Трэба прызнацца — у Заходнім Берліне для чалавека нашага ўсё цікава, нават опера. Ну, што такое опера — ці расказваць? Чыталі ж!
I я не без гэтага — таксама чытаў. Не буду хлусіць, што мне вельмі спевы падабаюцца, але іншы раз люблю падцягнуць, пачуўшы песню ў двары, а ўслед за ёй — свісток міліцэйскі.
Кажуць, на оперу трэба настроіцца папярэдне. Ну дык я настроіўся яшчэ дома, калі пашпарт замежны атрымаў. Дый тут хвіліну кожную настройка эмацыянальная адбываецца. Куды ні зірнеш — перад вачыма ўсё Заходні Берлін, і вечар ужо на лоб насоўваецца, падыхваючы піўком 12-градусным, і гаспадары ўзрушана гэтак прамаўляюць, нібы на трыбуну ўзышлі — сёння будзем слухаць «Запіскі з Мёртвага дома» пісьменніка вашага Дастаеўскага.
Што скажаш на гэта гаспадарам клапатлівым? Толькі ў ладкі й заплешчаш.
Заварушыўся я, і ўся наша кампанія турыстычная, як апараная, забегала. Усе пачалі гальштукі сіне-жоўтыя на шыю накручваць ды ў кішэнькі пінжакоў запіхваць расчоскі гумаўскія.
Тут наш кіраўнік цудоўны, размаўляючы з гаспадарамі, нібыта паміж іншым, паказаў мне на дзверы, гэта значыць — на два словы ў калідор прасіў.
Будзеш старшым групы, сказаў мне ў калідоры кіраўнік цудоўны, а я гэту оперу ўжо глядзеў... у Баранавічах... моцная штука... мне трэба тут пацікавіцца іхнім вітрынным дызайнам, дык ты ўжо глядзі там, у оперы, каб усё з паўабарота было...
Я супакоіў адразу ж яго — усё з паўабарота й будзе, а вы, паглядзеўшы оперу ў Баранавічах, спакойна сабе адпачывайце, вывучайце дызайн мясцовы.
Кдраўнік, вядома, застаўся задаволены і я — таксама, па самыя бровы ап'янены паўнамоцтвам нечаканым.
Гаспадары нямецкія ўжо чакалі, і я з гонарам, на які здатныя толькі сяржанты Арміі Савецкай, вывеў з гасцініцы сваё войска турыстычнае ў сіне-жоўтых гальштуках.
Быў вечар, і па ўсім Кайзердаме (так у іх Ленінскі праспект называецца) свяціліся ліхтары — масіўныя і чорныя, нібы крыжы высозныя.
Гэта ліхтары незвычайныя, растлумачылі гаспадары, гэта падарунак Гітлеру ад Мусаліні.
Ну-у, не паверыў я, залупіўшы голаў у неба нямецкае.
Так-так, пацвердзілі гаспадары, таксама ўтаропіўшыся ўгору.
Ліхтары, як распяцці, пагрозна навісалі над галавой.
У-у, фашысцюгі, сказаў нехта з нашых і нагнуўся, каб пашукаць пад нагой камень. Тут я напружыўся, адным словам, падрыхтаваўся вырваць у яго з рук справядлівую зброю пралетарскую, але неўзабаве пачуў у голасе майго падначаленага расчараванне поўнае — бедная краіна, і каменя пад нагой не знойдзеш.
Астатнія выказалі маўклівую пагарду ліхтарам мусалініеўскім, па-вайсковаму пакінулі Кайзердам электрасыты, ступілі ўслед за гаспадарамі на такую ж яркую Бісмаркштрасэ, і, нарэшце, усе мы апынуліся перад самой операй.
У вестыбюлі гаспадары ўручылі нам па жоўтым білеціку.
Ніякай цаны на білеціках жоўтых не стаяла, і мы зусім спакойна падалі іх кантралёру.
