Дзед на некалькі тыдняў захварэў і не мог далей апавядаць гісторыю Дзіда-дзеда. Калі ён ачуняў, стаяла лютая зіма. Кожную ноч хату заносіла снегам, прыходзілася раніцой пракапваць лапатай сцежку да дзвярэй. Школьнікі вельмі любілі гэтую работу.
Калі спынілася мяцеліца, школьнікі ляпілі з снегу фігуры. Дзед зацікавіўся, выйшаў на двор і запытаўся:
— Гэта хто?
— Цар скамарохаў!
— А той?
— Дзіда-дзед.
— А малая?
— Люсенька!
— А гэта пара?
— Ксаверы і Ксаверыха!
Школьнікі ляпілі слаўных герояў з Дзіда-дзедавай гісторыі. Дзед радаваўся.
— Выйдзе з вас толк, мае дарагія і паважаныя,— хваліў іх дзед.— Зусім магчыма, што знойдзеце качан капусты з шоўкавымі, сярэбранымі і залатымі лістамі. Памятаеце? Я калісьці ўмовіўся з вамі так называць талент. I няхай вас не збівае з панталыку тое, што цяпер, калі я гляджу любую з вашых снежных статуй, вы павінны мне тлумачыць, хто яна. Бо вы толькі пачынаеце...
Дзед падставіў вуха да рота снежнага Дзіда-дзеда і звярнуўся да ўнукаў:
— Чуеце? Чуеце?
— А што?
— Наш Дзіда-дзед просіць мяне, каб я пасля вячэры апавядаў вам працяг яго гісторыі.
Пасля вячэры дзед пачаў са слова «Эге!».
— Эге! Скамарохаў мы пакінулі пры вогнішчы ля крыніцы. Пасля поўначы ўзышоў яркі месяц, падобны да сярэбранай табакеркі. Пад яго святлом людзі ўгледзелі блізка сад, белыя вежы панскага палаца і высокі цагляны касцёл. Скамарохі рашылі раніцай паехаць туды і паставіць у маёнтку спектакль.
Калі раніцой вецер сагнаў з поля туман, скамарохі накіраваліся ў маёнтак. На полі іх здзівіла вось якая з'ява. Голыя людзі, упрэжаныя ў цяжкія плугі, аралі поле. Другія голыя людзі імі кіравалі, моцна білі іх бізунамі і злосна крычалі:
— Барадаты! Ары глыбей...
— Гэй, лысы! Баразну раўней... раўней, ліха!
— Гультаі! Абібокі! Вось вам! Яшчэ... яшчэ!
Так крычалі паганятыя, сцёбалі людзей з усіх сіл пугамі, а тыя людзі толькі стагналі. Скамарохі падышлі да іх.
— Чаму вы ўпрэгліся ў плугі замест коней і быкоў? — запытаўся цар скамарохаў.
Людзі адказалі:
— Не мы самі ўпрэгліся, а нас упрэглі.
— Хто?
— Пан.
— А дзе ж яго быкі і коні?
— Пан прадаў іх. Ён вельмі любіць грошы.
— Чаму не ўцякаеце ад пана? Ён вас добра кор міць?
— Пан зусім нас не корміць. Але мы чамусьці з голаду не паміраем. А баімся ўцякаць, бо нас напалохаў ксёндз.
— Што ж вам ксёндз гаварыў?
— Ксёндз сказаў нам, што жывём яго малітвамі. А калі толькі пойдзем ад пана, дык у той жа дзень перамром.
— Ці вы не чулі, што Смерць сядзіць у табакерцы?
— Не, не чулі.
— Дык мы вам сёння пакажам, як гэта здарылася, што Смерць сядзіць у табакерцы.
— Што вы за людзі?
— Мы скамарохі.
Голыя людзі пачалі хрысціцца і спалохана пазіраць на скамарохаў.
— Чаго вы спалохаліся? — запытаўся цар скамарохаў.
— Ксёндз нам гаварыў, што вы... што вы... што вы...
— Што хто мы?
— Баімся сказаць...
— Гаварыце! Мы ж не кусаемся... Мы не ваўкі, не авадні і не камары...— сказаў цар скамарохаў.— Ах вы, бяззубыя! Ах вы, авечкі! Не можаце пакусаць пана і ксяндза!
Людзі пачалі ўцякаць ад скамарохаў, а здалёку крыкнулі да іх:
— Ксёндз гаварыў, што скамарохі — чэрці!
Здзівіліся скамарохі, што тут жыве такі цёмны, прыбіты і пужлівы народ, які ў гэтай глушы нават не чуў пра Смерць у табакерцы. Калі панскія парабкі зніклі за ўзгоркам, цар скамарохаў сказаў:
— Зараз сюды з'явіцца пан, а можа, і ксёндз. Бо людзі пабеглі ў маёнтак сказаць, што на панскае поле чэрці прыйшлі. Давайце наладзім для іх спектакль — зусім новы. Я толькі што прыдумаў.
