Уладзімір Правасуд
Соль і перац
Кнігу «Соль і перац» склалі новыя байкі, гумарэскі і мініяцюры. Уладзімір Правасуд выкрывае бюракратаў, падхалімаў, гультаёў, якія пакуль не перавяліся і перашкаджаюць нашаму руху наперад. Творам маладога паэта ўласцівы пільнасць назіранняў і трапнасць гумарыстычных дэталяў.
АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВЫ
У лесе пад вялізным пнём
У Барсука быў дом.
Там жыў ён са сваёю Барсучыхай
Лагодна, ціха.
Барсук хадзіў заўжды на паляванне,
Вяртаўся са здабычаю штодня.
Былі і любасць там, і мілаванне.
Жыла, як кажуць, дружная сям'я.
І хоць нічым Барсук не вызначаўся,
Каля яго шумок узняўся:
— Узорны сем'янін! І працаўнік выдатны!
І на ўсе лапкі майстар здатны!
Ніхто да Барсука ў лесе не дарос!
Той шум і шырыўся, і рос.
І вось дайшоў ён і да льва, нарэшце,
Магчыма, іншы на ільвіным месцы
І ўвагі б не звярнуў. Ды толькі Леў
На гэта погляд асабісты меў.
— Так, так,— зазначыў цар звяроў,—
выдатны вопыт.
Бяру я на сябе галоўны клопат:
Так на ўвесь лес раззвонім пра яго мы —
Каб быў адразу ўсім вядомы...
Ну, словам, закруцілася машына.
Пайшла ў тым лесе пісаніна.
Леў размаўляў са зверам кожным асабіста.
Падпісваліся ўсе чыста,
Што, як Барсук, заўсёды
З сям'ёю будуць жыць у згодзе:
Дамоў у час прыходзіць,
Штодня хадзіць на паляванне,
Да рэшты ўсю здабычу жонцы аддаваць
І ёй ва ўсім дапамагаць,
І берагчы сваё каханне...
Прызнацца,
Абавязацельствы так пішуцца часамі:
На працу — не спазняцца!
Штомесяца — выконваць план бяромся самі!
Заказчыка — ніколі не падводзіць!
Заўжды актыўна выступаць на сходзе!
А ўсім вядома без падказкі —
То ж кожнага прамыя абавязкі!
ДАВЕДКА
Леў напісаў загад,
Што зверанят
Пры родах могуць не прымаць
Яноты-фельчары ды лісы-акушэркі,
Але абавязкова мусяць выдаваць
Ім адпаведныя паперкі,
А без даведак тых нікога не рэгістраваць,
Каб не паблытаць стан звяроў, іх званні.
(На што было асобнае ўказанне
Накіравана ў зверазагс.)
Дарэчы,
Прыйшла вясна, і разліліся рэчкі.
І ў гэты час, нібы на ліха,
Абрадзілася Бабрыха.
І ёй у тым ніхто не дапамог,
Бо да Бабрыхі праз ваду дабрацца аніяк
не змог.
Калі ж вада у берагі вярнулася назад,
Бабёр з Бабрыхаю прыйшлі у зверазагс.
Лісліва іх сустрэў Барсук:
— Ды хто ж у вас — унучка ці унук?
— Сынок! — Бабёр з Бабрыхай адказалі,—
Таму і завіталі,
Барсуча, у тваю мы установу,
Каб нам малога зарэгістраваць.
— Гатоў паслугу вам я аказаць,
Ды толькі атрымаў загад я новы,
Што трэба мець належную паперку
Ад Ліскі-акушэркі,
Што нарадзілася ў вас Бабранё.
— Барсуча, ды пратры свае ты зёлкі.
Глядзі, ды вось жа тут яно,—
Ўзмаліліся Бабёр з Бабрыхай.
— Ды бачу сам, бо маю зрок нядрэнны.
Але ж даведка мне патрэбна.
— Даведка? На якое ліха...
Ды ты, нібы той бюракрат.
— Не гаварыце так! Я быў бы вельмі рад
Прыемнае зрабіць. Магу вось пабажыцца.
Ды толькі б мне даведку ад Лісіцы.
Бабёр з Бабрыхаю тут да Лісы, а тая
Хвастом віляе,
Але наважыла ўсё ж на сваім стаяць:
— Я паважаю вас, Бабры, заўсёды,
Але ж я не прымала роды,
Таму даведку не магу вам даць.
Ідзіце, мо Барсук і так зарэгіструе.
Бабры да Барсука шыбуюць.
Адтуль — зноў да Лісы.
Няхай паходзяць,
Ім гэта не пашкодзіць.
