Паэзія не можа быць абыякавай да мінулага, таму што яна... парываецца наперад, у будучыню. У гэтым вонкава парадаксальным сцвярджэнні няма супярэчнасці. Прыгадаем словы Герцэна: «Паўней усведамляючы мінулае, мы вытлумачваем сучаснае, глыбей апускаючыся ў сэнс былога — раскрываем сэнс будучага, гледзячы назад — крочым наперад». У дачыненні да паэзіі гэта ісціна мае асаблівы сэнс, бо тут нельга без ідэалу, без традыцыі, без духоўнай пераемнасці.
Узнаўляць сувязь часоў, пастаянна падтрымліваць яе — адна з важнейшых стваральных магчымасцей і адна з галоўных маральна-грамадскіх задач паэзіі.
Гэтая і падобная да яе думкі прыходзяць, калі чытаеш новую кнігу Янкі Сіпакова «Веча славянскіх балад...» — кнігу цікавую, своеасаблівую і ў пэўным сэнсе характэрную для пашай сучаснай паэзіі, якая, несумненна, пашырае тэматычныя і жанравыя абсягі, выходзіць на новыя ідэйна-мастацкія рубяжы.
«Веча славянскіх балад...» Веча — паняцце гістарычнае, звязанае, як вядома, з існаваннем старажытнарускіх рэспублік, у прыватнасці Наўгародскай. Жанр балады таксама мае на ўвазе гістарычны змест. Значыць, паэт звяртаецца да мінулага? Калі чытаеш кнігу — пераконваешся, што яе назва і яе жанравае вызначэнне зусім не ўмоўныя, што яна сапраўды з'яўляецца спробай зрабіць паэтычны экскурс у гісторыю славянскіх народаў. Перад намі праходзяць як сівая мінуўшчына, так і падзеі недалёкага мінулага, праходзіць галерэя як безыменных герояў, безыменных прадстаўнікоў народа, так і вядомых гістарычных дзеячаў... Скарына і Ян Гус, Налівайка і Разін, Ламаносаў і Капернік, Хрыста Боцеў і Мація Губец, рускі цар Пётр Першы, які вучыцца кавальскай справе ў Мікітава Дзямідкі, і балгарскі дар Барыс, якога ў народзе таксама называюць кавалём, бо
Цар занятку даўняму адданы —
Куе, куе ён цяжкія кайданы:
Маўляў, на ўсіх мы путаў накуём.
Чалавечая памяць зроблена так, што звычайна вядзе ад больш блізкага да больш аддаленага ў часе, спачатку спыняецца на тым, што было ўчора, а затым вядзе ў пазаўчарашні дзень... Такі ж прынцып — у аснове пабудовы кнігі Я. Сіпакова. Спачатку ідуць вершы, прысвечаныя падзеям больш блізкім да сучаснасці і больш памятным. Наступныя вядуць нас, у зваротна-храналагічным парадку, да падзей больш далёкіх, у глыбіню стагоддзяў.
Прабачце, даўнія стагоддзі,
Што патрывожыў я ваш пыл.
Адкрываецца зборнік баладамі, прысвечанымі Кастрычніку і яго правадыру Леніну.
Зацесна зрабілася тут, на Шырокай,
Звоняць, як кайданы цяжкія,
званкі...
На вуліцы Шырокай — крокі, крокі:
Леніна шукаюць упарта шпікі.
А ён ужо, Ленін, спяшаецца ў Смольны,
Дзе яго чакае працоўны Савет...
Вось-вось «Аўрора» свет стары расколе...
Вось-вось заднеецца
новы наш свет.
Гаворачы мовай гісторыка, аўтар «славянскіх балад» зыходзіць з канцэпцыі паступальнага руху гісторыі, з веры ў рэвалюцыйнае пераўтварэнне жыцця, у «новы наш свет». І натуральна, што галоўным героем кнігі, якому паэт аддае свае лепшыя пачуцці, з'яўляецца менавіта чалавек, які прысвяціў сябе рэвалюцыйнай барацьбе, справе народа. Гэта — ленінец, які «аддаў сваё сонца і неба, каб магла рэвалюцыя жыць». Гэта — балгарын Хрыста Боцеў, які павёў за сабой на паўстанне юнакоў і зноў-такі «рэвалюцыі аддаў усё, што меў». Гэта — і чэх Ян Гус, які думае ў свой смяротны час:
Адрачыся? І народу здрадзіць?
Скінуць душны плашч, з агню пашыты?