— Без рэпетыцыі? — запытаўся Юрка Дратва.
— Тут і рэпетыцыя не патрэбна. Я зраблюся богам, а вы ўсе — ангеламі. А там самі пабачым, што рабіць далей.
Скамарохі апрануліся ў доўгія белыя кашулі, прычапілі ззаду папаратнік замест крылляў, на галовы на сунулі абручыкі, абклееныя сярэбранай паперай. Сам ён надзеў на галаву гаршчок, абклеены залатой паперай. Прывязаў сабе да твару льняную бараду, абкруціўся ўвесь бялюткім кужалем і ўрачыста сказаў:
— Я бог, а вы мае паслухмяныя ангелы! Ты, Люсенька, мой найлепшы ангел! Станавіся каля мяне з правага боку і пабачыш, што тут зараз будзе. Саўка і Юрка, між намі кажучы, хутчэй падобны да чарцей, чым да ангелаў.
— А ты, пан бог,— зазлаваўся Юрка Дратва,— выглядаеш, як той Піліп, што выскачыў з канапель.
— Не як Піліп,— паправіў яго Саўка,— а як пудзіла, каб вераб'ёў пужаць.
— Ціха вы,— смяяўся цар скамарохаў,— не шануеце мяне ні як свайго цара, ні як свайго бога, ні як свайго паэта.
Дзіда-дзед сказаў:
— Гэта вельмі кепска. Бо хто плюе ў сваю вясну, будзе мець неўраджайную восень.
Сказаўшы гэта, Дзіда-дзед павёў фурманкі з бэбахамі і жывёлу ў бярэзнік. Ледзь паспеў ён гэта зрабіць, як з боку маёнтка паказалася карэта, запрэжаная чацвёркай людзей. У карэце сядзелі пан і ксёндз, абодва худыя, у падранай вопратцы.
Цар скамарохаў дастаў з кішэні дзве бяроставыя табакеркі і закамандаваў:
— Пойдзем насустрач карэце!
Праз дзве хвіліны яны сустрэліся з карэтай. Ксёндз і пан саскочылі з карэты і давай з дзівам паглядаць на скамарохаў.
— Гэта вы скамарохі? — запытаўся пан.
— Гэта вы бязбожнікі? — запытаўся ксёндз. Цар скамарохаў адказаў:
— Скамарохаў мы толькі што спалілі на нябесным агні, а вецер панёс іх попел на мхі і балоты, на пустыя лясы. Мы моцна загневаліся, калі ўгледзелі, што скамарохі-чэрці паганяць вашу святую зямельку.
— А вы самі хто будзеце? — запытаўся пан.
— Вы манахі? — запытаўся ксёндз. Цар скамарохаў растлумачыў:
— Я бог, а гэта мае ангелы...
Пан і ксёндз кінуліся перад імі на калені і ў адзін голас узмаліліся:
— Даруй нам грахі, божанька літасцівы... Цар скамарохаў гнеўна сказаў:
— А чаму вы бедных людзей так мучаеце? Чаму вы ім есці не даяце?
Спалоханы ксёндз пачаў вінаваціць пана:
— Пан па скупасці нікому есці не дае. Ён хавае крупінку на злую гадзінку.
Спалоханы пан пачаў вінаваціць ксяндза:
— Гэта ксёндз сказаў, што трэба пасціцца, бо пост — да раю залаты мост.
— I ніхто ў вас не памірае? — запытаўся цар скамарохаў.
— Ніхто, божанька літасцівы, у нас не памірае ўжо каля двух год,— сказаў ксёндз.
— Так, так, божа салодкі,— дадаў пан.
— Ах, вы дурныя і хітрыя! — загневаўся яшчэ больш цар скамарохаў.— Голадам морыце людзей! Бязбожнікі вы! Грэшнікі вы! У пекла я вас кіну! Вы хоча цемець вечных дармовых парабкаў?
— Ой, ой, ой...— узмаліўся пан.— Строгі бог гасподзь, і за лучынку знойдзе прычынку, каб накрычаць...
А ксёндз біў сабе кулаком у грудзі ды шаптаў:
— Даруй, божанька... Даруй, божанька... Даруй, божанька...
— Уставайце з каленяў і садзіцеся ў карэту! Ксёндз і пан так зрабілі.
— А мы, божанька, іх вазіць не будзем,— сказалі людзі, што валаклі панскую карэту.
— Ваша нежаданне вазіць паноў мяне вельмі радуе,— сказаў цар скамарохаў.— Значыць, ліха вас доўга няньчыла... Гэта добра! Злазьце, пан, ксёндз, з карэты!
Пан і ксёндз паслухаліся.
