Вясной мінулага года з'явіліся адначасова ў нашым перыядычным друку тры сугучныя вершы: «У цішыні» Дануты Бічэль-Загнетавай, «Паэма майго лесу» Пімена Панчанкі і верш Аляксея Пысіна «І чаму не стаў я лесніком...». «Незвычайна ўсё было, пахла верасам і смалой...» — пісала Д. Бічэль-Загнетава. «На цябе, мой лес, як на цуд, гляджу», — пачынае свой верш Пімен Панчанка. І ў другім месцы ўсклікае: «Лес мой, цуд мой». А Аляксей Пысін звяртаецца да лесу са словамі: «Лес мой, брат мой...»
Здавалася, што тры «харошых і розных паэты» прынялі ўдзел у нейкім невядомым для чытача, закрытым, конкурсе на пэўную тэму.
Але ўражвала не толькі і, можа быць, не столькі знешняе падабенства вершаў. Наадварот, яны вызначаліся яўнай невыпадковасцю, арганічнасцю іх з'яўлення, глыбока вынашаным лірызмам. Уражвала ў вершах унутраная агульнасць, духоўная — маральная і філасофская — блізкасць. (Усе тры вершы можна з поўным правам аднесці да жанру філасофскай лірыкі.) «Трыо» гучала на дзіва суладна і аднадушна, кожны з галасоў як нельга лепш дапаўняў два іншыя.
Вершы пацвярджалі думку аб тым, што ідэі, у тым ліку, вядома, і ідэі сучасныя, сапраўды лятаюць у паветры, наводзілі на роздум аб новых якасных зрухах у нашай паэзіі, аб пэўнай заканамернасці ў яе развіцці. Само сабой узнікла пытанне: што і як пішуць сёння на тую ж, традыцыйную, бадай, для нашай паэзіі тэму, тэму лесу, другія паэты. Памяць падказала «Беларускую сасну» Міколы Аўрамчыка, «Спелы бор» Анатоля Вялюгіна, паэму «Наддзвінскія лясы» Петруся Броўкі... Але гэтыя вершы напісаны параўнаўча даўно. Бяру самыя свежыя зборнікі паэзіі.
«Новая кніга» Аркадзя Куляшова (з Выбраных твораў у двух тамах) нават адкрываецца вершам «Маё сэрца ў бары».
Кожны мае свой бор,
родны бор на зямлі,
Бор, дзе мары,
як гордыя сосны, раслі.
І далей:
Кукаванне ў бары
ад зары да зары,
Ад зары да зары
маё сэрца ў бары.
Апошні зборнік вершаў Максіма Танка... Адзін з самых прачулых вершаў — зноў-такі верш «Нa пасадцы дрэў».
Лесе мой шумны!
Можа, нікому я столькі не вінен,
Як табе...
Лесе мой цёмны!
Чым адплаціць я змагу табе, дружа!
Мо пакуль саджанец вырасце дужы,
Ствол яго кволы абняўшы рукамі,
Мне пастаяць пад вятрамі, дажджамі,
Лесе мой родны!
Пра «сінюю прасеку», пра «салаўіную музыку» лесу піша ў «Людзях добрых» Еўдакія Лось:
Поўная гучання,
Ладу, пекнаты,
Музыка лясная,
Не сціхала б ты!
Прыходзіць у лес паслухаць «світальную мудрасць дубровы» і лірычны герой верша Петруся Макаля «У лесе» (кніга «Круглы стол»). Для яго лес — «сход мудрацоў барадатых», «асамблея зялёная», што «і шуміць, і гамоніць пра мірнае суіснаванне».
У першым зборніку Рамана Тармолы адзін з лепшых вершаў так і называецца — «Лес».
Па-ранейшаму, лес,
ты, як бацька родны,
Адпачыць к сабе клічаш з дарогі дальняй.
Ты —
такі ж магутны і шматпародны,
Нібы многанацыянальны...
Знаходжу вершы пра лес і ў «Вечнасці» Юрася Свіркі (амаль цэлы раздзел), і ў новым зборніку Уладзіміра Паўлава «Далягляд». Словам, няма падстаў не паверыць Генадзю Бураўкіну:
Можа, ты і не паверыш,
Толькі я сюды спяшу
Не па ягады —
па вершы,
Што калісьці напішу.
Так, прыходзіць у лес па «світальную мудрасць» і «салаўіную музыку», «па таямнічасць, прахалоду, па ціхі сум над галавой» (Ул. Паўлаў). Прыходзіць, каб засведчыць, як піша Аркадзь Куляшоў, «вернасць марам сваім», аддаць даніну пашаны і ўдзячнасці («Можа, нікому я столькі не вінен...»), выказаць яму, зялёнаму другу, сваю радасць, і захапленне, і яшчэ нешта запаветнае, невыказнае...