I ўжо зусім як нармальныя людзі падышлі да гардэроба, на хаду вылазячы з куртак балонневых.
А тут і пачалося...
За кожную куртку «драй марка», сказаў гардэроб па-нямецку.
Найн, дружна адказалі мы і не выпусцілі куртак з рук.
Трохі падумалі, пасля азірнуліся на гаспадароў. А іх няма, у шчыліну нейкую, нібы знарок, запароліся. Таму самі збіваць цану мы не сталі і паціху адышлі сабе ўбок. Паціху-то паціху, а мандражык лёгкі ўсё ж палез пад калашыны.
I разумнаму ясна, што без каманды войска гіне, а ў оперы сённяшняй, усе ведаюць, камандую я. Значыць, мне і абараняць інтарэсы нашых працоўных на чужыне.
Чаго захацеў, падаў я голас упэўнены, «драй марка» — пара калготак чорных. Так нараспранаўшыся, можна вярнуцца дахаты з чамаданам галодным.
Вакол у знак згоды абурана загулі. Ша, таваршы, рабіце так, як я, і — ніякіх гардэробаў!
Я скруціў у камяк сваю куртку і стаў яе засоўваць пад пінжак.
Таварышы выгукнулі ўслед за мной — ніякіх гардэробаў! — і зрабілі тое ж.
Пакуль гаспадары недзе распраналіся, адлічвалі паложаныя «драй маркі», мы — з курткамі пад пінжакамі — пачалі паходжваць сабе па вестыбюлі.
Дык вось, паходжваючы разам з усімі і пазіраючы на цэннікі розныя, зусім выпадкова даведаўся я, што кожны наш квіточак жоўты ў пяты рад каштуе шэсцьдзесят марак.
Моцна ўражаны, нібыта піянінам прыціснуты, давёў інфармацыю народу.
За што так, не паверыла маё воінства збялелае. Мяне й самога ледзь не разрывала — і сапраўды, трэба мець дзядзьку ў Таронта, каб гэта ўтрубіць у пятым радзе пару джынсаў.
Тым часам удалечыні вестыбюля гаспадары паказаліся. Да нас яны пакуль не спяшаліся, пачалі ўглядацца ў люстэрка, пасля — сталі да праграмак прыцэньвацца...
Наперад, гукнуў я і рашуча ступіў да касы. За мной адчайна рушылі астатнія.
Жоўта-сінія гальштукі нашыя, прыціснутыя курткамі скручанымі, абурана ўздымаліся, і апускаліся, і зноў уздымаліся, прагнучы вырвацца з-пад пінжакоў.
Мы, не змаўляючыся, вырашылі здаць білеты!
Ці ж не вар'яцтва гэта: за тры гадзіны пасядзёнак у радзе пятым заплаціць па шэсцьдзесят марак, гэта значыць грашыма роднымі — дваццаць рублёў!
Як гэта гаспадары датумкалі да такога? А яшчэ немцы! I які ж гад плёў пра іх, што яны грошы. лічыць умеюць?!
Мусіць, усё гэта я сказаў уголас, бо вакол у знак згоды зноў абурана загулі.
Ша, таварышы, не дайшоўшы да касы, супакоіў я,— новую думку маю!
А навошта здаваць білеты, лепей жа прадаць, га?
Гэта ж голы пройгрыш — здаваць? Каса хоць і капіталістычная, але, як і ў нас, абавязкова за кожны білет вернуты нешта сабе ўварве. Разявішся гэта на ўсе шэсцьдзесят марак, а са сподка выграбеш толькі пяцьдзесят. I праклінай тады Нямеччыну колькі ўлезе. Не, лепей усё ж прадаць. Прадаючы, можна нават зарабіць марак дзесяць-дваццаць.
Падцягнуўшы да грудзей сваю куртку скручаную (яна ў мяне зусім на жывот была апала), я даў каманду шукаць пакупнікоў.
