УСЁ ЦЯЧЭ, УСЁ МЯНЯЕЦЦА

Сказаў, сцвярджаюць, Геракліт,

Што ўсё цячэ і ўсё мяняецц.

Той афарызм, як маналіт,

Усім на дзіва не сціраецца.

У гэтым месяцы яшчэ

Здалі на «добра» дом, як маецца,

А сёння ў доме дах цячэ

І ўвачавідкі ўсё мяняецца.

Няспраўны кран — цурчыць вада,

Сантэхнік недзе прабаўляецца.

Для жыхароў жа зноў бяда:

Усё ад сырасці мяняецца.

У прадаўшчыцы недаліў —

Бакалы пенай напаўняюцца.

3 той пены будуць «Жыгулі» —

Усё цячэ, усё мяняецца.

Штангіст браць чарачкі мастак —

Да чорцікаў ён напіваецца.

Раней быў чалавек-мацак,

А час бяжыць — і ўсё мяняецца.

Я, можа, фарбы тут згусціў,

Бо недахопы выпраўляюцца.

Што ж, можна гэта дапусціць,

Бо ўсё цячэ, усё мяняецца.


СОЛЬ І ПЕРАЦ

Праз вякі і праз гады

Кажуць гэтак людзі:

— У пашане соль заўжды

Есць, была і будзе.

Без яе — хоць падай-стой,

Дрэнь, як кажуць, справа,

Без яе — трава травой

Нам любая страва.

Соль — няйначай — гэта цуд.

Я скажу тут болей:

Каб спазнаць каго, дык пуд

Трэба з'есці солі.

Як ні глянь ты на яе,

Соль — ва ўсім аснова.

Нават слова без яе —

Не такое слова.

Калі трэба дзе «падліць»,

Крышачку «працерці» —

Трэба слова падсаліць

Ды яшчэ й падперчыць.

Калі ў чымсьці не лады,

Схібіць хто, саб'ецца,

Лекі выдадуць тады —

Падсыпаюць перцу.

Каб нам жыць і не тужыць,

3 суму не памерці;

Дзе патрэбна — падсаліць,

Ну, а дзе — падперчыць.

Загрузка...