Аб інтэрнацыянальных сувязях беларускай савецкай літаратуры
Нагадаю, што купалаўскі радок, вынесены ў загаловак, узяты з верша «Прывет вам...». Верш гэты з'явіўся ў друку 10 лютага 1936 года і меў рэальную «прывязку», быў выкліканы да жыцця пэўнай падзеяй. Што ж гэта за падзея, якая парадзіла адзін з самых натхнёных твораў песняра?
10 лютага 1936 года ў стольным горадзе Мінску ўрачыста пачынаў сваю працу (працягваў яе да 16 лютага) пленум Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны паэзіі. Гэта быў яшчэ толькі трэці па ліку, пасля гістарычнага Першага з'езда савецкіх пісьменнікаў, пленум. Нядаўна створаная пісьменніцкая арганізацыя толькі яшчэ станавілася на ногі, толькі яшчэ пачынала разгортваць работу па выкананню рашэнняў з'езда, па ажыццяўленню вялікіх горкаўскіх планаў, па згуртаванню і актывізацыі літаратурных сіл шматнацыянальнай савецкай краіны. Здаецца, упершыню ў гісторыі чалавецтва, у гісторыі сусветнай літаратуры збіраўся падобны форум — форум, на якім размове аб паэзіі, аб паэтычным запятку, што ва ўсе часы лічыўся яўна «саматужным», самадзейным, надавалася значэнне дзяржаўна-грамадскай справы, справы міжнацыянальнага культурнага ўзаемаабмену. І гонар быць месцам правядзення форуму выпаў на долю Мінска. Не выпадкова, вядома: у гэтым горадзе жылі і тварылі Янка Купала і Якуб Колас, тут паспяхова пачынала літаратурны шлях цэлая плеяда іх паслядоўнікаў — маладых паэтаў рэспублікі... І вось на пленум ехалі вядомыя паэты Масквы, Ленінграда, Украіны, савецкага Закаўказзя, сярэднеазіяцкіх і іншых саюзных рэспублік. Рыхтуючыся да сустрэчы з дарагімі гасцямі, Янка Купала і напісаў сваё ўзнёслае вершаванае прывітанне:
Прывет вам, вольныя паэты,
Прывет вам ад душы ўсяе!
Хай вашы песні з лета ў лета
Зямля савецкая пяе!..
Прывет вам, вольныя паэты,
Народаў братніх дружны хор!
Хай прамянее агняцветам
Радзімы нашае прастор!
Рыхтаваўся да пленума і Якуб Колас. І, выступаючы на адным з яго пасяджэнняў, гаварыў: «Вельмі радуе той факт, што наш пленум з'яўляецца яркай дэманстрацыяй дружбы і ўзаемнага разумення братніх літаратур народаў Савецкага Саюза. Радасна было бачыць і чуць, калі рускія пісьменнікі, выступаючы на гэтай трыбуне, гаварылі пра літаратараў Арменіі, Башкірыі, Грузіі, Украіны, Беларусі, даволі шырока і поўна арыентуючыся ў пытаннях гэтых літаратур». А праз некалькі дзён, дзелячыся ўражаннямі ад той хвалюючай, сяброўскай атмасферы, якая панавала на сустрэчы разнамоўных паэтаў, аўтар «Новай зямлі» пісаў у артыкуле «Пасля пленума ССГІ»: «Я помню сваю першую паездку ў Маскву на пленум савецкіх пісьменнікаў... Я ўглядаюся ў твары пісьменнікаў, хачу знайсці сярод іх знаёмыя постаці, але іх мала: некалькі рускіх, крыху болей украінцаў, амаль нікога з пісьменнікаў другіх народаў. Я адчуваю сябе адарваным ад гэтай масы незнаёмых людзей.
З таго часу прайшло якіх-небудзь тры гады. Але якая розніца, які вялікі крок наперад у руху нашай агульнай дружбы, узаемнага знаёмства і асабістай дружбы».
І далей, прароча ацэньваючы свае назіранні, заглядваючы ў больш аддаленую перспектыву, Колас працягваў: «Калі яшчэ не так даўно гутаркі аб мастацкай літаратуры, аб паэзіі насілі не зусім акрэслены характар, то сёння яны набываюць характар жывой канкрэтнасці, арганічнай сувязі з вялікімі задачамі нашай эпохі». Вельмі цікавае, вельмі павучальнае — і па мове, і па сутнасці — сведчанне, найкаштоўнейшы дакумент для даследчыка інтэрнаныянальных сувязей нашай літаратуры, дружбы і ўзаемасупрацоўніцтва літаратур.
Ёсць гістарычная заканамернасць у тым, што адзін з першых пісьменніцкіх форумаў, з якіх пачыналіся арганізацыйна-творчае і ідэйна-эстэтычнае збліжэнне і кансалідацыя літаратур народаў СССР, праходзіў у Мінску і звязаны з імёнамі асновапаложнікаў беларускай савецкай літаратуры, з імёнамі людзей, якія выдатна ўвасаблялі ў сабе не толькі лепшыя нацыянальныя літаратурныя традыцыі, але і лепшыя духоўныя рысы народа. А наш народ даўно гаварыў: «Там добрая дзея, дзе два арэ, а трэці сее», «Праз людзі выходзяць у людзі», «Хто добрага чалавека мінае, той шчасця не мае» і г. д. Несумненна, што і наша літаратура, пачынаючы з самых першых яе вытокаў, кіравалася ў сваім развіцці такой жа мудрасцю.
