

— Вельмі...

За гэты час мы так і не прыселі. Хоць колькі таго часу прайшло? Хвілін дзесяць, не болей. Аднак было відаць, што Леанід Ільіч стаміўся, што яму, перавязанаму, у машыну хочацца.

— Хутка памру,— раптам сказаў ён,— а ў Палітбюро поўны завал...

Пасля гэтай шчырасці генсекавай ахоўвачы ў шынелепадобных апранахах па-конску з нагі на нагу пераступілі. Я ж дзеля бяспекі сваёй, адчуваючы незадаволенасць ахоўвачоў, уцягнуў галаву ў плечы і апусціць вушы паспрабаваў. Каб не пачуць лішняга. Але ўсё ж пачуў.

— Уся надзея на моладзь,— прамовіў Леанід Ільіч.— Мы тут нядаўна ў склад Палітбюро ўвялі маладога. Гарбачоў яго прозвішча. Я на яго вельмі спадзяюся.

9 красавіка 1989

Загрузка...