ДУБ І ГРЫБ
У дрэў-суседзяў на віду
Рос Дуб,
Развесіўшы свае шырока шаты.
Камель яго —
У некалькі абхватаў.
Такіх Дубоў, бадай,
Не знойдзеш болей —
Ён волатам стаяў
Над наваколлем!
І познім вечарам,
і ранкам
Магутны Дуб лавіў маланкі.
Часамі застываў у задуменнм.
І аглядаў ён лес. Прыемна
Было так Дубу-волату...
Аднойчы
Разбуджаны быў волат ноччу,—
Пачуў ён галасок сярдзіты:
— Па-добраму
З дарогі лепш сыдзі ты!
А не — дык паднатужуся ледзь-ледзь —
Табе на гэтым месцы не ўсядзець!
— Ты хто гакі?
— Я — Мухамор!
Я — цар сярод грыбоў адзіны,
Расту я не па днях,
А па гадзінах.
Мне месца не саступіш —
Дык у імгненне
Я выверну цябе з карэннем!
Ды Мухамор, як ні стараўся,
Ні напінаўся,—
Як Мухаморам быў,
Так Мухаморам і застаўся —
Засохнуў, спарахнеў і болей не прыўзняўся.
А Дуб, як і раней,
Над наваколлем
узвышаўся.