«Болдзінская восень». Болдзіна. «Обитель дальняя трудов и чистых нег».
Сапраўды дальняя, далёкая. Для Пушкіна — у прасторы. Для нас — і ў часе.
За дальнасцю і за даўнасцю яно, гэтае сяло, было — для мяне асабіста, у прыватнасці — нечым амаль нерэальным, абстракцыяй. Так, каму невядома, што лёс закінуў Пушкіна ў яго радавы маёнтак Болдзіна, што тут ён марыў аб сваім шлюбе з юнай прыгажуняй Наталляй Ганчаровай, ірваўся да яе, але яго трымаў каранцінны палон, і паэт — няма ліха без дабра — вымушаны быў пісаць і стварыў за тры месяцы шмат выдатных твораў, якія ўвайшлі ў залаты фонд рускай і ўсёй сусветнай літаратуры... Каму гэта невядома? Але гэта разам са школьным урокам адыходзіць у мінулае і робіцца далёкім, як паданне. І калі ты верыш у Міхайлаўскае і Ясную Паляну, то вера твая ў Болдзіна толькі на гэтым паданні і трымаецца. Дзе ты — Болдзіна? У якім кутку неабдымнай зямлі рускай? Якое ты, калі ты ўсё ж існуеш у сапраўднасці?
Болдзіна адгукаецца, Болдзіна дае пра сябе знаць. Самым сучасным, самым рэальным, самым звычайным спосабам. З Болдзінскага музея-запаведніка А. С. Пушкіна (жыве Болдзіна, ёсць такі музей!) прыходзіць у Саюз пісьменнікаў запрашэнне прыняць удзел у юбілейных урачыстасцях. Пушкінскае Болдзіна запрашае ў госці! І мы з Петрусём Макалем выпраўляемся ў шлях.
«Если ехать вам случится...» Ляцім да Масквы самалётам, адтуль, другім самалётам, да Горкага. А з Горкага дабіраемся да сяла Вялікае Болдзіна (у адрозненне ад другой назвы — Малае Болдзіна). Недзе на паўдарозе пачынаеш памалу адчуваць не зусім звычайнае, трывояша-шчымлівае хваляванне — хваляванне паломніка. Яно звязана ў падсвядомасці з адчуваннем, што ты пераадольваеш не толькі прастору, але і рухаешся ў часе. Пачынае наогул змяшчацца ўяўленне аб часе. Упершыню я перажыў такое адчуванне, калі наведаў Жалудок у пошуках слядоў Валерыя Урублеўскага. Цяпер яно зноў было ў душы. І яно, па меры набліжэння, усё мацней і мацней забірала сэрца. І ўзмацнялася яшчэ тым, што я ўзяў з сабой у дарогу томік пісем Пушкіна і мы іх перачытвалі... «Я ад'язджаю ў Ніжні, не ведаючы, Што мяне чакае ў будучым... Восень падыходзіць. Гэта любімы мой час — здароўе маё звычайна мацнее — пара маіх літаратурных турбот, — а я павінен клапаціцца пра пасаг ды пра вяселле, якое згуляем бог ведае калі... Еду ў вёску, бог ведае, ці буду там мець час займацца і душэўны спакой, без якога нічога не зробіш, акрамя эпіграм на Качаноўскага... Мая дарагая, мая мілая Наталля Мікалаеўна, я ля вашых ног, каб падзякаваць вам і прасіць даравання за прычыненыя вам турботы... Даношу табе, майму ўладару, што сёлетняя восень была дзетароднай і што калі твой пакорны васал не здохне ад сарацынскага паморку, халерай названага і занесенага нам крыжовымі воінамі, гэта значыць бурлакамі, то ў замку тваім, «Литературной газете», песні трубадураў не змоўкнуць круглы год... Што за цуд тутэйшая вёска! Уяві: стэп ды стэп: суседзяў ні душы; ездзі вярхом колькі табе хочацца, пішы дома колькі ўздумаецца, ніхто не перашкодзіць... Я жыву ў вёсцы, як на востраве, акружаны каранцінам...»
