Іду гэта ў гастраном, пасвістваю, а пад рэбрамі шатуны рагатлівыя так і ходзяць, ледзьве не распірае мяне. Не вам казаць, але рагатаць хочацца больш, чым выпіць.
А прычына ўсяму такая.
Трохі прыпазніўся я ў трэці пад'езд, у якім талоны на цукар давалі, і толькі гэта зубы расціснуў, увайшоўшы,— талоны тут даюць? А дзядок з домакіраўніцтва, шыла такое канцылярскае, як вызверыцца:
— Якія вам талоны! Вы яшчэ скажыце карткі хлебныя! Хіба не па-руску тут напісана «прыглашэння»?
Сліну па барадзе пусціў, сківіцы змазаў і так сваімі зубкамі трактарнымі заляскаў, што вакол нават жаночае ляляканне сціхла.
Мала таго — кожную жылу злосцю напамцаваў, поламі плашчыка страсянуў, ажно бляшкі нейкія ў кішэнях зайгралі.
Што тут далей размалёўваць. Не дзядок, а ястраб глядзеў на мяне, гатовы задушыць за слоўца вясёлае.
Неяк трэба ж было ратавацца, таму я прымірэнча выдыхнуў:
— Ну добра, таварыш дзед, мір, і ўсё тут, няхай будуць «прыглашэння».
— Не будуць, а ёсць! — дзядок пераможцам паглядзеў на ўсіх. Лёгка, па-вайсковаму, крутануўся ён цераз плячо левае і тыцнуў у паперыну на падваконніку:
— Так, хто ў спісе наступны... Селіванаў? Вам два прыглашэння... Распішыцеся... Далей... Волкава! Так, Волкава... Чатыры... Шукайце сваю графу... Распісвайцеся... Сыцэвіч?..
Спіна за спінай, локці за локцямі — сунулася чарга, і вось я ўсутыч падышоў да паперыны дзедавай, да яго рота металічнага:
— Мне, калі ласка, тры «прыглашэння».
— Прозвішча? — пытаецца, вачэй не падымаючы.
Называюся.
— Так-так-так,— затакаў дзядок, зубы металёвыя паказваючы,— ёсць такі... Правільна, тры... распісвайцеся!
Здаецца, прыпадак ягоны мінуўся, злосць лішняя са слінай выцекла.
Я спакойна распісаўся «дзе трэба было», а дзядок павучальна прамовіў:
— «Прыглашэння» не перадаваць, не губляць, нідзе не пакідаць.
— А за граніцу можна вывозіць? — спытаў я.
— Раю лепш паслухаць,— у дзядковых кішэнях зноў бляшкі брынкнулі.— Тут з пятага пад'езда адзін аткалоў штуку, за той месяц усе «прыглашэння» прадаў. Жонка да нас кожны дзень бегала, а што мы? Міліцыя? А пакуль яна бегала, ён і за энергаталоны ўзяўся...
Паабяцаў я дзядку паперкі яго не прадаваць і не губляць. Пакляўся нават атаварыць іх усе да аднае. Хіба цяжка? Гастраном жа — толькі пад арку
Дык вось, пакінуўшы пасвістваць, заходжу ў гастраном, падаю з паклонам лёгкім «прыглашэння» дзедавыя, і без пытанняў мне выстаўляюць чатыры пакеты цукру і яшчэ з паўпачэчка ў прыдатак даюць. Якраз столькі выйшла, колькі й абяцаў дзядок — па паўтары кілі на адно «прыглашэння». Ну што тут размалёўваць — усё чыста, а галоўнае, хутка. Ажно захацелася мне ўсіх пахваліць. I дзядка таксама.
Але пакуль хацелася, неяк падазрона паглядзеў я на паўпачэчка, што напрыканцы займеў. Нейкім пуховым ён у далоні здаўся. Каля касы не ўтрымаўся я, на вагу паклаў. Лічбы электронныя замітусіліся, сюды-туды скаканулі і на экранчык выплылі 511 грамаў.
Нават лішак ёсць?!
Расчараваўся я, убачыўшы такое. Прызнаюся, думаў маленькі шумок узняць — маўляў, злодзеі... абвешваюць... Ну і яшчэ што-небудзь гарачае запусціць...
У касіркі ж падсіненай перапытаў з падміргам фарцоўскім:
— А ці не лішнія адзінаццаць грамаў краіна родная мне ўсыпала?
Тая як сядзела, так і заляглася ў смеху бяздонным. Рот разявіла — верабей, не склаўшы крылы, заляціць:
— Ой, ой, вой, вы ж і скажаце-пакажаце... краіна родная... Гэта ж пакет столькі важыць... ой, ой...
Я таксама горла з каўняра высунуў і пасмяяўся разам з касіркай падсіненай. Прызнаюся вам, іншы раз добра пасмяяцца ў гастраноме. Ад паліцаў, на якіх бляшанкі стаяць, слаўная акустыка ўтвараецца.