Некалі ў Шандара Пецёфі сарваліся словы горкага прызнання: «У нас няма народа-брата, якога б мы маглі прасіць аб дапамозе, які б нам дапамог, мы адзінокія, як дрэва ў пустыні». На долю беларускага народа выпаў нялёгкі шлях, выпала нямала нягод і выпрабаванняў, але ў адным ён не можа паскардзіцца, у тым, што ў яго не было народа-брата. У яго заўсёды былі народы-браты. Побач з ім, па суседству з ім. І гэта з'яўлялася адной з вызначальных перадумоў яго душы, яго нацыянальнага характару і адсюль — інтэрнацыянальнага характару яго фальклору і яго літаратуры. Прыгадаем імёны тых, з каго пачыналіся «круглыя сталы» яшчэ ў далёкім мінулым, імёны Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Сімяёна Полацкага, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча... Бліжэй да нашага часу, да часу першай рускай рэвалюцыі — Цётка. Жывое ўвасабленне адзінства слова, рэвалюцыйнага дзеяння і інтэрнацыянальнага пачуцця.
Фенаменальнай з'явай паўстае ў нашай свядомасці постаць Максіма Багдановіча, які, нягледзячы на тое, што ён, як і Цётка, рана памёр, паспеў развіць у сабе шырокі погляд на літаратуру, усвядоміць залежнасць яе развіцця ад літаратур суседніх і сусветнай, увабраць у арбіту сваёй творчай увагі — як публіцыст, крытык і перакладчык — многія імёны рускай, украінскай, заходнееўрапейскай літаратур. Мы атрымалі нядаўна зборнік выбраных вершаў Поля Верлена ў перакладзе Алега Лойкі. Факт прыемны. Але тым больш ён прыемны, што тут ужо існуе пэўная традыцыя, што ўжо на пачатку стагоддзя Верлена перакладаў Багдановіч. («Ціхі і сіні блішча над хатай неба прастор. Ціха гайдае ліпа над хатай лісцяў узор...») «Было б горш чым нядбальствам, — пісаў ён у 1915 годзе, — нічога не ўзяць з таго, што сотні народаў праз тысячы гадоў сабіралі ў скарбніцу светавой культуры» (Звярніце ўвагу на гэты гістарызм, на гэты маштаб: «Сотні народаў праз тысячы гадоў...») У той жа час Багдановіч не ўпускаў з-пад увагі і другі бок справы — не проста браць, а творча асвойваць і даваць у адказ — і выказваў надзею, што маладая беларуская літаратура «не толькі нашаму народу, але і ўсясветнай культуры нясе свой дар».
Мы ўжо звярталіся да светлых імён Купалы і Коласа... Сапраўды гэтыя імёны мы пішам залатымі літарамі не толькі ў летапісу нашай літаратуры, але і на скрыжалях яе дружбы, яе ўзаемаадносін з другімі літаратурамі. Іх творчая і грамадская дзейнасць наколькі глыбока патрыятычная, пастолькі і інтэрнацыянальная. І не выпадкова, што менавіта Купала пераклаў на родную мову «Міжнародны гімн» («Інтэрнацыянал»), а апошнімі, перадсмяротнымі словамі Коласа былі: «Не магу я, на жаль, хворай рукой адгукнуцца на ўсе сусветныя падзеі» (словы з недапісанага пісьма).
Бурны прыліў новых літаратурных сіл у першыя паслярэвалюцыйныя гады суправаджаўся адначасова і незвычайнай актывізацыяй творчых сувязей, ростам цікавасці да літаратур іншых народаў, уздымам беларускага мастацкага перакладу. Побач з Купалам і Коласам, якія перакладаюць з рускай, украінскай, польскай моў, Ул. Дубоўка і Ю. Гаўрук пачынаюць перакладаць англійскую і нямецкую класіку, М. Зарэцкі, К. Крапіва і М. Лужанін бяруцца калектыўна за пераклад славутых «Прыгод удалага салдата Швейкі». Тут жа А. Звонак і М. Хведаровіч задумваюць пераклад «Віцязя ў тыгравай шкуры» Шата Руставелі. Вывучаюць, каб перакладаць з арыгінала, замежныя мовы Ю. Таўбін, А. Зарыцкі, Я. Семяжон. Першы з іх энергічна перакладае адразу з некалькіх моў, што і знайшло адлюстраванне ў гумарыстычна-сяброўскай эпіграме Кандрата Крапівы:
Перакладчыкам быў Таўбін.
Гэты, каб яму давалі,
Том за вечар пераклаў бы...
Шмат тады перакладалі.
А з другога боку, якраз да таго часу адносіцца і наступны памятны факт: членамі рэдкалегіі часопіса «Полымя» (тады ён называўся «Полымя рэвалюцыі») былі Юліус Фучык, Іагапес Бехер і Бела Ілеш. Яны былі сябрамі Беларусі. І ў 1943 годзе Ю. Фучык пісаў: «Паглядзіце, як ваююць беларусы!» А. Б. Ілеш, аповесць якога «Маладзечна» друкавалася ў 1927 годзе ў газеце «Звязда», да канца сваіх дзён (ён нядаўна памёр) цікавіўся жыццём нашай рэспублікі, развіццём яе літаратуры.
«З таго часу прайшло якіх-небудзь тры гады», — пісаў Колас. З таго часу, гаворым мы сёння, прайшлі гады і дзесяцігоддзі. Мы адзначаем 60-годдзе Вялікага Кастрычніка, адной з галоўных заваёў якога з'яўляецца рэальная роўнасць і дружба ўсіх нацый і народнасцей нашай краіны, росквіт іх культур, нацыянальных па форме і сацыялістычных па зместу. Гэтае вялікае дасягненне сацыялізма зафіксавана ў артыкулах новай Канстытуцыі СССР, праект якога абмяркоўваўся ўсенародна, у абстаноўцы небывалага палітычнага і маральнага ўздыму ўсіх слаёў грамадства. На сённяшні дзень склалася ў сваіх найбольш тыповых рысах новая гістарычная агульнасць людзей — савецкі народ. «Савецкі чалавек любой нацыянальнасці, — адзначаў П. М. Машэраў у артыкуле «Аб некаторых рысах і асаблівасцях нацыянальных адносін ва ўмовах развітага сацыялізма», — разумее свет акаляючых яго рэчаў і з'яў з пазіцыі камуністычнай ідэалогіі і маралі, якія з'яўляюцца вяршыняй у духоўным і маральным прагрэсе чалавецтва».
