Амаль усе тыя творы, якія складаюць зборнік Івана Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю», я чытаў раней, калі яны друкаваліся ў газетах і часопісах. У зборніку я толькі перачытваў іх. Апавяданне «Бульба», якім адкрываецца кніга, я неяк не заўважыў раней і чытаў упершыню. Чытаў і хваляваўся, чытаў і, што называецца, суперажываў з яго юным героем, пазнаваў у яго дзяцінстве сваё, у хлапчуку — самога сябе тых ваенных гадоў. «Уранні прыйшлі нашы...» І далей: «У сорак трэцім мы былі яшчэ зусім малыя, але запомнілі гэтых салдат... Мы — гэта Мішка Бычыхін, Санька Брылёў і я». Тут аўтар гаворыць не толькі ад самога сябе і ад імя двух сябрукоў свайго дзяцінства, а і ад імя соцень і тысяч такіх яна хлапчукоў, і ад імя пакалення. У кожнага з пас, аднагодкаў аўтара, быў той вечар, калі нашы адыходзілі, адступалі, а потым, праз некалькі гадоў вайны, было тое ранне, калі «прыйшлі нашы».
Здавалася б, Іван Чыгрынаў расказаў пра нешта вельмі асабістае, непаўторна-канкрэтнае, проста падзяліўся ўспамінам дзяцінства (я атаясамліваю героя апавядання з асобай аўтара). Але, аказваецца, не проста падзяліўся ўспамінам: асабістае, непаўторна-канкрэтнае стала нашым, агульназначным.
Дарэчы, для аўтара зборніка «Птушкі ляцяць на волю» вельмі характэрная гэтая вось якасць: як быццам бы проста апавядаць, проста згадваць тое, што было ў жыцці, было ў сапраўднасці, і ў той яна час адцяняць ледзьве прыкметна — праз дэталь, праз псіхалагічны штрышок — самае істотнае, сацыяльна важнае, натуральна пераводзіць жыццёвую з'яву, жыццёва верагодны факт у мастацка-эстэтычны рад. Калі чытаеш, напрыклад, такія апавяданні зборніка, як «Адна ноч», «Апавяданне без канца», «Па дарозе дамоў», «Птушкі ляцяць на волю», «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод», то не можаш не адзначыць іх падабенства з нарысам, з замалёўкай з патуры — словам, з творам дакументальнага жанру. «На золаку, калі яшчэ спявалі пеўні, я пакінуў Брады, каб да сонца выйсці праз расцяроб на Пычаў бераг. Дарога ішла паўз лясное возера...» — так пачынаецца «Апавяданне без канца». «У Залужжы мне сказалі: «А Дземідзёнак пайшоў ад нас. Яго ўжо няма ў гарадку» — гэта пачатак другога апавядання («Птушкі ляцяць на волю»). А вось першыя радкі «Вадалазаў Сухавых...»: «Я чуў ад людзей, дзе пракладваюць нафтаправод, і таму ўпэўнена ішоў ад вусця Жадунькі, маленькай, ціхай рачулкі, проста паўз Беседзь — па той бок, за якога паўкіламетра ад вусця, быў высечаны лес, і ладная прагаліна, як на шырокую шашу, адкрылася позірку яшчэ здаля...» Усе тры прыклады наглядна сведчаць аб адным і тым яна: у сваіх апісаннях Іван Чыгрынаў часта карыстаецца прыёмамі нарысіста. Так жа, як, скажам, у дарожных нататках ці ў дзённіку, ён строга прытрымліваецца жывога пазірання, апісвае ўбачаную па свае вочы мясцовасць, дакладна вызначае час дзеяння. Няцяжка заўважыць, што па сваёй «тапаграфіі» апавяданні І. Чыгрынава прывязаны да яго родных мясцін — з іх прыродай, з іх геаграфічнымі назвамі і, відаць, з прозвішчамі людзей. Той, хто ведае самы ўсходні куток нашай Беларусі, можа пацвердзіць, што і Жадунька, і Саматэвічы, і Бялынкавічы, і Студзянец і г. д. — усё гэта сапраўдныя назвы. Недасведчанаму чытачу можа нават часам здацца, што празаік толькі тое і робіць, што апісвае ўбачанае і пачутае. Але гэта, як я ўжо казаў, далёка не так.