I тут, смеючыся, не згледзелі мы з касіркай, як да нас, вясёлых, цыганы падышлі — сумныя-сумныя. I не без таго, вядома — рамантычныя, такія ўзнесеныя. Героі праўдзівыя, пісьменніка Горкага. Шкада, што я маляваць не ўмею, бо цыган такі малады, няголены, з рукзаком на плячы і цыганка ж такая самая — маладая, цяжарная, з дзіцянём на руках. Ну, ці не карціна?!
Ды мала мы пацешыліся з касіркай, мала палюбаваліся на іх — цыганы ж ёсць цыганы. Ні табе «дзень добры,», ні «дабранач» — адразу за сваё. Без «прыглашэнняў» напрамілы бог пачалі цукар прасіць. Адразу відаць, не разумеюць, штб ў краіне робіцца.
— Не, не,— ледзьве адышла ад смеху касірка падсіненая,— талоны трэба.
— «Прыглашэння»,— удакладніў я, дастаючы грошы.
— Во-во... «Прыглашэння»,— падхапіла касірка.— «Прыглашэння» ў вас ёсць?
— Ой, мамко мая,— завяла цыганка,— мы ж з далёкага краю, дзе ж тыя «прыглашэння» ўзяць?
— Вось у чалавека спытайце! — усклікнула касірка, аддаючы мне рэшту.
«Паразітка,— падумаў я,— зараз навяжа на маю голаў цыганоў гэтых, і круціся пасля».
Як падумаў — так і сталася. Падступае да мяне цыган малады з рукзаком сваім гарохавым.
— Пачуй мяне, дзядзе, прадай кілё цукру, у мяне дзіця малое, у соску няма чаго насыпаць.
Цыган стаў вельмі блізка ад мяне, а я заўсёды нервуюся, калі чужыя людзі да самых рэбраў падыходзяць, што ажно не прадыхнуць ад іх.
А ў мяне апарат самагонны прастойвае трэці дзень,— раздражнёна кажу цыгану і нават сабе не веру, што так цудоўна выкручваюся.
— Ой, ой, вой... вы ж і скажаце-пакажаце... апарат прастойвае,— зноў заляглася касірка. Яе пачало падкідваць ва ўсе бакі, як у аўтобусе ракаўскім.
Ні грама не магу прадаць, цыган,— ужо спакойна кажу далей, прыкрываючыся касірчыным войканнем,— майму апарату трэба роўна чатыры з палавінай кілаграмы, роўна столькі, колькі я купіў зараз. Засыплю менш, не пацягне машына... Значыць, неяк другім разам прадам, а цяпер не магу.
Цыган стаіць, як глухі, нічога не гаворыць, ну, а мне што? У бараду яму глядзець? За сумку сваю поўную — і ў дзверы шырокія!
Іду, галаву цісну ў плечы, не аглядваюся, а на вуліцы ўсё ж азірнуўся... А цыган? Не быў бы, канечне, цыганам! Як тое цяля навязанае, услед за мной бяжыць.
Даганяе.
— Паслухай, дзядзе, я ўжо ў трэцю лаўку заходжу, і нідзе цыгану цукру не прадалі. Плюнь на свой апарат. На табе пляшка гарэлкі...
Так гэта ён прамаўляе, засопшыся, і, не скідаючы з пляча рукзак, як штукар які, выхоплівае з яго пляшку серабрыстую:
— Пашкадуй маё дзіця, дзядзе...
Ну, навошта такія просьбы слёзныя? Хіба ж я сэрца не маю? Вось яно, пад косткай стукае. Таму без важданіны лішняй вяду цыгана за кіёск газетны. Хаваемся.
— Давай сваю пляшку,— загадваю, намацваючы ў сумцы пачэчак няпоўны, і ўжо намерваюся выцягці яго, аднак саромеюся,— пляшка гарэлкі ўсё ж! — і вымаю на паверхню пакет кілаграмовы.
... I як у гастраном, так і з гастранома — іду гэта я, пасвістваю, а шатуны рагатлівыя пад рэбрамі так і ходзяць. Рагатаць, рагатаць хочацца.
А дома?
А дома доўга не чакаў — капялюшык фальговы з пляшкі серабрыстае ламануў і, шклянку не шукаючы, з гарлячка салодкага смактануў прысадзіста.
У роце... ракаўкамі запахла і мазутаю разбаўленаю.
Вада!
Родная вада, свіслацкая!
Ах ты, цыган, цыган,— герой літаратурны! Дзе ты зараз са сваёю мадоннай вандроўнаю?! Гарэлку б тваю байдарачную ды дзядку жалезазубаму...
Гора ж маё гэтае дзякуючы маёй натуры зубараготнай паскавытала нядоўга. Дзядка вось успомніў і зноў — рагатаць, рагатаць хочацца.
28 снежня 1988