Натуральна, што ў такіх грамадска-палітычных умовах стваралася і адпаведная маральная атмасфера ва ўзаемаадносінах паміж разнамоўнымі пісьменнікамі Савецкай краіны. Дружба літаратур не дэкларацыя, не ветлівасць і тым больш не нейкая «штучная нацяжка», як спрабуюць прадставіць справу некаторыя «саветолагі», — а гэта жывая відавочнасць, гэта рэальна існуючы фактар нашага культурнага і грамадскага жыцця. Дружба гэтая ўступае сёння ў новы якасны этап. Калі, скажам, у 20-30-я гады ішла яшчэ толькі кансалідацыя, агляд і збор маладых літаратурных сіл Краіны Саветаў, калі сувязі яшчэ насілі хутчэй за ўсё інфармацыйна-азнаямленчы характар, калі ішоў працэс першапачатковага колькаснага накаплення, — то зараз мы бачым увачавідкі вынікі гэтага плённага працэсу. Аб дружбе літаратур мы гаворым зараз як аб рэальнай праяве ленінскай нацыянальнай палітыкі, новай савецкай маралі, як аб жывой рэчаіснасці, якая ў нашай крыві і нашай плоці, у нашым штодзённым чалавечым, грамадзянскім і творчым адчуванні. Мы гаворым аб узаемадзеянні, аб узаемаабмене, аб узаемнай сумеснай працы на карысць кожнай нацыянальнай літаратуры, узятай асобна, і ўсёй савецкай літаратуры, узятай як адзінае цэлае. Мы гаворым аб справе, якую робім дружна па прынцыпу: «Адзін за ўсіх, усе за аднаго». Так, тут такая дыялектыка і такая зваротная сувязь — адзін з асноўных прынцыпаў нашага маральнага кодэкса ляжыць у аснове нашай сумеснай літаратурнай працы, а літаратура ў сваю чаргу ўвасабляе гэты прынцып, гэтую мараль у сваіх творах, у сваім звароце да чытача.
«Ідэалагічна ўсведамленне інтэрнацыянальнага сацыялістычнага адзінства нашай шматнацыянальнай літаратуры сёння глыбокае, як ніколі», — гаворыць Ю. Сураўцаў. І з гэтым сцвярджэннем нельга не пагадзіцца.
Хачу звярнуць увагу на такі момант: вопыт грамадскага і літаратурнага развіцця ўзнімае наша ўяўленне па такую вышыню, з якой мы ўжо не можам глядзець на сваю літаратуру па-старому, па-правінцыйнаму. Здаецца, мы ўжо развіталіся з паняццем перыферыі ў дачыненні да літаратуры. І тут, безумоўна, зрабіў і робіць сваю вялікую справу фактар дружбы, фактар нашых узаемасувязей. Мы ўжо не можам абыходзіцца без яго ў падыходзе да нашай літаратурнай гаспадаркі, у ацэнках яе стану, яе магчымасцей, перспектыў яе развіцця.
Вазьміце кнігу публіцыстыкі — артыкулаў, выступленняў, нататак, пісем — пакінуўшага нас дачасна Івана Мележа, кнігу, якую яшчэ зусім нядаўна мы сустрэлі як жывую гутарн;у з намі, а сёння ўжо разглядаем як запавет, кнігу, якая так і называецца «Жыццёвыя клопаты». «Мы — інтэрнацыяналісты» — так называе, словамі Леніна, адно з сваіх выступленняў Іван Паўлавіч. «Нашы заходнія браты», «Ідэальны вобраз рускага пісьменніка», «Сіла братэрства», «Вялікая дачка Украіны», «Чалавек чалавецтва», «Масты дружбы», «Пра карысць сустрэч»... Вось і назвы, вось адначасова і галоўны кірунак, і маштабы, і пафас жыццёвых клопатаў пісьменніка. У інтэрв'ю, дадзеным часопісу «Дружба народов» да 50-годдзя СССР, Іван Мележ, адказваючы на пытанне аб значэнні для пісьменніка знаёмства з літаратурамі іншых народаў, гаварыў: «Я пастаянна сачу за жыццём братніх літаратур, чытаю іх кнігі. Але, як мне здаецца, не з прычыны таго, што я свядома пераканаў сябе: гэта мне павінна быць карысна, павінна даць нешта каштоўнае. Думаю, усё выглядае некалькі інакш.
Пачуццё, з якім я бяру ў рукі кнігі (маюцца на ўвазе кнігі пісьмепнікаў братніх рэспублік, — А. В.), мабыць, хутчэй падобна да таго, з якім, ідучы дарогаю, глядзіш на яе, на ўсё, што па яе баках, на тых, хто ідзе насустрач. На пачуццё, з якім сустракаешся з сябрамі, з таварышамі па рабоце, з людзьмі наогул, знаёмымі і незнаёмымі.
Гэтае пачуццё прыцягвае мяне да ўсяго, што адбываецца ў свеце, у літаратурах усяго свету, і, натуральна, у першую чаргу, — у роднасных, савецкіх, сацыялістычных».
У другім выпадку І. Мележ так выказаў гэтую думку: «Вельмі важна — адчуваць побач другіх, рух літаратуры, рух жыцця. Гэтае адчуванне не дае супакойвацца, дапамагае жыць усхвалявана, змястоўна, паўнацэнна».
