Я добра помню сваю першую сустрэчу з Алесем Разанавым, дакладней, з яго вершамі. Яны прыйшлі ў газету «Літаратура і мастацтва» па пошце, з Бярозаўскага раёна, напісаны былі на лістках, вырваных са школьнага сшытка. Аўтар паведамляў, што вучыцца ў сярэдняй школе. У першы момант мы сустрэлі гэтыя лісткі скептычна: ці мала хто ў такім узросце піша вершы і шле іх у рэдакцыю? Але нехта пачаў чытаць верш услых:
Ацяжалелай галавы
ніяк сцяблінка не падыме...
І прагнуць ліўню паплавы,
нібы цяля тугога вымя.
А цішыня, як партызан,
праходзіць чуйна сцежкай вузкай.
І хочуць хмару аблізаць
яроў парэпаныя вусны.
І сонца з соснаў баравых
цярэбіць сонную ігліцу.
...А дзесьці дрэмлюць бураны
і выспяваюць навальніцы.
Так пачынаючы паэт апісваў летнюю спякоту... Мы пераглянуліся: «Вось табе і на». Потым быў прачытаны другі верш — пра тое, як узнікла мова.
І ціш і гром,
і звон і шорах
спляліся ніткаю радства, —
калі з грудзей,
нямых і чорных,
аднойчы мова прарасла.
Не чытаць далей, наступныя вершы, было ўжо немагчыма.
Не,
не прагну я долі лепшай,
што збылося — хай будзе так!..
Я загінуў у сорак першым
каля Брэста...
Сярод атак.
Разгараўся світання факел.
Чадным дымам
акрыўся плёс...
Не хачу я, каб нехта плакаў,
не кляну свой суровы лёс.
Уражвалі самі па сабе вершы — сваёй сілай, сваёй сталасцю, сваёй тугой пластычнасцю радка і навізной сугуччаў, — уражваў і той факт, што напісаны яны былі пяром... вучня-старшакласніка вясковай школы. У мяне, помню, было такое адчуванне, што адбылася сустрэча з цудам...
Вершы Алеся Разанава былі надрукаваны ў газеце пад рубрыкай «Будзем знаёмы», і ён, такім чынам, зрабіў адразу крок ад школьных сачыненняў на літаратурныя тэмы ў саму літаратуру. І недзе тут жа атрымаў прызнанне ў крытыкаў, у знаўцаў і аматараў паэзіі.
З таго часу прайшло некалькі год. А. Разанаў скончыў сярэднюю школу, скончыў інстытут, напісаў шмат вершаў і нядаўна выдаў сваю першую кнігу, якую назваў «Адраджэнне». Я гартаю гэтую маленькую, у сорак шэсць малафарматных старонак, кніжачку... Сустракаю тут, як старых знаёмых, тыя першыя вершы «Не, не прагну я долі лепшай...», «Мова», «Спякота». Знаходжу іншыя таксама ўжо знаёмыя вершы, якія былі напісаны А. Разанавым пазней і друкаваліся ў розных перыядычных выданнях: «Радзіме», «Дрэвы», «Ленін — гэта мы», «Змагар», «Воля». З некаторымі рэчамі знаёмлюся ўпершыню, з такімі, як «Празорца», «Вытокі», «У вёсачцы — бог яе крые...», «Зярняты». Выяўляю адразу, на вялікі свой жаль, што некаторыя вядомыя вершы маладога паэта («Адкрыццё», «Эксперымент», «Шчасце» і інш.) чамусьці ў зборнік не ўвайшлі, і адсутнасць іх вельмі і вельмі адчуваецца. Заўважаю яшчэ, што некаторыя творы так зменены, так скарочаны або «папраўлены», што іх цяжка пазнаць...
Але на тым, як зборнік «Адраджэнне» складзены і адрэдагаваны, я спынюся больш падрабязна ніжэй. А спачатку скажу колькі слоў пра агульнае ўражанне, якое выклікаюць вершы А. Разанава, сабраныя пад адной вокладкай.
