Установа ў нас нічога — навукова-даследчая, вывучае ўсё, даследуе і Новы год ніводзін без баль-маскараду не прапусціла.
Раней так было.
Нацягнеш на сябе якога-небудзь зайчыка кардоннага, матлянеш два разы вушкамі ватнымі і за гэта прафком аднагалосны дае моркаўку ружовую, моркаўку спелую такую: ну там блакноцік у клетку дробную з фабрыкі добрушскае «Герой працы», ці каробачку-пушку з кнопкамі канцылярскімі № 2 з ГПЗ-12 гомельскага, ці яшчэ нешта такое кішэннае, на смецце падобнае. Але штб лепшага чакаць было ў тыя дні ардэнаносныя, калі душыў усіх застой манументальны.
Ну, а цяпер, у эпоху вольную, дэтэктыўную — ніякіх табе блакнотаў ды кнопак гомельскіх! Чытайце аб'яву — за лепшы ўбор маскарадны прафком, як бацька добры, сто рублёў чыстымі адлічвае. Здалёку відаць — не капейкамі газетнымі пахне. Сто рублёў на аб'яве лічбамі вокадзёрнымі бліскаюць.
Хаця ж тут і пачухацца трэба, усёй фізіялогіяй варухнуць.
Ясна ж: зайчыкам кардонным не вылавіць паперку хрупасткую. У звера буйнейшага трэба ўлазіць і не толькі морду хаваць — усё астатняе таксама.
Паглядзеў я на сябе ў люстэрка, язык высалапіў. Што ж такое вырабіць, якую маску вычаўпці, каб гэта адразу журы графіннае самлела, а прафком аднагалосны заместа аднае сатнягі дзве зліплыя ўручыў?!
Брахаць не буду — не адзін я з такімі думкамі пакутнымі. Навокал таксама думаюць, каля аб'явы, нібы каля стала заказаў, топчуцца, умовы конкурсу ў кніжкі запісныя натуюць. Грунтоўна рыхтуюцца калегі-навукоўцы.
Канкурэнты!
Пахадзіў я збоку іх, памеркаваў і ў бібліятэку з гарачкі ткнуўся. Гартануў газеты, часопісы. Няўжо перабудова родная не выратуе, без ідэі пераможнае пакіне?
I што ж вы думаеце — не пакінула! На такі план навяла, што аж калатнула мяне ад пятак да сківіцаў самых. Калі толькі ўсё зрабіць так, як над газетамі падумалася, калі ні ў чым не змыліцца, а перш за ўсё ў голасе, у жэстах і, само па сабе, у адзенні, то не толькі сотня прафкомаўская ў маю кішэню скокне, а будзе забяспечана мне пашанота вечная ад нашага па ўзросту пенсійнага, а па духу ўсё яшчэ камсамольскага начальства.
Дзякуй богу: час яшчэ ёсць і на рэпетыцыю, і на амуніцыю.
I тым не менш я неяк адразу стаў баяцца спазніцца, а яшчэ больш прагаварыцца. I ад думкі прыкрае, што не стрымаюся і, сам таго не хочучы, раскрыю свой план цудоўны, я тут жа ў бібліятэцы збялеў хваравіта і з такім скрогатам падвальным зубы сціснуў, што бібліятэкарка, кінуўшыся да мяне, уваткнула мне ў рот аловак чырвоны, каб сківіцы расцяць, і, мусіць, чакаючы, што на стол пена пальецца, локцем спіхнула на падлогу ўсе да аднае падшыўкі.
Добрая душа — ёй здалося, што ў мяне прыпадак.
З гэтага дня, хаваючыся ад усіх, пачаў я рыхтавацца да маскарада навагодняга. Вырашыў нічога нідзе не прасіць, не пазычаць, каб, крый божа, не здагадаліся.
Час паказаў, што я майстар канспірацыі. Падрыхтоўка мая прайшла па ўсіх канонах работы падпольнае. Патроху-патроху, гузік да гузіка, і торба з рэквізітам неабходным зрабілася поўная. Адзенне, сям-там голкай прыхопленае, падышло як мае быць, паходку мяккую я адпрацаваў, жэсты велічныя — таксама, некалькі значных фраз навучыўся гаварыць голасам дзяржаўным, валасы ж па ўзоры памятным зачасаў, для большай пэўнасці нават жончыным лакам прыціснуў. Толькі вось трохі з вусамі выходзіла няўпраўка. Спачатку, запусціўшы іх, спадзяваўся, што да свята вырастуць. Аднак жа раслі яны марудна, выбіваліся на паверхню свежую кусцікамі вярблюджымі і да ўсяго яшчэ — у колцы-драпалкі закручваліся. Нават на ката дохлага я не паходзіў, а не тое што...