Вось якая тут залежнасць — паводле гэтага глыбокага па сэнсу прызнання: пачуццё локця, «пачуццё сям'і адзінай» дапамагае паўнацэнна жыць, дае адпаведны маральны тонус, а апошні спрыяе творчасці. Адно звязана з другім. Дружба літаратур пераламляецца ў душах стваральнікаў. Дружба літаратур закранае сферу псіхалогіі творчасці.
Пачуцці, адчуванні мастака... Яны дапаўняюцца, асэнсоўваюцца нашай літаратуразнаўчай думкай, якая ўсё больш пераконана гаворыць аб неабходнасці пашырэння ацэначнага крытэрыю. Характэрны ў гэтым сэнсе зборнік артыкулаў Алеся Адамовіча з характэрнай, зноў-такі, назвай «Здалёку і зблізку (Беларуская проза на літаратурнай планеце)». Кнігу адкрывае артыкул «Талстоўскі крок», галоўная думка якога заключаецца ў словах: «...Бачыць сваю літаратуру не ізалявана, а ўключанай у сілавое поле як многанацыянальнай савецкай, так і сусветнай літаратуры. Як уключана само жыццё беларускага народа ў жыццё краіны і цэлага свету».
Віктар Каваленка ў сваім даследаванні «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» разглядае шлях пашай літаратуры ў шырокім гістарычным кантэксце і лічыць, што «наступіла пара асэнсаваць важнейшыя з'явы ідэйна-мастацкіх сувязей беларускай літаратуры з іншымі літаратурамі як важныя этапы яе ўнутранай эстэтычнай эвалюцыі да сусветнага ўзроўню».
Да такога ж крытэрыю ўсё часцей звяртаюцца даследчыкі нашай паэзіі. Не выпадкова ж, што, напрыклад, Мікола Арочка разглядае як правіла стан беларускай паэмы па шырокім фоне развіцця гэтага жанру ў братніх літаратурах, а Марына Барсток, Уладзімір Гніламёдаў, Ніл Гілевіч, Алег Лойка ацэньваюць нашу лірыку ў параўнанні з аналагічнымі з'явамі ў рускай, украінскай, балгарскай, польскай паэзіі.
Алег Лойка, спрабуючы заглянуць у заўтрашні дзень нашай паэзіі, звяртаецца ў артыкуле «Паміж наступным і былым» («Маладосць», 1976, № 9), з аднаго боку, да гістарычнага вопыту сусветнай літаратуры, а, з другога, — да працэсу літаратурных узаемаадносін. «Што толькі не «перамешвала», — піша ён, — народы і культуры на працягу стагоддзяў! Калі да сярэдніх вякоў культурнае ўзаемазбліжэнне было пераважна распаўсюджваннем міфалагічных вобразаў, а затым вобразаў, матываў, звязаных з рэлігіяй, то ў новым часе на першы план выйшлі ўзаемасувязі новых арыгінальных літаратур, менавіта цяпер з асобных літаратур стала складвацца сусветная ў яе сённяшнім разуменні». І далей: «У нашай краіне ідзе гістарычны працэс збліжэння сацыялістычных нацый, сацыялістычных нацыянальных культур. Гісторыя сапраўды не ведала яшчэ такой усезямной глабальна-маштабнай камунікатыўнасці, як у наш час, не ведала прыкладаў такога інтэрнацыянальнага яднання народаў, які дае Краіна Саветаў».
Як бачым, і А. Адамовіч, і В. Каваленка, і А. Лой ка зыходзяць з паняцця «сусветная літаратура».
Гавораць, што аб узроўні літаратуры трэба меркаваць па ўзроўню літаратурна-крытычнай думкі. Калі гэта так, калі мець на ўвазе, што наша крытыка пачынае вось так шырока глядзець на рэчы. значыць, наша беларуская літаратура дасягнула высокага ўзроўню.
Якімі шляхамі ідзе працэс збліжэння літаратур? Як ажыццяўляецца іх узаемасувязь і ўзаемадзеянне?
Пытанне гэтае вельмі вялікае, і я паспрабую спыніцца толькі на некаторых яго аспектах. На адзін з іх звярнуў увагу яшчэ Якуб Колас, калі загаварыў у прыведзеным вышэй артыкуле аб «узаемным знаёмстве і асабістай дружбе». Так, у шматзначнай формулы «дружба народаў — дружба літаратур» ёсць і ўласна маральны, я б сказаў, канкрэтна чалавечы сэнс: сустракаюцца, знаёмяцца, сябруюць, дапамагаючы адзін аднаму, канкрэтныя аўтары, канрэтныя прадстаўнікі братніх літаратур... У свой час прэсу абышло каларытнае фота: Расул Гамзатаў і Кайсын Куліеў накідваюць па-брацку адразу з двух бакоў дзве буркі на плечы Аркадзя Куляшова — дагестанскую і балкарскую. Фотаздымак самым наглядным чынам сведчыў не толькі аб атмасферы юбілейнага вечара, які сабраў гасцей, а і аб атмасферы, якая характарызуе літаратурнае жыццё нашай шматнацыянальнай краіны. Той жа Кайсын Куліеў, звяртаючыся да сваіх сяброў з Беларусі, усхвалявана казаў: «Мне нават здаецца, што я не мог бы жыць і працаваць без Аркадзя Куляшова і яго паэзіі, поўнай святла і трывог нашага часу, яго мужнасці і надзей. Я ведаю, што ў Мінску жыве сардэчны чалавек, мудры вялікі мастак, верны друг і паэт сапраўдны. А побач з Куляшовым я бачу ўсмешку другога выдатнага лірыка — Петруся Броўкі, чую яго дружалюбны голас, бачу ўважлівы позірк добрых вачэй Максіма Танка...»