Няма сумнення, што А. Разанаў апраўдвае тыя надзеі і прагнозы, якія мы звязвалі з яго дэбютам. Ён бярэцца за пяро не таму, што хацеў бы быць паэтам, а таму, што не можа не быць ім. У яго ёсць свая «тайна», ёсць што сказаць людзям. Не, вершы для Алеся Разанава — не жартачкі, не гульня і нават не прафесійны занятак. Паэзія для яго — працяг і форма самога жыцця, сродак яго асэнсавання і пераўтварэння. У вершы «Тамаза Кампанела» ён піша так:
Аб тым, што набалела,
што вабіць не ў пару,
раскажа Кампанела
гарачаму пяру.
Хай вершаць езуіты
пабоішча і тло,
каб скрозь былі забыты
і розум і святло, —
Дух творчасці не стане
вітаць астрожных соў!..
Але ў святым пісанні
няма такіх высноў?!
Абвіты дзень пятлёю,
працяты дзень ражном...
Ды не згасае тое;
змагаемся — жывём.
Ужо з першых вершаў А. Разанава было відаць, што ён — паэт філасофскага складу, што ён бярэцца за пяро тады, калі яго «асяняе» думка. Знаёмства са зборнікам пераконвае, што гэта сапраўды так. (Праўда, заўважу, ёсць у ім два-тры вершы, у якіх адчуваецца зададзенасць і якія ўзніклі, відаць, у выніку маладога жадання «пагуляць з мускуламі», падэманстраваць свае магчымасці: «Вось вазьмуся і напішу на гэтую тэму». (Але вось што характэрна: паэту якраз і не ўласцівы так званы філасофскі спакой, сузіральнасць. Яго не задавальняе вядомая формула «думаю — значыць жыву», ён прапануе, як мы толькі што бачылі, другую: «Змагаемся — жывём». Ён піша:
Калі ўсе згублены ключы,
калі — ні шанца, анічога,
ўсё ж ідзі,
любі,
крычы
і пасягай на перамогу.
У яго ёсць верш, які так і называецца «Змагар» і ў якім паэт славіць «безумство храбрых». Вызначальная рыса лірычнага героя Разанава — высокае грамадзянскае ўсведамленне, самаадданасць, абвостранае пачуццё адказнасці. Дармо, што ён, гэты герой, нарадзіўся ўжо ў мірны пасляваенны час. Ён тым не менш, як мы бачылі, гатовы падзяліць лёс тых, хто загінуў у сорак першым. І нават не гатовы — зноў не зусім тое слова, — а мысленна, маральна, падзяліў яго і. «не прагне долі лепшай, што збылося — хай будзе так...». З такой жа самаадданасцю ён звяртаецца потым да радзімы:
Закруціцца дым у зеніце,
азёры пясок заграбе...
Што значаць нашы жыцці,
калі не будзе цябе!
І хоць паэт бярэ часам занадта высокія ноты, збіваецца на патэтыку, мы тым не менш не перастаём верыць яму: падкупляе непадробная ўнутраная ўзрушанасць, бязмежны юнацкі альтруізм.
Думка, пачуццё, грамадзянская адказнасць — яны гарманічна спалучаюцца ў вершах Алеся Разанава і робяць іх тым, чым яны ёсць — сапраўднай паэзіяй.
Дарэчы, раз я ўжо загаварыў пра гарманічнасць, зазначу і яшчэ адну асаблівасць паэта. Як бы шырока ён ні глядзеў на рэчы, ён не ўпускае з поля зроку і блізкі, як кажуць, план з яго канкрэтнымі рэаліямі. У вершы «Пошук» ён гаворыць пра шырокія шляхі, пра бясконцасць пошуку, і тут жа радок: «Лісты апалыя на стрэхах». Як бы высока ні рвалася яго думка, ён знаходзіць для яе зямную «прывязку», імкнецца спалучыць высокае і зямное, наіўнае і мудрае, вечнае і імгненнае. Ён піша пра гэта імкненне ў сваіх вершах, у прыватнасці ў такіх, як «Лес», «Дрэвы», «Вытокі».
Там — лес блакітны па лісці.
Ён задумёны,
незнаёмы...
Мне ў лес блакітны не ўвайсці,
калі ўвайсці —
ўвайсці ў зялёны.