Я быў упэўнены ў поспеху. Заходні Берлін усё ж не Давыд-Гарадок. А настрой у маіх падначаленых, як і належыць апошнім часам, быў ініцыятыўна-кааператарскім. Інструктаж ад мяне яны атрымалі пэўны, таму новая цана білетаў закруцілася на языках іхніх.
Напачатку я прапанаваў скубянуць «ахтцых»* марак, робячы такім чынам запас, каб пасля, сустрэўшыся з поўным «найн», можна было сысціся з кліентам будучым таксама на выйгрышных для кожнага з нас «зыбцых»** марак...
* Восемдзесят
** Семдзесят
Але тут — хоць ты смарканіся пры ўсіх! - падышлі гаспадары.
Падышлі гэта яны прычасаныя і рашуча на гадзіннік паказалі. Часу на продаж не было. Яго якраз хапала, каб адно ў залу прайсці, менавіта ў пяты рад валютны.
Зірнуў я на гвардыю сваю вокам пільным сяржанцкім і — як апалоніка глынуў. Так мяне ўсяго й перасмыкнула. Стаяць мае салдаты пузатыя ўсе, як пляшкі па 0,7. А замест наклеек на кожным крыўда літарамі буйнымі накрэмзана. Без акуляраў можна прачытаць: раней бы трохі ў гэту оперу піхнуцца, то якраз бы свае законныя «ахтцых» марак ухапілі б... А твары, твары ў іх — чыста прасы распаленыя. Адным словам, яшчэ трохі — і бунт пачнецца.
Зноў супакойваю, кажу ім звыклае «ша, таварышы», курткі з-пад пінжакоў выцягвайце і здавайце бясплатна мне. Калі ўжо йсці ў залу, дык пры парадзе.
Пачалі яны рассупоньвацца і ў мяне пытацца — а сам куды дзенешся?
I я таксама, кажу ім, як толькі электра патухне, з барахлом вашым у залу пайду.
План мой войска прыняло.
Гаспадары пайшлі паперадзе, каманда мая ўнагон, а я, нібы з пажару прыбегшы, з бярэмкам апранах аршанска-лідскіх уваткнуўся ў залу, як толькі лямпачкі павыключалі.
Клопату, вядома, займеў багата — столькі дабра чужога на руках! Толькі пільнуй. Добра, хоць крэсла вольнага ў цемры шукаць не трэба — кінуў апранахі ў кут, а зверху іх сабой прытаптаў. Вось табе й крэсла ўсё.
А тым часам на сцэне опера загаманіла.
У оперы гэтай Сілы Чорныя, спяваючы, хвасталі нагайкамі катаржан, якія былі Сіламі Светлымі і таксама спявалі. Зразумела, што ў думках я рашуча перайшоў на бок пакрыўджаных Сілаў Светлых. I тут мне вельмі захацелася сярод гэтых Светлых Сіл убачыць самога пісьменніка Дастаеўскага і ўголас падзякаваць яму за нязломнасць ягоную ў змаганні з царызмам крывавым.
Пісьменніка Дастаеўскага сярод катаржан я не ўбачыў, але ўгледзеў нешта такое, што не здолеў бы прыдумаць у сваім рамане самым паклёпніцкім нават Салжаніцын. Чорныя Сілы былі апрануты ў шынялі жандарскія, што правільна, але на галовах у іх шчыльна сядзелі энкавэдзісцкія фуражкі! Як ні выпручвай шыю, хоць брывамі да рампы гарачае цягніся,— так яно і ёсць. На малінавых аколышах горда паблісквалі родныя зорачкі пяцікутныя.
Заварушыўся не адзін я, нашыя ў пятым радзе валютным таксама засоўгаліся. Мусіць, дзяцінства ўспомнілі. Шмат каму з нас у дзяцінстве дзяды-пенсіянеры дарылі шапкі такія.