З той жа нагоды народны паэт Балкарыі назваў «рыцарам брацтва муз» Мікалая Ціханава. І я прыгадваю, як Міхаіл Дудзін, выступаючы ў друку ў сувязі з юбілеем Ціханава, сказаў, апрача ўсяго іншага: «Ва ўсіх рэспубліках лепшыя літаратары — сябры Ціханава. Сябры даўнія і верныя. Заўсёды і ўсюды ён падае прыклад таго, як павінен дзейнічаць і працаваць паэт, літаратар у новым грамадстве, у грамадстве сацыялістычнага братэрства народаў».
У апошнія гады завязалася нямала добрых сяброўскіх зносін з літаратарамі сацыялістычных краін. Шляхі нашай дружбы вядуць у Варшаву і Сафію, у Прагу і Будапешт, у Браціславу і Улан-Батар... Нашы сябры, перакладчыкі і прапагандысты беларускай літаратуры ў сваіх краінах, добра ведаюць дарогу ў Мінск. Адзін са старэйшых балгарскіх пісьменнікаў, першы перакладчык нашай паэзіі па балгарскую мову (у канцы дваццатых гадоў пераклаў і надрукаваў верш А. Александровіча «Сасна») Ангел Тодараў, які ў мінулым годзе зноў наведаў Беларусь, сказаў:
Пераадолеў безліч кіламетраў —
А нібы трапіў у сваю сям'ю.
А суайчыннік А. Тодарава, пісьменнік другога, маладзейшага пакалення Стэфан Паптонеў, аўтар усхваляваных кніг пра пашу рэспубліку «Беларусь — белая балада» і «Бярозы, я ў вашым палоне», прызнаецца, што для яго «беларуская тэма стала часткай творчай біяграфіі, а Беларусь — часткай біяграфіі грамадзянскай». А такія верныя сябры пашай рэспублікі і яе літаратуры, як Найдан Вылчаў, Андрэй Германаў, Іван Давыдкаў, Георгій Вылчаў... І вось Ніл Гілевіч прысвячае цэлы раздзел сваіх «Актаў», якія выйшлі асобнай кнігай, балгарскім сябрам, так і назваўшы раздзел: «Запрашэнні балгарскім сябрам». Запрашэнні маюць канкрэтны, персанальны адрас. Вось адно з іх, адрасаванае Н. Вылчаву:
Ці хацеў бы ты, мой любы браце,
Ізноў пабыць у беларускай хаце,
На покуце ў застоллі пасядзець
І разам з партызанамі былымі —
Дзядзькамі і суседзямі маімі —
Пра вогненную вёску песню спець?
Заеду — мама кожны раз пытае:
«А што ж балгарын твой не прыязджае?»
Сталі сістэматычнай з'явай запрашэнні ў госці ў нашых узаемаадносінах з польскімі таварышамі па пяру. Дні польскай літаратуры, якія адбыліся ў канцы мінулага года, дзелавыя кантакты прадстаўнікоў лодзінскага выдавецтва з рэдактарамі нашага выдавецтва «Мастацкая літаратура», іншыя ўзаемныя візіты і мастацкія пераклады (твор за твор, кніга за кнігу...) — усё гэта значна ажывіла наша творчае супрацоўніцтва. «Нашы літаратуры да гэтай пары, — пісаў Леслаў М. Бартальскі ў артыкуле «Беларусі адкрытае сэрца», — былі нібы два рукавы вялікага патоку, якія ніяк не маглі сустрэцца, хаця і плылі побач. Праўда, польская літаратура, як я тады пераканаўся, была больш вядома ў Беларусі, чым беларуская ў нас, аднак колькі яшчэ заставалася прабелаў!» На сённяшні дзень становішча намнога змянілася, прабелаў ва ўсякім выпадку стала менш. І гэта дзякуючы асабістаму знаёмству і добрым адносінам з польскімі калегамі Максіма Танка, Янкі Брыля і некаторых іншых нашых пісьменнікаў, якія перакладаюць з польскай, дзякуючы ўвазе і творчым намаганням такіх польскіх літаратараў, як Ян Гушча, Мацей Юзаф Канановіч, Ігар Сікірыцкі, Тадэуш Хрусцялеўскі, Войцах Жукроўскі, Эўгеніуш Кабатц... Гаворачы пра дружбу з беларускімі пісьменнікамі, апошні з іх прызнаўся ў адным артыкуле: «Я атрымоўваю сапраўднае задавальненне ад сустрэч з імі і даражу іх дружбай. І я не перабольшу, сказаўшы, што многім ім абавязаны».
Непасрэдныя кантакты, асабістае сяброўства гэта, вядома, не толькі прыемныя размовы і шчырыя святочныя застоллі, не толькі маральнае задавальненне. Гэта і ўзаемнае пазнаванне, і абмен вопытам, і дзелавая дапамога. Іван Мележ паведаміў, якую ролю адыгралі для яго як аўтара «Мінскага напрамку» і «Палескай хронікі» парады А. Фадзеева. Пятрусь Броўка ў сваіх успамінах аб сустрэчах з М. Ісакоўскім і А. Твардоўскім расказвае, якое значэнне мелі гэтыя сустрэчы для яго творчага ўзбагачэння.
Васіль Быкаў у артыкуле «Пухам табе зямля» пісаў пра Твардоўскага: «Я думаю, што ў гэты жалобны час развітання разам з многімі іншымі не абмінуць яго шчырай удзячнасці шмат якія нашы аўтары... Праходзячы ў яго суровую па сваёй патрабавальнасці школу літаратуры, мы пасцігалі вышыню яе ідэалаў, пазбаўляліся рэштак правінцыяльнага верхаглядства, вучыліся не баяцца несправядлівай жорсткасці крытычных прыгавораў...»