Іх між сабой не прыміру,
яны не хочуць прымірэння,
непадуладныя пяру
у прастаце пераўтварэння...
Зялёны лес — рэальнасць, у яго паўзмрок можна ўвайсці. І тады
Лістом даткнецца да шчакі
ён, ад якога не адрокся.
Тут, як сафізмы — ваўчакі,
баравікі, як парадоксы.
І не ствараючы законаў,
але стварыўшы запавет,
падыдзе блізка свет зялёны,
адыдзе ўдаль блакітны свет.
Аптымальны варыянт паэт бачыць такім чынам у спалучэнні «закону» і «запавету», г. зн. ідэальнай і натуральнай рэальнасці.
Я пазбягаў да гэтага слоў «пошукі», «шукае», хаця і меў выйгрышную магчымасць — калі гаварыў пра верш «Пошук» — далучыць да выказаных упад і яшчэ адзін станоўчы эпітэт. Чаму пазбягаў? Можа быць, па той простай прычыне, што ў гэтым не было асаблівай патрэбы. Творчыя пошукі мы часам уяўляем сабе наіўна, як нейкі свядомы, валявы акт. Рашыў паэт аднойчы шукаць — і выправіўся ў дарогу, як у лес па грыбы. У адным напрамку не знайшоў, не дасягнуў жаданага выніку, пайшоў у другім. Інакш кажучы, мы адрываем ідэйныя і фармальна-жанравыя пошукі ад самога творчага працэсу, ад унутранай работы аўтара, звязанай трывала з яго асобай, з яго жыццём.
Алесь Разанаў, на першы погляд, як быццам бы «традыцыяналіст»: ён піша традыцыйным вершам, піша на традыцыйныя тэмы... Некалькі вершаў напісаны нават у адным і тым жа памеры, што само па сабе, вядома, нядобра. Але давайце прыгледзімся бліжэй, хаця б да гэтых самых «аднапамерных» вершаў. Як натуральна пачынае іх аўтар, як натуральна яны гучаць! Адчуваеш, што паэт не думаў спецыяльна і загадзя, які памер і якую рыфмоўку яму тут выбраць. Выбар вызначыўся сам сабой, задума ўвасобілася ў адзіна магчымай для яе форме. Так нараджаецца ўсё жывое, так нараджаюцца і вершы.
Праўда, пошукі могуць суправаджацца і эксперыментаваннем, і свядомымі намаганнямі. Але самая рашаючая перадумова і самая верная прыкмета наватарства — гэта арганічнасць. Тая самая арганічнасць, без якой немагчыма было б уявіць вершы Алеся Разанава.
Можна было б на гэтым, дадаўшы яшчэ некалькі слоў пра ўменне А. Разанава «рабіць» верш, па-майстэрску яго інструментаваць, і паставіць кропку. Але, на жаль, я вымушаны вярнуцца да свайго абяцання і сказаць горкія словы выдавецкім рэдактарам.
Па-першае, як я ўжо казаў, адразу заўважаеш адсутнасць некаторых лепшых вершаў паэта, без якіх кніга выглядае, несумненна, намнога збедненай. Узнікае мімаволі пытанне: у чым справа? Сапраўдны адбор пры складанні кнігі заключаецца, як вядома, у тым, каб адсеяць слабыя, нязначныя творы, а пакінуць лепшыя. І тут рэдактар можа зрабіць добрую паслугу аўтару, у асаблівасці аўтару першай кнігі.
Другая функцыя рэдактара — стылістычная праўка. І калі справа ідзе зноў-такі аб падрыхтоўцы да друку першай кнігі, то тут уважлівы кваліфікаваны рэдактар можа быць вельмі і вельмі карысным, можа быць свайго роду настаўнікам для маладога аўтара. Гэта калі гаварыць увогуле, а не ў дачыненні да Алеся Разанава. Бо ён якраз і не адносіцца да той катэгорыі маладых аўтараў, якія пішуць з разлікам, што іх вершы нехта паправіць, дапрацуе, «дацягне». Ён, як я ўжо зазначыў, патрабавальна і ўмела працуе над сваімі вершамі, і правіць іх амаль не трэба.