Прадаваць панесці індульгенцыі
Тым, каго вучыў любіць свой край?
Не, ніколі!
Гэта — і простыя магілёўскія цесляры, якія адмаўляюцца скарыцца памагатым езуіта Кунцэвіча і, ахвяруючы сабой, падпальваюць пабудаваны імі пад прымусам касцёл.
Вось яна, радасць з уцехаю, —
Гляньце, як светла вакол:
Над магілёўскімі стрэхамі
У неба шугае касцёл,
Новы палае касцёл...
Гэта — і настаўнік-серб, які мужна заяўляе фашыстам, што прыйшлі расстрэльваць школьнікаў: «Пуцайте, я і сада држым час» («Страляйце, я і зараз вяду ўрок»), А да дзяцей звяртаецца са словамі:
Дзеці, супакойцеся.
Мы правядзём сягоння з вамі
Апошні свой урок...
У гэтым радзе займае сваё дастойнае месца і герой адной з лепшых у кнізе «Македонскай балады» селянін Коча Маркоўскі. Заваёўнікам-грэкам так і не ўдаецца дабіцца ад яго патрэбнага ім прызнання. Тым больш што справу бацькі тут жа працягвае яго маленькі сын.
І раптам рашуча ўсхапіўся
На возе маленькі хлапчук:
— Я — Венька Маркоўскі, бандыты,
Я — македонскі мужык!
Сярод твораў, прысвечаных барацьбітам за нацыянальныя і сацыяльныя правы чалавека, «за нашу і вашу волю», выдзяляюцца ў кнізе балады, дзе паэт стварае тып, мала сказаць велічнай, «величавой» (маю па ўвазе некрасаўскі верш), але і мужнай, самаахвярнай, гераічнай славянкі. Кранаюць абаяльныя, з пачуццём выпісаныя вобразы беларускі партызанкі («Сяўба»), рускай жанчыны («Ростань»), старой чэшкі, «празванай збуйніцай» («Збуйніца»), балгаркі-паланянкі («Лазня»).
Але я не сказаў бы, што аўтар «славянскіх балад» ідэалізуе гісторыю славян, абыходзіць яе драматычныя моманты і ценевыя бакі. Не, для такога сцвярджэння якраз няма падставы. Услаўляючы гераізм, адданасць народнай справе, аўтар у той жа час выкрывае, як найгоршае ліхадзейства, адступніцтва, прадажніцтва, здраду... Палабскія славяне-руяне спяваюць у сваёй баявой песні:
Сцягі — ўперад, славу — ўперад:
Мы прывыклі да яе!
Наша смеласць, нібы верад,
Нам спакою не дае.
Б'ёмся мужна. Будзьце пэўны,
Кожны ўбачыць нашу злосць...
Што нам роднасць, што нам крэўнасць,
Калі з немцам змова ёсць!
Праўда, такое занядбанне «роднасці» і «крэўнасці» дарэмна не праходзіць, за яго даводзіцца дорага расплачвацца. І ў той жа песні з'яўляюцца ўжо менш вясёлыя ноткі:
Толькі штосьці ўсё ж трывожыць
(Халадае нават кроў!),
Што не ворагаў, а можа,
Зваявалі мы сяброў?
Балада «Пыл», дзе выразна ўваскрашаецца адна са старонак барацьбы з татара-мангольскім нашэсцем, — гэта прасякнутыя горыччу радкі пра адшчапенца «баяна»,
Які, пярхаючы ад пылу, спявае:
— Слава, слава, слава Батыю!
І дзякуе, дзякуе «вызваліцелям»
За нагрэты ў запыленых бурдзюках
Ханскі кумыс...
Надзвычай драматычны ракурс знаходзіць Янка Сіпакоў, вырашаючы тэму здрадніцтва ў баладзе «Еш!»... Вязні нямецка-фашысцкага канцлагера выбіраюць са свайго асяроддзя больш моцнага, чым іншыя, і робяць На яго сваю апошнюю стаўку.
Усе пайкі свае і сілы
З надзеяй аддаюць яму штодзень,
Каб стаў ён моцным, каб ён змог падужаць
Наглядчыка, што здзекуецца, кат.
— Еш!
Еш... Вязні не маглі нават падумаць,
Што той, хто пайкі іхнія жарэ, —
Не сябра іх. Ён здраднік, здраднік, здраднік,
Якога сам наглядчык падаслаў...
— Падавіся!