Словам — маральныя ўрокі, грамадзянскі прыклад, словам — «школа літаратуры». Апошняе паняцце можна тлумачыць і ў больш шырокім сэнсе. Школа літаратуры — і ва ўзаемным абмене аўтографамі, ва ўзаемным чытанні і творчым засваенні прачытанага. Іван Шамякін, адказваючы газеце «Літаратура і мастацтва» наконт выкарыстання вопыту братніх літаратур, сказаў: «Нядаўна прачытаў раман Ганчара «Бераг любві». Чытаў усё, што ён напісаў. Я захапляўся яго майстэрствам, уменнем паказаць нацыянальны ўкраінскі характар. «Бераг любві» зрабіў на мяне асабліва моцнае ўражанне. Гэта — паэма ў прозе. На такіх творах нельга не вучыцца».
Нельга не адзначыць тут і такі немалаважны момант. Нашы асабістыя знаёмствы і творчыя кантакты, нашы ўзаемасувязі спрыяюць пошуку станоўчага героя, пошуку новага чалавека. Літаратура адкрывае краіну і яе людзей. Краіна і яе людзі адкрываюць літаратуру. Інакш кажучы, праз знаёмства з прадстаўніком дадзенай краіны пазнаеш яе духоўны патэнцыял, яе маральныя асаблівасці і ідэалы, пазнаеш і памнажаеш на тыя духоўныя каштоўнасці, якія былі засвоены да гэтага. Знаёмячыся з прадстаўнікамі братніх літаратур, мы, так ці інакш, супастаўляем іх з героямі іх твораў, нас цікавіць, як гэтыя героі, лірычныя яны ці эпічныя, увасабляюць у сабе рысы свайго народа. Тое ж адбываецца і ў дачыненні да нас. Ян Судрабкалн у сваёй прадмове да зборніка беларускай паэзіі на латышскай мове, Уолтэр Мэй у пасляслоўі да анталогіі беларускай паэзіі, перакладзенай на англійскую мову, Андрэй Германаў у інтэрв'ю гавораць аб непасрэдных асабістых уражаннях і ў той жа час звяртаюць увагу на тое, як беларуская паэзія ўвасабляе ў сабе рысы нашага нацыянальнага характару, маральныя і духоўныя асаблівасці прадстаўніка сучаснай Савецкай Беларусі. На пытанне: «Чым прывабіла вас беларуская паэзія?» А. Германаў сказаў наступнае: «Для мяне яна вельмі блізкая па сваім духу. Вельмі гуманная, сардэчная. Я тройчы наведаў Беларусь, і наколькі магу меркаваць, беларуская паэзія поўнасцю адпавядае беларускаму характару».
Мастацкі пераклад... Без яго, вядома, немагчыма ўявіць інтэрнацыянальныя сувязі адной літаратуры з другой, іх узаемадзеянне. Мы гаварылі аб дружбе пісьменнікаў. Але несумненна, што актам найвышэйшай дружбы паміж імі з'яўляецца пераклад, з'яўляецца перастварэнне мастацкага твора на іншай моўнай аснове. На пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, які адбыўся ў маі г.г. і быў прысвечаны разгляду інтэрнацыянальных сувязей беларускай літаратуры, а таксама ў матэрыялах газеты «Літаратура і мастацтва», якія друкаваліся напярэдадні пленума і ў якіх ішоў абмен думкамі аб стане і праблемах беларускага мастацкага перакладу (гэты абмен пачаўся артыкулам В. Рагойшы «І святы, і будні. Беларускі пераклад — 76»), было ўсебакова абмеркавана становішча спраў у гэтай галіне культурнага жыцця рэспублікі. Прыводзіліся, у прыватнасці, такія звесткі: на беларускую мову ажыццёўлены пераклад твораў з 40 замежных і 34 моў народаў СССР, з 1918 па 1976 год перакладзена звыш 500 асобных выданняў агульным тыражом больш як З млн. экземпляраў (толькі з моў замежных краін). Адзначалася плённая перакладчыцкая праца А. Куляшова, Ю. Гаўрука, М. Танка, Я. Семяжона, А. Зарыцкага, Я. Брыля, Н. Гілевіча, М. Лужаніна, М. Хведаровіча, Э. Агняцвет, А. Лойкі, Р. Барадуліна, П. Макаля, Г. Бураўкіна, Я. Бяганскай, Н. Кісліка, А. Разанава, Б. Спрынчана, В. Сёмухі, Н. Мацяш, К. Кірэенкі, В. Нікіфаровіча, М. Татура, У. Анісковіча і інш. Гэтыя звесткі яшчэ свежыя ў памяці чытача, паўтараць іх няма патрэбы, і я падзялюся толькі некаторымі меркаваннямі наконт грамадскага і эстэтычнага значэння мастацкага перакладу, наконт яго ролі ў інтэрнацыянальным збліжэнні літаратур і людзей.