Узнерваваны, браўся за брытву гострую, галіўся, а пасля за бутэлечку з тушшу хапаўся. Густа мазаў пад носам квачыкам-мазунком, туш старанна пальцамі расціраў і з надзеяй да люстэрка падыходзіў.
Зноў не тое.
Мусіў тады, не шкадуючы, адцяць ад старога каўняра цыгейкавага лапічак пышны. Чорны лапічак, футравы. Падсунуў пад нос яго і ўздыхнуў шчасліва. На клей пасадзіць — і цырк поўны будзе!
Не стану ўтойваць — за дні рэпетыцыяў сваіх і такіх вось прымерак драматычных схуднеў я. Чэраўца маё круглае пляскатым, як стол, зрабілася, нос-храпунец панчохай выцягся і нават адна рука папрутчэла, гнуцца, як след, перастала. Па нервах мяне стукнула, ці што?
Павёў тады плячом марудна, локцем, як завесамі, рыпнуў, і ўзнялася мая рука ўдубянелая неяк урачыста, ну зусім па-царску ўзнялася. Вось ён, узрадаваўся я,— жэст, гісторыі памятны. Журы графіннае перад ім, як гарох, рассыплецца разам з прафкомам аднагалосным.
Шчыра скажу, марыў я пра маленькую перамогу, ну пра такі тулончык невялікі, а тут адразу ўсе аўсцярліцы ўпалі да ног маіх шчаслівых.
I вось як было.
Надышоў нарэшце той вечар баль-маскарадны. Канкурэнты мае, вядомая справа, хто ў чым прыпёрліся. Лёгка можна здагадацца, што былі тут усе гэтыя, ватай напханыя,— зайцы і мядзведзі, прынцы й мушкецёры, арлекіны й мальвіны, драконы і вярблюды. Свінняў было штукі тры: адна ў адну — хоць ты ў хлеў заганяй. Натуральна, што быў чорт, на гэты раз вельмі ачалавечаны — у масцы бюракрата з тэлефонам на шыі. Нават нехта сноўдаўся каля ёлкі ў фраку Пячорына, і за гэтым Пячорыным бледным неадступна хадзілі два Паўкі Карчагіны з маўзерамі напагатове.
Я ж пакуль не пераапранаўся, толькі вусы цыгейкавыя наляпіў. Трымаў усё сваё начынне ў торбе каля ног.
А тым часам карнавал шыкоўны пайшоў. Аркестра на ўвесь дых «кракадзіла Гену» ўляпіла, бібліятэкарка, пераапранутая ў камбінезон трактарысткі Ангелінай, стала крыкам заказваць «бугі-вугі» — танец свае маладосці нядаўняе, а Пячорын бледна-кальсонны, убачыўшы чорта-бюракрата з тэлефонам на шыі, спапяліў яго позіркам арыстакратычным. Са школкі вядома, што Пячорын не здатны, як Паўка М. Астроўскага, на ўчынкі рашучыя. Толькі й можа вось так — вочы паставіць.
Трэба дадаць яшчэ, што на сталах шведскіх ляжалі бутэрброды савецкія. Ясна, што за яда... Але на той жа мэблі скандынаўскай стаяў яшчэ і чай наканьячаны. Хто мог, а маглі, вядома, усе, той браўся за кухлік з чаем гэтым і куляў яго сабе пад маску навагоднюю. Я пакуль што асцерагаўся куляць, памятаючы пра сваю торбу. Толькі так злёгку тры разы смактануў, але ж без поцягу асаблівага.
Журы пенсійнае, таксама чаю папіўшы, пачало рахавацца. Нудна пачало рахавацца, па-графіннаму, але спяшаючыся. Што тут казаць — людзі веку немаладога, ім заўсёды карціць усё раней скончыць. Я ўжо хацеў быў крыкнуць, каб пачакалі,— я ж яшчэ свайго коніка не выкідваў. Ды ў гэты самы момант да ёлкі ў халаце сярэднеазіяцкім наш дырэктар выйшаў.
Дарэчы, дарма ён пераапранаўся ў світку закаспійскую. Хоць на асла яго зараз пасадзі, усё роўна кожны скажа, нават здалёку зірнуўшы,— ці не Рыбентроп гэта ўсеўся на транспарт Хрыстовы? Што ёсць, то ёсць. Вельмі ўжо ж падобны дырэктар наш на сябрука Вячаслава Міхайлавіча.
