Калі дзед выйшаў на летняе сонейка ў кажушку, пасядзець на прызбе, ён так гаварыў:
— Не буду вам доўга апавядаць, як скамарохі пакінулі ў адной вёсцы фурманкі, жывёл і звяроў і плылі па моры, як карабель патануў у часе буры, а людзі ўсе, да апошняга, выплылі на бераг, бо Смерць, будучы ў табакерцы, не магла адняць у людзей жыцця.
Каб не замачыць рэцэптаў Савіцкага і некалькі гатовых парашкоў на сон і супроць сну і карты падзямелля, цар скамарохаў усё гэта ўткнуў у бутэльку і горлачка заляпіў воскам, каб туды вада не прасачылася.
Выйшаўшы на бераг, цар скамарохаў разбіў бутэльку і палажыў рэчы з яе ў свае кішэні. Дзіда-дзед быў апошні час маўклівы і задумёны. Да яго звярнуўся з запытаннем цар скамарохаў:
— Аб чым задумаўся, пане Заяц?
— Індык думаў і да нічога не дадумаўся,— сказаў Дзіда-дзед,— а я дадумаўся.
— Калі гэта не сакрэт, скажы, шаноўны Заяц, усім нам, у чым справа?
— Гэта я і хачу,— сказаў Дзіда-дзед.— Бо, як гэта кажуць, вастры зуб аб зуб і розум аб розум. Мы маем ворагаў: рыцараў Смерці, якія хочуць вызваліць Смерць з табакеркі. Іх, канешне, не Мала. Затое ў нас вельмі шмат прыяцеляў, якія нам удзячны. Гэта — простыя, бедныя людзі. У нас ёсць цяпер цудадзейныя парашкі аптэкара Савіцкага. Імі трэба ўсыпляць ворагаў і аддаць табакерку пад ахову народу.
Скамарохі згадзіліся з думкамі Дзіда-дзеда. Потым яны па плану лёгка знайшлі падзямелле, спусціліся ўніз і трапілі на аптэкара Савіцкага, які ляжаў акамянелы на саломе і быў прыкуты да сцяны ланцугом.
Цар скамарохаў быў такі вясёлы, што і тут не мог абыходзіцца без прадстаўленняў.
Скамарохі распілілі на некалькі частак жалезны ланцуг аптэкара Савіцкага і кінулі кавалкі з такой сілай, што доўга з усіх бакоў чуваць былі водгукі прыкрага звону. Потым цар скамарохаў загадаў апрануцца ўсім ва ўсё белае і кожнаму з іх даў запаленую свечку ў рукі. Сам ён сеў насупроць спячага Савіцкага і зайграў на ліры.
Ад цудоўнай ігры цара скамарохаў усім здавалася, што над іх галовамі не каменнае скляпенне, а сіняе неба з яркім сонцам. А навокал — жытняе поле, і птушкі спяваюць, і журчаць ручаі.
У сэрцы кожнага расла такая радасць, якой ніхто ніколі раней не меў. Цар скамарохаў падаў парашок супроць сну Юрку Дратве, а сам яшчэ лепш зайграў.
Што ён граў? Дайце ўспомніць. Эге! Ён граў «мяцеліцу» — нашу слаўную «мяцеліцу». Скамарохі паставілі свечкі на стол і пусціліся танцаваць.
Юрка тым часам падсунуў пад нос аптэкара Савіцкага парашок. Праз хвіліну твар Савіцкага паружавеў. Уздрыгнуўся Савіцкі з галавы да ног, расплюшчыў вочы і сеў. Ён пачаў прыслухоўвацца да музыкі і азірацца на танцуючых, на цара скамарохаў, на Саўку, на Люсеньку, на Юрку Дратву.
Яго вочы былі здзіўленыя. Ён азіраўся ва ўсе бакі ды ўсё ж такі не ведаў, на якім ён свеце. Юрка Дратва далікатна ўзяў яго за локаць і запытаўся:
— Савіцкі, ты мяне пазнаеш? Савіцкі маўчаў.