Трэба сказаць, што ў выдавецтве іх і не правілі ў звычайным сэнсе гэтага слова. З імі абышліся інакш — іх без уважнай на тое прычыны скарачалі, выкідваючы цэлыя мясціны, пакідаючы без заключных строф, іх проста скажалі, замяняючы адвольна адны радкі і словы другімі, тут жа сфабрыкаванымі. Прывяду прыклады. З верша «Ленін», з твора, дзе паэт знайшоў свой падыход да важнай тэмы, выкінуты адразу чатыры страфы, сярод іх наступныя:
Але ў імя жывога
нас працінае клопат.
Вялі не Кашавога —
яго вялі на допыт.
У Леніна пажарамі,
канцлагерным агнём.
А ён не паражальны
быў, быў непрыступны ён.
Скажыце, што верш не пацярпеў у выніку такога скарачэння? Вядома, пацярпеў, вядома, страціў. І, у прыватнасці, страціў тыя рэаліі, якія звязваюць тэму з учарашнім мінулым, з сучаснасцю.
Далей ідзе верш «Дрэвы». З яго таксама выкінуты без якой-небудзь уважлівай прычыны дзве важных для развіцця аўтарскай думкі страфы:
Закручаны рух учарашні
і заўтрашні ўшчэнт,
да вузла...
Нам дзіўна,
нам горка,
нам страшна,
што вы не трымаеце зла.
Сякера звінела і секла...
Ды шчодры, як брага, азон.
Пашчасціць —
у самае пекла
шпурне нас вар'яцкі разгон.
Свіцяцца «прагаліны» і ў вершы «Які запал! Які разгон!», з якога таксама «изъято» некалькі строф.
Побач стаяць у зборніку дзве паэтычных мініяцюры «Змагар» і «Воля». Абедзвюм ім аднолькава не пашанцавала — яны пазбавіліся сваіх заключных строф — канцовак. Прытым, калі ў першым вершы яшчэ нейкі сэнс захаваўся, то ў другім адшукаць яго без «ампутыраванай» страфы немагчыма.
Я не хачу тут сказаць, што вершы А. Разанава абсалютна дасканалыя і скарачаць іх ні ў якім разе нельга. Не. Разанаў не заўсёды спраўляецца з наплывам асацыяцый, у выніку некаторыя яго вершы бываюць і «перанасычанымі», і ёсць сэнс часам апусціць страфу-другую. Але ж гэта трэба рабіць з карысцю для справы, а не на шкоду ёй.
Я цытаваў пачатак верша «Не, не прагну я долі лепшай...». І зараз я скажу, што цытаваў па ранейшым, газетным, а не па кніжным варыянце. Бо ў кнізе гэтыя радкі выглядаюць так:
Не,
не прагну я долі лепшай,
што збылося — хай будзе так!
Хоць не быў я у сорак першым
каля Брэста...
У першай з атак...
У аўтара было: «Я загінуў у сорак першым...» Гэты радок вызначаў і танальнасць, і ідэйны змест верша. Гэты радок паўтараўся ў канцы. Яго перайначылі і сказілі задуму твора, пазбавілі яго элементарнай логікі.
У адным з сваіх артыкулаў Максім Горкі пісаў: «Маладыя пісьменнікі знаходзяцца ў драматычным становішчы, — яны хочуць вучыцца, ім неабходна ведаць прыёмы слоўнай творчасці. Вучыць іх — няма каму. Рэдактары часопісаў вяртаюць ім рукапісы з такімі адзнакамі: «Слаба, не пойдзе», «Слабавата, але ёсць добрыя месцы», «Вучыцеся, працуйце над сабой», «Неарыгінальна, шмат шаблону», «Вучыцеся тэхніцы».
Усе гэтыя словы нічога не гавораць пачынаючым аўтарам, гэта не вучоба, а фабрыкацыя пакрыўджаных і незадаволеных».
Я думаю: што б сказаў Горкі, на чый вопыт работы з маладымі — работы чулай, цярплівай, таварыскай — мы часта спасылаемся, у дадзеным выпадку?
1970