Так, слова ёсць справа. Слова перакладное — справа асаблівая. Прывяду такі прыклад. Звязаны з імем ужо памянёнага вышэй Міхаіла Ісакоўскага, дакладней, з двума яго перакладамі з беларускай паэзіі. Мы ўсе помнім з дзяцінства, са школьнай парты верш. Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык», помнім уражанне, эмацыянальны стан, якія выклікала чытанне верша... Купалаўскія радкі клікалі да неба і Юрыя Гагарына, які, па сведчанню маці, ведаў і любіў гэты верш (у перакладзе М. Ісакоўскага). Не будзем катэгарычна сцвярджаць, што менавіта гэты факт вырашыў лёс пытання: каму з людзей быць першым у космасе? Але што ён мог паўплываць на выбар прафесіі, па выбар жыццёвага прызвання смаленскім хлопчыкам, можна смела дапускаць. Другі факт, які прывёў Ніл Гілевіч у сваім выступленні на мінулым пісьменніцкім з'ездзе... Былы партызан, чарнагорскі паэт Радаван Зогавіч расказаў яму эпізод з мінулай вайны. Савецкі самалёт даставіў югаслаўскім партызанам боепрыпасы і медыкаменты і разам з імі некалькі савецкіх кніг аб вайпе, у тым ліку паэму А. Куляшова «Сцяг брыгады» ў перакладзе на рускую мову М. Ісакоўскага. «Паэма, — успамінаў Зогавіч, — літаральна ашаламіла мяне. Я чытаў яе і перачытваў шмат разоў. Чытаў таварышам па зброі, якія трохі разумелі рускую мову, для тых, хто не разумеў, асобныя мясціны сам перакладаў на сербскую. Гэта была паэзія, якая радніла нас з савецкімі братамі — радніла ў нянавісці да фашыстаў і ў веры перамогу...»
Агульнасць чалавечай песні... Калі адзін яе складае і запявае, а другі падхоплівае. У гэтым імкненні да, узбагачае наш мастацкі арсенал. Такі ўзаемаабсуперажыванні і заключаюцца і адзін з галоўных стымулаў і вялікі грамадскі сэнс справы мастацкага перакладу. Ён, інакш кажучы, катэгорыя не толькі літаратурна-эстэтычная, але і маральная.
Ленін у свой час пісаў аб стваральніку «Інтэрнацыянала» паэту Эжэну Пацье, што той «...пакінуў па сабе сапраўды нерукатворны помнік. Ён быў адным з самых вялікіх прапагандыстаў сродкамі паэзіі».
Перакладаць — гэта значыць і прапагандаваць, выкарыстоўваць сілу перакладнога мастацкага слова для ідэйнага ўздзеяння на чытача.
Перакладаць — гэта і творча спаборнічаць, прымаць удзел у своеасаблівым турніры міжнароднага класа. У свой час сусветная спартыўная прэса пісала аб прычынах няўдалага выступлення вядомага кубінскага баксёра, чэмпіёна алімпійскіх гульняў Тэафіла Стывенсана на міжнародных спаборніцтвах у Мінску, дзе ён прайграў фінальны паядынак савецкаму баксёру. І кубінскі спартыўны каментатар адзначаў у якасці адной з прычын паражэння Стывенсана тое, што на радзіме ў яго няма дастойных сапернікаў. «Лёгкія перамогі ў спаборніцтвах, якія праводзіліся на Кубе, не замарудзілі праявіцца на падрыхтоўцы спартсмена», — падкрэслівала газета.
Так, мастацкі пераклад, узбагачэнне праз яго нацыянальнай літаратуры і фарміраванне, дзякуючы яму, цвярозага разумення сваіх магчымасцей і дасягненняў, — усё гэта — моцны сродак супраць правінцыялізму, супраць такога яго захворвання, як самазадаволенасць. Максім Танк пісаў у прадмове да зборніка сучаснай італьянскай паэзіі, які выйшаў у нас нядаўна па-беларуску: «Знаёмства з кожнай мастацкай з'явай іншай літаратуры далучае нас да новых культурных каштоўнасцей, думак, пашырае наш кругагляд, наша ўяўленне аб характары народа, узбагачае паш мастацкі арсенал. Такі ўзаемаабмен неабходны любой літаратуры, — для яе паспяховага руху наперад, для вызначэння яе месца ў духоўным жыцці чалавецтва».
Перакладаць — гэта пераадольваць бар'еры няведання і адчужанасці, «дэманічную сілу невуцтва» (Маркс). Анталогія беларускай паэзіі на англійскай мове «Як вада, як агонь», якая выйшла па ініцыятыве ЮНЕСКА ў Лондане, сустрэла станоўчую рэакцыю нават тых людзей, якія напачатку адносіліся да падобнай спробы, да працы перакладчыцы Веры Рыч з недаверам і скептыцызмам. Літаратурны аглядальнік часопіса «Славонік рэв'ю», які выдаецца кафедрай славістыкі Оксфордскага універсітэта, адзначыў, што «анталогія беларускай паэзіі «Як вада, як агонь» — выдатная літаратурная з'ява і што гэтая кніга будзе служыць не толькі чытачам у самой Вялікабрытаніі, а і чытачам у розных краінах свету каштоўнымі ўводзінамі ў несправядліва занядбаны да апошняга часу куток агульнаеўрапейскай мастацкай літаратуры».
Гэта выдатна, што ў чалавеку ёсць патрэба прыслухацца да іншай мовы і патрэба перакласці гэтую другую мову на сваю ўласную. Гэта выдатна, што ў мастацкай творчасці аднаго народа, адной краіны ёсць непаўторныя скарбы, якія цікавяць людзей другога народа, другой краіны, якія даюць падставу, даюць матэрыял для духоўнага супрацоўніцтва людзей у сферы стварэння той самай сусветнай літаратуры, аб якой гаварылі яшчэ ў «Маніфесце Камуністычнай партыі» Маркс і Энгельс, у якую верыў Максім Багдановіч, наяўнасць якой канстатуюць сёння нашы літаратуразнаўцы...
«Слова ёсць справа». Слова, перакладзенае з іншай мовы, ёсць справа двойчы, бо яно яшчэ нясе ў сабе насенне дружбы, з'яўляецца актам сяброўства і добрай волі... Я трымаю ў руках нядаўна выдадзеную ў Рызе кнігу Мірдзы Абады і Дзінтры Вікспы, якая называецца ў перакладзе па беларускую мову «Дружба, узмацнелая ў вяках» і дзе ўважліва разглядаюцца латышска-беларускія культурныя сувязі, узаемадзеянне дзвюх братніх літаратур. І без таго каштоўны падарунак яшчэ суправаджаецца ў дадатак пранікнёным аўтографам (на беларускай мове):
Сябры, браты, прыміце шчыры дзякуй.
