Уяўляю, як парадаваўся б Ігар Хадановіч (ён умеў радавацца) сваёй першай кнізе.
Уяўляю, як ішоў бы з ёй у руцэ па вуліцы сваёй характэрнай хадой — шырокі, размашысты крок, высока ўзнятая галава — і як блукала б на яго яшчэ зусім юным твары мяккая, задуменна-шчаслівая ўсмешка. Уяўляю, як паказваў бы Ігар першы аўтарскі экземпляр свайго зборніка таварышам (ён умеў дзяліцца радасцю), як бянтэжыўся б і чырванеў, з уласцівай яму сарамлівасцю, у нязвычнай яшчэ ролі — ролі аўтара кнігі. І як хваляваўся б, як свяціўся б увесь у адказ на першыя водгукі, першыя, сур'ёзныя ці жартаўлівыя, віншаванні і пажаданні.
Уяўляю, як дарыў бы нам Ігар сваю кнігу з аўтографамі...
Уяўляю, бо ведаю, што значыла для І. Хадановіча выдаць кнігу. Яго запаветным жаданнем, жаданнем глыбока прачутым і ўсвядомленым, было — стаць пісьменнікам.
Уяўляю, бо лягчэй за ўсё ўяўляецца заўсёды тое, што павінна было б быць і што немагчыма ўжо наяве.
Ігара Хадановіча, аўтара гэтай кнігі, няма сярод нас. Ён загінуў трагічна, калі яму ледзьве споўнілася дваццаць пяць гадоў. «За акном дождж» — яго першая і яго апошняя кніга, яго спадчына.
Сам Ігар інакшым уяўляў свой першы зборнік. Ён быў склаў яго з васьмі апавяданняў, якія лічыў лепшымі і якія друкаваліся ў розныя гады і ў розных выданнях. Помню — я тады працаваў якраз у выдавецтве, — з якім хваляваннем, з якой, я б сказаў, святочнай узрушанасцю прынёс Ігар свой рукапіс у рэдакцыю мастацкай літаратуры. Была радасць, была надзея, і ў той жа час не было ўпэўненасці, былі сумненні (характэрная для яго рыса).
Ён яшчэ паспеў даведацца, што кніга прачытана Янкам Брылём і ўхвалена, што яна ўключана ў выдавецкі план, і літаральна праз некалькі дзён пасля гэтай навіны яго не стала.
Так і атрымалася, што зборнік гэты інакшы, чым задумваў яго сам аўтар. Чытач знойдзе ў ім апроч тых васьмі апавяданняў яшчэ пяць («Апошняя спроба», «Юзік», «Полем ідзе чалавек», «Як я мяняў характар», «Кветкі»), а таксама нарыс, запісныя кніжкі. Уключаны яны ў зборнік не толькі таму, што, як пісаў у адным сваім артыкуле сам Ігар, «мёртвым — усю пашану», а таксама таму, што без іх кніга страціла б шмат, без іх, у прыватнасці, без артыкула «Чалавек з маёй біяграфіі», надрукаванага аўтарам у газеце «Літаратура і мастацтва» напярэдадні яго гібелі, без некаторых блакнотных запісаў, мы не мелі б поўнага ўяўлення, які гэта быў чалавек, пісьменнік і грамадзянін — Ігар Хадановіч.
Чалавек у ім пачаў абуджацца рана. Яшчэ ў дзяцінстве, у школе. Гэта заўважылі яго настаўнікі, адчувалі яго аднакласнікі, і гэта зусім відавочна было для яго універсітэцкіх таварышаў. І ў гэтым перакопваліся ўсе мы, хто ведаў яго па працы ў рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва». Ён не проста быў здольным вучнем, а потым студэнтам, ён не проста быў таленавітым журналістам і пісьменнікам. Ён быў таленавітым Чалавекам, Чалавекам па свайму нараджэнню, па свайму прызванню, па ўсёй сваёй сутнасці. Вучобу, а потым працу ён не аддзяляў ад свайго жыцця, ад сваёй галоўнай мэты — жыць па-сапраўднаму, рабіць усё, што можна, каб жыццё і людзі былі лепшымі.
Мабыць, не ўсе, хто яго ведаў, здагадваліся, якая няспынная напружаная работа ідзе ў яго душы, як багаты ён духоўна. Верш пра тое, як чалавеку хочацца дайсці ва ўсім
До сущности протекших дней,
До их причины,
До оснований, до корней,
До сердцевины.
Все время схватывая нить
Судеб, событий,
Жить, думать, чувствовать, любить,
Свершать открытая, —
гэта і верш пра Ігара Хадановіча. Радкі гэтыя могуць быць лепшай яго характарыстыкай.
І. Хадановіч вельмі тонка адчуваў і разумеў жыццёвыя з'явы, быў надзвычай уважлівы да людзей, якія яго акружалі. У яго запісной кніжцы есць некалькі запісаў пра тое, як паводзіць сябе ў розных сітуацыях «выхаваны, цнатлівы юнак з дапытлівым розумам». Сітуацыя першая: «Адзін з кампаніі горача расказвае нешта і ўвесь час звяртаецца да юнака, а той апускае час ад часу вочы. Яму ніякавата ад гэтага звароту да яго: нібы ён здольны лепш, чым іншыя, зразумець тое, аб чым гаворыцца». Сітуацыя другая: «Двое нібы спрачаюцца. Хутчэй адчуваюць проста раздражненне адзін супроць другога і таму ні ў чым не сыходзяцца думкамі. Прысутнасць юнака дапамагае ім. Яны як бы апеліруюць да яго, але не патрабуючы падтрымкі, і раздражненне абодвух, такім чынам, бродзіць глуха і глыбока. Юнаку трэба выйсці з пакоя, але ён не рашаецца пакінуць абодвух тэт-а-тэт: ім жa будзе вельмі ніякавата». Сітуацыя трэцяя: «Трамвай недзе ў гадзіну «пік». Паўнютка пароду, і сярод усіх, сціснуты чужымі спінамі, — ты. Быццам бы ніхто не бярэ білета (трамвай без кандуктара) — ва ўсіх глыбока ў душы адно апраўданне: да касы не праб'ешся. Прынамсі, так лічыцца. І вось ты, цнатлівы і хворы на душэўную чэснасць, рашаеш пакутлівае пытанне: браць білет ці не? Возьмеш — нібы зняважыш усіх».