Таму ў вершах пра лес столькі пачуцця. Таму ў іх столькі свежых, нечаканых параўнанняў і эпітэтаў...
Але звернемся зноў да тых вершаў-равеснікаў, з якіх пачалася размова.
«Паэма майго лесу» Пімена Панчанкі і вершы Дануты Бічэль-Загнетавай і Аляксея Пысіна як бы працягваюць далей развіццё «лясной» тэмы, надаюць ёй новае маральна-філасофскае гучанне.
Верш А. Пысіна абуджае ў нас балючую крыўду за лес, да якога ходзім «па вясну, па радасць, па маліну» і ў той жа час па-драпежніцку знішчаем. Але не толькі за лес. Не выпадкова ў вершы з'яўляецца вобраз маці паэта з яе даўняй песняй:
Пад арэшынай — любімай быць,
Пад вярбінаю — ліць слёзы,
Пад рабінаю — чужых любіць,
Удавой застацца — лёс бярозы.
«Пад арэшынай — любімай быць...» Так народ звязваў у песні свой лёс з дрэвамі, з лесам, з прыродай, так апяваў сваю адвечную чалавечую дружбу з імі.
Пра неабходнасць такой дружбы піша Д. Бічэль-Загнетава.
Чалавеку патрэбна ў жыцці
Хоць часамі такая ціш.
Гэта вечная навізна —
Сон-трава, крыніца, сасна,
Цішыня адкрыццяў завершаных,
Цеплыня, узаемнасць, вернасць...
З асаблівай сілай гучыць «Паэма майго лесу» П. Панчанкі. І калі «Паэму» суаднесці з папярэднімі творамі, яна як бы абагульняе іх, як бы ўбірае іх у сябе. У творы зліліся ў адно цэлае і пякучае пачуццё пысінскага верша, і разважлівасць, філасофскі роздум над пытаннем: «як трэба жыць» — верша «У цішыні». І гэта цэлае, гэты сплаў — грамадзянская страсць, глыбока чалавечны пафас твора П. Панчанкі.
«Паэма майго лесу» напісана ў форме размовы паэта з лесам. Уласна каянучы, гаворыць адзін паэт, яго «зялёны дружа» больш шуміць ды «сумна гудзе». Ды гэта — не перашкода для шчырай размовы. У «субяседнікаў» затое шмат агульнага. Ім «патрэбны ісціны простыя, як хлеб, і праўдзівыя, як плач дзіцяці». І ўвогуле, гаворыць паэт,
Усе мы дрэвы:
Хто клён, хто рабіна, хто дуб.
Цягнемся да сонца,
Шалясцім ліствою.
Грымне навальніца —
Сагнёмся ад дум,
А зрэжа маланка —
Заснём пад жарствою.
Горш другое,
Мой зялёны дружа:
Не звяліся людзі,
Што паскудзяць нам;
Тлушчам заплылі
І раўнадушшам,
Здрадзілі загінуўшым сябрам.
Гнеўна, на высокай выкрывальнай ноце вядзе далей паэт свой расказ. Ён нічога не ўтойвае ад свайго мудрага і ўдзячнага «субяседніка», гаворыць усю праўду і нічога, акрамя праўды.
І колькі непадробнага лірызму, колькі цеплыні і сапраўды сяброўскай шчырасці ў заключнай частцы верша:
Лес мой,
Цуд мой,
Акіян мой зялёны і сіні,
Захавальнік магіл, і прысяг,
І роздумаў добрых людскіх,
Я перадам нашу дружбу
Дачушцы і сыну,
Каб іх рукі ніколі
Галін не ламалі тваіх.
Сінім вераснем ці лістападам
Я спынюся ў цябе
На апошні начлег.
І мы зноў пашумім,
А пасля
Паразмаўляем без слоў:
Пра надзеі загінуўшых хлопцаў,
Пра зорныя спадарожнікі,
Пра чырвоныя журавіны і белы снег,
Пра журботны голас зязюлі
І трывожны клёкат буслоў,
Пра каханне і смутак
І пра шчасце,
Якое
Так цяжка уладкаваць на зямлі.
Такія радкі цяжка каменціраваць і пераказваць. І мне толькі хочацца выказаць радасць, што такія радкі ёсць у нашай паэзіі, што яна дасягае такой глыбіні пачуцця і думкі, так пранікнёна і мудра ўмее гаварыць пра чалавечае прызначэнне і чалавечы лёс, пра іх непарыўную сувязь і еднасць з зялёным другам, з роднай прыродай.
1965