Паклон наш нізкі любай Беларусі.
Народы неўміручыя, як сонца.
Над вольным краем шчасце не заходзіць.
Хай брат заўсёды чуе сэрца брата.
...Беларусь — краіна раўнінная. Спакойныя ландшафты краю добра спалучаюцца са спакойным, мірным характарам народа, тым самым характарам, рысы якога заўважаюць і цёпла ацэньваюць перакладчыкі нашай літаратуры.
Але ёсць на нашай зямлі і ўзгоркі. Ёсць узгорак, які называецца географамі гарой Маяк. З яго відаць вёска Вязынка, відаць домік паэта, дзе прайшо яго дзяцінства. З гары гэтай пачынаецца наша Свіслач. Недзе тут пачынаецца і рака купалаўскай, а значыць, у пэўным сэнсе і ўсёй нашай сучаснай паэзіі. Адсюль убачыў пясняр карціну, якая ўразіла яго сэрца і выклікала ў ім гаркотна-суровыя і сціслыя, нібы высечаныя на камені, словы: людзьмі звацца. І не выпадкова, што менавіта з гэтага верша, з верша «А хто там ідзе?», пачала наша паэзія выходзіць у свет (з лёгкай рукі Горкага) у перакладзе па іншыя мовы. І не выпадкова, што менавіта гэтыя радкі, гэтыя словы пераклалі і ўкраінец, і француз, і чэх, і англічанін, і латыш, і немец... Радкі прывабілі як паэтычнае ўвасабленне лёсу народа, яго сацыяльнага і палітычнага ідэалу. Наша паэзія атрымала дзякуючы ім надзвычай павучальны ўрок, атрымала прыклад таго, якой яна павінна быць, як яна павінна служыць народу, каб мець права не толькі з ім «гутарку весці», а несці з годнасцю ўсяму свету свой дар.
Гара Маяк — прыродная ўзвышанасць. Але ёсць на нашай раўніннай зямлі, у некалькіх кіламетрах ад Мінска, узгорак, якога да нядаўняга часу не было. І паходжанне яго зусім не звязана з тэктанічнымі з'явамі. Народ насыпаў гэты ўзгорак сваімі рукамі і назваў яго Курганом Славы... Узвышаюцца, узносяцца ўгору сімвалічныя штыкі, нагадваючы аб ратным подзвігу народа, напамінаючы аб тым, што, хто з мячом і штыком прыходзіць, той ад мяча і штыка гіне. Углядваюцца ў засмужаную даль воіны, высечаныя на барэльефах лаўровага вянка. І калі ўважліва прыгледзецца — у суровых рысах воінаў можна пазнаць і рысы паэтаў і пісьменнікаў, якія пралівалі кроў за свабоду і незалежнасць сваёй вялікай шматнацыянальнай Айчыны — рысы грузіна Гелавані і кабардзінца Шагенцукава, узбека Джуры і ўкраінца Шпорты, рускіх Маёрава і Кульчыцкага і беларусаў Коршака і Сурначова... Наша дружба, наша пабрацімства змацаваны крывёй, пралітай на алтар вялікай перамогі над фашызмам. Тым больш надзейна і плённа ўвасабляюцца яны ў нашым мірным супрацоўніцтве, у нашай сённяшняй сумеснай працы на карысць братніх літаратур, у імя духоўнага прагрэсу савецкай краіны.
Не, не выпадковы той факт, што Курган Славы ўзнік ля развілкі старых, хаця і з новым пакрыццём, дарог, узнік па скрыжаванні з указальнікамі: Мінск — Масква — Вільнюс. Менавіта на скрыжаванні чалавек можа адчуць сябе разгублена-адзінокім, менавіта на скрыжаванні ён можа адчуць сябе разам з другімі людзьмі, убачыць свой лёс як часціну лёсу ўсеагульнага.
Дзе курганы — вякоў паданні
І лён у цвеце — як прыбой...
Зямля братэрская, жаданні
І думы ўсе мае з табой!
Рад сэрцам: цень вайны знікае,
Дарога ў мірны свет вядзе,
Над Мінскам раніца такая,
Што верыш — будучыня йдзе, —
сказаў, можа быць, пасля наведання Кургана Славы, даўні сябра нашай паэзіі Эўгеніуш Матузявічус у вершы «Братам — беларусам».
Ёсць на раўніннай беларускай зямлі яшчэ адзін узгорачак, яшчэ адзін курган, які таксама — праўда, з іншай нагоды — насыпаны рукамі народа, дакладней: двух народаў — польскага і беларускага. Названы гэты курган Курганом бяссмерця, і насыпаны ён на ўскраіне нашага Навагрудка ў гонар ураджэнца гэтых мясцін, вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча, які, па паэтычным сведчанню Пушкіна, марыў аб тых часах, «когда народы, распри позабыв, в единую семью соединятся».
Мы з'яўляемся сёння сведкамі рэальнага яднання народаў і людзей. Мы маем сёння шчаслівую магчымасць сведчыць такія гістарычныя з'явы, як узнікненне новай агульнасці людзей — савецкага народа, як нараджэнне міжнароднага саюза новага тыпу — садружнасці сацыялістычных краін.
Менавіта гэтай справе — справе збліжэння народаў, згуртавання іх у адну сям'ю, у вялікую камуністычную садружнасць — і служаць інтэрнацыянальныя сувязі нашай літаратуры з літаратурамі другіх народаў і краін.
Хай брат заўсёды чуе сэрца брата!
1977