НАБОЖНЫ ВОЎК
— Эх, шэры рабаўнік, стары ты стаў, стары!
Хоць і бадзяешся ў бары,
Ды спрыт не той, як гэта ты не ўтойвай,—
Звяры сказалі неяк раз Ваўку.—
Даволі награшыў ты на вяку.
Пара б табе падумаць і пра тое,
Як смерць сваю дастойна стрэціць,
Бо ў пекла можаш трапіць на тым свеце...
А там такіх, як ты, даўно чакаюць...
«Напэўна, правільна яны ўсе разважаюць?—
Падумаў Воўк.— Мне трэба прымірыцца
І за сябе самому памаліцца,
Каб не патрапіць у тым пекле на патэльню...»
І хоць ён зборышчы любіў не вельмі
(Бо воўчую з маленства звычку меў —
Што сам упаляваў, дык тое сам і з'еў),
На гэты раз парушыў звычку ён,
Прыклыпаў сам у малітоўны дом.
Ды вось бяда — малітвы там чытае,
Дык прыкмячае,
Як гэта ўжо было з ім неаднойчы:
Ён богу моліцца, а думае па-воўчы:
Каб дзесьці каля рэчкі
Зарэзаць хоць авечку.
Мілітарыст, калі яму паверыць,
Ён — дабрадзей,
Ён — за людзей,
На справе ж — мае воўчыя намеры.