Зразумела, крыўдна нам зрабілася ў гэтай оперы за зняважаную частку гардэроба роднага. Хоць ты бяры ды пратэстуй. Але як жа гэта зрабіць, на барахле чужым седзячы?
I ўсё ж, каб хоць неяк адпомсціць, намацаў я на адной з куртак замок-маланку. Нішто сабе замок трапіўся — рыпучы. Хіба не зброя ў оперы правакацыйнай? Самая што ні на ёсць. Шмаргануў раз — як палкай па плоце выйшла. Адразу чуваць: з-пад Віцебска замок, а не з-пад Мюнхена соннага. Шмаргануў другі раз і трэці — няхай ведае чужая опера, як наша мінулае гераічнае высмейваць.
Замок заела, і я ўзяўся за другі.
Як бы там ні было, але пратэст мой, пэўна ж, падзейнічаў. Артысты неяк разгубіліся і перасталі спяваць, а зала з усіх бакоў залупіла ў ладкі.
Я з палёгкай выпрастаўся і для смеху таксама некалькі разоў дзяўбануў кулаком аб кулак.
Артысты пачалі згінацца ў паклонах нізкіх, нібыта прасілі прабачэння, і вінавата паглядзелі ў мой бок.
Нічога... мы добрыя... даруем, прымірэнча прамовіў я.
Так мінулася дзея першая, і я падняўся са свайго седала. З пятага раду да мяне, як да камандзіра, праціснуліся мае сябры адданыя. Вырашылі — быць напагатове. А раптам у другой дзеі на сцэну выпусцяць не проста жандараў у фуражках энкавэдзісцкіх, а зусім каго-небудзь на таварыша Кагановіча падобнага.
Але ў другой дзеі артысты былі больш абачлівыя, да таварыша Кагановіча не дайшло.
Сілы Светлыя па-ранейшаму гэтак жа доўга спявалі і раз-пораз хапалі адзін аднаго загрудкі. Трэба думаць, разказвалі пра сваё жыццё гаротнае. А Сілы Чорныя, вядома ж, з нагайкамі і ўсё ў тых жа фуражках малінавых выбягалі на сцэну толькі два разы. Так што ў другой дзеі толькі два разы шмаргануў я ў сваім кубле замком-маланкай, што з-пад Віцебска.
Болей нічога цікавага не адбылося, і на гэтым спектакля скончылася.
Зала ізноў з-за вуха запляскала ў ладкі, а каманда мая з пятага раду, каб не губляць час, ірванула да мяне — апранацца.
Апрануўшыся, здагадалася, што не проста гэта курткі на сябе ўсцягла, а зэканоміла пры маёй дапамозе таварыскай шмат валюты.
Не, усё-ткі і ў оперы, нават і ў нямецкай, ёсць асалода.
Я і сам быў задаволены: па-першае, усё выйшла з паўабарота, як і прасіў мой кіраўнік цудоўны; па-другое, я зразумеў, што толькі той не памыляецца, хто камандуе. Дык няхай жа глядзіць Еўропа, як выходжу я паперадзе ўсіх на Бісмарк-штрасэ.
Гаспадары ўсё яшчэ былі захоплены музыкай, што так глыбока перадала амаль кожны нюанс прозы трагічнае нашага пісьменніка Дастаеўскага, а я на чале свайго войска бадзёрага раптоўна завёў пад ліхтарамі мусалініеўскімі: «А я лягу-прылягу!» Войска падхапіла.
Зэр гут, сказалі гаспадары, зналёту працятыя песняй славянскаю, і рушылі ўслед за намі да гасцініцы.
З цемры, як рыбіны, вынырвалі юнакі маўклівыя і прапаноўвалі рэкламкі начных кавярняў і клубаў.
Вольна раскідваючы ўшыркі рукі стамлёныя, я не прапускаў ніводнае рэкламкі.
А што?
Дома іх можна будзе раздаваць як сувеніры.
6 снежня 1988