ПАЭЗІЯ — ЗЯМЛЯ МАЯ...


Як гэта, можа быць, ні парадаксальна, але адно з самых любімых слоў у актыўным лексіконе горскага паэта Кайсына Куліева — слова «зямля». Не «строма», не «скала», не «цясніна», нават не «гара» (апошняе таксама ўжываецца часта), а менавіта «зямля». Не, паэт не забывае свае родныя горы («Калі я гавару з гарамі, я з цэлым светам гавару...»), ён па-ранейшаму любіць горныя вяршыні («Я вас люблю, мае суровыя, настаўнікі сівагаловыя, вяршыні гор, вяршыні гор!»). Але перавагу ўсё ж ён аддае зямлі, зямлі прысвячае самыя пранікнёныя, самыя прачулыя радкі... «Зямля, ты мне сілу сваю дала, жыццё тваё — моц мая», «А ўсё ж, а ўсё ж ні ўноч, ні ўдзень я цябе, зямля мая, не кляў», «Сціскаю ў пальцах я камяк зямлі...», «Удзячны будзь ты кожнаму шматку зямлі, што бачыў на сваім вяку. Зямлю, як скарб, патрэбна шанаваць...» і г. д. Найлепшая для паэта кніга — гэта «кніга зямлі».

Кніга зямлі! Крыніца прагі маёй,

Кніга пра баязліўца і храбраца.

Няма такіх, хто хацеў бы расстацца з табой,

Няма такіх, хто б цябе прачытаў да канца.

Кніга зямлі, буду да забыцця

Кожны радок твой чытаць, кожны радок.

Кніга зямлі, ты — сувязная жыцця.

Усё жывое ў табе.

Без цябе — холад і змрок.

Горы нельга не заўважыць. Горы ўражваюць. Горы вабяць. Горы будзяць фантазію. Горы ўвасабляюць покліч вышыні і ўсяляюць у сэрцы «мару прагнага ўзыходжання». Горы могуць быць для чалавека «меркаю ўсяго высокага». Гэта так. Але ў той жа час ёсць, аказваецца, вялікі сэнс і невыказная слодыч у тым, каб «ціхім летнім вечарам вярнуцца з гор дамоў», каб спусціцца з горнага схілу на зямлю. Зямля сустрэне цябе цеплынёй сваёй абжытасці, сваімі, такімі блізкімі для цябе, галасамі, фарбамі, пахамі...

Зямля мая, дзе зелянее трава,

Дзе кветак духмяны пах,

Дзе храбусціць пад нагамі снег

І хрупаціць пясок,

Зямля, дзе шпаркія рэкі цякуць

І выспявае хлеб...

Тут, на зямлі, гаворыць паэт, твой дом і твой ачаг. Тут твае суседзі з іх адвечным мудрым законам: «Горцу, як ачаг яго астыне, жару з ачага сусед прышле». Тут, па зямлі, жанчыны, любоўю якіх ты даражыш...

Чытаючы «Кнігу зямлі» Кайсына Куліева, я па адпаведнай асацыяцыі прыгадаў і яшчэ лепш зразумеў філасофскі верш нашага Максіма Багдановіча «Мне спілася» — верш аб тым, як чалавек узнімаецца ўсё вышэй і вышэй на гару, а значыць, і бліжэй да сонца, і робіць там, па гары, нечаканае для сябе адкрыццё: чым бліжэй да сонца, тым яно халадней, і цеплыні трэба шукаць там, унізе.

Словам, паэзію К. Куліева, яе галоўную сутнасць, можна характарызаваць перш за ўсё як зямную. Пры ўсёй сваёй схільнасці да ўзнёсласці, пафаснасці, а часам — і рытарычнасці, паэт застаецца верным сваёй першай і галоўнай любові — зямлі людзей, зямлі чалавечага жыцця. І калі гаварыць больш канкрэтна, гутарка ідзе аб пачуццях, звязаных з родным краем, з яго працоўнымі людзьмі — продкамі і сучаснікамі. Адно з гэтых пачуццяў — глыбокі дэмакратызм, шчырая гордасць за сваё, так сказаць, зямное паходжанне.

Якога б ні дайшоў я навучання,

Якіх бы я ні дасягнуў вышынь,

Але калі іду я на спатканне

З аулам родным, я — сялянскі сын...

І ганарыцца я да дамавіны

Тым буду, што ў душы маёй відна

Адкрытасць хлебароба-селяніна

І прастадушнасць горца-чабана.

У адным з сваіх лепшых вершаў («У зямлі я вучыўся і неба...») паэт расказвае аб тым, што менавіта ў роднай прыроды і людзей роднага краю вучыўся ён распазнаваць «прызначэнне дабра і зла», разумець «з'яў навакольных складанасць і веліч, і майстэрства пляцення плятня». З тых жа крыніц вучыўся паэт і песеннаму слову. Аб гэтым красамоўна сведчыць ужо адзін такі факт з яго біяграфіі: яшчэ хлопчыкам ён павучыўся спяваць народныя песні, слыў у сваім родным Чэгеме маленькім ашугам і ў гэтай якасці не раз прымаў удзел у дарослых застоллях, седзячы побач з тамадой.