Вось часам бюракрат, калі заварыць кашу,
Дык гора сербанеш тады парадкам —
Бо ўсюды наўтыкае ён рагатак:
Хто ёсць ты сам?
Які узрост і званне?
І мноства разнастайнейшых пытанняў.
Каб адказаць на іх, жыцця бывае малавата,
Забудзеш, ходзячы, і пра сям'ю, пра хату.
КРЫТЫЧНЫ ХОД
Ў газеце «Быт жывёлы» Конь
Надрукаваў аднойчы фельетон.
У ім штукарствы апісаў Казла на ферме,
Які займаў пасаду фуражыра.
Гаворачы па праўдзе, шчыра,
Удала вельмі
І ўсё праўдзіва так,
Што сказ ні прачытай — дык факт.
Казёл на гэта не, не абураўся,
А нават у тым-сім і сам прызнаўся.
Маўляў, мне на карысць
Вось крытыка такая —
Памылкі выпраўляць яна дапамагае.
А у каго памылак не бывае?
Ён на пасадзе утрымаўся.
А Конь?
Расплачвацца пачаў за фельетон.
Казёл яму не дараваў:
Ва ўсе інстанцыі заявы напісаў.
А ў іх чарніў Каня і так, і сяк,
Што той не працаўнік — лайдак
Ды сквапны да чужога вельмі:
Так і глядзіць,
Каб што сцягнуць дзе з фермы.
Каня сваёй ён мераў меркай
(Калі ж заява ёсць —
Дык будзе і праверка).
І вось праверка не адна — мо дваццаць:
Спрабуюць у паклёпе разабрацца.
І, ведама,
Нічога не знаходзяць.
А Конь ад тых праверак ледзьве ходзіць —
Яны звялі яго дазвання.
Не вытрымаў тут Конь
І звольніўся «па ўласнаму жаданню».
Жывая крытыка,
Агонь сатыры ў нас
Заўсёды на ўзбраенні!
Але бываюць іншы раз
Яшчэ здарэнні,
Калі, і не маргнуўшы вокам,
На крытыку адказваюць паклёпам.
ХІТРАЯ ЖУЧКА
У нейкага Хамы ці Мікалая
Жучачка была малая,
Ды хітрае такой пароды:
Як побач гаспадар, дык зроду
І да двара
Нікога не падпусціць —
Асцерагайцеся, бо ўкусіць!
Стараннасці яе тады мяжы няма —
Маўляў, тут хлеб свой ем я нездарма.
Калі ж няма гаспадара,
Дык можна выцягнуць усё з таго двара,
Бо Жучкі нібы і няма, здаецца:
Не гаўкне і не абзавецца.
Ды Жучка што!
А вось работнік іншы,
Калі начальства тут — такі ўжо ўвішны!
Калі ж начальства побач не сядзіць —
Ён на рабоце спіць.
БАБРЫНАЯ СПРАВА
Для ўтульнасці і для парадку
Бабру ўцяпліць
Спатрэбілася хатку,
Бо дыхала асенняй слотай неба.
Знайшоў і дрэва ён,
якое трэба.
Але каб дрэва тое спілаваць,
Дазвол патрэбна ад Мядзведзя
Атрымаць.
(Мядзведзь загадваў
Лесанарыхтоўчым трэстам.)
— Так, так,—
Мядзведзь сказаў,— урэшце,
Не супраць я,
Ды толькі вось на месцы
Патрэбна дрэва тое нам агледзець...
І па загаду
Усё таго ж Мядзведзя
За справу Крот узяўся.
Дзён некалькі пад дрэвам ён капаўся,
Усё агледзеў ён,
не прапусціў нічога.
Прыйшоў да заключэння ён такога:
— Няхай Бабёр спілуе дрэва тое,
Бо ўсё карэнне у яго сухое.
— Яно, магчыма, так,—
Мядзведзь зазначыў,—
Ды трэба ўсё ж пабачыць,
Які у дрэва ствол, якая крона,
Каб нам ні ў чым не прагадаць.
Ствол дрэва будзе
Дзяцел аглядаць,
А крону хай абследуе Варона...
Пакуль камісія птушыная пацела,
Дык дрэва тое спарахнела.
ВУЗЕЛ
Вядро з Вяроўкаю пасябравалі:
Нібы галубка з голубам, паціху буркавалі.
Ім падпяваў музыка-калаўрот.
Жылі Вядро з Вяроўкай
Без турбот і без прыгод.
Але парушана была аднойчы згода.
Вядро заўважыла:
— Пабыць хачу свабодным
Я хоць раз,
Бо звязаны з табою мы ўвесь час,
А гэта не дае мне ходу.