«Цнатлівы юнак з дапытлівым розумам», «хворы на душэўную чэснасць» — гэта сам Ігар Хадановіч. Менавіта ён так абвострана і глыбока адчуваў другога чалавека, сваю сувязь з людзьмі, сваю адказнасць за ўсіх.
Ён, як і гераіня яго нарыса «Чалавек з маёй біяграфіі», настаўніца адной з мінскіх школ, Яўгенія Васільеўна Перавозная, марыў пра Чалавека з вялікай літары, хацеў бачыць людзей «шчодрымі, прыгожымі» (гавару словамі яго нарыса).
Думаю, што менавіта гэтае імкненне падказала яму ўзяцца за пяро, дыктавала яму яго артыкулы і нарысы, яго апавяданні. Быў, натуральна, талент. Але я ўжо казаў, які гэта быў незвычайны талент у Ігара Хадановіча — талент, арганічна звязаны з яго асобай, з яго маральна-духоўнай сутнасцю, з яго перакананнем, што жыць трэба лепш, што «ў чалавеку ўсё павінна быць прыгожым».
Калі чытаеш апавяданні І. Хадановіча, то не можаш не звярнуць увагу на тое, як настойліва малады аўтар шукае разам са сваімі героямі сэнс жыцця, як нецярпіма ставіцца ён да ўсяго эгаістычнага, груба-інстынктыўнага, пошлага, як змагаецца за Чалавека ў чалавеку. Такое па свайму зместу і духу адно з першых яго апавяданняў «Полем ідзе чалавек», якое сам аўтар не прапаноўваў у зборнік, лічачы, відаць, недасканалым, але якое чытаеш з цікавасцю. Такія і два апошнія яго творы — «У кватэры заставаўся хлапчук» і, асабліва, «На досвітку».
У апавяданні «На досвітку», у значнай меры аўтабіяграфічным, мы застаём героя ў крытычны для яго час: ён пакутліва вырашае, як быць, як жыць далей. Працягваць верыць у свой адметны, свой непадобны на іншыя лёс? Паспрабаваць быць супермэнам? Ці — пайсці да людзей і ў адзінстве з імі шукаць сваё прызначэнне? «І падумалася, што, можа, усё тое, над чым пакутаваў ноч, — надуманае і ўяўнае, а трэба — проста жыць і радавацца кожнаму выпадку, нанова адчуць асалоду жыцця. Памагаць людзям — няхай у дробязі, у самым непрыкметным, — але каб толькі адчуваць, што жывеш не для сябе...»
Апавяданні І. Хадановіча вызначаюцца тонкімі назіраннямі, дэталямі, псіхалагічнымі штрыхамі. Ён добра ведаў вёску, яе побыт, псіхалогію вясковага чалавека. Як будзеце чытаць апавяданні, вы гэта заўважыце ўжо па дзвюх дэталях — як дзядзька Ігнат у «Ранніх яблыках» мажа калёсы ці як стары Гарвась («За акном дождж») назірае праз акно за сваім суседам.
Але не толькі ў дэталях тут справа. Дэталі, як вядома, не самамэта. Веданне вясковага жыцця, любоў да чалавека працы, уменне пранікнуць у яго ўнутраны свет далі І. Хадановічу магчымасць стварыць жывыя характары, узняцца да абагульненняў. Да такіх абагульненняў яму ўдалося, мне здаецца, узняцца ў апавяданнях «Юзік» і «Пятая хата». Першае з іх не зусім закончанае, аўтар яго не ўключаў у зборнік, але паглядзіце, як выпісаны гэты шматпакутны Юзік, як глыбока і шырока бярэ аўтар, з якім пранікненнем у чалавечы лёс расказвае ён пра свайго героя.
Да значнага абагульнення ўзнімаецца І. Хадановіч у «Пятай хаце». Яго Язэп, які вымушаны будаваць ужо пятую хату, не здаецца і не хоча ніякіх паблажак. Ён верыць у свае сілы, ён захоўвае сваю чалавечую годнасць. Невялічкае апавяданне, а як многа сказана ў ім — пра народны аптымізм, народную правату, народную сілу.
Няма сумнення, што ў асобе Ігара Хадановіча ішоў у нашу літаратуру сапраўдны талент, ішоў мастак-псіхолаг, мастак-даследчык...
Ігар Хадановіч шмат ведаў, шмат умеў, шмат хацеў, шмат мог зрабіць. І ён шмат зрабіў бы, бо меў надзвычай добрае сэрца і гэтакую светлую галаву. І адно толькі можа быць суцяшэннем, калі даводзіцца гаварыць пра яго ў мінулым часе, — усё-такі ён паспеў нешта зрабіць, у тым ліку пакінуць нам вось гэтую кнігу.
1966