Аднак вернемся да апавядання «Бульба».
Апавяданне гэтае — своеасаблівы ўступ да зборніка, яно многае што тлумачыць. Пасля «Бульбы» няцяжка зразумець, напрыклад, чаму ў большасці твораў кнігі гучыць рэха мінулай вайны, яе трывожнае, балючае водгулле. Герой І. Чыгрынава — я не памыліўся, сказаўшы «герой» замест «героі», бо ў большасці апавяданняў сапраўды прысутнічае так ці інакш герой, звязаны з біяграфіяй аўтара, з яго поглядам, — дык вось, герой І. Чыгрынава перажыў жахі вайны ў дзяцінстве, у такім узросце, калі ўсё ўспрымаецца шырока адкрытымі вачыма і даверліва раскрытым сэрцам і запамінаецца назаўсёды. Вайна яму запомнілася, вайна запала ў душу, адбілася на яго характары. Потым, з цягам часу, са сталасцю прыходзіць асэнсаванне дзіцячых уражанняў... Так перакідваеш у думках мосцік ад «Бульбы» да такіх твораў зборніка, як, скажам, «Апавяданне без канца», «Птушкі ляцяць на волю», «Па сваіх слядах», «Жыве ў крайняй хаце ўдава» — дзе так востра дае знаць аб сабе трудная памяць вайны.
Цікавае апавяданне «Бульба» і яшчэ ў адным сэнсе. Калі яго ўважліва чытаеш, не можаш не ўбачыць, як чыгрынаўскі герой атрымлівае на парозе сваёй сталасці адзін з самых яркіх і важных у яго жыцці ўрокаў чалавечнасці...
...Нашы, савецкія воіны былі для хлапчукоў у першыя хвіліны толькі «маўклівай шэра-зялёнай салдацкай калонай». Потым падлеткі пачалі з усёй сваёй цікаўнасцю прыглядацца і прыслухоўвацца. Яны сядзелі ў сасняку ля школы, запаліўшы вогнішча. «Паўз яе ішлі цяпер у калонах салдаты. А мы сядзелі каля вогнішча і, як зачараваныя, моўчкі ўглядаліся ў іх загарэлыя, стомленыя твары. Мы былі дзецьмі, і ў кожнага з нас на вайне быў бацька. Дык і думалася — а можа, якраз тупае бацька вось так у страі, і не пускаюць яго камандзіры дамоў, крый бог, пройдзе міма...» Потым хлапчукі знаёмяцца бліжэй з «вясёлымі людзьмі» — артылерыстамі. («Не тое што змардаваныя пехацінцы».) І не могуць не зрабіць са сваёй дапытлівасцю і назіральнасцю адно адкрыццё: салдаты адрозніваюцца адзін ад аднаго, гэта толькі адразу яны былі на адзін твар. Гаспадарлівы, скупаваты Сідараў так не падобны на чарнявага, з вясёлымі чорцікамі ў вачах, а камандзір, у якога было па тры зорачкі на пагонах, марыць, аказваецца, пра тое, каб паласавацца печанай беларускай бульбай... Нашы героі, воіны, вызваленцы паўстаюць раптам перад юнымі героямі ў сваім звычайным, зямным, чалавечым абліччы. І, мабыць, яшчэ больш нагадваюць ім іх бацькоў («у кожнага з нас на вайне быў бацька»). Але на гэтым сустрэча з нашымі не канчаецца. Уначы пачаўся бой. І хлопчыкі становяцца сведкамі таго, як на «цёмна-зялёнай траве шырокага заліўнога лугу, што быў паміж лесам і Беседдзю, з кожнай новай атакай большала трупаў з пасінелымі тварамі». Яны бачаць, як вязуць раненых і як плачуць, гледзячы на іх, бабы. Яны чакаюць каля вогнішча старшага лейтэнанта, напёкшы яму бульбы, «але старшы лейтэнант не прыйшоў...».