Гулі маторы, пагойдваўся самалёт, транспарт быў самы што ні ёсць сучасны, але ў той жа час гучалі словы Пушкіна, за імі чуўся яго такі натуральны — то ўзрушаны, то пяшчотны, то іранічны, то жартаўлівы — голас, мы ляцелі да яго ў госці, і сцены часу бурыліся, падалі... Знаёмае паломнікам адчуванне.
...«Стэп ды стэп...» Як толькі мы, прыехаўшы, аглянуліся, мы адразу яго ўбачылі, убачылі вакол раздольную раўніну, з невялікімі ўзгоркамі і пералескамі. Тут жыў, тут быў, тут тварыў Пушкін... Шмат змянілася з тых часоў, шмат вады сплыло ў мясцовай рачулцы Азанцы, на якой стаіць сяло Болдзіна, але засталося гэтае зялёнае поле, гэтыя ўзгоркі, гэтыя гаі, гэтая дарога, па якой паэт любіў ездзіць вярхом на кані. І гэты вось драўляны дом, да ганка якога падкаціў са званочкам шмат год назад упершыню «малады пан» і дзе зараз знаходзіцца музей-запаведнік. І гэты парк, гэты сад, гэтыя зеленаватыя ад бросні сажалкі, гэтыя гнёзды і несціханы грачыны грай. І гэтая стапяцідзесяцігадовая, з засохлай вяршалінай, лісцвенніца, якую, паводле падання, прывёз з Урала і пасадзіў сам Пушкін. І гэтая агромністая, з яўнымі адзнакамі свайго ўзросту вярба, на рахунку якой каля двухсот год. У гэтым краі прырода шчодрая на час, на даўгалецце. І не толькі ў дачыненні да дрэваў. Больш за сто год жыў і бярог памяць пра паэта яго сучаснік болдзінскі селянін Міхей Сівохін. Столькі ж жыла другая яго сучасніца, прыгажуня, дачка мясцовага пчаляра Фяўроння Вілянава, якая пранесла праз гады і перадала патомкам сказаныя Пушкіным перад ад'ездам словы: «Якія вы мае падданыя, — я ваш падданы». Шматгадовым захавальнікам болдзінскай старыцы быў унук пушкінскага пісара Іван Кірэеў... Наогул тут, у Болдзіне, павявае, як здаровым стэпавым прасторам, доўгажывучасцю. Дзякуючы супрацоўнікам музея-запаведніка мы сустрэліся з народным хорам сяла Болдзіна. У гэтым хоры спяваюць жанчыны, адной з якіх, самай маладой, пяцьдзесят з нечым год, а астатнім ад сямідзесяці і больш. Самай старэйшай восемдзесят чатыры гады. Яна сядзела за сталом насупраць мяне (сустрэча адбывалася ў хаце адной з удзельніц хору, з застоллем, з самаварам). Ёй падлівалі час ад часу, паміж песнямі, гарэлкі, яна выпівала, выцірала рот сухенькай старэчай жменькай і пела зноў — моцна, звонка, залівіста.