— А вы, людзі бедныя, лезьце ў карэту! Людзі селі ў карэту.
— Пан і ксёндз! У аглоблі! Любілі катацца, пакатайце і іх!
— Сілы не маем, божанька... Мы не прывыклі. Тады цар скамарохаў загадаў фурману, які сядзеў на козлах:
— А ну, усып ім гарачых, тады яны набяруцца сілы!
— Я гэта, божанька, з прыемнасцю зраблю! — абрадаваўся фурман і пачаў бізуном грэць пана і ксяндза.
Яны пусціліся галопам, як жарабцы.
— Калі яны сем разоў аб'ездзяць навокал поля, няхай зноў вернуцца сюды! — закамандаваў цар скамарохаў.
Пан і ксёндз спрытна скакалі ў аглоблях, аж пыл і дым курыў, а «бог» і «ангелы» рагаталі, як жарабцы. Ажно водгаласкі покатам каціліся з бярэзніку і з чыстага поля.
Калі карэта спынілася каля цара скамарохаў, пасля таго як пан і ксёндз павазілі парабкаў, цар скамарохаў сказаў лагодным голасам:
— Вы ўспацелі і стаміліся. Вы, конікі, гагочаце і ў сваю канюшаньку хочаце... Дарую вам грахі. Садзіцеся ў сваю карэту! Вось вам па адной табакерцы! Нюхайце з іх райскі тытунь! Гэта табакеркі архангела Гаўрыіла і архангела Міхаіла.
— Дзякую,— сказаў пан.— Вось гэта я люблю таму, што дармавое.
— I таму, што райскае,— дадаў ксёндз.
— Нюхайце! Нюхайце! — далікатна папрасіў цар скамарохаў.— Нюхайце!
Ксёндз і пан пачалі нюхаць і чхаць.
— Апчхі! Апчхі! Апч...— і, не вычхаўшыся як след, пан і ксёндз заснулі і акамянелі ў карэце, бо цар скамарохаў усыпаў у бяроставыя табакеркі парашок на дзесяцігадовы сон — майстэрства рук аптэкара Савіцкага.
Цар скамарохаў пахваліў парашок і майстра:
— Дзела дзельніка баіцца.
Калі везлі ў маёнтак у карэце акамянелых пана і ксяндза, вакол іх збіралася шмат народу. Скамарохі, скінуўшы тэатральную вопратку, памагалі падпіхваць карэту.
Цар скамарохаў расказаў усё парабкам, і яны папрасілі яшчэ некалькі сонных парашкоў для суседніх паноў і ксяндзоў.
Па дарозе да падзямелля, дзе спаў аптэкар Савіцкі, скамарохі пачаставалі сонным парашком з бяроставых табакерак немала благіх людзей.
Дзед закашляўся так моцна, што мусіў спыніць апавяданне. Яго напаілі ліпавым цветам і палажылі спаць, а ўнукі ўзяліся за ўрокі.
Аж да самай вясны хварэў дзед. Унукі прынеслі яму некалькі свежых пралескаў.
— Гэтыя пралескі,— сказаў дзед,— першы парашок супроць сну, які цар скамарохаў даў панюхаць зямлі, каб разбудзіць яе ад зімовага сну. Хутка сонца знішчыць апошні снег па лясах. Смерць зямлі схавана ў табакерцы-сонцы. Спявае жаўранак. Прылятаюць буслы, шпакі ды іншыя крылатыя скамарохі.
Дзед быў яшчэ вельмі слабы і спыніў гутарку. Праз пару хвілін ён сказаў:
— Як толькі ачуняю, скончу апавядаць гісторыю Дзіда-дзеда. Мы нашага Іванца давядзем на канца. А пакуль што вы, унукі, будзеце мне апавядаць гісторыю жытняга поля.
Унукі паслухаліся і час ад часу прыносілі дзеду весткі:
— Верабей у руні хаваецца. Дзед панюхаў тытунь і прамовіў:
— Вы, унукі, рунь жыцця. Вы вясёлыя і лёгкія, як вераб'і.
У другі раз унукі прыйшлі з такім паведамленнем: — Варона ў руні хаваецца.
Дзед адказаў унукам на такі лад:
— Будзьце ў жыцці не варонамі, а сокаламі.
У трэці раз унукі абрадавалі дзеда такой навіной:
— Гадавая свіння ў жыце хаваецца. Дзед занепакоіўся:
— Пільнуйце жыта, каб свінні не здратавалі. Бо свінні, як тыя шляхцюкі,— дзе ядуць, там і плююць.
У чацвёрты раз унукі так пахваліліся:
— Мы ў жыце хаваемся.
— Расціце, мілыя, як жыта, і красуйце, як жыта. Няхай колас вашага жыцця наліваецца шчасцем. У грыбы хадзіць і то лепш з шчасцем.