СПРЭЧКА 3 ЛЕКТАРАМ

Чытаў у клубе добра лекар

Пра неба, пра зямную шыр,

Даводзіў нам і так, і гэтак;

Няма і бога, і душы.

І тут падняўся дзед харобра

І гэтак гутарку пачаў:

— Пра бога гаварылі добра,

Я на яго даўно начхаў.

Пацвердзіць кожны можа гэта:

Яго я выгнаў за парог.

А вось наконт таго прадмета!

Ты тут перахапіў, дальбог.

Хоць і не дужы я ў асвеце,

А ўсё ж, браток, як ні кажы,

А быць, а жыць на белым свеце

Як чалавеку без душы?

3 агульных правілаў бывае

І выключэнне іншы раз.

Ды толькі век не выстаўляе

Ніхто бяздушнасць, напаказ.

Сядзіць, напрыклад, ва ўстанове

Чыноўнік, а не чалавек.

На словах — ён на ўсё гатовы,

На справе — не скранецца век

І з месца, каб дапамагчы дзе,

Каб нешта нейкае рашыць...

Да вас з душой такі не прыйдзе,

Бо сам не мае той душы.

Альбо яшчэ. Набыў абутак,

Напрыклад, я ці хто другі.

Не пранасіў і двое сутак,

А ўжо скідай яго з нагі.

І зноўку паўстае пытанне:

Мо скажаце, што працаваў

3 душой, як кажуць, і стараннем

Той майстар абутковых спраў?

Ды не! Ва ўсім — малым, вялікім

Гарыць і свеціцца спярша,

Як сонца ў кропельках шматліках,

І чалавечая душа.

Чужою хто бядою ўзрушан,

На дапамогу хто прыйшоў,

Не кажам пра такіх: бяздушных,

Гаворым: чалавек з душой.

Не ведаў хто заўжды спакою,

Гарэў, нідзе не адставаў,—

Ён жыў і працаваў з душою,

Душу ён справе аддаваў.

Дык як жа зразумець вас, лектар?

У нас гавораць з веку ў век:

Калі хто без душы, дык гэта,

Прабачце, ўжо не чалавек.


Загрузка...