АСЁЛ АСЛОВІЧ

Здарылася аднойчы так,

Што захварэў на ферме Бык-важак,

А статак трэба весці ў поле.

Паблізу ж не было нікога болей,

Адзін Асёл ля пуні аціраўся.

Яму і даручылі гэту справу.

Асёл узяўся за яе рухава,

Абрадваны, што дачакаўся

Такой увагі і пасады гэтай.

Ён строем вывеў статак на палетак.

Сачыў за ўсімі,

Не пускаў далёка,

Трымаў паблізу ўсіх,

На воку.

А хто не слухаўся (заўважым тут між намі),

З аслінымі той знаўся капытамі.

— Чаго да нас чапляешся ты ўсё,

Шаноўны дзядзечка Асёл! —

Заўжыць цялё і змоўкла на паўслове:

— Я не Асёл табе!..

Для ўсіх — Асёл Асловіч! —

Зароў тут наваспечаны важак

І разышоўся так, што жахі

І з той пары у статку ў адно слова

Уторылі усе:

— Асёл Асловічі..

— Асёл Асловіч! Мілы наш, парайце...

— Асёл Асловіч, вы не наракайце...

— Асёл Асловіч, нам дазвольце гэта...

— Асёл Асловіч, вамі абагрэты...

— Асёл Асловіч — гэта галава...

А у адказ адно:

— У-ва! У-ва-а!

І так Асла да часу велічалі,

Пакуль, наш Бык зноў статак не ўзначаліў.

І знік асліны ў статку крык і гром —

Асёл звычайным зноўку стаў Аслом.

Замест маралі даў бы я параду:

Асобу трэба паважаць, а не пасаду.


Загрузка...