— Савіцкі, ты яшчэ спіш?! — здзівіўся Юрка і пачаў яго тармашыць з усіх сіл.
— Юрка, гэта ты? — урэшце прагаварыў Савіцкі.
— Гэта я! Гэта я! Той самы Юрка Дратва, якому ты даў парашкі тараканам на сон.
— Ты зусім на пастарэў...— здзівіўся Савіцкі.— Я праспаў сто год, а ты выглядаеш, як сто год таму назад. Нават барада не падрасла.
— Не сто год, а ўсяго каля трох год, дарагі сусед,— сказаў Юрка Дратва.
— А я ж прыняў сонны парашок на сто год,— сказаў Савіцкі ўстрывожана.— Няўжо парашок быў нядобры?
— Не трэба непакоіцца. Парашок быў добры, але мы вас разбудзілі, пане Савіцкі! — сказаў цар скамарохаў.
— Як жа вы мяне разбудзілі?
— Парашком супроць сну.
— Дзе вы яго дасталі? — зацікавіўся Савіцкі.
— У даўганосага.
Скамарохі дасталі са сваіх сумак віно і закускі. У час ежы Савіцкі апавядаў усё, што зрабіў з ім даўганосы. Цар скамарохаў у сваю чаргу расказаў Савіцкаму пра статуі ў каралеўстве Пінг-Понга. Калі Савіцкі даведаўся, што сам даўганосы заснуў, ён сказаў:
— Калі яму папала ў нос няпоўная доза парашка, ён можа прачнуцца ў любую хвіліну. Прыйдзецца з'ездзіць туды і ўсунуць яму ў ноздры стогадовы сон.
Цар скамарохаў падаў Савіцкаму рэцэпты, якія знайшліся ў кішэні даўганосага, і аптэкар іх спаліў на свечцы.
— Я іх ведаю на памяць,— сказаў ён.— Не трэба іх трымаць, каб не папалі ў варожыя рукі.
Скамарохі елі, пілі і весяліліся, і забылі пра ўсё на свеце. Не агледзеліся яны, як у падзямелле ўвайшла грамада ўзброеных людзей. Наперадзе ўсіх ішоў даўганосы ў адзенні папы рымскага пад імем Баніфацый першы. Аптэкар Савіцкі і скамарохі не так спалохаліся, як здзівіліся.
З даўганосым было некалькі сот узброеных людзей.
Нядоўга думаючы, Люсенька непрыкметна выцягнула з кішэні цара скамарохаў тыя некалькі парашкоў на сон, якія яшчэ асталіся. Яна падскочыла на Баніфацыя першага, усунула яму парашок у нос і сказала: «Спі дзесяць год!» Даўганосы зараз жа паваліўся і заснуў.
Дзіда-дзеда засмяяўся і сказаў:
— Так удалося, што верабей перамоглося!
Яшчэ некалькі разоў усе чулі тоненькі галасок Люсенькі:
— Спі дзесяць год! Спі дзесяць год! Спі дзесяць год!
Заснулі яшчэ некаторыя спадручныя даўганосага.
— Вязаць! Вязаць гэтых людзей! — крычаў нехта з папскага войска.— Тут між іх і Заяц з табакеркай! Лавіце яго і вяжыце!
Пачалася сумятня...
Дзед на хвіліну змоўк. Сонца пякло. Дзед з унукамі пайшлі пад цень двух старых дубоў, на галінах якіх забаўляліся вавёркі. Дзед пачаў апавядаць далей:
— Першай выскачыла з падзямелля Люсенька. Яна крыкнула ў самае неба: «Жаўранкі, птушкі родныя! Лятайце па ўсяму свету і склікайце бедных, гаротных людзей! Няхай з'явяцца сюды бараніць табакерку. Зайца акружылі благія людзі. Яны хочуць выпусціць Смерць на волю».