Я добра разумею гэтае вось «але старшы лейтэнант не прыйшоў», як разумею ўвесь комплекс пачуццяў, усю тую супярэчлівую разнастайнасць уражанняў, якія захліснулі сэрцы падлеткаў у гэты дзень. Гэта, зазначу зноў, перажыло ўсё маё пакаленне, усё пакаленне зведала разам з радасцю вызвалення боль непапраўных страт. Яно адчула тады, можа быць, упершыню, якой цаной давалася перамога над ворагам, яно ўбачыла тады, можа быць, упершыню, што салдаты не на адзін твар, а ў кожнага з іх свой воблік, што тады, калі пачынаецца бой, некаторыя з іх падаюць і не ўстаюць. Яно ўбачыла і адчула многае іншае. І з гэтымі адчуваннямі пачынала, магчыма, упершыню задумвацца не па-дзіцячы, пачынала сталець і на самым пачатку сталасці засвойваць вышэйшую рысу чалавека — чалавечнасць, пачуццё справядлівасці і несправядлівасці.
Апавяданне «Бульба» дало нам магчымасць убачыць, як пачынаецца герой І. Чыгрынава, яно як бы паказала нам яго вытокі. А ў наступным апавяданні «Адна ноч» мы ўжо чытаем працяг біяграфіі героя. Застаём яго ў той адказны зноў жа для яго момант, калі ён, ужо дарослы чалавек, сутыкаецца на жыццёвай дарозе са старым цыганом і разам з ім думае-разважае аб сэнсе чалавечага існавання.
Ёсць у чыгрынаўскага героя нешта ад гэтага самага бадзягі-цыгана — ён гэтак жа любіць вандраваць, сядзець ля вогнішча, слухаць, як расказваюць другія. Але на гэтым, уласна кажучы, і канчаецца іх падабенства, бо для героя дарога — не самамэта, а пошук. Пошук, у які накіроўваецца яго душа, яго думка. Для яго не прайшлі бясследна жахі вайны, не забыліся тыя гадзіны, калі ён сустракаў, будучы яшчэ хлапчуком, нашых. Не прайшлі для яго дарэмна і пасляваенныя цяяжасці. І ў адзін нейкі дзень ён ясна зразумеў, што без дабраты, без чалавечнасці, без справядлівасці — нельга. І вось ён падарожнічае, каб пераканацца на свае вочы, што «свет не без добрых людзей», каб пэўна знаць, што ёсць на свеце чалавечая еднасць, ёсць праўда і ёсць дабро.
Ён, герой чыгрынаўскіх апавяданняў, можа быць, трохі залішне сузіральны часам, вонкава малаактыўны. Нічога асаблівага ён як быццам і не робіць. І гаворыць ён мала, тым больш не гаворыць прыгожых, гучных слоў, не бярэ на сябе вялікіх абавязацельстваў і не дае ўрачыстых абяцанняў, што будзе сам анёлам і аддасць усе свае сілы для іншых. Тым не менш ён вельмі абаяльны, вельмі сімпатычны, гэты герой — бо ён добры, бо ён па-сапраўднаму, усёй душой ненавідзіць і па-сапраўднаму, моўчкі, любіць. І мы добра разумеем яго, калі ён глядзіць з сумам на сляды, якія пакінуў на ранішняй расе стары цыган, і разам з ім спачуваем цыганцы Глафіры («Адна ноч»). Мы не можам не падзяліць яго боль за гаротны лёс жанчыны, загубленай вайной і нядобрымі людзьмі, і яго стрыманую, але такую вострую нянавісць да нелюдзяў накшталт Чыкілёнка («Апавяданне без канца»). Мы спачуваем яму і тады, калі ён хоча прыйсці на падмогу дзіўнаму, з параненай душой чалавеку, сябру птушак Дземідзёнку, хоча «памагчы чалавеку загаіць рану» («Птушкі ляцяць на волю»), і мы добра разумеем, зноў жа, яго стан, калі яму, усхваляванаму сустрэчай з удавой, якая ўсё верыць у вяртанне мужа, захацелася нізка пакланіцца жанчыне («Жыве ў крайняй хаце ўдава»), І мы, вядома, не дзівімся яго шчырай боязі, што новыя знаёмыя не возьмуць яго «ў свой гурт», што ён будзе для іх «чужым і лішнім» («Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод»).