Па звычцы, дырэктар хацеў прыўзняць было капялюш, каб гэта выцерці лоб трыбунны. Ён толькі што ў два бакі добра-такі паскакаў вакол ёлкі з бібліятэкаркай, якая мела моду свае «бугі-вугі» любімыя завяршаць больш дынамічным «ча-ча-ча».
Пашукаў гэта дырэктар капялюш, памацаў сабе, як хвораму, лоб, а на лобе — чалма. Ды што тут паробіш, калі пот цурчыць. Мусіў дырэктар расплесці гэту арафатаўку, каб хоць ёю выцерціся. Дык вось, выціраецца ён, пасля танцаў здыхацца не можа, але ўсё ж прынцыпова гэтак звягае да ўсіх — таварышы, маўляў, сябры, сярод нас ёсць тыя, хто не захацеў выканаць умоваў конкурсу і прыплёўся, даруйце, прыйшоў на свята без убораў маскарадных. Узвысім наш голас абурэння, сябры і таварышы, і пакажам на іх пальцам...
Гэта так ён пажартаваў, але пальцам крывым усё ж тыцнуў. I ясна ў каго — у мяне.
Што вы, таварыш (пасля звароту з'едлівага «таварыш» ён на памяць зачытаў усё напісанае на старонцы першай майго пашпарта савецкага), толькі вусы наляпілі, дзе ваш касцюм навагодні?
Трошкі пачакайце (я таксама назваў дырэктара па пашпарту), праз хвіліну буду гатовы.
Выперся гэта я з залы агульнае, завярнуў за рог, расперазаў сваю тарбіну і — аблачыўся.
Калі вярнуўся, аркестра, выпільваючы: «дзевачка Таня, чаво табе нада», не пакідаючы іграць, уся — да апошняга смыка — неспадзявана зубамі заляскала. З кожнай секундай ляскат зубоўны ўзмацняўся і ўзмацняўся, пакуль дарэшты не заглушыў «дзевачку Таню» варожую.
У парозе я наўмысна прыпыніўся; з гонарам крамлёўскім разламаў дзве папяросы «Герцагавіна Флор», не спяшаючыся, натаптаў імі люльку, шкрабянуў запалкай і, пыхнуўшы два разы дымком гаючым, прыкурыў.
Вакол мяне на дыбачках стаяла цішыня круглая. Пах каньяку падчаяны паволі змешваўся з водарам высакародным «Герцагавіны флор». Зайцы перасталі скакаць, свінні рохкаць, мядзведзі працягваць лапу, драконы выпускаць дым, а вярблюды, зразумела, плявацца.
Дырэктар-рыбентроп стаяў у напалове раскручанай чалме закаспійскай і вольным яе канцом, на ўсякі, відаць, выпадак, стаў звязваць сабе ногі.
Трымаючы люльку ў руцэ напаўсагнутай, я мякка ступіў хромавымі ботамі па паркеце — рушыў у глыбіню залы.
Бібліятэкарка ад страху прысела і хацела накрыцца. Але чым?
На ёй толькі ж, памятаеце, амазонка трактарысцкая.
Беднай жанчыне давялося з галавою адкрытай паўзці хавацца пад ёлку.
З ёю ўслед пасыпаліся ўсе гэтыя мальвіны й арлекіны і яшчэ нехта з рагамі.
Прынцы ж і мушкецёры, паклаўшы рукі на шпагі, пакуль яшчэ захоўвалі спакой.
А вось інтэлігент Пячорын, дурань, тузануўся — пратэставаць захацеў, ці што?
Тады Паўкі Карчагіны ўзнялі свае маўзеры паслухмяныя і замест кампрэса прыклалі іх да гарачай галавы пячорынскае.
Аркестра ўрэзала «Інтэрнацыянал»!
З імператарскай лянотаю, узвысіўшы руку правую, я спыніў музыкаў.
Прывэтствую вас, дарагіе таварышчы і паздраўляю сы праздныкам (зусім па-каўказску я да журы звярнуўся).
Яшчэ і ў гэты момант я марыў, як ужо прызнаваўся тут, пра маленькі Тулон. Пра Тулон свой невялікі думаў. Я сапраўды думаў толькі пра сто рублёў халяўныя, якія з асалодаю апушчу ў кішэню глыбокую, генералісімускую. Але тут, не плюючы, а словам кажучы — мільёны пасыпаліся...
Пасля майго вітання шчырага наканьячанае журы пенсійнае падхапілася і выгукнула як па камандзе: слава Вівосіпу Вісарывонавічу, сла-в-ва!
Сла-в-ва!—падхапілі зайцы, свінні, мядзведзі, вярблюды і, здаецца, усе астатнія. Нават з-пад ёлкі нехта пішчаў мне славу. Мусіць, бібліятэкарка.