Наогул, у дадзеным выпадку можна смела гаварыць аб цэласнасці кнігі, аб скразной ідэйна-тэматычнай дамінанце. Пры гэтым кніга не пакідае ўражання аднастайнасці, манатоннасці. Наадварот, яна багатая на фарбы і інтанацыі. Аўтар умела мадыфікуе выбраны ім жанр. Мы знаходзім у зборніку і «партыйную баладу», і баладу-легенду, і баладу-жарт, і баладу-плач, і баладу-казку. Тут ёсць і адкрыта публіцыстычныя радкі (на жаль, яны часам пераходзяць у рыторыку), і лірычныя звароты, і жанравыя сцэнкі, і дыялог... Словам, балада паўстае перад намі ў кнізе Я. Сіпакова ў абноўленым выглядзе. Яно і зразумела. «Немолод очень лад баллад, не если слова болят и слова говорят про то, что болят, молодеет и лад баллад...»
Іншая справа, калі ў чытача ўзнікне пытанне такога характару: ці заўсёды ўдаецца паэту ўзняцца над гістарычным матэрыялам? Ці не з'яўляюцца часам яго балады вершаванымі ілюстрацыямі да пэўных падзей? Бо кожнага мастака, у тым ліку і паэта, які звяртаецца да гістарычнай тэмы, падсцерагае такая небяспека — трапіць у палон фактаграфіі. Можа ўзнікнуць тут і яшчэ адно пытанне, якое ўжо выходзіць за рамкі дадзенага разгляду: ці можа ў паш час, час масавай інфармаванасці, мастацкі твор на гістарычную тэму, скажам, тыя ж балады, прэтэндаваць на эфект першаадкрыцця, быць пазнавальным?
На апошняе пытанне можна адказаць, як мне здаецца, даволі пэўна. У навукі і паэзіі розныя падыходы, розныя метады мыслення. І калі вядомы матэматык прызнае, што паэзія «нечакана вобразна фармулюе такія складаныя сітуацыі, для апісання якіх у матэматыка няма адэкватных сродкаў», то такое ж прызнанне можа тым больш прагучаць з вуснаў гісторыка. Ён і паэт не выключаюць, а, наадварот, дапаўняюць адзін другога.
А вось што датычыць ілюстрацыйнасці, то ў некаторых выпадках Янку Сіпакову не ўдаецца яе пазбегнуць. І не ўдаецца, відаць, тады, калі ён мае справу з рэальным гістарычным эпізодам або героем. У якасці прыкладу можна прывесці баладу «Кузня», дзе расказваецца аб тым, як Пётр Першы вучыцца ў народнага майстра каваць. Аўтар не знайшоў тут новай вобразна-мастацкай інтэрпрэтацыі тэмы і як вынік не дасягнуў належнага ўзроўню абагульнення. Надта знаёмай выглядае ў баладзе «Касцёр» бабуля, якая («святая прастата!») падкідвае паленца ў агонь, на якім спальваюць Яна Гуса. Тут аўтар ідзе па шляху вершаванага пераказу. Паэт недвухсэнсоўны ў сваіх сімпатыях і антыпатыях, і гэта добра. Але часам ён бывае і просталінейным. Ну, скажам, у ацэнцы абывацеля ў баладзе «Дасвецце».
Але гэта толькі асобныя выпадкі. У пераважнай сваёй большасці «славянскія балады» — гэта сапраўды паэтычнае асэнсаванне мінулага. Адным са сродкаў, дзякуючы якім дасягаецца ў творах адпаведная, так сказаць, мастацкая атмасфера, адпаведны эмацыянальны лад, з'яўляюцца трапна знойдзеныя дэталі: насенне ў «беларускай баладзе», мячык — у «польскай», чырвоны перац — у «балгарскай», крылы — у «рускай», літаўры — ва «ўкраінскай», пыл — у «баладзе Кіеўскай Русі» і г. д. Паэт па-майстэрску выкарыстоўвае, накшталт вопытнага кінааператара, буйны план і іншыя ракурсы, якія даюць магчымасць наблізіць далёкае, ажывіць забытае. І тут думаеш пра таямнічую памяць сэрца, якая сапраўды «сильней рассудка памяти печальной». І ахвотна падзяляеш з аўтарам словы яго развітальнай, «заключнай балады», звернутай да мінулага:
Ваш боль,
ваш сум не абміналі,
І вашу радасць перайшлі...
І дні — стагоддзямі міналі,
Стагоддзі — нібы дні прайшлі.
1974