Паляцелі слаўныя жаўранкі склікаць народ. Тым часам пры сумятні ўдалося ўсім скамарохам, і Дзіда-дзеду, і аптэкару Савіцкаму выскачыць з падзямелля, захлопнуць дзверы і наваліць зверху каменне, каб папскае войска не магло вылезці адтуль..
З усіх бакоў бег туды народ ратаваць Дзіда-дзеда і яго табакерку — беглі з косамі, з каламі, з нажамі, з сякерамі, са стрэльбамі. А за народам пусціліся ўздагон узброеныя рыцары Смерці з усяго свету.
Раптам скамарохі і Дзіда-дзед угледзелі, што паміж народам і рыцарамі Смерці пачалася сапраўдная бітва. Пачуліся першыя стогны параненых людзей. Пацякла кроў, пакаціліся трупы забітых...
— Смерць выскачыла з табакеркі! — крыкнуў цар скамарохаў.
Дзіда-дзед схапіўся за пазуху.
— Згубіў табакерку! — усклікнуў ён.— Я чуў як нешта бразганула аб камень пры выхадзе з падзямелля.
Люсенька пабегла да падзямелля і на дзвярах яго, заваленых каменнем, знайшла адчыненую табакерку. Яна аддала табакерку Дзіда-дзеду...
— Што ты нарабіў? — сказаў цар скамарохаў Дзіда-дзеду.
— Была такая спешка,— апраўдваўся Дзіда-дзед.— А спешка да дабра не даводзіць. Шпарка добра толькі камароў біць...
Скамарохі развіталіся адны з аднымі і з Дзіда-дзедам, і ўсе разбрыліся па сваіх хатах і да сваёй ранейшай працы.
Непатрэбны сталі цяпер мясныя буракі, а парашкі на сон і прабуджэнне перасталі дзейнічаць. Аптэкар Савіцкі зноў вярнуўся ў аптэку. Усе прыручаныя звяры зноў адзічалі. Нарабіўшы шмат шкоды, яны зноў пахаваліся па лясах.
Дзіда-дзед, вечнай памяці, з Люсенькай дабраліся дамоў ляснымі сцежкамі і ціхімі дарожкамі. Дзіда-дзед аддаў Люсеньку ў школу, выгадаваў яе, і яна паехала ў свет. А сам ён садзіў добры тытунь, цёр напылок, сыпаў у табакерку і нюхаў, можа, гадоў сто.
Унукі пыталіся ў дзеда:
— А вайна між працоўным народам з рыцарамі Смерці?
— Яна, родненькія мае, цягнецца па сягонняшні дзень. Народ жыць хоча, а рыцары Смерці стараюцца яго знішчыць.
На хвіліну стала ціха. Дзед і ўнукі задумёна прыслухоўваліся да песні жаўранкаў.
— Ці-ці-ці...— спявалі жаўранкі.— Ці-ці-ці...
— Гэта жаўранкі кажуць,— тлумачыў дзед унукам,— ці скора зноў зловяць Смерць у табакерку? Ці скора спыняцца войны? Ці скора працоўны народ знішчыць рыцараў Смерці? Калі вы, дарагія ўнукі, зловіце Смерць у няволю, дык моцна трымайце і ніколі з рук не выпускайце. А я ўпэўнены, што зловіце, бо, як гэта кажуць: прыйдзе люты мароз і на мухамораў, і на змеяў, і на іншых ліхадзеяў. Яны адмарозяць рукі і ногі, нос і вушы, і ўсё-ўсё. Трэба толькі знішчыць раней прыслужнікаў Смерці, у якіх вочы завідушчыя і рукі заграбушчыя.
Дзед дастаў шчапотку тытуню з табакеркі, усунуў у ноздры, вочы ў яго зажмурыліся з асалодай, і ён пачаў сваю старую песню:
— Апчхі... апчхі... апчхі...
Пухавічы — Мінск, 1940 г.