Яна, дарэчы, ужо выпаўзала на волю, распіхвала ў бакі мальвінаў і арлекінаў няўцямлівых, адначасова робячы мне нешта падобнае на кніксен галандскі.
Бібліятэкарка глядзела на мяне аддана. Мужная жанчына. Не падымаючыся, яна папаўзла выбаўляць дырэктара.
Вівосіп Вісарывонавіч, вы... да нас... праз столькі часу (вызвалены з чалмы, дырэктар хацеў ад радасці ўпасці мне на грудзі, але я стрымаў яго позіркам сталёвым). Я баяўся, што ў экстазе патрыятычным ён можа паадкусваць з плячэй маіх зоркі генералі-сімускія... А ў нас такое робіцца ў краіне... дарагі Вівосіп Вісарывонавіч... такое робіцца...
Дырэктар не вытрамаў і заплакаў.
Журы пенсійна-графіннае заплакала таксама.
Што яны... падурэлі (падумаў я), няхай даюць сто рублёў халяўныя, і ўсё тут. Па ўсім жа відаць, што апранаха мая лепшая.
Я ўжо хацеў сказаць пра гэта, як тут, адштурхнуўшы абодвух карчагінцаў, на сярэдзіну залы выбег Пячорын белакальсонны.
Таварышы, вы што, аслеплі ці чаю перапілі... у нас баль-маскарад... свята... а вы ўсё ў дрэнную палітыку перакруцілі і вам павінна быць сорамна (Пячорын звярнуўся да дырэктара), вам таксама (выдаў порцыю журы), а вам асабліва (гэта ўжо мне)...
I што я тут бачу! Слёзы дырэктара пасля філіпікі пячорынскае неяк адразу павысыхалі; журы, гэта старое шмоцце графіннае, пачало збянтэжана сівую патыліцу шкрэбці, а да Пячорына па-саюзніцку прынцы з мушкецёрамі падступілі.
Ах, сволачы, грошы мае заціснуць хочаце! Тады я раскручу вас на ўсю вяроўку саюзную!
Лаўрэнцій (гукнуў я ў прастору, ні на што пакуль не спадзеючыся)!..
На «лаўрэнція» ж адгукнуўся імгненна наш адказны за абарону грамадзянскую Пятро Пятровіч. Былы палкоўнік, ён папёр на мяне бухам страявым. Не спыняючыся, наставіў каўнер пінжака і пад самае горла падгарнуў улогі. Пінжак стаў падобны на фрэнч. I яшчэ Пятро Пятровіч паспеў на хаду ператварыць акуляры ў пенснэ — абламаў на іх дужкі.
Слухаю вас, Вівосіп Вісарывонавіч!
Мяне аж сцепанула. I нядзіва. Так нечакана ўбачыць каля сябе Лаўрэнція самога! Аднак перамог я спалох здрадніцкі і канчаткова зжыўся з роляй правадыра любімага.
Лаўрэнцій (ціха, зусім ціха сказаў я), вы этом зале прысутствуют подлые агенты імперыалізма і перві із ных...
Музыканты пападалі, прыкрываючы галовы пюпітрамі. Журы графіннае, як і трэба было чакаць, палезла пад стол. Бібліятэкарка мужная закрыла сабой дырэктара. Мальвіны з арлекінамі так і засталіся пад ёлкай. Зайцы, свінні, мядзведзі, драконы і нават вярблюды перабеглі на мой бок. Прынцы і мушкецёры, так і не выцягшы сваіх шпагаў, адступілі да стала шведскага. Карчагіны зноў узнялі свае маўзеры паслухмяныя і, не чакаючы каманды, пачалі цэліцца ў патыліцу Пячорына...
Марудна з кута ў кут прайшоўся я па зале паркетнай, чуючы толькі сваё дыханне дзяржаўнае. Як скіпетр, у руцэ левай нёс перад сабою люльку патухлую. Увагнуўшы галаву, зноў распаліў яе і падумаў — што ўсе шпагі і маўзеры гэтыя ў параўнанні з такой вось люлькаю...
У падвал яго, расстраляем пасля (ужо не хаваючыся, па-беларуску загадаў я начальніку абароны грамадзянскае).
У падвал Пячорына! Вядзіце туды, дзе процівагазы ляжаць (крыкнуў Карчагіным мой адданы Лаўрэнцій)!
Дырэктар-рыбентроп выйшаў з-за бібліятэкаркі і ўпаў перада мной на калені.
Вівосіп Васарывонавіч, пашкадуйце нас і не пакідайце!
Не пакіну (суцешыў я).
21 снежня 1988