Так, паэтычная творчасць Кайсына Куліева прасякнута народным светаадчуваннем, арганічна звязана з фальклорнай мудрасцю, з песеннымі скарбамі гор. Але сказаць пра яе толькі гэта — значыць сказаць вельмі мала. Справа ў тым, што ў дадзеным выпадку мы маем справу з паэтам-наватарам, паэтам-шукальнікам. Шануючы традыцыю, нацыянальна-фальклорныя формы верша, паэт у той жа час па-свойму пераасэнсоўвае іх, ідзе далей. Яго правіла:

Людзі, спыняцца не маем мы права:

Лепшае слова і лепшая справа —

Усё наперадзе ў нас,

Час у дарогу,

Час!..

Здзейснена спраў неўміручых нямала,

Ці не таму, што жыццё прадчувала

Шлях, што наперадзе ў нас.

Час у дарогу,

Час!

Такі баявы дэвіз добра стасуецца з тэмпераментнай, неспакойнай, рашучай паэзіяй выдатнага балкарскага паэта, — наватарскай не толькі па форме, але і па сутнасці, і па духу, і па ідэйна-маральным змесце. Напрыклад, адным з нязменных атрыбутаў каўказскай паэзіі быў кінжал. Зрэшты, ён быў не толькі атрыбутам, прадметам апявання, але і сам адыгрываў тут актыўную ролю. Як пісаў Расул Гамзатаў,

В старину писали не спеша

Деды на кинжалах и кинжалами

То, что с помощью карандаша

Тщусь я выразить словами вялыми.

«Я не пяю, а пішу на паперы...» — прызнаецца з адценнем шкадавання і Кайсын Куліеў у вершы «Продкі мае». Але ён не пагаджаецца са старажытным звычаем — садзіцца з кінжалам за стол.

Горац, з кінжалам за стол я не сяду,

Меч не бяру я ў паходы свае.

Але мяне не судзіце за здраду,

Продкі мае,

Продкі мае!

Выкрыццё культу кінжала, культу зброі і сілы становіцца тэмай і іншых маральна завостраных вершаў паэта: «Малюнак да кнігі», «Божы меч», «Кінжал». Апошні з іх заканчваецца словамі:

Да раўнадушных, з добрай ласкі,

Я не прылічаны даўно.

Ты дораг мне, кінжал каўказскі,

І ненавісны заадно.

Па той жа прычыне Кайсын Куліеў піша і «Вершы, якія не хацеў бы пісаць» (так называецца верш). Гутарка ідзе аб адным з мінулых законаў гор, які для паэта сёння яўна непрымальны.

«Чакае першых перамога, —

Вучыла маці сына, — знай:

Будзь толькі першым і нікога

Наперад лезці не пускай.

Зыходзячы з новага маральнага кодэкса, паэт перадае свайму сыну іншы запавет:

Не ўласнай славай трэба жыць.

Не трэба быць усюды першым,

Сумлення вартым трэба быць!

Сцвярджэнне сумленнасці, справядлівасці, гуманных адносін паміж людзьмі — лейтматыў лірыкі Кайсына Куліева. У «Вершах, напісаных у дзень нараджэння» паэт прызнаецца: «Я нарадзіўся на гэтай зямлі для таго, каб любіць людзей». Вельмі шматзначнае прызнанне. У другім творы, выступаючы супраць дэмагогіі і лжэгуманізму, паэт скажа крылатыя словы:

Не стане людзям весялей

Ад паказнога маладзецтва,

Любіць не цяжка ўсіх людзей,

Душой хварэць за чалавецтва,

Суседа палюбіць цяжэй.

Высокі закон чалавечнасці Кайсын Куліеў, як і мае быць сапраўднаму паэту, распаўсюджвае шырока на акаляючы свет прыроды. Для многіх яго вершаў уласцівы своеасаблівы паэтычны антрапамарфізм. Пад пяром паэта ажывае камень («Камень», «Песня каменя»), амаль жывой істотай робіцца дождж («У дождж»), паўстае жывым субяседнікам дрэва («Чынара», «Гавару адзінокай чынары»)... «О, птушка, о, сястра мая, я рад...» — звяртаецца паэт. А наступным ідзе верш, «сказаны старому псу», верш, дзе глыбокае пераўвасабленне дае выдатны паэтычны эфект:

Так лёгка гнаць спалоханых звяроў, Ляцець і слухаць клічы баявыя, І зоркі ненароджаныя зноў Запальваюцца, як у дні былыя.