Сказала так і зачапілася за выступ зруба.
Вяроўка кліча: — Чуеш, не дурэй,
Хадзі сюды хутчэй!
Ці ж я табе не люба?
Мы ж так з табой дружылі,—
І як пацягне! Колькі мела сілы.
Вядро ж ні з месца.
Вяроўка тузанула яшчэ раз
І на сярэдзіне парвалася сама якраз —
Вядро ў прадонне паляцела.
— Ратуйце! —
Толькі закрычаць паспела.
Вядро, вядома, ўратавалі,
Калі канцы Вяроўкі той звязалі.
Цяпер жа і Вядру той вузел замінае —
Чапляецца за калаўрот, ваду ўсю разлівае.
Вось так і з дружбаю:
Калі яна парвецца,
Дык як ні звязвай — вузел застанецца.
ТАНЦОР
На наваселлі у Казы пасля застолля
Зайгралі музыканты кракавяк.
І кожны тут і так, і сяк
Сваё умельства паказаць стараўся.
Не змог на месцы ўседзець і Вяпрук,
У круг і ён прабраўся.
Але,
Як танцаваць не танцаваў ніколі,
То і не ўмеў,
А толькі грук ды грук.
Вунь Козка аж замэкала ад болю —
Бо капыткі ёй адтаптаў Вяпрук.
Таго штурхнуў, таго зваліў зусім...
Перашкаджаў ён танцаваць усім.
Але ў няўмельстве не хацеў прызнацца.
А каб хоць неяк апраўдацца,
Пачаў ён так;
— Не толькі кракавяк
Танцую я, яй-богу,
З дзяцінства польку,
Танга, менуэт...
Віною тут — няроўная падлога.
(А там жа быў, як шкло, паркет.)
Ёсць бракаробы, што, калі дапусцяць брак,
Апраўдваюцца так:
Ні ў чым я тут не вінаваты:
Падвёў мяне станок пракляты.
ШКАДЛІВЫ КОТ
Ката прабралі за грашкі
(Ён злізваў з малака вяршкі)
І папярэдзілі сурова,
Што застанецца ў хаце пры адной умове:
Калі больш шкодзіць ён не будзе...
Паклаў тут лапкі Кот на грудзі:
— Шаноўныя мае гаспадары!
Памылкі прызнаю!
Грашыў, чаго таіць, вядома,
Тады, як не было вас дома.
Але вось з гэтай самае пары
Я ні смятаны і ні хлеба
Ніколі не крану, дальбог!..
Крану — пярун няхай ударыць з неба!
Не праганяйце толькі за парог!..
Кату паверылі. Ката пашкадавалі.
Яго спачатку нат не пазнавалі:
На відным месцы
Пакладуць ці мяса, ці сырок —
Пры людзях Кот
І не зірне ў той бок.
І так дзён пяць праходзіць...
На шосты дзень Кот зноў нашкодзіў.
І зноў гаспадары
Ката прабрал!...
А лепш, каб гэткіх вось Катоў
Ля устаноў
Не прыгравалі,
А прэч іх гналі.
ЛЫСКА І ТРЭЗОР
Жылі у дружбе Лыска і Трэзор.
І вартавалі разам двор?
Дзялілі памяркоуна будку,
Што у двары тулілася ў закутку.
З адной нат елі міскі
Трэзор і Лыска.
Хоць часам і недаядалі,
Затое дужа добра сябравалі.
Ды вось аднойчы,
Калі на вуліцы трашчаў мароз,
Забег да іх на двор Барбос:
— Дзе я служу, дык на той склад
Вартаўнік патрэбен акурат.
Дык, можа б, пажадаў туды Трэзор?
— Не, лепш я гэты павартую двор.
А на пасаду тую
Я Лыску вам рэкамендую.
І новую пасаду
Наш Лыска атрымаў ля склада.
А тут яшчэ прыспела радасць —
Зноў па пратэкцыі таго ж Трэзора —
Стаў Лыска вартаваць кантору.
І рос наш Лыска так,
Што неўзабаве нат
Уладкаваўся ён на мясакамбінат.
Там не жыццё было, а рай?
Якую хочаш ежу выбірай.
Зажыў там Лыска
І забыў свой двор,
Дзе жыў яго старэйшы друг Трэзор.
А той, як давялося туга,
Успомніў і наведаў Лыску-друга,
Каб той яму
Чым-небудзь дапамог,
А Лыска — ведама, зазнаўся —
З Трэзорам нат не павітаўся
І не пусціў Трэзора на парог.
Вы ад мяне
Мараль пачуць хацелі?
Шукайце між людзей
да байкі паралелі.