ЛІСА І МОДА
Вядома, што Лсіцы любяць моду.
А гэтая — звышмодніцай была
(Такая удалася ўжо ад роду).
Пражыць і дня Лісічка не магла,
Каб дзе чаго не начапляць,
Каб на сябе чаго не начапляць.
І днём, і ноччу модамі без толку
Была занятая лісіная галоўка.
«Фу, рыжыя! —
3 пагардаю сястрычкам
Казала модніца-лісіцы.—
Ад суму з вамі я памру тут...»
І вапнай выбеліла футра.
І да чаго пасля дайшла, дурніца! —
Надумала з хвастом, нарэшце,
Разлучыцца:
Маўляў, хвастатыя цяпер не ў модзе.
І вось аднойчы ў карагодзе
Схапіла — раз! —
Адсекла хвост дашчэнту!
І стала моднаю на ўсе
На сто працэнтаў.
За што і паплацілася аднойчы
Сабакам трапіла на вочы.
І тыя, як вядома, не зявалі —
Лісу пагналі.
З хвілінай кожнаю
Больш страху наганяюць,
Вось-вось, здаецца, даганяюць.
Каб хвост —
Ліса б управа ім вільнула,
Сама ж — налева павярнула —
І ўспамінай, як звалі.
А так сабакі модніцу дагналі...
Калі разважыць аб усім цвяроза,
Дык трэба мець і ў модзе розум.
ПЕВЕНЬ І АНКЕТА
Аднойчы Певень запаўняў анкету
Пры ўладкаванні на работу
(Патрэбна дзеля формы гэта).
Размашыста і са стараннем
Ён напісаў і прозвішча сваё,
І ўзрост,
І званне.
На кожны пункт даваў адказы.
І раптам разгубіўся нейк адразу,
Замітусіўся без патрэбы.
Наліўся чырванню ягоны грэбень. Пачырванела і пад падбародкам.
І адступаць хоць быў ён неахвочы,
А тут пакінуў кабінет таропка,
Не глянуўшы нікому прама ў вочы.
«Хай спрахне назусім, праклятая анкета!» —
Ішоў і абураўся Певень гэтак,—
Нібы бяльмо, вось гэты пункт пракляты:
Ці халасцяк я, ці жанаты.
Які ж я халасцяк? Чубатак
Нямала на вяку сваім я перасватаў?.
А ў іх жа, пэўна, ёсць і кураняты.
Ды напішы вось так,— задумаўся,
падняў угору вейкі:
— Дык застанешся і без гонару,
І без капейкі!..
Не, дудкі!»
І пайшоў, задраўшы грэбень,
Шукаць сабе другое месца Певень.