Такі Кайсын Куліеў у сваёй «Кнізе зямлі», выдадзенай нядаўна беларускім выдавецтвам «Мастацкая літаратура» на беларускай мове. Я не выпадкова так багата цытаваў вершы з гэтай кнігі. Для гэтага былі прычыны. І асноўная з іх у дадзеным выпадку — не той аргумент, што нельга гаварыць пра паэзію, пра вершы без саміх вершаў. Мне хацелася перш за ўсё паказаць, як гучыць Кайсын Куліеў па-беларуску, дакладней: як гучаць творы народнага паэта Кабардзіна-Балкарыі Кайсына Куліева ў перакладзе пароднага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. А гутарка ідзе менавіта пра куляшоўскія пераклады.

Увогуле кажучы, Кайсыну Куліеву тут пашанцавала: перакладае яго кнігу не толькі выдатны паэт, але і паэт у нечым істотным вельмі блізкі свайму балкарскаму сабрату па пяру, і ў дадатак да ўсяго — цудоўны, шматвопытны майстар мастацкага перакладу... Шчаслівы выпадак, калі ёсць такая адпаведнасць, такая саўмяшчальнасць, такая творчая дружба!.. Калі я чытаў і перачытваў «Кнігу зямлі», я не-не ды і ўспамінаў яшчэ даволі свежыя ў памяці падзеі з літаратурнага жыцця рэспублікі. Першая. Вечар паэзіі ў зале філармоніі. Выступаюць паэты Міхаіл Дудзін, Давід Кугульцінаў і Кайсын Куліеў. Падыходзіць чарга чытаць вершы Куліеву. Раней чым чытаць, ён гаворыць пра сваю дружбу з беларускімі паэтамі, у прыватнасці з Аркадзем Куляшовым... Другі эпізод. Ідзе ў той жа зале вечар паэзіі Аркадзя Куляшова. На вечар прыехалі яго сябры — Мікола Нагнібеда, Давід Кугульцінаў і, вядома, Кайсын Куліеў... Аркадзь Куляшоў чытае ў сваім перакладзе творы Куліева (так пачынаецца беларуская «Кніга зямлі»)... Эпізод трэці. Грамадскасць рэспублікі ўрачыста адзначае шасцідзесяцігоддзе з дня нараджэння Аркадзя Куляшова. На юбілей зноў з'ехаліся сябры паэта, прадстаўнікі братніх літаратур...

Дружба паэтаў — творчая і чалавечая! Гісторыя савецкай шматнацыянальнай літаратуры мае тут справу з фактамі, якія гавораць самі за сябе. А біёграфы Аркадзя Куляшова маюць цікавы матэрыял для больш шырокага паказу творчага партрэта паэта, яго грамадзянскага вобліку... Але гэта, так сказаць, заўвагі на палях «Кнігі зямлі», па-майстэрску складзенай і перакладзенай Аркадзем Куляшовым.

Багатая перакладчыцкая практыка падказала яму і своеасаблівую метафару: перакладчык — пастух. Паэт уяўляе сябе тут пастухом (так называецца і верш), які «ходзіць па лугах ды па стромах, што акрэслены плошчай стала» і дагаджае «музай уласнай строгім музам, вядомым усім» (маюцца на ўвазе класічныя творы). Сам пераклад, яго працэс, выглядае ў вершы «Пастух» так:

Рады я, калі думка чужая,

Стаўшы словам жывым пад пяром,

Раптам думку маю абуджае,

Што забытая спіць пад кустом.

Я тады падбіваю рахункі

Дням і тыдням, пачуўшы здалёк,

Як на голас абуджанай думкі

Адгукаецца першы радок.

Такім чынам, перакладчыцкая праца — гэта жывая рэакцыя, жывы, унутрана ўласцівы творчы працэс, важнай умовай для якога з'яўляецца сугучнасць думкі — аўтара арыгінала і перакладчыка. У нас ёсць усе падставы зазначыць, што Аркадзь Куляшоў адчуваў такую сугучнасць, калі перакладаў «Кнігу зямлі». І хоць я, на жаль, не магу параўнаць пераклады з самімі арыгіналамі (ды і перакладчык, відаць, мог аперыраваць толькі падрадкоўнікамі), але нейкім чытацкім чуццём адчуваю высокі каэфіцыент перадачы і літары і духу кайсынаўскага верша. Мастацкая блізкасць і ідэйна-філасофская адзінства далі свой добры плён. Для пераканаўчасці прывяду радкі А. Куляшова з яго ўсім нам вядомага «Варшаўскага шляху»:

Я знаю, каб памершыя знайшлі

Зваротную дарогу ў свет зялёны,

То адбівалі б толькі ёй паклоны,

Маліліся б шляхам сваёй зямлі.

Зямля для ўсіх, хто там, для ўсіх, хто тут, —

Адзіная сапраўднасць і бясспрэчнасць,

У ёй адной — іх вечнасць і нявечнасць.

Аўтар гэтых радкоў не мог, трэба думаць, не перадаць належным чынам любові да зямлі, выказанай у вершах балкарскага паэта. І зусім не перашкаджала іх узаемаразуменню тое, што адзін піша пра сваю Бесядзь, а другі пра свой Чэгем.

1974

Загрузка...