Па дарозе ў Болдзіна змяшчэнне ў часе было ілюзорным. Тут жа сувязь часоў была на дзіва адчувальнай, рэальна ўвасобленай. Проста не верылася, што вось так жыве ў сяле памяць пра паэта. Памяць не літаратурна-кніжная, не музейная, а жывая, чалавечая, сапраўды народная, памяць, якая ашчадна перадаецца з пакаленнн ў пакаленне. Хор спяваў цэлы вечар песні. Акрамя іншых (якое выкананне!) гучалі і тыя, якія ўжо спяваліся ў часы Пушкіна і запісваліся ім («Цешчанька», «Белая бярозанька»), рамансы на словы паэта. Песні перапыняліся размовай, расказамі, успамінамі. Пра Пушкіна гаварылі, як пра чалавека, які нядаўна быў у гэтай хаце, як звычайна на сяле гавораць пра блізкага ўсім чалавека, які адсутнічае, але памяць пра якога трывала жыве ў сэрцы. Такая сапраўды народная любоў да свайго паэта не магла не хваляваць, не маглі не ўспомніцца зноў яго прарочыя словы пра сцежку, якая будзе весці да яго помніка і якую ён трапна назваў «народнай». (У дужках прыгадаю, што, як гэта і заўсёды бывае ў жыцці, не абыходзіцца тут і без камічных момантаў. Артыст аднаго з горкаўскіх тэатраў А. Палеес, які выконвае ў некаторых фільмах ролю Пушкіна — ён знешне вельмі падобны на паэта — расказваў нам: «Здымалі фільм «І зноў восень...». Я ехаў вярхом на кані, выглянула з хаты бабулька, убачыла мяне, пляснула рукамі: «Батюшки, барин воскрес!»)
Беларускія пісьменнікі былі на свяце ў Болдзіне ўпершыню, мы былі самымі далёкімі гасцямі, і нас вельмі цёпла прымалі. На вечары паэзіі, які адбыўся ў першы дзень прыезду ў раённым Доме культуры (Болдзіна зараз раённы цэнтр) мы чыталі свае пераклады з Пушкіна. Прызнаюся, што менавіта тут, на болдзінскай зямлі, я зрабіў першую спробу перакласці і ў сваім перакладзе прачытаць пушкінскія радкі:
Падымем і зрушым бакал
да бакала!
Каб розум свяціўся,
каб муза натхняла!
Ты, сонца святое, гары!
Як гэта лампада бляднее
Прад ясным усходам зары,
Так мудрасць уяўная гасне
і тлее
Прад розумам, поўным святла!
Хай сонца заззяе, хай знікне
імгла!
А потым нам было прыемна пачуць на вечары верш горкаўскага паэта Юрыя Адрыянава, прысвечаны Беларусі:
Как молчат твои чащи вещие,
Как бездонна рассветов стынь!
Душу жжет твою углем тлеющим
Деревенька лесная Хатынь.
Хвалюючае пачуццё блізкасці часоў і людзей перажывалі мы асабліва, калі слухалі выступленне другога горкаўскага паэта, па паходжанню беларуса, Генадзя Бядняева, які чытаў пранікнёныя радкі аб роднай Віцебшчыне.
На наступны дзень свята адбылося народнае гулянне ў маляўнічым гаі Лучыннік (так назваў гэта месца, паводле падання, сам Пушкін). І тут, на ўлонні чароўнай прыроды, апетай вялікім паэтам, мы мелі шчаслівую магчымасць зведаць чалавечы давер і добразычлівасць. Да нас падыходзілі людзі — адны таму, што іх жыццё ў свой час было звязана з беларускай зямлёй, другія проста так, каб сказаць добрыя словы, запрасіць у госці. Запомнілася тая зацікаўленасць, з якою гутарылі з намі аб сённяшняй літаратуры, аб яе дарозе да сэрца чытача педагог А. Кальякова, інжынер Л. Кастраміна, вучоныя Л. Асіповіч і І. Яскевіч.
Прыемна было бачыць і той энтузіязм, тую любоў, з якімі імкнуцца ахоўваць і памнажаць памяць паэта, павялічваць кола сяброў Болдзінскага музея-запаведніка яго дырэктар Ю. Левіна, супрацоўнікі Л. Часнова, Л. Малышкіна. Мы перадалі ім падарункі нашай пісьменніцкай бібліятэкі — творы Пушкіна на беларускай мове, кнігі Купалы і Коласа, аўтографы ўласных перакладаў пушкінскіх вершаў. Мы выказалі ім сваю ўдзячнасць за запрашэнне, за магчымасць адкрыць для сябе нанова Болдзіна — знакаміты куток рускай зямлі, у якім жыве светлы вобраз паэта-гуманіста.
1972