Знаёмячыся з героем Івана Чыгрынава ў апавяданні «Бульба», я пазнаў у ім свайго равесніка. Маё знаёмства працягвалася — і я меў магчымасць прасачыць некаторыя істотныя штрыхі духоўнай эвалюцыі пакалення, бліжэй разгледзець яго грамадзянскае аблічча, яго маральны ідэал. І ў гэтым — несумненная вартасць кнігі «Птушкі ляцяць на волю».
Я ўжо гаварыў пра некаторыя асаблівасці Чыгрынава-празаіка. Дадам яшчэ, што апавяданне Чыгрынаў вядзе, як правіла, спакойна, няспешна, нібы дэманструе кадры запаволенай кінастужкі, мова ў яго ясная, выразная, часам з пэўным дыялектным каларытам — праўда, не заўсёды, як мне здаецца, апраўданым. Ёсць у зборніку, напрыклад, у апавяданнях «Ці бываюць у выраі ластаўкі», «Па сваіх слядах», тонка выпісаныя пейзажы, псіхалагічна дакладна звязаныя з настроем чалавека змены і пераходы ў прыродзе...
Помню, калі я чытаў у перыёдыцы першыя апавяданні І. Чыгрынава — апавяданні ўвогуле добрыя, цікавыя, — то нешта ў іх мяне ўсё ж не задавальняла. Цяпер, калі я перачытваў іх у зборніку, тое ранейшае ўражанне ў асноўным пацвердзілася. Апавяданням гэтым, напрыклад, «Шукаючы скарбы...», не хапае пэўнай акрэсленасці — як унутранай, псіхалагічнай і сэнсавай, так і знешняй, фармальнай. І вытлумачыць гэта можна, як мне здаецца, наступнымі прычынамі. І. Чыгрынаў часам падмяняе сапраўдны мастацкі падтэкст знарочыстай шматзначнасцю, недасказанасцю (разважанні старога цыгапа ў «Адной ночы» трошкі туманныя, свядома як бы недасказваюцца аўтарам, такая ж і сцэна размовы герояў апавядання «Шукаючы скарбаў...» Суздалёва і Шушан). А такая ўяўная шматзначнасць відочна шкодзіць апавяданню. Па-другое, аўтар усё-такі трапляе часам у палон «патоку жыцця», жыццёвага матэрыялу, не ўсе дэталі і назіранні прыводзіць да «агульнага назоўніка» (прыгадваецца, напрыклад, апавяданне «Па сваіх слядах», дзе адчуваюцца «лішкі матэрыялу»), А гэта зноў-такі робіць уражанне незавершанасці, недадуманасці.
Далей. Калі чытаеш апавяданне «Вадалазы Сухавы, Віцька Картыжоў і нафтаправод», то не можаш не адзначыць са здавальненнем, што тут — жывыя, індывідуальна акрэсленыя характары. Віцьку не зблытаеш ніяк з Сухавым, бо вельмі ўжо яны розныя, добра ўяўляеш і запамінаеш Надзею (яна, дарэчы, выпісана вельмі пластычна). На жаль, гэтага не скажаш пра ўсе творы зборніка. Некаторыя з іх гавораць, што малады празаік яшчэ толькі авалодвае майстэрствам лепкі вобраза. Сур'ёзна задуманы, напрыклад, у апавяданні «Праз гады» вобраз настаўніка, але як чалавек, як характар, як асоба ён — невыразны, неакрэслены.
Лепшыя апавяданні пісьменніка — тут я маю на ўвазе і некаторыя з тых, што не ўвайшлі ў зборнік, і самыя свежыя рэчы, надрукаваныя ў нашых часопісах, — сведчаць аб тым, што І. Чыгрынаў, настойліва і ўдумліва працуючы, расце творча, паспяхова пераадольвае недахопы сваіх ранейшых апавяданняў.
1965